Ці хоча Крэмль зрынуць Лукашэнку?

20 студзеня Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў рэакцыю расійскіх чыноўнікаў на ўвядзенне ў Беларусі пяцідзённага бязвізавага рэжыму для замежнікаў як “енкі і лямант”.

У апошні час рыторыка руска-беларускія адносінаў стала настолькі вострай, што некаторыя журналісты і аналітыкі сталі гаварыць пра планы Крамля зрынуць Лукашэнку ці акупаваць Беларусь.

Рэгулярныя канфлікты застаюцца абавязковым атрыбутам беларуска-расійскіх адносінаў. Але нягледзячы на ​​ваяўнічае бурчанне, Лукашэнка ў асноўным дбае пра інтарэсы Крамля і спрыяе развіццю супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.

Ці будзе Крэмль скідаць Лукашэнку і акупоўваць Беларусь?

У апошнія месяцы людзі розных палітычных поглядаў і прафесій пачалі выказваць асцярогі, што Крэмль плануе замяніць Лукашэнку.

4 студзеня галоўны рэдактар ​​беларускага апазіцыйнага сайта навінаў Хартыя’97 Наталля Радзіна заявіла, што “Расія праводзіць аперацыю па зрынанні Лукашэнкі”. За некалькі дзён да гэтага яе калега Зміцер Бандарэнка абвясціў пра існаванне дакументаў, якія пацвярджаюць існаванне плана замены Лукашэнкі.

11 студзеня аналітыкі Арсен Сівіцкі і Юрый Царык, якія лаяльна ставяцца да беларускіх уладаў, апублікавалі даклад, які сцвярджае, што Расія разглядае магчымасць акупацыі Беларусі. Іх выснова заснаваная на планах Міністэрства абароны Расіі адправіць чатыры тысячы чыгуначных вагонаў у Беларусь ў 2017 годзе, што ў 83 разы больш, чым ў 2016-м.

Гэтыя два погляды паходзяць з ідэалагічна розных крыніцаў, але абодва бакі лічаць, што Крэмль незадаволены адмовай Беларусі падтрымаць дзеянні Крамля ва Украіне, а таксама супраціўленнем ідэі расійскай вайсковай базы на яе тэрыторыі. Больш за тое, згаданыя каментатары лічаць, што Крэмль гатовы пазбавіцца ад Лукашэнкі. Тым не менш, у Расіі мала шанцаў замяніць беларускага прэзідэнта: у адрозненне ад Украіны, Беларусь мае ўстойлівыя дзяржаўныя інстытуты.

Праблемы двухбаковых адносінаў

З аднаго боку, гэтыя спекуляцыі выглядаюць імавернымі, улічваючы цяперашні стан беларуска-расійскіх адносінаў. Апошнім часам здаецца, што Беларусь і Расія сварацца па любым пытанні.

20 студзеня Лукашэнка публічна адказаў на крытыку расійскіх чыноўнікаў, у тым ліку міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова, у дачыненні да ўвядзення бязвізавага рэжыму ў Беларусі. Урад Расіі разглядае гэтую новую палітыку як пагрозу сваёй бяспецы і нагадвае, што Беларусь павінна стварыць адзіную візавую прастору з Расіяй. Лукашэнка ж адказвае, што “яны павінны спакойна на гэта рэагаваць і займацца сваёй справай”.

За месяц да гэтага, 26 снежня 2016 года Лукашэнка праігнараваў саміт Еўразійскага эканамічнага саюза, у якім кіраўнікі дзяржаў Саюза падпісалі Мытны кодэкс, які абмяркоўваўся на працягу трох гадоў. Хоць кодэкс быў падпісаны ўсімі іншымі кіраўнікамі 26 снежня, прэзідэнт Беларусі пагадзіўся зацвердзіць яго толькі праз два дні пры ўмове, што Беларусь будзе мець права на далейшыя перамовы.

Саміт Еўразійскага эканамічнага саюза без Беларусі, 26 снежня 2016 года. Фота: kremlin.ru

Не сакрэт, што беларускія ўлады перашкаджаюць еўразійскаму інтэграцыйнаму праекту з-за нафтавага і газавага канфлікту паміж Масквой і Мінскам, які доўжыцца ўжо больш за год. Мінск патрабуе зніжэння коштаў на газ у той час, як Расія імкнецца змусіць Беларусь пагасіць свае даўгі за папярэднія пастаўкі на суму $400 млн. Для таго, каб заахвоціць Мінск плаціць, Масква плануе скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь на 12%, як паведаміла расійскае выданне Коммерсант 9 студзеня.

26 снежня кіраўнік ніжняй палаты беларускага парламента Уладзімір Андрэйчанка заявіў у Маскве, што “сітуацыя на беларуска-рускай мяжы выходзіць за рамкі дагаворных рамак і здаровага сэнсу”. У сярэдзіне верасня Крэмль закрыў сваю мяжу з Беларуссю для грамадзянаў трэціх краін без якога-небудзь папярэдняга паведамлення, руйнуючы планы Мінска стаць транзітнай краінай.

Спіс беларускіх крыўдаў даволі доўгі: беларускія чыноўнікі перыядычна скардзяцца на пратэкцыянісцкія захады Расіі ці негатыўны вобраз Беларусі, які малююць расійскія СМІ і каментатары. 22 снежня беларускі МЗС нават выклікаў расійскага дыпламата, каб выказаць пратэст на заяву кіраўніка Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў пра беларускі суверэнітэт.

Масква і Мінск: паміж любоўю і вайной

Калі б цяперашнія непаразуменні паміж дзвюма краінамі былі прычынай скідаць Лукашэнку або акупоўваць Беларусь, Крэмль ужо зрабіў бы гэта з дзясятак разоў, бо краіны прайшлі праз шмат падобных канфліктаў. Нягледзячы на ​​ўсю варожасць паміж Лукашэнкам і Пуціным, беларускі лідар застаецца проста цяжкім саюзнікам Крамля, але ​​не ворагам.

Нават па пытанні канфлікту ва Украіне беларускі ўрад насамрэч менш праўкраінскі, чым можа здавацца. Паводле інфармацыі Радыё Свабода ад 4 студзеня беларускі баявік, што ваяваў супраць Украіны ў Данбасе і забіў дзясяткі украінцаў, свабодна наведвае Беларусь. КДБ выклікаў яго допыт, але не ўзбуджаў крымінальнай справы. Раней беларускія чыноўнікі з КДБ заяўлялі, што будуць пераследваць беларусаў, якія ваююць за абодва бакі канфлікту. Тым не менш, практыка сведчыць пра тое, што беларускія ўлады не жадаюць распачынаць крымінальныя справы. Да таго ж, беларускія дыпламаты неаднаразова адмаўляліся падтрымаць рэзалюцыю ААН, якая асуджала дзеянні Расіі ва Украіне.

Адмова Беларусі ад расійскай ваеннай базы на сваёй тэрыторыі, несумненна, была непрыемнасцю для Крамля, але Беларусь здолела пазбегнуць канфлікту, абвясціўшы пра запуск інтэграванай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны.

Нягледзячы на ​​тое, што беларускія ўлады робяць невялікія крокі па папулярызацыі беларускай культуры, якой так баяцца рускія нацыяналісты, руская культура і сродкі масавай інфармацыі па-ранейшаму дамінуюць у Беларусі. Калі расійскія тэлевізійныя перадачы разважаюць пра магчымую пераарыентацыю Беларусі на Захад, беларускія ўлады не блакуюць іх. Нават нядаўнія арышты некалькіх беларусафобскіх аўтараў здаюцца нязначнымі ў параўнанні з Казахстанам, дзе ўлады пераследуюць прарасійскіх актывістаў на працягу некалькіх гадоў.

Беларусь у сваю чаргу не мае намеру перашкаджаць еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, бо мае патрэбу ў гэтым рынку для продажу сваіх тавараў, у той час як заходнія краіны па-ранейшаму зацікаўленыя толькі ў беларускім бензіне. Мінск запавольвае еўразійскую інтэграцыю, каб дамагчыся саступак з боку Расіі, бо беларуская эканамічная сістэма існуе дзякуючы расійскім энергетычным субсідыям.

Новы цыкл беларуска-расійскага канфлікту не ўнікальны, але мае адно выключэнне. Расія пачала лічыць грошы і неахвотна дае Беларусі пазыкі, патрабуючы большай лаяльнасці. Але гэта вельмі далёка ад жадання зрынуць Лукашэнку ці акупаваць Беларусь.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *