
Вялікабрытанія практычна не звяртала ўвагі на Беларусь пасля таго, як тая здабыла незалежнасць у 1991-м. Лондан заставаўся трывалым прыхільнікам жорсткай лініі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і пазбягаў кантактаў з уладамі ў Мінску. Толькі праз два гады пасля таго, як пачалася нармалізацыя адносінаў паміж Беларуссю і ЕС, першы брытанскі чыноўнік высокага ўзроўню наведаў Мінск.
Сэр Алан Дункан, малодшы міністр ва ўрадзе Вялікабрытаніі, прыехаў ў першую чаргу каб вывучыць і заахвоціць нейтралітэт Беларусі ў дачыненні да канфлікту ва Украіне. Акрамя таго, Дункан паспрабаваў сфармуляваць прапановы па палітыцы Вялікабрытаніі ў дачыненні да Беларусі пасля Брэксіту. Ці дасць гэты візіт штуршок сур’ёзным зменам у беларуска-брытанскіх адносінах?
Эпоха адчужэння сканчаецца?
Сэр Алан Дункан, які займае пасаду Міністра па справах Еўропы і Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі у брытанскім МЗС, наведаў Мінск 25-26 верасня. Ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. Брытанскі дыпламат таксама размаўляў з лідарамі апазіцыі, актывістамі грамадзянскай супольнасці і грамадзянамі Вялікабрытаніі.
Алан Дункан стаў першым міністрам Вялікабрытаніі, які наведаў Беларусь за 25 гадоў дыпламатычных адносінаў паміж дзвюма краінамі. Некалькі беларускіх чыноўнікаў высокага ўзроўню, у тым ліку тагачасны прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір і спікер парламента Мечыслаў Грыб, наведвалі Лондан падчас нядоўгай далукашэнкаўскай эпохі незалежнай Беларусі.
Прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі, які прыязджаў у Лондан у лістападзе 2008 года для ўдзелу ў Беларускім інвестыцыйным форуме, не здолеў правесці сустрэчы на ўзроўні, адпаведным яго статусу. Адзіныя палітычныя кансультацыі на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў Беларусі і Вялікабрытаніі адбыліся чатыры гады таму ў брытанскай сталіцы.
Прыемнасці і клішэ з мэтай дагадзіць госцю
Вітаючы малодшага міністра Вялікабрытаніі ў сваёй рэзідэнцыі, Аляксандр Лукашэнка выказаў шкадаванне з нагоды выхаду Вялікабрытаніі з Еўрапейскага Саюза: Беларусі будзе бракаваць “надзейнага партнёра і сябра ў ЕС, які мог бы расказваць праўду пра Беларусь.”
Гэта даволі дзіўная ацэнка пазіцыі Вялікабрытаніі. На працягу многіх гадоў Лондан прасоўваў жорсткі падыход да Беларусі. У адказ на гвалтоўны разгон апазіцыі ў Мінску ў снежні 2010 года, урад Вялікабрытаніі лабіраваў эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Брытанскія СМІ і грамадскія дзеячы часта выказваюць салідарнасць з беларускай грамадзянскай супольнасцю і палітычнай апазіцыяй. Беларускі Свабодны тэатр і Андрэй Саннікаў з’яўляюцца тут найбольш вядомымі прыкладамі.
Minister @AlanDuncanMP speaks about his historical visit to #Belarus, delighted to be here. Very productive meetings. Looking fwd to future! pic.twitter.com/0lm1YPoBdM
— UK in Belarus (@UKinBelarus) September 26, 2017
Здаецца, Лукашэнка проста застаўся верным сваёй звычцы казаць прыемныя рэчы замежным гасцям, незалежна ад адпаведнасці гэтых рэчаў рэальнасці. Па традыцыі, беларускі прэзідэнт прапанаваў ганароваму госцю “вызначыць тры-чатыры пілотных эканамічных праекты” для сумеснага ажыццяўлення, абяцаючы “найбольш выгадныя і льготныя ўмовы для [брытанскага] бізнесу.”
Урад Вялікабрытаніі наўрад ці будзе займацца абмеркаваннем канкрэтных сумесных праектаў з Беларуссю, бо пакідае гэту справу прыватнаму бізнесу. Акрамя таго, льготныя ўмовы наўрад ці будуць для яго прывабным варыянтам. Брытанскія дыпламаты выступаюць за больш дынамічную эканоміку, змяншэнне бюракратыі і павелічэнне ролі прыватнага бізнесу як найлепшы спосаб прывабіць брытанскі капітал у Беларусь.
Найважнейшы імпарцёр аднаго прадукту
Нягледзячы на вялізнае падзенне беларускага экспарту ў Вялікабрытанію ў мінулым годзе (на 63%), яна застался трэцяй па значнасці краінай для экспарту беларускіх тавараў (была другой ў 2015 годзе), і галоўнай за межамі СНД. Паводле гандлёвага звароту, Вялікабрытанія застаецца шостым па велічыні партнёрам Беларусі.
Але тэндэнцыя падзення гэтак жа рэзка развярнулася ў 2017 годзе. У студзені-ліпені беларускі экспарт у Вялікабрытанію вырас больш чым у два разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, дасягнуўшы $1,38 млрд. Імпарт таксама павялічыўся на 66%.
Аднак беларускі экспарт у Вялікабрытанію ў значнай ступені залежаць ад аднаго прадукту — нафтапрадуктаў і мінеральных смол. За апошнія некалькі гадоў іх доля ў беларускім экспарце ў Вялікабрытанію вагалася ад 95 да 98%. Рэшта экспарту ўключае ўгнаенні, сталёвыя пруткі, свінец, жаночыя плашчы і лазеры. Беларусь імпартуе з Вялікабрытаніі ў асноўным рухавікі, машыны і спіртныя напоі.
Злучанае Каралеўства таксама уваходзіць у топ-6 інвестараў у беларускую эканоміку. Па стане на 1 студзеня 2015 года, брытанскія простыя інвестыцыі склалі $279,2 млн, $144,9 млн з якіх былі ў форме акцый, а $134,3 млн – у форме даўгавых інструментаў. Тым не менш, значная частка гэтых інвестыцый можа быць звязаная з ўзаемаразлікамі паміж буйным экспарцёрам нафтапрадуктаў Beloil і яго брытанскай даччынай кампаніяй BNK (UK) Limited.
Рэгіянальная абарона і бяспека ў цэнтры ўвагі
У Мінску Алан Дункан сапраўды згадаў гандаль і фінансавае супрацоўніцтва сярод пытанняў, якія ён абмяркоўваў з Лукашэнкам і Макеем, не раскрываючы падрабязнасцяў. Малодшы міністр падпісаў ад імя Злучанага Каралеўства пагадненне пра пазбяганне двайнога падаткаабкладання з Беларуссю.
Адукацыя, рэгіянальная абарона і бяспека сталі іншымі двума напрамкамі супрацоўніцтва, пра якія згадаў Алан Дункан. Але менавіта рэгіянальная абарона і бяспека ёсць галоўнай тэмай для Злучанага Каралеўства на сучасным этапе яго адносінаў з Беларуссю.
Перад візітам ў Мінск брытанскі дыпламат гаварыў аб “важнай ролі, якую Беларусь мусіць граць у рэгіёне і шырэй.” Вялікабрытанія высока цэніць унёсак Беларусі ў зніжэнне напружанасці ў рэгіёне і дапамагае падтрымліваць рэжым спынення агню паміж Украінай і Расіяй. Алан Дункан прыехаў у Мінск, каб даведацца, якую свабоду дзеянняў Беларусь мае ў гэтым пытанні, прымаючы пад увагу яе значную эканамічную залежнасць ад Расіі.
Беларусы — нежаданыя госці ў Вялікабрытаніі?
Ні беларускія, ні брытанскія чыноўнікі не згадвалі візавыя пытанні падчас візіту міністра. Беларусы могуць лёгка дабрацца да Лондана і іншых гарадоў Вялікабрытаніі праз частыя рэйсы Белавія з Мінска ці шматлікія танныя рэйсы з бліжэйшых замежных гарадоў. Але сучасная працэдура афармлення брытанскай візы адпужвае многіх патэнцыйных турыстаў і дзелавых наведвальнікаў з Беларусі.

Брытанскі візавы цэнтр ў Мінску. Фота: naviny.by
Вялікабрытанія змяніла сваю простую і даволі хуткую працэдуру выдачы візаў тры гады таму, уключыўшы прыватную кампанію ў працэс выдачы візы. Цяпер стандартная брытанская віза каштуе ад двух да сямі разоў даражэй, чым шэнгенская, якая дае доступ у сорак краінаў.
Атрыманне брытанскай візы таксама займае ў два-тры разы больш часу. Пры гэтым, дакладны час чакання застаецца невядомым. Візавы збор і новая працэдура афармлення адбіваюць у многіх жаданне яе рабіць. Таксама, многія паездкі былі адмененыя з-за затрымкі ў апрацоўцы дакументаў.
Ці зменіцца брытанская палітыка ў дачыненні да Беларусі?
На сустрэчы з кіраўнікамі беларускіх апазіцыйных партый брытанскі міністр падкрэсліў, што Вялікабрытанія хацела б атрымаць выразны сігнал, што беларуская моладзь выбірае дэмакратычныя стандарты заходніх краін, і што гэты выбар не навязваецца звонку.
Падобна, што брытанскія эліты сумняюцца ў праеўрапейскіх памкненнях беларускага грамадства. Хоць перспектывы дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі застаюцца змрочнымі, брытанскія дыпламаты могуць весці дыялог з Лукашэнкам па формуле “пазітыўнай паступовасці” – тэрмін, які Алан Дункан прапанаваў у Мінску.
Адказваючы на пытанне журналіста пра ўплыў Брэксіта на брытанскую палітыку ў дачыненні да краінаў рэгіёну, Алан Дункан прызнаў, што новы статус дасць Злучанаму Каралеўству “больш гнуткасці” ў яго палітыцы. Тым не менш, ён адразу ж нагадаў, што Вялікабрытанія будзе “па-ранейшаму з’яўляцца часткай еўрапейскай сям’і, якая працуе разам у тых галінах, што ўяўляюць агульны інтарэс.”
Беларусь доўгі час заставалася на ўзбочыне брытанскай знешняй палітыкі. Патрэбы Вялікабрытаніі ў новай палітыцы пасля Брэксіту і павышэнне ролі Беларусі ў стабілізацыі рэгіёну нарэшце зрабілі візіт малодшага міністра ў Мінск магчымым. Тым не менш, значнае паглыбленне двухбаковага супрацоўніцтва або істотны адыход Вялікабрытаніі ад сённяшняга агульнай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі ў цяперашніх умовах застаецца малаверагодным.
Social Icons