Прыцягненне замежных студэнтаў у Беларусі: поспех або няўдача?

1-га верасня каля 20 тысяч замежных студэнтаў беларускіх ВНУ і тэхнікумаў пачнуць навучальны год.

Гэтая лічба фактычна падвоілася за мінулыя пяць гадоў за кошт студэнтаў з Туркменіі, якія складаюць палову ад усіх замежных студэнтаў.

Беларускія ўлады спрабуюць зарабіць на аказанні адукацыйных паслуг, спадзяючыся, што адносна невялікія выдаткі на пражыванне і навучанне прыцягнуць замежных студэнтаў. Аднак невысокая якасць і самаізаляцыя беларускіх універсітэтаў могуць адштурхнуць замежнікаў ад Беларусі.

Беларусь разлічвае прыцягнуць замежных студэнтаў

На пачатку жніўня па беларускім дзяржаўным сталічным тэлеканале з гонарам было абвешчана, што 20 тысяч замежных студэнтаў будуць навучацца ў Беларусі ў надыходзячым навучальным годзе. Гэтая лічба таксама ўключае ў сябе студэнтаў тэхнікумаў, нягледзячы на ​​тое, што яны з’яўляюцца значна менш прэстыжнымі, чым ВНУ.

Статыстыка папярэдніх гадоў паказвае, што беларускія ВНУ ў першую чаргу прыцягваюць студэнтаў з Туркменістана, Расіі і Кітая. Факультэты міжнародных адносінаў, эканомікі і філалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, найбольш папулярнага ўніверсітэта сярод замежных студэнтаў, прыцягваюць у Беларусь больш за палову замежных студэнтаў.

У той час, як факультэт міжнародных адносінаў і эканамічны факультэт запатрабаваныя таксама сярод беларускіх студэнтаў, філалагічны факультэт трымаецца на плаву часткова дзякуючы замежнікам. Хоць такія дыпломы з’яўляюцца цікавымі для замежнікаў, самі беларусы не зацiкаўленыя ў вывучэнні беларускай філалогіі як асноўнага прадмета, таму што лічаць дадзеную дысцыпліну непатрэбнай ў рускамоўнай краіне.

Зразумеўшы, наколькі папулярным можа быць бізнес у сферы адукацыі, Беларусь імкліва прыкладае намаганні да павелічэння колькасці замежных студэнтаў. Больш за тое, падчас эканамічнага крызісу ў Беларусі бракавала бюджэтных сродкаў на адукацыю і плата замежных студэнтаў за адукацыю дапаўняла бюджэты ўніверсітэтаў. Паводле Міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова, Беларусь зарабіла на замежных студэнтах 73 мільёны даляраў у 2014 годзе. Аплата студэнта за навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце за навучальны год складае прыкладна 3 тысячы даляраў.

Для многіх замежных студэнтаў гэта здаецца добрай прапановай, таму што плата за вучобу і выдаткі на пражыванне ў Беларусі на ўзровень ніжэй, чым, напрыклад, ў Расіі. Як паведаміў Naviny.by студэнт з Японіі, інтэрнат ў Беларусі каштуе ў 40 разоў танней, чым у яго роднай краіне.

Аднак плата за навучанне не здаецца такой нізкай у параўнанні з суседнімі Польшчай або Літвой. Напрыклад, навучанне ва Універсітэце Лазарскага ў Варшаве, дзе навучаюцца многія беларусы, каштуе 2,5 тысячы даляраў за год. Студэнты таксама маюць магчымасць навучацца па-англійску, што ў выніку прыводзіць да атрымання значна больш прэстыжнага дыплома. Навучанне ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, літоўскім універсітэце з беларускімі каранямі, таксама каштуе каля 3 тысяч даляраў за год.

Межы магчымага

На самой справе Беларусь можа прыцягваць больш студэнтаў, але для гэтага існуюць дзве асноўныя перашкоды. У той час як беларуская адукацыя можа задаволіць туркменскіх студэнтаў, для іншых яна выглядае ніжэй за належны ўзровень. Паводле рэйтынгу QS World University Rankings Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які з’яўляецца найлепшым у краіне, займае 421-430 месцы. Рэйтынг іншых універсітэтаў значна ніжэйшы.

Каб прыцягнуць замежных студэнтаў, беларускія універсітэты павінны наблізіцца да міжнародных стандартаў. Нацыянальны інфармацыйны цэнтр афіцыйнага прызнання пасведчанняў аб адукацыі ў Еўропе прызнае не ўсе беларускія дыпломы, хоць удзел у Балонскім працэсе павінен палепшыць сітуацыю. Па гэтай прычыне па заканчэнні пяцігадовага навучання ў Беларусі выпускнікі не могуць падаць заяўку на навучанне ў аспірантуры заходніх універсітэтаў і абавязаныя спачатку падаць заяву на навучанне ў магістратуры.

Больш за тое, у Беларусі досыць мала прадметаў, якія выкладаюцца на ангельскай мове, як і выкладчыкаў з вопытам выкладання за мяжой, таму практычна ўсе замежныя студэнты навучаюцца па-руску. З іншага боку, рускамоўныя праграмы з’яўляюцца адной з прычын, па якой студэнты з Туркменістана ці Кітая прыязджаюць у Беларусь.

Па-другое, залішняя бюракратыя і нізкі прафесіяналізм устаноў адукацыі могуць негатыўна паўплываць на прыток замежных студэнтаў. Каб быць залічаным у беларускі ўніверсітэт, трэба заплаціць за рэгістрацыю, прайсці платную медкамісію, а таксама перавесці і натарыяльна пацвердзіць дакументы. Акрамя таго, замежным студэнтам забаронена працаваць падчас навучання.

Беларусь паспяхова развівае залішнюю бюракратыю, але яна слаба працуе ў іншых галінах. Інтэрнэт сайты, якія рэкламуюць адукацыю ў Беларусі, напрыклад, edu-belarus.com, мякка кажучы, ўводзяць у зман. Сярод пералічаных прычын, па якіх варта атрымаць адукацыю ў Беларусі, можна знайсці “ўзбагачэнне навучальнага працэсу за кошт запрошаных прафесараў з ЗША, Канады і Вялікабрытаніі” або “добрыя перспектывы пастаяннага пражывання ў Еўропе па заканчэнні вучэбнай праграмы”.

На жаль, у Беларусі дастаткова цяжка знайсці запрошаных прафесараў з заходніх краін, а адукацыя не мае нічога агульнага з набыццём права на пражыванне ў Еўрапейскім Саюзе.

Яшчэ адна праблема палягае ў тым, што ў беларускіх універсітэтах няма ўплывовых супольнасцяў выпускнікоў, якія маглі б дапамагчы ў прыцягненні новых студэнтаў. Некалькі вядомых в’етнамцаў, такіх як Нгуенг Данг Куанг або Фам Тхэ Лонг, якія цяпер узначальваюць універсітэты ці буйныя кампаніі ў В’етнаме, вучыліся ў Беларусі. Але на дадзены момант у Беларусі досыць мала студэнтаў з гэтай краіны.

Замежныя студэнты ў Беларусі. Фота: tut.by

Колькі прыедзе замежных студэнтаў сёлета?

На цяперашні момант у Беларусі ёсць два варыянты — адзін з якіх відавочна лепшы за іншы.

З аднаго боку, колькасць замежных студэнтаў усё яшчэ расце, бо выдаткі на жыллё і адукацыю, нягледзячы ні на што, застаюцца нізкімі. Больш за тое, Беларусь прыцягвае студэнтаў з нізкімі адукацыйнымі чаканнямі. Многія беларускія выкладчыкі і студэнты скардзяцца, што замежныя студэнты (асабліва з Туркменістана) не праяўляюць асаблівай цікавасці да навучання. Тым не менш, універсітэты не адлічваюць іх, бо ім патрэбныя грошы. Таму прыток замежных студэнтаў будзе працягваць расці.

З іншага боку, Беларусь сутыкаецца з цяжкасцямі, калі хоча прыцягнуць студэнтаў з высокімі чаканнямі (як і тых, у каго ёсць грошы). Не ўсіх захапляе перспектыва атрымання адукацыі ў міжнародна непрызнаных універсітэтах ніжэйшага ўзроўню, ды яшчэ ў краіне, на якой вісіць стэрэатып дыктатарскага рэжыму.

На сённяшні дзень Беларусь ужо мае поспех у прыцягненні мноства замежных студэнтаў, аднак яна павінна палепшыць сваю адукацыйную сістэму, каб прыцягнуць яшчэ больш.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *