Ці спрацуе новая стратэгія ЕБРР у Беларусі?

Зняцце санкцый супраць Беларусі ў пачатку гэтага года павялічыла цікавасць да краіны з боку інстытуцыйных інвестараў, такіх як Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР).

Ален Пілу, выканаўца абавязкаў віцэ-прэзідэнта гэтага буйнога банка, наведаў Беларусь на мінулым тыдні. Ён прыбыў у складзе дэлегацыі, якая сустракалася з беларускімі афіцыйнымі асобамі (у тым ліку прэзідэнтам), прадстаўнікамі бізнесу, аналітычных цэнтраў і іншых зацікаўленых бакоў.

Афіцыйныя асобы ЕБРР выказалі асцярожны аптымізм наконт перспектываў пашырэння супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі. У мінулым, роля банка ў краіне была абмежаваная падтрымкай прыватнага сектара, а кантакты з урадам знаходзіліся на нізкім узроўні. Замарозка дзейнасці ЕБРР у ​​Расіі пасля крызісу ва Украіне і рост нестабільнасці ў арабскім свеце даюць  Беларусі добрыя шанцы на прыцягненне фінансаў ЕБРР.

Складаныя часы для ЕБРР

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця быў створаны ў 1991 годзе, каб дапамагчы пераходу краінаў былога сацыялістычнага блока да рынкавай эканомікі. Асноўная ўвага ў працы банка традыцыйна скіраваная на Еўропу, але найбуйнейшую долю капіталу і права голасу маюць тут маюць Злучаныя Штаты, за якімі ідуць меншыя долі Японіі, Італіі, Германіі, Вялікабрытаніі і Францыі.

У апошнія гады ЕБРР пашырыў сваю дзейнасць на Манголію, Турцыю, Грэцыю і Кіпр, а таксама краіны, што пацярпелі ад арабскай вясны:  Егіпет, Марока і Ярданію.

У 2014 годзе большасцю акцыянераў банка было прынятае рашэнне спыніць фінансаванне новых праектаў у Расіі, якая была асноўным атрымальнікам інвестыцый ЕБРР. Рашэнне рушыла ўслед за  санкцыямі захаду супраць Масквы з-за яе ролі ў канфлікце на ўсходзе Украіны.

У 2014 годзе ЕБРР упершыню скончыў год са стратамі, бо праекты ў Расіі і Украіне спыніліся, але ў 2015 годзе ЕБРР зноў атрымаў прыбытак. Палітычная нестабільнасць і карупцыя ў арабскім свеце таксама аказалі негатыўны ўплыў на інвестыцыйныя планы банка.

Праекты ЕБРР у Беларусі

Зняцце еўрапейскіх санкцый у дачыненні да Беларусі стварыла больш спрыяльныя ўмовы для пашырэння дзейнасці ЕБРР у краіне.

Банк мае значны вопыт працы ў Беларусі – ён ужо рэалізаваў тут 74 праекты. Да гэтага часу большасць праектаў былі сканцэнтраваныя на фінансавых інстытутах і бізнэс сектары. ЕБРР застаецца асноўным інвестарам у Беларусі — па стане на 1 чэрвеня 2015 года банк інвеставаў у Беларусь амаль €1,8 млрд.

Нядаўнія праекты, фінансаваныя ЕБРР, ўключаюць падтрымку жанчын-прадпрымальнікаў, сумеснае прадпрыемства са швейцарскай кампаніяй Stadler Rail AG і фінансаванне прадпрыемстваў дрэваапрапрацоўкі ў Магілёве і Смаргоні.

Тым не менш, у параўнанні з іншымі краінамі рэгіёну, Беларусь не здолела прыцягнуць сродкі ЕБРР у вялікім памеры. Да прыкладу, з 1991 года Малдова атрымала ад ЕБРР $313 інвестыцый на душу насельніцтва, Украіна — $ 271, а Беларусь здолела прыцягнуць толькі $187.

У Беларусі амаль усе інвестыцыі ЕБРР (94%) пайшлі ў прыватны сектар, тады як ва Украіне бізнэс атрымаў меншую падтрымку. З 1996 года банк не мог разгортваць ў Беларусі шырэйшую дзейнасць з-за слабога прагрэсу краіны ў пераходзе да дэмакратычнага кіравання і рынкавай эканомікі.

Банк прыняў дыферэнцыяваны стратэгічны падыход да Беларусі ў 2009 годзе і ў наступных дакументах краінавай стратэгіі засяродзіўся галоўным чынам на прыватным сектары. Падтрымка банкам дзяржаўнага сектару была пастаўленая ў залежнасць ад прагрэсу Беларусі ў пэўных палітычных і эканамічных пытаннях, у той час як асноўная ўвага адводзілася развіццю прыватнага сектара і прадпрымальніцкай дзейнасці ў краіне.

Новы падыход ЕБРР да ​​Беларусі

Цяпер ЕБРР працуе над новай краінавай стратэгіяй для Беларусі на 2016-2020 гады, якая будзе прынятая ў ліпені 2016 года. У праекце стратэгіі прапануецца засяродзіць увагу на развіцці прыватнага сектара і дзяржаўнай інфраструктуры, каб падтрымаць ўрадавую праграму рэформаў.

Паводле даступнай ostro.by інфармацыі, на працягу наступных некалькіх гадоў ЕБРР плануе працягваць стымулявання эканамічнай канкурэнтаздольнасці шляхам падтрымкі росту, эфектыўнасці і інавацый у прыватным сектары, як непасрэдна праз крэдыты і пакупку акцыяў, так і ўскосна праз крэдытныя ліній для банкаўскага сектара. Банк таксама плануе спрыяць прыватызацыі дзяржаўных кампаній.

Інвестыцыі ЕБРР у Беларусі

У сферы працы з урадам, банк плануе павысіць устойлівасць і якасць абслугоўвання дзяржаўнай інфраструктуры праз рэформы палітыкі і рэгулявання ў пэўных галінах,  а таксама ўвядзенне  бізнес рашэнняў у дзяржаўныя праекты.

Прапанаваная стратэгія будзе і надалей надаваць больш ўвагі прыватнаму сектару, але яна прадугледжвае і больш шырокі ўдзел банка ў падтрымцы ўрадавай праграмы рэформаў.

Ці спрацуе новы падыход у Беларусі?

Чыноўнікі банка на сакавіцкай сустрэчы ў Мінску выказалі гатоўнасць пашырыць супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі пры ўмове, што яны прадэманструюць канкрэтныя крокі па рэфармаванні і выкананні ўзятых абавязацельстваў. Нягледзячы на ​​тое, што беларускія ўлады асцерагаюцца істотных зменаў у эканоміцы, якія могуць пахіснуць палітычны статус-кво, два асноўныя фактары працуюць на карысць рэформаў.

Па-першае, рэзкае падзенне коштаў на нафту спыніла многія выгадныя схемы перапрацоўкі нафтапрадуктаў і іх продажу на Захад. Расійскі рынак, галоўны пакупнік беларускіх тавараў, таксама пацярпеў у выніку нізкіх цэнаў на нафту і заходніх санкцый.

Па-другое, лагер прыхільнікаў рэформаў ва ўрадзе Беларусі ўзмацняецца. Хоць прэм’ер Андрэй Кабякоў і лічыцца прарасійскім кансерватарам, многія ўплывовыя фігуры ў Нацыянальным банку, Міністэрстве эканомікі і Міністэрстве фінансаў маюць іншыя погляды.

Напрыклад, першы намеснік прэм’ер-міністра і выпускнік Лонданскай школы бізнэсу Васіль Мацюшэўскі, а таксама дарадца прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды, былы ўдзельнік праграмы Фулбрайта ва ўніверсітэце Чыкага, у апошні час набылі ўплыў і рашуча выступаюць за эканамічныя рэформы.

Масавыя звальненні на буйных дзяржаўных прадпрыемствах прымушаюць улады адчайна шукаць замежныя інвестыцыі. Ва ўмовах няпэўнасці ў атрыманні крэдыту МВФ і асцярожнасці прыватных інвестараў, ЕБРР мог бы згуляць важную ролю ў падтрымцы беларускага ўраду.

Тым не менш, палітычнае кіраўніцтва Беларусі не спяшаецца ажыццяўляць рэформы. Улады думаюць, што яшчэ маюць час. Пасля крызісу ва Украіне гатоўнасць грамадства да рэвалюцыі ўпала да мінімуму за многія гады. Але ўсё большая колькасць чыноўнікаў, здаецца, разумее, што беларуская дзяржаўнасць у першую чаргу залежыць ад жыццяздольнасці нацыянальнай эканомікі.

Улічваючы імклівы заняпад эканомікі Расіі, паварот на Захад здаецца лагічным крокам. Тым не менш, ён не павінен быць памылкова прыняты за геапалітычныю пераарыентацыю Беларусі. Залежнасць Беларусі ад Расіі занадта моцная, каб дазволіць такія радыкальныя перамены.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *