Ці дапаможа Беларусі антызаходняя рыторыка ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый?

У канцы верасня на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей і яго намеснік Валянцін Рыбакоў спрабавалі прадставіць геапалітычную філасофію Беларусі і акрэсліць шэраг канкрэтных прыярытэтаў краіны.

Сярод прыярытэтаў быў адзначаны больш шырокі доступ да падтрымкі ААН у галіне развіцця, абарона традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, ядзернае раззбраенне і развіццё гандлёвых адносінаў.

Беларускія дыпламаты імкнуцца палепшыць двухбаковыя адносіны Беларусі з дэмакратычным светам, і ў той жа час працягваюць празмерна выкарыстоўваць антызаходнюю рыторыку ў сваіх публічных заявах ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Разнастайны парадак дня ААН

Уладзімір Макей правёў у Нью-Ёрку пяць вельмі напружаных дзён. Яго працоўны графік на 19-23 верасня значна адрозніваўся ад графіка яго папярэднікаў на сесіях Генеральнай Асамблеі.

Выступленне міністра падчас агульных дэбатаў, якое традыцыйна лічыцца цэнтральным элементам такіх візітаў, звычайна дапаўнялася некалькімі сустрэчамі з замежнымі калегамі і не больш за тое. Але гэтым разам Уладзімір Макей дэлегаваў выступ свайму намесніку Валянціну Рыбакову.

Між тым, 19 верасня галоўны дыпламат Беларусі выступіў з заявай на пасяджэнні Генеральнай Асамблеі па пытанні бежанцаў і мігрантаў.

У выступе ён усклаў віну за міграцыйны крызіс на тыя краіны, якія «адказныя за распальванне канфліктаў на тэрыторыі суверэнных дзяржаваў».

Макей гаворыць пра міграцыйны крызіс. Фота: МЗС Беларусі

Спіс вінаватых можа ўключаць у тым ліку найбліжэйшага саюзніка Беларусі — Расію. Пазней у інтэрвію Радыё ААН міністр адзначыў паспяховыя дзеянні сваёй краіны па размяшчэнні уцекачоў з Украіны, дзе Масква распальвае сепаратысцкія рухі.

21 верасня міністр замежных справаў перадаў Генеральнаму сакратару ААН Пан Гі Муну ліст прыняцця Парыжскага пагаднення па клімаце. Беларусь падкрэсліла той факт, што з’яўляецца адной з першых трыццаці краін (сярод якіх толькі пяць еўрапейскіх), якія ратыфікавалі пагадненне.

У той жа дзень Макей выступіў на сустрэчы міністраў у падтрымку дамовы аб усеагульнай забароне ядзерных выпрабаванняў. 23 верасня Макей і яго коста-рыканскі калега ўзначалілі першую міністэрскую сустрэчу групы краін з сярэднім узроўнем дабрабыту.

Міністры замежных спраў Коста-Рыкі і Беларусі сумесна узначальваюць пасяджэнне ААН. Фота: МЗС Беларусі

Гэтая група, што імкнецца прасоўваць інтарэсы каля 130 краін з сярэднім узроўнем развіцця, зараз складаецца з трынаццаці краін, у асноўным Лацінскай Амерыкі, але таксама ўключае ў сябе Арменію і Філіпіны.

У першыя гады незалежнасці Беларусь атрымала дапамогу ААН для развіцця як адна з краін з пераходнай эканомікай. Цяпер Мінск шукае доступ да рэсурсаў праз прасоўванне  усеахопнай і доўгатэрміновай стратэгіі ААН па супрацоўніцтве з краінаў, што маюць сярэдні узровень дабрабыту. Тым не менш, гэтая група з’яўляецца занадта вялікай і разнастайнай для таго, каб выкарыстоўваць адзіную стратэгію.

23 верасня Макей таксама выступіў на сустрэчы высокага ўзроўню па ажыццяўленні Мэтаў ўстойлівага развіцця ў галіне водных рэсурсаў. Падаецца, што асноўнай мэтай яго заявы было аказанне паслугі Таджыкістану, прэзідэнт якога прапанаваў абвесціць міжнароднае дзесяцігоддзе пад назвай “Вада для ўстойлівага развіцця».

Важныя падзеі за кулісамі

22 верасня Макей прыняў удзел у шэрагу шматбаковых мерапрыемстваў, якія адбываюцца за кулісамі сесіі Генеральнай Асамблеі. Сярод іх дзве нефармальныя сустрэчы дзяржаваў-чальцоў Арганізацыі дагавора пра калектыўную бяспеку і  Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы. Дарэчы, у 2017 годзе Беларусь будзе старшынёй у абедзвюх гэтых арганізацыях.

На мерапрыемстве АБСЕ па пытаннях кіравання грамадзянскім крызісам Макей падкрэсліў гатоўнасць Беларусі ў поўнай меры падтрымаць антыкрызісныя дзеянні арганізацыі ва Украіне.

У адрозненне ад 2015 года, сёлета двухбаковыя сустрэчы міністра замежных справаў у Нью-Ёрку уключалі геаграфічна разнастайную групу краін — ён сустрэўся са сваімі калегамі з Азербайджана, Анголы, Харватыі, Эквадора, Эрытрэі, Германіі, Латвіі, Мазамбіка, Амана, Паўднёвай Карэі, Сірыі і Турцыі.

Важна адзначыць, што Макей падчас візіту скарыстаўся магчымасцю абмеркаваць з амерыканскімі чыноўнікамі развіццё беларуска-амерыканскіх адносінаў пасля нядаўніх выбараў у Беларусі. Міністр сустрэўся з Вікторыяй Нуланд, памочніцай дзяржаўнага сакратара ЗША, і Майклам Карпэнтэрам, намеснікам памочніка міністра абароны ЗША.

У цэнтры ўвагі дыялогу паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі зараз знаходзіцца пытанне рэгіянальнай бяспекі, у асноўным у кантэксце канфлікту ва Украіне. Тым не менш, у бліжэйшы час наўрад ці можна чакаць прарыву ў палітычных ці эканамічных адносінах паміж дзвюмя краінамі.

У Нью-Ёрку Макей падпісаў пагадненне з ЗША пра абарону і захаванне культурных каштоўнасцяў. Дакумент стаў першым міжурадавым пагадненнем, заключаным паміж Беларуссю і ЗША за апошнія два дзесяцігоддзі.

Уладзімір Макей падпісвае міжурадавае пагадненне з ЗША. Фота: МЗС Беларусі

Нягледзячы на стандарную назву пагаднення, дакумент, падпісаны ў штаб-кватэры Сусветнага габрэйскага кангрэсу, галоўным чынам арыентаваны на абарону габрэйскай спадчыны ў Беларусі. Макей заявіў на цырымоніі падпісання, што «пагадненне дазволіць амерыканскім донарам ўнесці свой уклад у захаванне гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі, якая мае значэнне ў першую чаргу для амерыканскай габрэйскай супольнасці».

Абвінавачанні ў бок Захаду

У інтэрв’ю на радыё ААН Уладзімір Макей раскрытыкаваў калег за абмеркаванне ўнутраных праблем сваіх краінаў падчас выступаў. Ён падкрэсліў, што цэнтральную ролю ў ААН павінны мець “канцэптуальныя пытанні”.

Намеснік міністра замежных справаў Валянцін Рыбакоў выканаў патрабаванне свайго начальніка. Ягоны выступ падчас агульных дэбатаў 26 верасня з’яўляўся канцэптуальнай заявай, заснаванай на моцнай антызаходняй і антыкапіталістычнай філасофіі.

Валянцін Рыбакоў робіць канцэптуальнае заяву ў ААН. Фота: МЗС Беларусі

Паводле Рыбакова, цяперашнія сусветныя праблемы можна патлумачыць хаосам, які, на яго думку, выкліканы «ўзаемадзеяннем трох фактараў — палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага».

Па-першае, пераможцы Халоднай вайны (г.зн. Захад) пацярпелі няўдачу ў спробе «навязаць сваю волю апанентам». Па-другое, баланс паміж дзяржавай і рынкам быў парушаны, калі «рынак атрымаў перавагу». І па-трэцяе, Захад навязвае іншым краінам змену грамадскай думкі ў такіх «ключавых катэгорыях жыцця як мараль, этычныя каштоўнасці і сям’я».

Беларусь прасоўвае сваю ідэю  “новага сусветнага парадку”, які павінен “кіравацца дзяржавамі, быць інклюзіўным і цывілізаваным”.

Прапагандуючы ідэю “моцнай дзяржавы, перш за ўсё, у эканоміцы», Рыбакоў узгадаў “волю народа Беларусі, адназначна выказаную на пятым Усебеларускім народным сходзе мінулым летам». Кожны, хто хаця б крыху знаёмы з беларускай палітыкай, ведае, што ўлады заўсёды прызначалі “дэлегатаў” гэтых сходаў адміністратыўным чынам, каб зацвердзіць планы рэжыму.

Большасць праблемаў, з якімі сёння сутыкаецца Беларусь, створаныя састарэлай эканамічнай палітыкай рэжыму, яго непрадуманым і безумоўным саюзам з Расіяй, і ігнараваннем пытання нацыянальнай ідэнтычнасці.

Нягледзечы на гэта, беларускія дыпламаты аддаюць перавагу гульням у глабальную палітыку і выкарыстоўваюць трыбуну ААН для абвінавачвання Захаду ў сваіх няўдачах у сацыяльна-эканамічнай сферы і бяспецы. Такая стратэгія можа спадабацца Расіі і дапамагчы забяспечыць сімпатыю некаторых краінаў трэцяга свету, але наўрад ці ўмацуе пазіцыі Беларусі ў ААН.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *