Росквіт сталіцы і заняпад рэгіёнаў у Беларусі

Паводле нядаўна апублікаваных дадзеных статыстычнага камітэта Беларусі, у 2015 годзе рэальны заробак знізіўся па ўсёй краіне апроч Мінска. Гэта лёгка тлумачыць, чаму так шмат беларусаў пераязджае з рэгіёнаў у сталіцу.

Роля Мінска ў дэмаграфіі і эканоміцы Беларусі працягвае расці, у той час як перыферыя ўцягваецца ў дэпрэсію. Людзі там жывуць горш і жыццё іх карацейшае, чым у сталіцы.

Улады прызнаюць, што траціна раёнаў Беларусі ёсць дэпрэсіўнымі, але яны змогуць спыніць гэтую тэндэнцыю, толькі калі наладзяць эканоміку агулам па краіне і прымуць комплексны пакет захадаў для аднаўлення росту рэгіёнаў.

Еўрапейскі саюз цяпер дапамагае беларускім уладам распрацаваць стратэгіі ўстойлівага развіцця для рэгіёнаў на 2016-2025 гады. Пакуль што гэтыя дакументы маюць цьмяны змест, але пры ўмове дапрацоўкі змогуць стаць карыснымі для развіцця рэгіёнаў.

Роля Мінска расце

Беларусь мае шэсць абласцей і 118 раёнаў, а Мінск з’яўляецца асобнай адміністратыўнай адзінкай, і яго роля ў краіне пастаянна расце.

Па дадзеных статыстычнага камітэта Беларусі, 20 гадоў таму 16,5% беларусаў жылі ў сталіцы, у той час як ў 2016 годзе колькасць жыхароў сталіцы перакрочыла 20%. Насамрэч, колькасць жыхароў Мінска нават большая, бо афіцыйная статыстыка не ўлічвае належным чынам студэнтаў і іншых прыезджых. Калі ў 1996-2016 гадах насельніцтва па ўсёй краіне знізілася на 678,000, у сталіцы яно вырасла на 290,000 чалавек.

Доля Мінска ў эканоміцы таксама павялічылася. У студзені 2016 года ўнёсак Мінска ў ВУП краіны склаў 26,1%. Гэта ў чатыры разы вышэй, чым унёсак Магілёўскай вобласці. Паводле даследавання, праведзенага даследчым цэнтрам CASE Belarus у 2014 годзе, прадукцыйнасць працы ў Мінску ў тры разы вышэйшая, чым у рэгіёнах Беларусі.

Мінск прыцягвае найбольш актыўных і здольных беларусаў, а таксама інвестыцыі — каля 70% ад агульнага аб’ёму інвестыцый у краіну асядаюць у сталіцы. У рэгіёнах тым часам утвараецца “пояс беднасці”, які ўключае збольшага пажылое насельніцтва.

Падобныя працэсы адбываюцца ў многіх краінах Усходняй Еўропы, але ў Беларусі праблема заключаецца ў тым, што эканамічны крызіс паглыбляе заняпад рэгіёнаў. Сёння для многіх людзей з рэгіёнаў пераезд у Мінск становіцца бадай адзіным шанцам на годнае жыццё. Калі жыхар Мінска ў 2015 годзе у сярэднім за месяц зарабляў $565, людзі за межамі сталіцы зараблялі на траціну менш.

Жыццё ў сталіцы і рэгіёнах

Па дадзеных статыстычнага камітэта Беларусі, у 2015 годзе рэальны заробак у краіне знізіўся на некалькі адсоткаў ва ўсіх рэгіёнах, за выключэннем Мінска — у сталіцы ён вырас на 0,1%.

Якасць жыцця ў сталіцы застаецца нашмат лепшай у многіх адносінах. Людзі ў рэгіёнах жывуць у сярэднім на два ці тры гады менш, чым у сталіцы. Лік сярэдніх школаў ў рэгіёнах скарачаецца, там жа існуе найбуйнейшы дэфіцыт медыцынскага персаналу. Па словах міністра аховы здароўя, у некаторых гарадах недахоп медыцынскага персаналу дасягае 40%. Верагоднасць апынуцца за рысай беднасці ў рэгіёнах у пяць разоў вышэйшая, чым у Мінску.

Невялікія гарады Беларусі яшчэ больш змяншаюцца. Паводле прагнозу Міністэрства эканомікі, колькасць раёнаў з няўстойлівым лікам жыхароў (15,000-20,000 чалавек) вырасце з 51 у 2013 годзе да 77 у 2032 годзе. Для ўстойлівага развіцця раён павінен мець болей за 20,000 жыхароў.

У рэгіёнах практычна адсутнічае палітычнае жыццё. Беларуская апазіцыя не праводзіла масавыя мітынгі за межамі сталіцы на працягу некалькіх гадоў. У апошнія гады ў Мінску назіраецца бум публічных лекцый, але ў рэгіёнах яны застаюцца рэдкасцю.

Акрамя таго, Беларусь, як і многія краіны былога Савецкага Саюза, па-ранейшаму празмерна цэнтралізаваная — усе міністэрствы і ведамствы рэгулююцца з Мінска. Ствараецца ўражанне, што грамадская дзейнасць існуе толькі ўнутры Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогі.

Як працаваць з новай рэальнасцю

Да 2012 года беларускія ўлады ніколі не выкарыстоўвалі тэрмін «дэпрэсіўны рэгіён», які абазначае рэгіён з высокім узроўнем беспрацоўя і нізкім узроўнем жыцця. Але з тых часоў тэрмін трывала ўвайшоў ва ўжытак.

Па дадзеных Міністэрства эканомікі на жнівень 2012 года адна трэцяя беларускіх раёнаў можна было лічыць дэпрэсіўнымі. Нацыянальны банк правёў уласнае даследаванне па зборы падаткаў і атрымаў той жа вынік — каля траціны рэгіёнаў.

Эканамічны крызіс яшчэ больш пагаршае гэтую сітуацыю. У 2015 годзе Міністэрства фінансаў апублікавала дадзеныя, паводле якіх кожны чацвёрты рэгіён зарабляе толькі 20-40% свайго бюджэту, а рэшта кампенсуецца субсідыямі цэнтральнага ўрада.

Улады рабілі пэўныя спробы па паляпшэнні становішча рэгіёнаў. Яны вызвалілі прадпрымальнікаў у малых гарадах і сельскай мясцовасці ад выплаты некаторых падаткаў. У межах фінансаванага ЕС праекта Беларусь сумесна з міжнароднымі экспертамі распрацавала стратэгіі развіцця для рэгіёнаў. Гэтыя стратэгіі, безумоўна, з’яўляюцца крокам наперад, але іх змест застаецца цьмяным.

Менеджэр мясцовага фонда “Інтэракцыя” Антон Раднянкоў паведаміў ostro.by, што гэтыя дакументы ў асноўным аднолькава паўтараюць моцныя бакі ўсіх рэгіёнаў (геаграфічнае становішча, прамысловасць, прырода і г.д.). Стратэгіі выглядаюць нерэалістычна, бо прапаноўваюць стварэнне шматлікіх інавацыйных кластараў у той час, як многія рэгіёны краіны не маюць грошай, каб трымацца на плаву.

Фінансаваныя ЕС праекты могуць служыць асновай, але яны павінны быць абноўленыя з уключэннем як мага большай колькасці зацікаўленых бакоў, а таксама распрацаваць канкрэтныя спецыялізацыі для раёнаў і спланаваць сцэнары развіцця.

Многія рэгіёнах сёння маюць вострую патрэбу ў надзейнай стратэгіі росту, стабільным падатковым рэгуляванні і стымуляванні інавацыйных прадпрыемстваў. Хоць улады і абяцалі не ўводзіць новыя падаткі ў 2015-2020 гадах, рэчаіснасць паказала адваротнае. На сённяшні дзень многія прадпрымальнікі не маюць доступу да банкаўскіх крэдытаў і бізнес-інкубатараў.

Дзяржаўныя органы павінны прыцягваць замежныя інвестыцыі ў рэгіёны на вельмі льготных умовах і нават перамясціць некаторыя офісы міністэрстваў у рэгіёны. Перамяшчэнне Нацыянальнага банка за межы Мінска стварыла б новыя працоўныя месцы і палепшыла б якасць жыцця ў рэгіёнах, а Мінск гэтага нават не заўважыў бы.

Для таго, каб выратаваць рэгіёны, ўрад павінен прыняць больш радыкальныя крокі па рэфармаванні эканомікі. Павелічэнне колькасці дэпрэсіўных рэгіёнаў Беларусі не з’яўляецца вынікам няўдач на мясцовым узроўні, але перш за ўсё недахопам усёй эканамічнай мадэлі Беларусі.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *