У чым корань праблем беларускай сельскай гаспадаркі?

Беларусь уваходзіць у першую дзясятку краін у свеце па вытворчасці масла. Такія дасягненні абыходзяцца дзяржаве нятанна — штогод аграрны сектар Беларусі патрабуе прынамсі $750 млн урадавых субсідый. Гэта больш, чым спажывае беларуская армія, міліцыя, ахова здароўя і адукацыя разам, паведамляе Польскае радыё.

Сёння нямногія нават у Беларусі ведаюць, што асноўную долю беларускай сельскай гаспадаркі складаюць кааператыўныя фермы, або так званыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.

Сучасныя беларускія кааператыўныя гаспадаркі з’яўляюцца прамымі нашчадкамі калгасу, які быў пакладзены ў аснову сельскагаспадарчай палітыкі ў Савецкім Саюзе. Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у свеце, якая захавала падобную сістэму сельскай гаспадаркі. Але больш за 60% калгасаў не прыносяць ніякага прыбытку.

Беларускі сельскагаспадарчы рэнесанс

На працягу больш за 20 гадоў сельская гаспадарка Беларусі існавала ў падвешаным стане. Хоць урад і абмяркоўваў неабходнасць рэформы сельскай гаспадаркі, калгасы працягвалі функцыянаваць паводле савецкай мадэлі. Паміж 2001-2006 гадамі некаторыя з калгасаў былі перайменаваны ў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, але камандная эканоміка і дзяржаўныя субсідыі захаваліся.

Сёння, нягледзячы на ​​наяўнасць назвы “кааператыў”, буйным беларускім гаспадаркам бракуе кааперацыі і прыняцця рашэнняў на нізавым узроўні. Калгаснікі не лічаць сябе ўладальнікамі прадпрыемства, а хутчэй часовымі наёмнымі працаўнікамі. Нізкі ўзровень заробку адлюстроўваюцца ў якасці іх працы. Кіраўніцтва фермы звычайна прызначаецца з суседняга раёна, а не выбіраецца мясцовым насельніцтвам. Больш за тое, кіраўніцтва часам не мае спецыяльнай адукацыі і часта не затрымліваецца на пасадзе болей за год.

Крытыкі сучасных калгасаў лічаць такую сельскагаспадарчую палітыку састарэлай. Па словах эканаміста Міхаіла Залескага, у цяперашні як урадавыя чыноўнікі, гэтак і сам Лукашэнка не могуць выйсці за межы шаблону, усталяванага сельскагаспадарчай энцыклапедыяй сталінскай эпохі. Індустрыялізацыя сельскагаспадарчага сектара застаецца прыярытэтам для беларускага ўрада, у той час як у Еўропе яна хутчэй стаецца вынікам карпаратызацыі і сельскагаспадарча-прамысловай інтэграцыі.

Урад Беларусі мысліць старым шаблонам «чым больш, тым лепш». На сённяшні дзень, памер сярэдняга калгасу ў Беларусі ў 100 разоў большы, чым у Еўропе і складае каля 22 тысяч гектараў. Праблемы маштабу і кіравання  ясна сведчаць, што такія сельскагаспадарчыя прадпрыемствы будуць стратнымі. Нават велізарныя субсідыі беларускай дзяржавы недастатковыя для забеспячэння эфектыўнага функцыянавання такіх гігантаў.

Калгасы паглынаюць грошы

За апошнія пяць гадоў у сельскагаспадарчы сектар у Беларусі было ўкладзена каля $43.8 млрд.

На штогадовым сельскагаспадарчым свяце “Дажынкі” ў 2014 годзе Лукашэнка прызнаў, што краіна штогод інвестуе у сельскагаспадарчы сектар каля $2 млрд. У той жа час 60% сельскагаспадарчых прадпрыемстваў  без дзяржаўнай падтрымкі не выжылі б. Каля 1/6 калгасаў у Беларусі церпяць страты, большыя за ўкладзеныя ў іх інвестыцыі.

Нягледзечы на ўсе інвестыцыі, сельскагаспадарчым прадпрыемствам бракуе працоўнай сілы і належнага тэхнічнага абсталявання. Напрыклад, у адным з калгасаў Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці на працягу летніх месяцаў кіроўцы камбайнаў мелі магчымасць працаваць толькі кожны другі дзень з-за зламанага або адсутнага абсталявання.

Заробкі ў калгасах ў несезонны перыяд могуць падаць да $25, а самы высокі складае каля $350  для вузкіх спецыялістаў у сельскагаспадарчым сектары. Даярка згаданага вышэй калгаса Бярозаўскага раёна зімой працуе за $60  у месяц, пры тым што працоўны дзень пачынаецца ўжо а 4 раніцы і заканчваецца позна ўначы.

Колькасць людзей, якія жывуць у вёсках і якія працуюць на сельскагаспадарчых прадпрыемствах, скарацілася з 29,9% да 24,9% на працягу апошніх 10 гадоў. Каля 620 тысяч працоўных сышлі ў іншыя сектары. Тыя, хто застаўся, часта маюць праблемы з алкаголем і не могуць знайсці працу ў іншым месцы. Для выратавання сітуацыі беларускі ўрад нават спрабаваў праводзіць рэкламныя кампаніі, спрабуючы прыцягнуць замежную працоўную сілу з былых савецкіх рэспублік.

Дык куды ж ідуць грошы? У 2013 годзе адзін гектар калгаснай зямлі патрабаваў $110 укладанняў. У той жа час, прыватныя фермеры атрымлівалі ўсяго $28 на гектар.

Эксперты бачаць корань праблемаў сельскай гаспадаркі Беларусі ў адсутнасці прыватызацыі, што дазволіла б палепшыць  кіраванне і больш эфектыўна размяркоўваць рэсурсы. Акрамя таго, ёсць яшчэ адна істотная праблема: беларускі ўрад адмаўляецца даваць права прыватнай уласнасці на зямлю.

Другая праблема заключаецца ў вялікай запазычанасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Ніхто не хоча купляць ферму па цане, якая значна вышэйшая за тэарэтычны прыбытак. На сённяшні дзень запазычанасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у 1,7 разоў вышэйшая, чым іх сярэдні даход. Было б мэтазгодна дазволіць прыватызацыю па намінальным кошце, напрыклад, за фіксаваную базавую велічыню, якая сёння роўная прыкладна $10.

Будучыня беларускага аграрнага сектара

Адной са спробаў рашэння праблемы калгасаў было далучэнне фермаў да прамысловых прадпрыемстваў і іншых установаў. Тым не менш, гэта таксама не вельмі спрацавала: самая паспяховая ферма «Агра-Кухцічы», якой кіраваў Беларусбанк, за год зарабіла толькі каля $90,000. Найменш паспяховая з трох прымацаваных да банка фермаў «Агра-Наватар» зарабіла толькі каля $9,000. Нядаўна банк зусім адмовіўся курыраваць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.

На думку большасці экспертаў, немагчыма прыстасаваць існуючыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы да рынкавай эканомікі. Фермы варта зменшыць, дазволіць фармаваць кіраўніцтва з мясцовых людзей і ўвесці сістэму асабістай зацікаўленасці працаўнікоў. Эканаміст Міхаіл Залескі ўпэўнены, што рана ці позна прыватызацыя адбудзецца, але яе вынікі могуць быць далёкімі ад жаданых.

У горшым выпадку, буйныя сельскагаспадарчыя фермы стануць прыватнай уласнасцю вышэйшых функцыянераў і будуць нагадваць феадальныя арганізацыі, а не сучасныя прадпрыемствы.

Адна з самых вялікіх праблем у развіцці аграрнага сектара на сённяшні дзень палягае ў тым, што ўсе ўказы і пастановы распрацоўваюцца ў Мінску, далёка ад зямлі. Адсутнасць комплексных рэформаў цягне развіццё ўсёй краіны назад і не дазваляе належным чынам назапашваць капітал.

Кіруючыся паспяховымі прыкладамі пераўтварэнняў сельскагаспадарчага сектару суседніх краін, напрыклад Польшчы, Беларусь магла б стаць на шлях эканамічнага адраджэння.

 

Марыя Русак

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *