Тры стрэмкі ў беларуска-польскіх адносінах

Нягледзячы на некаторыя пазітыўныя тэндэнцыі ў адносінах паміж Беларуссю і Польшчай, некалькі нявырашаных пытанняў перашкаджаюць іх поўнай нармалізацыі.

Варшава значна залежыць ад афіцыйнай палітыкі Еўрапейскага саюза ў дачыненні да Мінска. Беларускія ўлады з падазрэннем ставяцца да польскай падтрымкі дэмакратычных сілаў у Беларусі.

У той жа час, кансерватыўны ўрад Польшчы нядаўна прадэманстраваў большую незалежнасць ад Брусэля па многіх палітычных пытаннях. Таксама, на вялікі жаль беларускай апазіцыі, Польшча заўважна скараціла яе падтрымку. Гэта выклікала маўклівую ўхвалу беларускага ўрада.

Тым не менш, асноўныя прычыны канфлікту ў адносінах дзвюх краін носяць выключна двухбаковы характар. Ці гатовы Мінск перакрочыць праблемныя пытанні бяспекі і эканомікі  і пайсці на поўнае аднаўленне адносінаў?

Малы памежны рух па-ранейшаму заблакаваны

Беларускі дзяржаўны чыноўнік, які ананімна даў каментар Belarus Digest, вылучыў тры асноўныя перашкоды для беларуска-польскіх адносінаў: замкнутасць памежнага руху, падзеленасць польскай меншасці ў Беларусі, і карты паляка.

Рэалізацыя пагаднення аб памежным руху паміж Беларуссю і Польшчай будзе спрыяць вольнаму трансмежнаму руху 1,7 мільёна чалавек (з іх 1,1 млн беларусаў), якія жывуць недалёка ад мяжы.

У дадатак да магчымасці набываць дарагія кароткатэрміновыя візы (адзіны варыянт на сённяшні дзень), гэтыя людзі будуць мець права на танныя шматгадовыя дазволы на перамяшчэнне ў памежнай зоне суседняй дзяржавы. Такія дакументы дазволяць ім наведваць сваякоў і рабіць пакупкі ў зоне да 30 кіламетраў ад мяжы.

Беларусь ратыфікавала пагадненне пра малы памежны рух у снежні 2010 года, за некалькі тыдняў да гвалтоўнага разгону пратэстаў беларускай апазіцыі, што прывяло да глыбокага замарожванні адносінаў Беларусі з Еўропай. Затым краіна прыпыніла неабходныя міжурадавыя працэдуры, тым самым перашкаджаючы працэсу ўступлення пагаднення ў сілу.

Хаця самы цяжкі перыяд у двухбаковых адносінах скончыўся, Беларусь па-ранейшаму не імкнецца прыспешваць ўступленне закона ў сілу. Улады сцвярджаюць, што памежная інфраструктура не справіцца з павелічэннем перавозак, якое будзе вагацца ўмежах ад 30% да 70%.

Малы памежны рух

Рэгіёны Польшчы і Беларусі, ахопленыя малым памежным рухам. Мапа зробленая Грамадзянскім альянсам

Памежныя кантрольна-прапускныя пункты сапраўды перанасычаныя. Дзмітрый Мірончык, прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў, 29 верасня адзначыў, што дапамога Польшчы ў забеспячэнні фінансавання ЕС па мадэрнізацыі інфраструктуры будзе спрыяць запуску малога памежнага руху.

Між тым, беларускія ўлады асцерагаюцца таго, што натоўпы беларускіх пакупнікоў выклічуць рэзкае павелічэнне неабкладанага падаткам імпарту з Польшчы. Гэта можа яшчэ больш падарваць эканоміку краіны і аслабіць беларускую валюту. У сваю чаргу, польскія ўлады былі б радыя павялічэнню прытока пакупнікоў у менш развітыя ўсходнія рэгіёны Польшчы.

Існуюць таксама праблемы бяспекі. Беларускія сілавікі насцярожана ставяцца да павелічэння замежнай прысутнасці ў памежнай зоне. Гэта можа пагоршыць кантроль над тэрыторыяй са спецыяльным статусам, якая ўключае ў сябе два буйных горада, Брэст і Гродна.

Карта паляка: пагроза для бяспекі і эканомікі

Беларускі ўрад заўсёды з насцярогай ставіўся да карты паляка, разглядаючы яе як спосаб ўмяшальніцтва Польшчы ва ўнутраныя справы Беларусі.

Гэты дакумент, уведзены ў 2008 годзе, дае мноства правоў і ільготаў для людзей з польскімі каранямі ў абмен на прызнанне сваёй прыналежнасці да польскай нацыі.

Колькасць тых, хто мае права на такую карту ў Беларусі, перавышае паўмільёна чалавек. Па стане на снежань 2015 года 77,818 грамадзянаў Беларусі атрымалі карту паляка.

карта паляка

Шчаслівыя ўладальнікі карты паляка. Фота: Agnieszka Sadowska / AG

Многія з тых, хто атрымаў карту, ніколі не думалі аб сваіх польскіх каранях да таго, як карта паляка стала даступнай. Большасць з іх прываблівалі больш прагматычныя меркаванні — перш за ўсё, доступ да бясплатнай польскай візы, якая дазваляе вандраваць па Шэнгенскай зоне.

Польскі ўрад праігнараваў неаднаразовыя просьбы Беларусі прыпыніць праграму, якая нібыта з’яўляецца парушэннем міжнароднага права, да моманту атрымання кансультатыўнага заключэння Венецыянскай камісіі.

Замест таго, у заканадаўства аб карце паляка нядаўна былі ўнесены змены, якія спрашчаюць атрыманне уладальнікамі карты паляка віду на жыхарства і польскага грамадзянства. Новы закон таксама прадугледжвае фінансавую падтрымку па перасяленні ў Польшчу.

Польшча імкнецца заахвочваць іміграцыю з Беларусі. Краіна, якая перажывае дэфіцыт працоўнай сілы, аддае перавагу прыцягненню кваліфікаваных работнікаў з Беларусі замест мігрантаў з краін Блізкага Ўсходу. Беларусь наўрад ці цешаць такія перспектывы.

Беларускі ўрад таксама лічыць грамадзянаў з картай паляка патэнцыйнай пагрозай для бяспекі дзяржавы. Атрыманне карты паляка ўжо забаронена дзяржаўным служачым і выбарным службовым асобам. Акрамя таго, новае палажэнне ў польскім заканадаўстве дазваляе падачу заяў на тэрыторыі Польшчы, што робіць значна больш складаным адсочванне гэтага працэсу беларускім ўрадам.

Палонія: падзеленая меншасць

Беларусь і Польшча ўжо распачалі перамовы пра ўз’яднанне двух саюзаў польскай меншасці ў Беларусі – праўладнага і апазіцыйнага. Беларускі бок настойвае на ўзгадненні кандыдатур на кіруючыя пасады з ўладамі.

Два саюзы, якія пастаянна супернічаюць і лічаць адзін аднаго фантомам, публічна адрэагавалі на прапанаваны план пасля таго, як Rzeczpospolita раскрыла гэтую гісторыю.

Борыс і Яськевіч

Анжаліка Борыс і Мечыслаў Яськевіч, лідары непрызнанага Саюза палякаў Беларусі. Фота: znadniemna.pl

Незалежны Саюз палякаў на Беларусі (СПБ), які карыстаецца падтрымкай польскіх уладаў, выказаў сваю «моцную апазіцыю да ідэі аб’яднання незалежнага Саюзу палякаў Беларусі з марыянеткавай арганізацыяй беларускіх уладаў з той жа назвай».

Незарэгістраванае аб’яднання прапанавала беларускаму ўраду ўступіць у прамыя перамовы аб шляхах легалізацыі гэтай арганізацыі.

Чаго і варта было чакаць, кантраляваны ўрадам СПБ вітаў сцэнар аб’яднання. «Мы працягнулі ім руку прымірэння, але яны аблілі брудам нас і Беларусь», паскардзіўся афіцыйны прадстаўнік зарэгістраванага аб’яднання.

Той жа чыноўнік сцвярджае, што залежны ад Польшчы СПБ будзе вымушаны пагадзіцца на сцэнар аб’яднання ў выпадку націску з боку польскіх фундатараў. Непрызнаны СПБ сапраўды залежыць ад польскіх грошай. Тым не менш, мала хто сумняваецца ў мараьных якасцях яе лідэраў.

Беларускі ўрад ніколі не дазволіць большасьці гэтых лідараў заняць кіруючую пасаду ў адзінай арганізацыі. Улады ўспрымаюць моцны, некантраляваны Саюз палякаў Беларусі, які дзейнічае на законных падставах, патэнцыйнай пагрозай для нацыянальнай бяспекі.

Ці можна выцягнуць гэтыя стрэмкі?

Сярод трох асноўных праблемаў толькі пытанне аб памежным руху  можа быць вырашана ў сярэднетэрміновай перспектыве. Аднак гэта патрабуе фінансавання з боку Еўрапейскага саюза. Таксама дапаможа справе паступовая адаптацыя беларускіх сілавых структур да большай адкрытасці краіны.

Польскі ўрад не зачыніць і не зменіць праграму карты паляка. Таксама вельмі малаверагодна з’яўленне моцнага саюза палякаў, які будзе прызнаны, але не падкантрольны беларускаму ўраду.

Тры стрэмкі можна будзе небалюча выцягнуць або праігнараваць толькі тады, калі Беларусь здолее здзейсніць рэформы на шляху да эканамічна моцнай і дэмакратычнай краіны. Да гэтага часу, больш і больш беларусаў будуць наведваць Польшчу, каб набыць тавары першай неабходнасці, знайсці працу, або застацца там жыць; а спецслужбы будуць працягваць падазраваць прыезджых палякаў у шпіянажы і ставіцца да нацыянальных меншасцяў як да патэнцыйных здраднікаў.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *