Ці спрацуе беларуска-еўрапейскі дыялог па правах чалавека?

Міліцыя арыштоўвае мірных дэманстрантаў у Мінску. Фота AP/Сяргей Грыц

У ліпені гэтага года Еўрапейскі саюз і Беларусь правялі 4-ы раўнд двухбаковага дыялогу па правах чалавека ў Бруселі. Бакі сканцэнтраваліся на грамадзянскіх, палітычных і сацыяльных правах у Беларусі і Еўропе.

Беларусь разлічвае адсунуць пытанні правоў чалавека на задні план у адносінах з Захадам. У той жа час улады разумеюць, што адмова ад абмеркавання гэтага пытання можа перашкодзіць сціпламу збліжэнню з ЕС.

Між тым, Захад працягвае аказваць ціск на Беларусь у міжнародных інстытутах, у прыватнасці, Радзе ААН па правах чалавека. У канцы чэрвеня РПЧ падоўжыла міжнародны маніторынг сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі яшчэ на адзін год.

Час пакажа, якая з дзвюх стратэгій — дыялог ці крытычны маніторынг — будзе больш эфектыўнай у прасоўванні дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.

Сумнеўныя вынікі дыялогу па правах чалавека

Беларусь і Еўрапейскі саюз правялі першы раўнд дыялогу па правах чалавека ў чэрвені 2009 года ў Празе. Яны абмеркавалі шэраг праблемаў у “канструктыўнай і адкрытай атмасферы”. Паколькі Беларусь тады адмаўлялася ўключаць актывістаў грамадзянскай супольнасці ў абмеркаванне, еўрапейскія чыноўнікі сустракаліся з імі да перамоваў.

Рэпрэсіі супраць апазіцыі ў снежні 2010 года вымусілі ЕС спыніць дыялог па правах чалавека з Беларуссю. Сустрэчы ў папярэднім фармаце аднавіліся толькі ў ліпені 2015 года з ініцыятывы беларускіх уладаў, пасля адлігі ў адносінах Беларусі і Еўропы.

Нядаўні раўнд дыялогу ў Брусэлі ўключаў пытанні свабоды меркаванняў, сходаў і асацыяцый; выбарчага права, смяротнага пакарання, рэформы пенітэнцыярнай сістэмы, антыдыскрымінацыйнай палітыкі, гендэрнай роўнасці і барацьбы з гвалтам у сям’і.

Прадстаўнікі беларускіх НДА змаглі выступіць на некаторых частках сустрэчы. У склад дэлегацыі грамадзянскай супольнасці ўваходзілі кіраўнікі праваабарончых арганізацый, БАЖ, а таксама некалькіх сацыяльных ініцыятываў.

Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта. Фота: belhelcom.org

Паводле старшыні Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алега Гулака, беларускія чыноўнікі не давалі ніякіх абяцанняў і не прадставілі ніякіх планаў рэформаў. “Яны працягвалі паўтараць: мы пачулі, гэта будзе прадметам працы, на гэта будуць дадзены адказы пазней. Яны не аспрэчвалі, не адмаўляліся казаць, не адмаўлялі праблемы”, сказаў Гулак у інтэрв’ю парталу TUT.BY.

Дыялог можа быць лепшай альтэрнатывай канфрантацыі, але застаюцца сумневы ў эфектыўнасці гэтага метаду. Да гэтага часу не з’явілася ніякіх прыкметаў таго, што ўлады маюць намер прымаць рэкамендацыі Захаду пад увагу, у прыватнасці, калі гаворка ідзе аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Раней у чэрвені ЕС і Кітай правялі свой 35-ы раўнд дыялогу па правах чалавека. Змрочны стан правоў чалавека ў Кітаі можа быць сведчаннем невялікай каштоўнасці гэтага дыпламатычнага інструмента.

Па-ранейшаму пад спецыяльнай працэдурай

Нягледзячы на ​​ўдзел у дыялогу па правах чалавека з Беларуссю, заходнія краіны не праяўляюць ніякіх прыкмет лаяльнасці, калі гаворка ідзе пра працэдуры ў галіне правоў чалавека ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

23 чэрвеня Рада па правах чалавека прыняла рэзалюцыю аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Суаўтарамі дакумента выступілі трыццаць шэсць еўрапейскіх краінаў, а таксама Канада, Японія і Злучаныя Штаты Амерыкі.

РПЧ выказала занепакоенасць становішчам правоў чалавека ў Беларусі, асабліва свабодай мірных сходаў, асацыяцый і выказванняў. Яна таксама адзначыла, што ў Беларусі працягваецца наступ на праваабаронцаў, НДА і сродкі масавай інфармацыі.

Рада заклікала беларускі ўрад “забяспечыць поўную незалежнасць і бесстароннасць судовай сістэмы” і “неадкладна ажыццявіць комплексную рэформу выбарчага заканадаўства”.

Спрабуючы прадухіліць прыняцце рэзалюцыі, беларускі дыпламат у Жэневе заявіў, што “сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі кардынальна не адрозніваецца ад большасці краін свету”, і гэта не пагражае нікому ў Беларусі і за мяжой.

Аргумент Беларусі палягае ў тым, што механізмы ААН па асобных краінах бессэнсоўныя, і варта аддаць перавагу непасрэднаму дыялогу з гэтымі краінамі. Гэты аргумент знайшоў падтрымку сярод такіх “чэмпіёнаў” у галіне правоў чалавека, як Азербайджан, Кітай, Куба, Іран, М’янма, Паўночная Карэя, Расія, Судан, Сірыя, Туркменістан і Узбекістан, а таксама некалькіх іншых краінаў, якія развіваюцца.

Нягледзячы на ​​намаганні Беларусі, Рада прыняла рэзалюцыю аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі шляхам галасавання 18-ці краінаў за (у асноўным заходніх краінаў, але таксама Бразіліі, Ганы, Панамы і Парагвая) і 8-мі супраць пры 21 ўстрымаўшыхся.

Рэзалюцыя падоўжыла дзеянне механізму па Беларусі, які дзейнічаў з 2012 года, яшчэ на адзін год. Гэтай восенню Беларусі давядзецца прыняць удзел у чарговай дыскусіі па становішчы ў галіне правоў чалавека на 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку і падчас прыняцця наступнай рэзалюцыі.

Закляты вораг уладаў наведвае Мінск

Міклаш Харасці, мандат якога ў якасці Спецыяльнага дакладчыка па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі быў працягнуты РПЧ, пасля апошняй сесіі выйшаў пераможцам.

Венгерскі праваабаронца быў прызначаны Спецыяльным дакладчыкам па Беларусі ў 2012 годзе. З тых часоў беларускі ўрад адмаўляецца прызнаць гэты мандат і ўпарта ігнаруе спробы Харасці наладзіць узаемадзеянне.

Беларускія ўлады сцвярджаюць, што справаздачы Харасці аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі з’яўляюцца “палітычна матываванымі і адкрыта перадузятымі”.

Сапраўды, Спецыяльны дакладчык стаў адным з самых заўзятых крытыкаў сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У лютым 2016 года, за тыдзень да адмены санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі, Харасці адмыслова падкрэсліў адсутнасць якіх-небудзь зменаў у “цяжкім стане правоў чалавека” ў краіне.

Міклаш Харасці ў Мінску. Фота: spring96.org

Маючы статус персоны нон-грата ў Беларусі, Спецыяльны дакладчык мусіў сустракацца з праваабаронцамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі за межамі краіны. У дадатак, з’яўляліся чуткі пра неафіцыйныя сустрэчы Харасці і беларускіх дыпламатаў у некаторых еўрапейскіх сталіцах.

Да ўсеагульнага здзіўлення, Міклаш Харасці наведаў Мінск у пачатку ліпеня. Беларускі ўрад дазволіў яму прыняць удзел у якасці “прыватнай асобы” ў семінары па правах чалавека, які быў праведзены ў якасці паралельнага мерапрыемства сесіі ПА АБСЕ ў Мінску.

Пасля вяртання з Мінска Харасці вылучыў дзве ключавыя праблемы, якія тычацца правоў чалавека ў Беларусі. Першы – гэта сістэмны ўціск індывідуальных свабодаў, калі ўсё грамадскае жыццё адбываецца толькі з дазволу ўладаў; другое – цыклічнае выкарыстанне масавых рэпрэсій.

Паездка Харасці ў Мінск праз два тыдні пасля таго, як РПЧ прадоўжыла яго мандат, не павінна ўспрымацца як прыкмета змены пазіцыі Беларусі па краінавай працэдуры ААН. Урад па-ранейшаму цвёрда працягвае барацьбу з міжнародным асуджэннем яго рэпрэсіўнай палітыкі, замест таго каб спрыяць паляпшэнню сітуацыі, што зрабіла б краінавую працэдуру непатрэбнай.

Беларусь усё яшчэ спадзяецца пазбегнуць або адкласці любыя значныя змены ў сваёй палітыцы ў галіне правоў чалавека, і ў той жа час рэкламуе сябе ў якасці рэгіянальнага “донара бяспекі” і надзейнага эканамічнага партнёра. У цяперашняй геапалітычнай сітуацыі Захад вымушаны мірыцца з гэтымі бясплоднымі “дыялогамі” і мінскім прагрэсам у стылі “два крокі наперад, адзін крок назад”.

Тым не менш, поўная нармалізацыя адносінаў паміж Беларуссю і Захадам застаецца немагчымай без істотнага прагрэсу ў сферы правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *