Ці гатовыя Беларусь і Польшча да паляпшэння адносінаў?

22-23 сакавіка польскі міністр замежных спраў Вітольд Вашчыкоўскі наведаў Беларусь, каб, паводле яго словаў, нармалізаваць адносіны “без якіх-кольвек папярэдніх умоваў”. Перад візітам Вашчыкоўскага Аляксандр Лукашэнка не пацвярджаў, ці будзе ён сустракацца з польскім міністрам.

Нягледзячы на ​​сяброўскую атмасферу, візіт паказаў, што дзве краіны па-ранейшаму не маюць згоды па многіх пытаннях, напрыклад, малым памежным руху і правах чалавека. Малаверагодна, што ў бліжэйшы час ў гэтых сферах адбудуцца значныя змены. Аднак абедзве краіны дэманструюць жаданне прыняць супярэчнасці паміж імі як дадзенасць.

Першы візіт у Мінск за многія гады

Апошні візіт міністра замежных спраў Польшчы ў Беларусь адбыўся ў 2010 годзе, калі Радаслаў Сікорскі разам з Гіда Вестэрвеле наведаў Мінск акурат перад выбарамі. Тады заходнія міністры прапаноўвалі Беларусі €3 млрд у якасці дапамогі беларускай эканоміцы, пры ўмове, што Аляксандр Лукашэнка правядзе свабодныя выбары. Аднак пасля жорсткага разгону дэманстрантаў у ноч галасавання тэмпература адносінаў паміж краінымі рэзка знізілася.

22-23 сакавіка новы міністр замежных спраў Польшчы Вітольд Вашчыкоўскі прыехаў у Беларусь, каб паспрыяць паляпшэнню адносінаў паміж краінамі і правесці перамовы са сваім беларускім калегам Уладзімірам Макеям і прэзідэнтам Лукашэнкам.

Да візіту было невядома, ці адбудзецца сустрэча Вашчыкоўскага з Аляксандрам Лукашэнкам. У той час беларускі лідар праводзіў сустрэчу з прэм’ер-міністрам Грузіі.

Ці бачаць бакі магчымасці для супрацоўніцтва?

На беларуска-польскіх перамовах разглядаліся разнастайныя тэмы, але выглядае на тое, што ні ў адной з іх у бліжэйшай будучыні не адбудзецца значнага прагрэсу.

Малы памежны рух. У 2010 годзе Беларусь і Польшча падпісалі пагадненне пра малы памежны рух, які прадугледжвае, што жыхары памежных рэгіёнаў будуць наведваць такія ж рэгіёны суседняй краіны без візы, але з адмысловым пасведчаннем. Беларускія ўлады да гэтага часу не ратыфікавалі пагадненне.

Мінск у першую чаргу асцерагаецца, што беларусы масава паедуць у Польшчу па больш танныя прадукты, і гэта негатыўна адаб’ецца на беларускай эканоміцы. У 2016 годзе старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Леанід Мальцаў заявіў, што “павелічэнне плыні людзей паралізуе мяжу”.

У адказ Вашчыкоўскі прывёз у Беларусь праект па павелічэнні прапускной здольнасці беларуска-польскай мяжы. Калі Польшча знойдзе сродкі на мадэрнізацыю памежных пераходаў, афіцыйны Менск вымушаны будзе прыняць праект. Але ўвядзенне малога памежнага руху будзе па-ранейшаму непажаданым па эканамічных прычынах. Сёння малы памежны рух ужо працуе з Латвіяй, але з ёй Беларусь мае толькі 172 км супольнай мяжы, і нямнога людзей могуць гэтым скарыстацца.

Лібералізацыя візавага рэжыму. У той час як перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму паміж беларускімі ўладамі і ЕС цягнуцца марудна, Польшча прапануе зніжэнне коштаў на візы з € 60 да € 35, павелічэнне колькасці візавых цэнтраў і распаўсюд біяметрычных пашпартоў сярод беларусаў. У 2016 годзе Польшча ўжо адчыніла восем візавых цэнтраў ў Беларусі.

Гандаль паміж Беларуссю і Польшчай, млн $ (толькі тавары)

Эканамічнае супрацоўніцтва. У 2015 годзе гандаль таварамі паміж Беларуссю і Польшчай значна знізіўся нягледзячы на рээкспарт Беларуссю польскай садавіны і гародніны ў Расію, дзе еўрапейскія прадукты знаходзяцца пад санкцыямі.

Гэтым летам польскі віцэ-прэм’ер па пытаннях эканамічнага развіцця Матэуш Маравецкі плануе прыехаць у Беларусь. Выглядае, што падчас яго візіту беларуска-польская камісія па эканамічным супрацоўніцтве будзе шукаць шляхі павелічэння таваразвароту паміж краінамі. А пакуль што беларускія ўлады запрашаюць польскіх бізнесменаў наведаць Беларусь і інвеставаць у краіну.

Тым не менш, перспектывы развіцця эканамічных адносінаў з’яўляюцца абмежаванымі. Пытанне не толькі ў эканамічнай і палітычнай непрывабнасці Беларусі, але і ў цяжкасці працы з беларускімі чыноўнікамі. Напрыклад, Польшча да гэтага часу не здолела атрымаць дазвол на продаж свініны. У 2014 годзе Беларусь забараніла імпарт свініны з-за афрыканскай чумы, ў той жа час абараняючы рынак ад таннай польскай прадукцыі.

Шматбаковае супрацоўніцтва і бяспека. Падчас візіту польскі міністр замежных спраў заявіў, што “Польшча можа стаць пасярэднікам у супрацоўніцтве паміж Беларуссю і ЕС”. Але ўпершыню Вашчыкоўскі заявіў, што Беларусь і Польшча маглі б сумесна ўдзельнічаць у Новым шаўковым шляху — інфраструктурным праекце Кітая, што мае злучыць транспартныя сістэмы Еўразіі.

Беларусь ужо мае добрыя палітычныя адносіны з Кітаем, які да таго ж адчыніў для яе крэдытную лінію, але Беларусь ніяк не можа прапанаваць праекты, якія былі б цікавыя для кітайцаў. Што да супрацоўніцтва з ЕС, то тут Беларусь мае вельмі абмежаваныя жаданні і ў першую чаргу арыентуецца на атрыманне эканамічнай дапамогі.

Прэс-рэлізы па выніках сустрэчы згадваюць, што Беларусь і Польшча таксама ўзнялі пытанні бяспекі. Нягледзячы на ​​тое, што абедзве краіны хочуць павысіць узровень бяспекі ў рэгіёне, яны бачаць сродкі дасягнення гэтай мэты па-рознаму. Хаця Беларусь і адмаўляецца ад размяшчэння расійскіх вайсковых баз на сваёй тэрыторыі, Польшча спрабуе ўзмацніць прысутнасць НАТО ў сваёй краіне. Гэта толькі павялічвае жаданне Расіі нарошчваць ваенны патэнцыял у Беларусі.

Правы чалавека і польская меншасць у Беларусі. Гэтае пытанне застаецца прадметам спрэчкі, бо Беларусь працягвае пераследваць актывістаў польскай меншасці. Незалежны Саюз палякаў Беларусі не мае афіцыйнай рэгістрацыі і доступу да офісаў, якія былі набытыя часткова за польскія грошы. У той жа час польскія ўлады працягваюць падтрымліваць незалежныя СМІ ў Беларусі (напрыклад, тэлеканал Белсат) і грамадзянскую супольнасць. Абодва бакі неахвотна ідуць на саступкі ў гэтых пытаннях.

Малыя крокі насустрач адзін аднаму

Візіт Вашчыкоўскага паказвае, што старыя праблемы паміж Беларуссю і Польшчай будуць і надалей перашкаджаць двухбаковым адносінам. Да таго ж, Польшча больш не бачыць палітычных дзеячоў у Беларусі, здольных змяніць рэжым.

У 2015 годзе Цэнтр ўсходніх даследаванняў (OSW), ўплывовы польскі аналітычны цэнтр, выказаўся ў сваёй публікацыі, што беларуская апазіцыя не здольная “нават прадэманстраваць грамадству, што яна можа стаць сапраўднай альтэрнатывай цяперашняму кіраўніцтву”. Такім чынам, Польшча працягвае падтрымліваць беларускія незалежныя СМІ, але абмяжоўвае кантакты з палітычнай апазіцыяй.

Беларусь таксама мае патрэбу ў Польшчы, каб, як выказаўся міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 22 сакавіка, “дыверсіфікацыі замежныя адносіны”. Падобна, што сёлета Макей таксама наведае Варшаву.

Польшча застаецца адным са шляхоў на еўрапейскі рынак для беларускіх прадпрыемстваў. 21 сакавіка  вытворчасць Мінскага аўтамабільнага завода(МАЗ) была адкрытая ў польскім горадзе Плоньску. Беларусь, натуральна, мае зацікаўленасць ў інвестыцыях з Польшчы. Напрыклад, польскі Ideabank застаецца адным з нешматлікіх замежных банкаў (не лічачы расійскіх), якія працуюць у Беларусі.

Інтарэсы краінаў сёння могуць быць рознымі, але абодва бакі маюць патрэбу ў супрацоўніцтве для будучых адносін.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *