Спрашчэнне візавага рэжыму з ЕС пад пагрозай з-за боязі мігрантаў?

Фота: investbag.com

Нядаўнія заявы беларускіх чыноўнікаў пацвердзілі, што грамадзянам не варта чакаць больш ліберальнага візавага рэжыму з Еўропай у агляднай будучыні. Рашэнне Беларусі ўвесці бязвізавы рэжым на кароткі тэрмін  для грамадзянаў васьмідзесяці краінаў, многія з якіх еўрапейскія, не азначае, што Еўропа павінна адказаць узаемнасцю.

Грузія і Украіна, суседзі Беларусі па савецкім лагеры, неўзабаве далучацца да групы краінаў, якія маюць бязвізавы рэжым з Шэнгенскай зонай. У той жа час, да беларусы ўжываюцца найбольш строгія візавыя патрабаванні для Шэнгену сярод усіх ўсходнееўрапейскіх краінаў.

Рознагалоссі паміж Мінскам і Брусэлем з нагоды працэдуры рэадмісіі мігрантаў, якія спрабуюць патрапіць ў ЕС праз беларускую мяжу, разбілі надзеі на хуткае спрашчэнне візавага рэжыму. Ці азначае гэта, што грамадзяне Беларусі будуць па-ранейшаму праходзіць дарагія, складаныя, і часам зневажальныя працэдуры атрымання візы?

Боязь мігрантаў перашкаджае спрашчэнню візавага рэжыму

1 сакавіка міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей прызнаў, што звязаныя з міграцыяй выклікі і пагрозы паўплывалі на візавыя перамовы з Еўропай. Па словах прэс-сакратара МЗС Дзмітрыя Мірончыка, Беларусь гатовая падпісаць пагадненне пра спрашчэнне візавага рэжыму хоць цяпер, але не гатовая падпісаць пагадненне пра рэадмісію. Тым не менш, Еўропа настойвае на іх адначасовым падпісанні.

Паводле пагаднення пра рэадмісію Беларусь будзе абавязаная прымаць назад усіх нелегальных мігрантаў, у тым ліку грамадзянаў трэціх краінаў, якія патрапяць у ЕС з яе тэрыторыі. Адкрытая мяжа Беларусі з Расіяй зробіць далейшую рэадмісію больш складанай.

Колькасць такіх парушальнікаў застаецца нязначнай, але Мінск не жадае прымаць дадзеныя абавязацельствы падчас міграцыйнага крызісу ў Еўропе. У Беларусі адсутнічае інфраструктура для размяшчэння мігрантаў, а таксама сетка пагадненняў з краінамі паходжання патэнцыйных мігрантаў.

Еўропа не гатовая ані палітычна, ані псіхалагічна надаць Беларусі льготны перыяд па рэадмісіі грамадзянаў трэціх краінаў. Тым не менш, ЕС раней даваў такія льготныя перыяды суседзям Беларусі: Расіі (тры гады) і Украіне (два гады).

Шэнгенская віза — прыярытэтная тэма для многіх беларусаў

У 2015 годзе амбасады краінаў ЕС у Мінску выдалі 753,937 шэнгенскіх візаў, 66,3% з іх шматразовых. Гэта самы высокі паказчык на душу насельніцтва ў свеце і пяты па велічыні паводле абсалютнай колькасці. Беларусь таксама мае адзін з самых нізкіх паказчыкаў адмовы ў візе — 0,3%.

Нягледзечы на ​​гэту аптымістычную статыстыку, працэс атрымання візы застаецца доўгім, дарагім, празмерна бюракратычным, а часам і зневажальным. Нават людзі з бездакорнай шматгадовай гісторыяй паездак у Еўропу павінны кожны раз, калі яны звяртаюцца па новую візу, падаць той жа набор дакументаў, аплаціць консульскі збор, і чакаць многа дзён, перш чым атрымаць пашпарт з візай.

visa table

Статыстыка Шэнгенскіх візаў для краінаў Усходняга партнёрства і Расіі на 2015 год (за выключэннем бязвізавай Малдовы). Крыніца: www.schengenvisainfo.com

Беларусь і ЕС пачалі перамовы пра спрашчэнне візавых фармальнасцяў і запуск працэдуры рэадмісіі ў 2014 годзе. Гэта было шэсць гадоў пасля таго, як Мінск пацвердзіў сваю гатоўнасць прыняць удзел у перамовах. У гэтай затрымцы вінаватыя абодва бакі.

Паспяховае пагадненне пра спрашчэнне візавага рэжыму зробіць працэс атрымання візы нашмат прасцейшым для беларусаў. Кошт візы знізіцца з €60 да €35, і больш людзей будуць цалкам вызваленыя ад збору. Акрамя таго, афармленне дакументаў будзе адбывацца хутчэй, будзе выдавацца больш шматразовых візаў на даўжэйшы тэрмін.

Беларусь і ЕС правялі тры афіцыйныя раўнды перамоваў па пагадненнях, апошні з іх два гады таму. Абодва бакі спадзяваліся парафіяваць праекты падчас саміту Усходняга партнёрства ў Рызе ў маі 2015 года, але да таго часу не здолелі завяршыць перамовы.

Ці можна вінаваціць у затрымцы эгаістычных чыноўнікаў?

Беларускія чыноўнікі тлумачаць прычыну затрымкі нейкімі “тэхнічнымі дэталямі”, якія патрабуюць далейшага абмеркавання. У той жа час дырэктар па справах Усходняй Еўропы Еўрапейскай камісіі Гунар Віганд у снежні 2015 года паведаміў, што абодва пагадненні гатовыя да падпісання.

Нібыта адзінае нявырашанае пытанне тычылася больш высокіх стандартаў бяспекі для беларускіх дыпламатычных пашпартоў. Беларускія ўлады хацелі, каб пагадненне гарантавала бязвізавы ўезд для сваіх дыпламатаў. Але ЕС настойваў на тым, што пашпарты павінны спачатку стаць біяметрычнымі.

Дыпламатычны пашпарт Аляксандра Лукашэнкі. Фота: Уладзімір Чудзянцоў

Пазіцыя ЕС выклікала прыкметную незадаволенасць у беларускім грамадстве. Многія беларусы абвінавачвалі эгаістычных чыноўнікаў ў затрымцы спрашчэння візавага рэжыму.

Варта сказаць, што беларускія дыпламаты справядліва патрабавалі роўнага стаўлення  да краіны ў міжнародных перамовах. Большасць уладальнікаў дыпламатычных пашпартоў не могуць выкарыстоўваць іх для прыватных паездак. Што тычыцца афіцыйных паездак, яны не маюць ніякіх праблемаў з атрыманнем візы ў любым выпадку.

Але гэтая “тэхнічная праблема” сёння не актуальная. Урадавы чыноўнік пацвердзіў Ostro.by, што ўзгоднены праект пагаднення ўключае ў сябе тыя ж палажэнні пра бязвізавыя паездкі для дыпламатаў, што і аналагічныя пагадненні ЕС з іншымі краінамі. Пытанне біяметрычных пашпартоў паступова вырашыцца, бо Беларусь пачынае пераходзіць на іх у наступным годзе.

Апёкшыся на малацэ, будзеш і на ваду дзьмухаць

Турэцкі прэцэдэнт апанаваў Еўропу. Пагадненне пра рэадмісію паміж ЕС і Турцыяй, якое ўступіла ў сілу 1 кастрычніка 2014 года, прадугледжвала трохгадовую адтэрміноўку рэадмісіі грамадзянаў трэціх краінаў. Мільёны бежанцаў з Сірыі патрапілі ў Еўропу праз Турцыю на працягу гэтага пераходнага перыяду.

З-за міграцыйных асцярогаў Брусэль не хоча даваць Беларусі адтэрміноўку па рэадмісіі. Больш за тое, не існуе ніводнага прэцэдэнту пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму, якое не было б завязанае на пагадненне пра рэадмісію. Такім чынам, адзіным варыянтам атрымаць спрошчаны візавы рэжым з Еўропай для Беларусі  — гэта прыняць рэадмісію ў поўным аб’ёме.

У бліжэйшы час гэтага не адбудзецца. Акрамя таго, Беларусь асцерагаецца ўсплёску міграцыі з Азіі і каўказскага рэгіёну і адчувае сябе не гатовай справіцца з гэтым. Тут няма цэнтраў утрымання для мігрантаў, якіх цяпер трымаюць разам са злачынцамі.

Валадарка — турма ў цэнтры Мінска. Фота: newsby.org

3 лютага гэтага года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што будзе разглядаць падпісанне пагаднення аб рэадмісіі з ЕС толькі тады, калі Беларусь заключыць аналагічныя пагадненні з краінамі паходжання мігрантаў, такімі як Расія, Кітай і Афганістан.

Беларусь ужо мае пагадненне пра рэадмісію з Расіяй. Тым не менш, яно ахоплівае толькі тых мігрантаў, якія маюць від на жыхарства ў Расіі, і выключае шырокую катэгорыю мігрантаў, якія знаходзіліся ў Расіі нелегальна перад прыездам у Беларусь.

Беларускія ўлады працуюць з ЕС над атрыманнем тэхнічнай дапамогі ў стварэнні інфраструктуры для працы з нелегальнымі мігрантамі. У студзені Еўрапейская камісія выдаткавала Беларусі €7 млн​​ для стварэння цэнтраў часовага ўтрымання мігрантаў.

Але беларускія ўлады хочуць больш грошай. Паводле слоў Лукашэнкі, “калі ЕС не будзе плаціць, мы не будзем затрымліваць нелегальных мігрантаў. Гэта каштуе шмат.”

Што Еўропа можа зрабіць для беларусаў

Падобна на тое, што спрашчэнне візавага рэжыму для беларусаў было пастаўлена пад пагрозу з-за нязгоды паміж Беларуссю і Еўропай наконт таго, хто павінен несці рызыкі і кошты міграцыі. Гэты гандаль можа заняць многія гады.

У той жа час краіны ЕС па-ранейшаму здольныя спрасціць працэдуру выдачы візаў для беларусаў у рамках існуючых візавых правілаў. Гэта можа азначаць скарачэнне часу чакання, спрашчэнне патрабаванняў да дакументаў для частых падарожнікаў, і далейшае павелічэнне долі шматразовых візаў і працягласці іх дзеяння.

Гэта будзе годны адказ на нядаўнія меры ўраду Беларусі, якія спрасцілі паездкі еўрапейскіх грамадзянаў у Беларусь. Гэта таксама дапамагло б павысіць мяккую сілу Еўропы ў Беларусі і развеяць міфы расійскай прапаганды пра “заняпад Еўропы”.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *