Як дзяржаўныя ідэолагі хаваюць крызіс

Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў апублікаваў вынікі сакавіцкага апытання, якое адлюстроўвае рэзкае падзенне матэрыяльнае становішча беларусаў.

60% рэспандэнтаў паведамілі, што яно пагоршылася, а звыш 61% сцвярджаюць, што “ледзь зводзяць канцы з канцамі, грошай не хапае нават на прадукты” або “на прадукты грошай хапае, але купля адзення выклікае сур’ёзныя цяжкасці”.

Усё больш людзей  не давяраюць нацыянальнай валюце, лічаць, што ў будучыні становішча толькі пагоршыцца, і хочуць пераехаць на сталае месца жыхарства ў іншую краіну.

Гэта адбілася і на рэйтынгу ўладаў: большасць грамадзянаў прадэманстравалі недавер дзяржаве. На думку 48.3%, у цяперашнім крызісе ў Беларусі вінаваты ўрад (у верасні мінулага года было 40.5%), 47% — прэзідэнт (34.1%). Такім чынам, рэйтынг Лукашэнкі упаў да 27%.

Афіцыйныя сацыёлагі (і дэ-факта ідэолагі) паспяшаліся абвергнуць вынікі незалежнага апытання. Дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Аляксей Дзербін і дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Катляроў назвалі НІСЭПД “фантомам”, які знаходзіцца за мяжой і не мае рэсурсаў для правядзення апытанняў у Беларусі. Чыноўнікі робяць выснову, што апытанні НІСЭПД тэндэнцыйныя і арыентаваныя на пэўнага замоўцу, таму давяраць ім нельга. У дадатак, яны прыводзяць дадзеныя афіцыйнага сакавіцкага апытання, якое паказала рэйтынг А. Лукашэнкі ў 65%.

Сапраўды, НІСЭПД не мае на сваёй старонцы інфармацыі пра метадалогію правядзення апытанняў і сваю працу ў Беларусі, таму можна паставіць гэтыя дадзеныя пад сумнеў.

Аднак не трэба быць сацыёлагам, каб заўважыць крызіс у краіне і незадаволенасць грамадзянаў сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй. Усе групы грамадства, ад сялянаў і працаўнікоў прамысловасці да прадпрымальнікаў адчулі на сабе пагаршэнне эканамічнай сітуацыі.

Cпрабуючы знізіць дзяржаўныя выдаткі, улады па цаглінах разбіраюць парэшткі той сацыяльнай дзяржавы, якая была апірышчам народнай павагі і любові да прэзідэнта. Падатак на дармаедаў і пасылкі з-за мяжы, пенсійная рэформа, размовы пра скарачэнне дэкрэтнага адпачынку моцна б’юць па аўтарытэце ўладаў у вачах беларусаў.

У такіх умовах спробы схаваць відавочнае, назваць белае чорным і паказаць у традыцыйным стылі, што “усё добра, мы маем невялікія часовыя складанасці”, выглядаюць несур’ёзна. Гэтыя “зняпраўджанні” варта успрымаць як працоўны абавязак дзяржаўных ідэолагаў, за які яны атрымліваюць заробкі і пасады. Дастаткова паразмаўляць з дзясяткам грамадзянаў, каб зразумець, які з бакоў мае рацыю.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *