Ці знішчыць Астравецкая АЭС зялёную энергетыку ў Беларусі?

Вялікая сонечная электрастанцыя будзе запушчаная гэтым летам у Брагінскім раёне, змяняючы ландшафт забруджаных аварыяй на Чарнобыльскай АЭС земляў: 85,000 панэляў сонечных батарэй зоймуць плошчу памерам каля 80 футбольных палёў.

Прыхільнікі экалагічна чыстай энергіі хваляць гэты праект як бяспройгрышнае рашэнне: яно будзе ўстойлівым, экалагічным, эканамічна выгадным, і паспрыяе дыверсіфікацыі паставак энерганосьбітаў у краіне. Улады публічна прызнаюць неабходнасць падтрымкі сектара аднаўляльнай энергетыкі, абяцаючы падатковыя льготы і прэферэнцыі для інвестараў.

Аднак большасць зялёных энергетычных праектаў у Беларусі знаходзяцца ў ценю Астравецкай атамнай электрастанцыі. Праз некалькі гадоў яна забяспечыць эфектыўнае і хуткае рашэнне для энергетычных патрэбаў Беларусі, што прывядзе да маргіналізацыі аднаўляльных крыніцаў энергіі.

Ветраэнергетыка ў Беларусі

Будаўніцтва ветравых турбін ў Наваградскім раёне. Крыніца: tech.onliner.by

Беларускае грамадства праглынула ідэю атамнай электрастанцыі нягледзячы на ​​траўму Чарнобыля, бо дзяржава разрэкламавала яе як найлепшы спосаб забеспячыць энергетычную незалежнасці краіны. Тым не менш, новая атамная электрастанцыя як праект энергетычнай незалежнасці не выключае расійскага дамінавання ў энергетычным сектары Беларусі. Развіццё аднаўляльных крыніц энергіі выглядае больш перспектыўным з пункту гледжання дыверсіфікацыі вытворчасці энергіі.

Энергія ветру прыйшла ў Беларусь ў 2000 годзе з будаўніцтвам дзвюх ветравых турбін у Мядзельскім раёне. У цяперашні час найбуйнейшы беларускі ветрапарк мае толькі 11 ветравых турбін. Ён пачаў функцыянаваць у Навагрудскім раёне вясной 2016 года. Кожная з ветравых турбін мае сярэднюю магутнасць 1 МВт —  гэта дастаткова, каб забяспечыць энергіяй каля 500 хатніх гаспадарак.

Узгорысты ландшафт Навагрудчыны робіць яе адным з найбольш прыдатных рэгіёнаў Беларусі для развіцця ветравой энергетыкі. Паводле ацэнак спецыялістаў энергетычнага сектара, аднаўляльныя крыніцы энергіі тут маюць патэнцыял для вытворчасці да 24 млн КВт-г у год — дастаткова, каб пакрыць каля 25% ад патрэбы ўсяго Навагрудскага раёна.

Сонечная энергія ажыўляе раёны,  пацярпелыя ад Чарнобыльскай аварыі

У апошнія гады мабільны аператар Velcom інвеставаў €23 млн у праект сонечнай электрастанцыі ў Брагінскім раёне. Афіцыйная магутнасць станцыі складае 22,3 МВт, што можа забяспечыць начное вулічнае асвятленне для ўсёй беларускай сталіцы.

Будаўніцтва сонечнай электрастанцыі ў Брагінскім раёне. Крыніца: 42.tut.by

Прадстаўнік Velcom Гельмут Дуз прадставіў праект сонечнай электрастанцыі ў Брагіне як зялёны бізнес-прадукт, адзначыўшы, што такія праекты ствараюць новыя працоўныя месцы і прыносіць карысць мясцовай эканоміцы. Яны дапамагаюць ажывіць рэгіёны, пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Кампанія плануе акупіць праект за чатыры-пяць гадоў, бо Гомельская вобласць атрымлівае каля 1900 сонечных гадзін у год — больш, чым любая іншая частка Беларусі. Зямля там таксама таннейшая, бо Брагінскі раён не падыходзіць для сельскай гаспадаркі з-за радыяцыйнага забруджвання.

Аднак у рэчаіснасці Беларусі яшчэ давядзецца прайсці доўгі шлях у пытанні альтэрнатыўнай энергетыкі, асабліва ў параўнанні з Германіяй, якая нядаўна сенсацыйна заявіла, што здолела атрымаць 100% патрэбаў энергіі з аднаўляльных крыніц. У Беларусі ж доля аднаўляльных крыніц застаецца на ўзроўні ўсяго каля 1%.

Адзін крок наперад, два крокі назад

Закон аб аднаўляльных крыніцах энергіі, прыняты ў 2010 годзе, зняў дзяржаўную манаполію на вытворчасць энергіі ў Беларусі. Гэта адчыніла дзверы для замежных інвестараў, якія зацікаўленыя ў праектах па аднаўляльных крыніцах энергіі.

Крыніца: energo.by

Напачатку беларуская дзяржава заахвочвала такія праекты. Яна гарантавала закупкі экалагічна чыстай энергіі, прапаноўваючы падатковыя льготы і спецыяльныя тарыфы на 10-гадовы перыяд, каб дазволіць інвестарам пакрыць свае выдаткі. Дзяржава таксама запэўніла, што цана, якую звычайныя беларусы плацяць за энергію з альтэрнатыўных крыніц застанецца на тым жа ўзроўні, што і цана энергіі з традыцыйных крыніц.

Тым не менш, нягледзячы на ​​фінансавую падтрымку з боку ЕС і магчымасці прыцягнення інвестыцый з іншых краін, беларуская бюракратыя, замест таго, каб на практыцы здзяйсняць доўгатэрміновыя мэты ўстойлівага развіцця, прызнае патэнцыял экалагічна чыстай энергіі толькі на паперы.

Беларускія ўлады часта не ў стане заваяваць давер замежных інвестараў: яны адмаўляюцца ліквідаваць бюракратычныя перашкоды і ставяць пад пагрозу праекты ўжо на стадыі рэалізацыі, як гэта адбылося ў 2012 годзе з запланаваным ветрапаркам пад Мінскам. Нямецкая кампанія Enertrag AG спыніла праект пасля ўмяшання з боку Міністэрства абароны, якое паскардзілася, што кампанія перашкаджае радыёлакацыі.

Да 2015 года лёс экалагічна чыстай энергіі ў Беларусі рэзка змяніўся. Дзяржава скіравала ўсе рэсурсы на АЭС і паспрабавала аднавіць сваю манаполію ў энергетычным сектары. Урад неадкладна ўвёў квоты на зялёную энергію, што абмежавала магчымасці для інвестараў.

На перыяд 2016-2018 гадоў Беларусь увяла ліміт на будаўніцтва аднаўляльных крыніц энергіі ў памеры 215 МВт агульнай магутнасці. Адным з аргументаў для гэтага з’яўляецца зніжэнне выдаткаў, паколькі ў цяперашні час дзяржава плаціць 41 цэнт за 1 кВт-ч для вытворчасці энергіі з аднаўляльных крыніц, тады як сабекошт складае ўсяго 9 цэнтаў. Дзяржава таксама не хоча плаціць гэтыя грошы замежным кампаніям і імкнецца захаваць манаполію на энергетычным рынку.

Што гэта значыць для спажыўца?

Беларускія спажыўцы энергіі маюць шанец стаць энергетычна незалежнымі шляхам інвеставання ў панэлі сонечных батарэй для сваіх дамоў, але гэта рашэнне з’яўляецца рызыкоўным, паколькі вымагае высокіх выдаткаў. Самыя танныя сонечныя батарэі для асабістага карыстання каштуюць да $2600. Гэтая сума перавышае сярэдні заробак ў краіне амаль у восем разоў.

Адной з галоўных рызык з’яўляецца пытанне продажу лішку энергіі дзяржаве. Тэарэтычна, дзяржава заахвочвае гэта, бо з 2015 ўвяла льготныя тарыфы. На практыцы гэтая прапанова тычыцца толькі прыватных кампаніяў і прадпрымальнікаў, а не шараговых грамадзянаў.

Яшчэ больш змрочныя перспектывы для экалагічна чыстай энергіі дадае з’яўленне Астравецкай АЭС, запуск якой запланаваны на 2018 год. Цалкам магчыма, што дзяржава захоча змяніць правілы гульні яшчэ раз, адмяніўшы льготы прыватных прадаўцоў зялёнай энергіі. Такім чынам, непрадказальнасць рэжыму стварае рызыкі і для беларускіх спажыўцоў, і для замежных інвестараў.

У доўгатэрміновай перспектыве і пры спрыяльных умовах зялёная энергетыка можа паспрыяць энергетычнай незалежнасці краіны, бо мае патэнцыял для забеспячэння да 25% ад агульных энергетычных патрэбаў. У ідэале, гэта таксама можа дапамагчы простым беларусам стаць самадастатковымі ў вытворчасці энергіі. Тым не менш, будаўніцтва першай беларускай АЭС і адсутнасць інстарэсу з боку дзяржавы робяць будучыню зялёных энергетычных праектаў у Беларусі нявызначанай.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *