Ці мае Беларусь шанец у новай нафтавай вайне з Расіяй?

нафта ў Беларусі

Фота: dneprovec.by

2016 год пакінуў Беларусі сур’ёзную эканамічную праблему ‒ нявырашаны канфлікт з Расіяй па пастаўках энерганосьбітаў.

9 студзеня 2017 года расійская газета Коммерсант паведаміла, што паводле яе крыніцаў Масква скароціць пастаўкі нафты ў Беларусь з 4,5 да 4 млн тон у першым квартале 2017 года. Праз гэты ціск Расія спрабуе прымусіць Беларусь аплаціць газавы доўг у памеры $425 млн.

Адначасова, Беларусь абвясціла пра адкрыццё новага нафтавага радовішча на сваёй тэрыторыі. На жаль, уласныя запасы нафты дазваляюць здабываць толькі 1,6 млн тон у год, у той час як Беларусі патрабуецца каля 25 млн тон для загрузкі двух нафтаперапрацоўчых заводаў.

Нафтапрадукты прыносяць траціну экспартных прыбыткаў у бюджэт Беларусі і застаюцца экспартным артыкулам № 1. Пры адсутнасці альтэрнатыўных варыянтаў паставак вуглевадароднай сыравіны і паслабленні рычагоў уплыву Мінска на Крэмль, краіна будзе вымушаная гуляць па правілах Крамля.

Запасы нафты ў Беларусі

3 студзеня інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА паведаміла пра адкрыццё новага нафтавага радовішча ў Рэчыцкім раёне на поўдні Беларусі. Радовішча, аднак, класіфікуецца як складанае для здабычы з-за яго глыбіні. Папярэдняе даследаванне ацэньвае яго аб’ём у 850,000 тон. Агулам, беларускія запасы нафты ацэньваюцца ў 50 млн тон, але паводле міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Каўхуты, запасы могуць быць значна большымі.

Беларусь здабывае на сваёй тэрыторыі каля 1,6 млн тон нафты ў год. Гэта невялікі аб’ём у параўнанні з сусветнымі лідарамі здабычы нафты. Напрыклад, Расія здабывае прыкладна такі ж аб’ём за дзень. Магутнасці беларускіх НПЗ, аднак, патрабуюць дадатковых 24 млн тон  на год, якія Беларусь традыцыйна купляе ў Расіі.

Перапрацоўка расійскай нафты і экспарт нафтапрадуктаў былі апірышчам эканамічнай мадэлі Лукашэнкі на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў. Але эпоха Пуціна прынесла рэгулярныя нафтавыя і газавыя канфлікты, што вымусіла Беларусь шукаць альтэрнатыўныя крыніцы паставак. Беларусь нават паспрабавала імпартаваць нафту з Азербайджана і Венесуэлы ў 2010-2011 і 2016 гадах, вяла перамовы з Іранам, а таксама ўзялася за ўласныя рэзервы.

Нафтавыя радовішчы

Крыніца: naviny.by

У 2016 годзе Беларусь і Расія распачалі новую нафтавую вайну. Аднак гэтым разам яна разгортваецца ў новай палітычнай рэчаіснасці і яе вынікі цяжка прадказаць. Расійскія СМІ атакуюць Беларусь за нібыта уцёкі на Захад і залішняе імкненне да незалежнасці, а таксама мяккую беларусізацыю, называючы гэта «украінскім сцэнаром».

Агенцтва кантролю якасці харчовых прадуктаў Расіі Россельсохнадзор рэгулярна забараняе імпарт беларускіх прадуктаў харчавання. У дадатак да гэтага, скарачэнне паставак нафты з Расіі моцна б’е па стагнуючай беларускай эканоміцы і выклікае сур’ёзную заклапочанасць беларускага кіраўніцтва.

Новая вуглевадародная вайна

9 студзеня расійская газета Коммерсант паведаміла, што паводле яе крыніцаў Расія скароціць пастаўкі нафты з 4,5 да 4 млн тон у першым квартале 2017 года. Праз гэты ціск Расія спрабуе прымусіць Беларусь аплаціць газавы доўг у памеры $425 млн. У адпаведнасці з папярэднімі дамоўленасцямі Беларусь мусіла атрымаюць 18 млн тон нафты ў 2017 годзе, але бакі не змаглі дамовіцца па газавым доўгу Беларусі да канца 2016 года.

Спрэчка пачалася ў студзені 2016 года, калі Беларусь запатрабавала, каб Масква знізіла кошт на газ з-за падзення цэнаў на сусветным рынку, а таксама няздольнасці беларускай прамысловасці канкураваць на рынку Еўразійскага эканамічнага саюза з-за няроўных коштаў на энерганосьбіты. Расія адхіліла гэта патрабаванне, таму Беларусь у аднабаковым парадку вырашыла плаціць менш, назапасіўшы доўг у памеры $425 млн да канца 2016 года.

Масква ў адказ вырашыла прывязаць доўг за газ з аб’ёмам паставак нафты ў Беларусь. Планаваныя пастаўкі ў памеры 5,3 млн тон за квартал скарацілася да 3,5 млн і, нарэшце, да 3 млн тон у апошнім квартале 2017 года. Напярэдадні 1 студзеня 2017 года бакі былі блізкія да заключэння здзелкі, але не здолелі яе завяршыць. У выніку скарачэння паставак, за студзень-кастрычнік 2016 года Беларусь экспартавала на 15% менш нафтапрадуктаў у параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года і на 38% менш у грашовым эквіваленце, што моцна ўдарыла па беларускім бюджэце.

Ці ёсць выйсце з нафтавай пасткі?

Беларуска-расійскія адносіны перажылі шэраг нафтавых і газавых войнаў у 2000-х і 2010-х гадах. Як правіла, усе яны сканчаліся ўзаемнымі саступкамі. Хоць Расія і нясе некаторыя іміджавыя выдаткі ў выніку гэтых войнаў, яна заўсёды мае больш моцныя пазіцыі ў перамовах.

Скарачэнне або затрымкі паставак нафты каштуюць Беларусі надзвычай дорага, бо нафтапрадукты застаюцца экспартным таварам № 1 на працягу многіх гадоў. Экспарт нафтапрадуктаў складае каля траціны беларускага экспарту, што робіць краіну ўразлівай да зменаў на сусветным рынку.

Падзенне коштаў на нафту моцна ўдарыла па Беларусі, як відно з дыяграмы. Даходы ад продажу нафтапрадуктаў дасягнулі свайго піку ў 2012 годзе ($16,4 млрд), і няўхільна зніжалася пасля гэтага. У 2016 годзе Беларусь атрымала ад продажу нафты толькі $6,1 млрд ‒ вялізарная розніца ў $10 млрд у параўнанні з 2012 годам.

Акрамя таго, пастаўкам нафты і газу з Расіі да гэтага часу няма жыццяздольных альтэрнатываў. Мінск паспрабаваў напалохаць Расію імпартам нафты з Венесуэлы і Азербайджана ў 2010-2011 гадах, калі атрымаў каля 1,5м тон нафты марскім шляхам праз порт Адэсы.

Падчас новай вуглевадароднай вайны восенню 2016 года Мінск імпартаваў 85,000 тон азербайджанскай нафты, а Лукашэнка абвесціў, што Беларусь вядзе перамовы пра пастаўкі нафты з Іранам. Відаць, гэтыя перамовы ні да чаго не прывялі, а азербайджанская нафта не можа пакрыць нястачу у некалькі мільёнаў тон.

Эксперты мяркуюць, што імпарт нафты з іншых краінаў эканамічна неапраўданы. Тым не менш, нягледзечы на адсутнасць прыбытку, альтэрнатыўнымі пастаўкамі Мінск здолеў дамагчыся больш выгадных умоў у сваіх нафтавых здзелках з Масквой. Такую думку выказваў віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка. Але цяперашні кантэкст беларуска-расійскай спрэчкі з 2011 года істотна змяніўся, і Беларусь стала значна больш эканамічна слабой, у той час як Расія працягвае пашыраць свой уплыў у рэгіёне і свеце. Ці можа Мінск супрацьстаяць ціску Крамля ў гэтай новай рэальнасці?

Выглядае, што Беларусь мае мала шанцаў выйграць канфлікт. Расіі ўсё менш і менш патрэбныя палітычныя саюзнікі ‒ яна спадзяецца толькі на сябе. Гэта азначае, што стратэгія “брацкай рыторыкі” у абмен на эканамічныя выгады ў беларуска-расійскіх адносінах больш не працуе. Акрамя таго, Расія прадпрымае крокі ў ваеннай сферы, каб забяспечыць незалежнасць ад беларускай арміі на заходнім фронце.

Гэта значна памяншае рычагі ўплыву Мінска на Крэмль і абмяжоўвае магчымасці Лукашэнкі да манёўру. Пры адсутнасці альтэрнатыўных варыянтаў паставак энерганосьбітаў і значнай эканамічнай залежнасці ад расійскіх рэсурсаў Беларусі рана ці позна давядзецца гуляць па расійскіх правілах.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *