Як беларускі імпарт нафты змяняе геапалітыку ва Усходняй Еўропе

31 кастрычніка, праз некалькі гадоў пасля таго, як імпарт нерасійскай нафты ў Беларусь спыніўся, першы эшэлон з азербайджанскай нафтай прыбыў на нафтаперапрацоўчы завод ў Мазыры.

Беларускі ўрад да гэтага часу імпартаваў толькі абмежаваную колькасць альтэрнатыўнай нафты, але тым не менш Мінск прадэманстраваў іншым краінам, што гэта магчыма. Гэта назаўжды змяніла геапалітыку ў рэгіёне.

Нягледзечы на ​​пярэчанні Масквы, Беларусь таксама спрабуе ўцягнуць Украіну і краіны Балтыі ў свае дыверсіфікацыйныя намаганні. Падчас пасяджэння беларуска-ўкраінскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве 10 лістапада ўрады Беларусі і Украіны абмеркавалі, як выкарыстоўваць мадэрнізаваныя беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы і ўкраінскія парты ў супольных інтарэсах.

Рэакцыя на скарачэнне паставак нафты

Закупкі нафты ў Азербайджане цягнуць за сабой значныя лагістычныя рызыкі. Імпарт 84,700 тонаў нафты з далёкага Азербайджана ў  Беларусь, якая не мае выхаду да мора, патрабуе выкарыстання танкераў, украінскіх партоў і чыгунак. Гэта выклікае сумневы ў рэнтабельнасці такіх перавозак. Тым не менш, энергетычная бяспека патрабуе больш, чым проста прамых эканамічных выгодаў.

Белнафтахім адзначыў, што ён дыверсіфікуе свае крыніцы нафты з-за скарачэння Расіяй паставак нафты, у выніку чаго беларускія НПЗ не могуць загрузіць свае магутнасці. Сапраўды, на першы погляд, імпарт азербайджанскай нафты здаецца яшчэ адным гамбітам Мінска ў яго сварцы з Масквой з-за паставак. Але гісторыя скарачэння паставак выглядае больш неадназначна.

Беларусь і Азербайджан

Беларусь і Азербайджан

У пачатку 2016 года Мінск папрасіў Маскву знізіць кошт на газ у святле зніжэння коштаў на энерганосьбіты ва ўсім свеце. Акрамя таго, Беларусь пачала плаціць цану, якая, на яе думку, была справядлівай ($73 замест $132 за 1000 кубаметраў, як таго патрабуе Газпром), без згоды Расіі. Гэта прывяло да запазычанасці Беларусі за газ, якая да канца траўня дасягнула $220 млн.

Гэтая не надта вялікая сума, аднак, выклікала рэзкую рэакцыю з боку Масквы. Са спасылкай на гэту запазычанасць Расія скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь у трэцім квартале бягучага года да 3,5 млн тон. Гэта нанесла сур’ёзны ўдар па беларускай эканоміцы, бо экспарт нафтапрадуктаў прыносіць вялікія прыбыткі ў валюце. Мінск адказаў на гэты крок павышэннем платы за транзіт расійскай нафты.

Масква ў адказ пачала пагражаць паставіць толькі 3 млн тон нафты ў чацвёртым квартале. Пазней, 10 кастрычніка, Мінск паабяцаў адмяніць сваё рашэнне аб павышэнні ставак на транзіт расійскай нафты і Масква паабяцала вярнуцца да ранейшых аб’ёмаў паставак. Мінск таксама пагадзіўся выплаціць запазычанасць за газ – больш за $300 млн. Але ці была гэта капітуляцыя, ці проста часовае адступленне да таго часу, пакуль не прыйдзе альтэрнатыўная нафта?

Адраджэнне ранейшых планаў

7 кастрычніка падчас выступу ў парламенце Лукашэнка заявіў, што Беларусь вядзе перамовы пра кошты на нафту з Іранам. Ён падкрэсліў гатоўнасць Ірана прапанаваць больш нізкія цэны для Беларусі. Мінск, у сваю чаргу, быў гатовы дазволіць Тэгерану выкарыстоўваць беларускія НПЗ для перапрацоўкі іранскай нафты. У такім разе Іран зможа прадаваць свае нафтапрадукты ўсюды, дзе хоча.

Беларусь здолела імпартаваць альтэрнатыўную нерасійскую нафту толькі аднойчы. У 2010-2011 гадах, у асноўным праз порт Адэсы, Беларусь атрымала амаль 1,5 мільёна тон венесуэльскай і азербайджанскай нафты, у тым ліку 156,3 тыс тон азербайджанскай нафты, якая паступіла праз своп-схему з венесуэльскай нафтай. Пакідаючы па-за ўвагай прамыя выгады, Мінск здолеў дабіцца больш выгодных умоў у сваіх нафтавых пагадненнях з Масквой, выкарыстоўваючы гэтыя альтэрнатыўныя пастаўкі ў якасці аргумента, заявіў тады віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка.

Беларусь-Іран нафтавая кампанія

У 2007 годзе Беларусьнафта стала сузаснавальнікам фірмы ў Іране з надзеяй здабываць нафту і шукаць спосабы прывезці яе ў Беларусь. Фота: petroiran.com

У той жа прамове ў кастрычніку Лукашэнка нават намякнуў, што танкер з іранскай нафтай ужо на шляху ў Адэсу. Але па прыбыцці танкер апынуўся азербайджанскім.

Купля іранскай нафты Беларуссю выглядала б дзіўна па некалькіх прычынах. Па-першае, нягледзечы на ​​пагадненне па ядзернай праграме, Іран застаецца дзяржавай-ізгоем, і Мінск не хоча раздражняць Захад супрацай з ім. Таксама магчыма, што ЗША і іх саюзнікі маглі спыніць любую сур’ёзную здзелку з Тэгеранам падобным чынам, як яны перашкодзілі працы Беларускай нафтавай кампаніі ў Іране ў 2011 годзе.

Па-другое, Мінск на працягу многіх гадоў укладаў шмат энергіі ў развіццё адносін з ворагамі Ірана. Прэзідэнт Лукашэнка нядаўна наведаў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Катар, але не Іран. Гэтая палітыка выключае сур’ёзныя здзелкі з Тэгеранам.

І апошняе — Мінск ужо спрабаваў імпартаваць азербайджанскую нафту як найлепшую альтэрнатыву расійскай нафце ў пачатку 2010-х гадоў. Гэта аказалася цяжкай задачай. Азербайджан, каб пазбегнуць правакавання Расіі, традыцыйна экспартаваў энергарэсурсы ў рэгіёны па-за сферай інтарэсаў расійскіх газавых і нафтавых кампаній, напрыклад на Балканы і ў Паўднёвую Еўропу. Таму нафтавая здзелка з Баку стала пэўным пераваротам: выкарыстаўшы венесуэльскую нафту як прыкрыццё, Мінск парушыў негалосную расійскую забарону на экспарт азербайджанскай нафты ва Усходнюю Еўропу.

Рэгіянальнае супрацоўніцтва ў нафтавай сферы

Падобна, у пачатку 2000-х гадоў Мінск прыйшоў да высновы, што імпарт нафты з нерасійскіх крыніц будзе паспяховым толькі тады, калі праект стане рэгіянальным. Тым не менш, ні краіны Балтыі, ні Украіна не далучыліся да Беларусі ў працэсе імпарту нерасійскай нафты.

Цяпер Мінск не толькі аднаўляе гэты імпарт, але і плануе павялічыць аб’ёмы ды атрымаць прыбытак. 7 кастрычніка Лукашэнка заявіў, што Беларусь адновіць будаўніцтва нафтаправода да Балтыйскага мора, і запатрабаваў мадэрнізацыі нафтаперапрацоўчага завода ў Наваполацку. Гэта пацягне за сабой інвеставанне значных рэсурсаў у дыверсіфікацыю крыніцаў энергіі у межах рэгіянальнага супрацоўніцтва.

Масква разглядае гэты праект як пагрозу. 20 кастрычніка Расійская чыгунка – карпарацыя, што мае надзвычай цесныя сувязі з Крамлём – прапанавала Беларусі зніжку ў памеры 25% пры ўмове, што яна будзе транспартаваць свае нафтапрадукты ў балтыйскія парты Расіі. Да гэтага часу Беларусь экспартавала свае нафтапрадукты ў асноўным праз латвійскія і літоўскія парты. Да прыкладу, у студзені-ліпені  Беларуская нафтавая кампанія экспартавала 60% сваіх нафтапрадуктаў праз Літву і Латвію, а рэшту праз парты Эстоніі і Украіны. Расійскія парты заставаліся ўбаку ад беларускага экпарту.

Мінск не апублікаваў афіцыйнай рэакцыі на прапанаваныя Расіяй зніжкі. Аднак ускосныя дадзеныя сведчаць пра тое, ён не адмовіўся ад сваіх намаганняў па дыверсіфікацыі. У кантэксце расійскай прапановы літоўская кампанія Klaipedos Nafta падпісала трохгадовае пагадненне пра адгрузку мазуту з БНК. Пазней, 10 лістапада, віцэ-прэм’ер Украіны Генадзь Зубко заявіў, што ён абмяркоўваў у Кіеве магчымасці перапрацоўкі ўкраінскай нафты на беларускіх прадпрыемствах і экспарту беларускай прадукцыі праз украінскія парты.

Параўнанне з украінскімі спробамі рэалізаваць падобную схему дапамагае зразумець істотнасць дасягнення Мінска. Ад 1991 года розныя ўкраінскія ўрады зрабілі з дзясятак спробаў прывезці альтэрнатыўную нерасійскую нафту з Блізкага Ўсходу і Каспія, але безпаспяхова. Беларускі ўрад здолеў зрабіць гэта на працягу двух гадоў у пачатку 2010-х і плануе яшчэ адну спробу.

Тым не менш, падобныя намаганні па дыверсіфікацыі могуць быць жыццяздольнымі толькі ў доўгатэрміновай перспектыве і пры ўмове ўключэння  іншыя суседніх краінаў у схему супрацоўніцтва. Такі рэгіянальны праект мог бы змяніць усю геапалітыку Усходняй Еўропы.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *