Прамыя замежныя інвестыцыі ў Беларусь: шмат словаў, мала дзеянняў

Broadening the horizons

На восень 2016 года урад Беларусі запланаваў шматлікія захады па стымуляванню замежных інвестыцый у краіну. 17 верасня ў Мінску прайшоў першы беларуска-аманскі бізнес-форум, а 29-30 верасня ў беларускай сталіцы адбыўся форум “Пашыраючы гарызонты: інвестыцыі, фінансы, развіццё”. Акрамя таго, восень стала традыцыйным сезонам правядзення нямецка-беларускага «Мінскага форуму».

Такі рост дзейнасці па прыцягненні інвестыцыяў стварае ўражанне, што ўрад разглядае магчымыя рэформы ў гэтай сферы. Аднак статыстычныя дадзеныя, а таксама меркаванні шматлікіх бізнесоўцаў робяць рэальную карціну значна больш складанай.

Чаму інвеставаць у Беларусь?

Нягледзячы на агулам негатыўны імідж Беларусі, краіна мае відавочныя перавагі для патэнцыйных інвестараў. Акрамя таго, паводле Канферэнцыі ААН па гандлі і развіцці, Беларусі ўдалося прыцягнуць прамых замежных інвестыцый значна больш, чым гэта зрабілі некаторыя краіны СНД: Арменія, Кыргызстан, Малдова, Таджыкістан і Узбекістан.

Як патэнцыйныя інвестары, так і беларускія чыноўнікі тлумачаць поспех Беларусі ў росце прамых замежных інвестыцый стратэгічным размяшчэннем краіны (паміж ЕС і Расіяй) і ўдзелам у еўразійскай інтэграцыі, якая дае доступ да рынку пяці краінаў Еўразійскага эканамічнай саюза.

Нацыянальнае агенцтва па інвестыцыях і прыватызацыі лічыць, што гэта з’яўляецца ключавым фактарам. Еўрапейская эканамічная камісія ААН паведамляе, што ўрад праводзіць пастаянную сістэмную работу па развіцці гандлю паміж ЕС і краінамі Азіі; гэта ўключае ў сябе актыўную падтрымку кітайскай ініцыятывы Шаўковага шляху.

Разам з іншымі перавагамі, беларускія ўлады таксама падкрэсліваюць нізкія падаткі ў шасці свабодных эканамічных зонах (0-10%), Парку высокіх тэхналогій (0%) і Індустрыяльным парку “Вялікі Камень” (0%). Тым не менш, яны тычацца толькі асобных сфераў дзейнасці і не з’яўляюцца рэальным стымулам для буйнамаштабных інвестыцый.

Акрамя таго, Беларусь мае развітую транспартную і лагістычную інфраструктуру: значная частка грузавых патокаў паміж Расіяй і ЕС праходзяць транзітам праз Беларусь. З 2011 года колькасць транзітных паездак грузавых аўтамабіляў, якія належаць замежным перавозчыкам, павялічылася больш чым на 21%.

Беларускія ўлады лічаць нацыянальную працоўную сілу высокакваліфікаванай, у той час як большасць інвестараў (за выключэннем IT сектара) не згодныя з гэтым.

Топ-10 інвестараў у Беларусь

Крыніца: economy.gov.by

Розныя меркаванні па пытаннях падаткаабкладання і кваліфікацыі працоўнай сілы паміж чыноўнікамі і бізнэсмэнамі адлюстроўваць толькі частку неразумення уладамі патрэбаў і патрабаванняў патэнцыйных інвестараў.

Сціплыя дасягненні

Улады прызнаюць, што абедзвюм апошнім дзяржаўным пяцігадовым праграмам развіцця Беларусі (на 2011-2015 гады і 2016-2020 гады) не ўдалося прыцягнуць дастатковую колькасць прамых замежных інвестыцый, якія маюць жыццёва важнае значэнне для далейшага развіцця краіны. Першая праграма прадугледжвала павышэнне колькасці прамых замежных інвестыцый на $7-7,5 млрд да 2015 года, у той час як апошняя праграма не згадвала канкрэтных лічбаў.

На жаль, афіцыйная статыстыка, як гэта часта бывае ў Беларусі, калі гаворка ідзе пра адчувальныя пытанні, даволі заблытаная для даследчыка. Так, па дадзеных Міністэрства эканомікі і Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у 2011-2015 гадах Беларусь прыцягнула ад $ 10,9 да $ 52,1 млрд ПЗІ. Тым не менш, крыніцы названых ПЗІ, а таксама шляхі іх прыходу ў эканоміку застаюцца непразрыстымі, таму гэтыя лічбы варта ставіць пад сумнеў.

Нацыянальны банк, які абавязаны выкарыстоўваць міжнародна прызнаную метадалогію, прапануе іншую лічбу — $3 млрд ў 2011-2015 гадах. Гэтая лічба падаецца больш верагоднай і сведчыць пра складаную сітуацыю з ПЗІ ў Беларусі.

Паказальна, што падчас канферэнцыі, праведзенай Навукова-даследчым інстытутам Міністэрства эканомікі 21 кастрычніка 2016 года, прадстаўнік Міністэрства таксама спрабаваў пазбегнуць рэальных лічбаў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, большая частка ПЗІ ў Беларусь паступае з Расіі (46,4%) і Кіпра (16,1%). Тым не менш, многія эксперты мяркуюць, што гэтыя грошы паходзяць з Расіі і Беларусі, улічваючы добра вядомую ролю Кіпра ў рэінвеставанні.

Пяць перашкодаў для ПЗІ

Адной з галоўных перашкодаў прыходу ПЗІ ў Беларусь застаеца адсутнасць абароны уласнасці. Патэнцыйныя інвестары насцярожана ставяцца да адміністрацыйнага ціску на ўладальнікаў, а таксама магчымай нацыяналізацыі. Прыклады кандытарскіх фабрык «Спартак» і «Камунарка», якія былі нацыяналізаваныя ў кастрычніку 2012 года, абгрунтоўваюць гэтыя страхі.

Адсутнасць фондавай біржы ўяўляе сабой другую важную перашкоду для замежных інвестараў. Ацаніць актывы кампаніі ў Беларусі гяпроста. Беларускія ўлады спрабавалі зрабіць IPO Мінскага заводу шампанскіх вінаў у 2013 годзе, але гэтая спроба не мела поспеху. Амаль усе эксперты сцвярджаюць, што паўнавартаснае IPO раскрые значную пераацэнку беларускіх прадпрыемстваў і знізіць іх прывабнасць для сур’ёзных інвестараў.

Нестабільнае заканадаўства і агульная адсутнасць вяршэнства права падмацоўвае страх інвестараў як за бяспеку сваіх інвестыцый, так і за прадказальнасць магчымых прыбыткаў. У цэлым нестабільная сітуацыя ў рэгіёне толькі пагаршае гэтыя хваляванні.

Вялікая доля дзяржаўнай ўласнасці ў эканоміцы (70-75%) вядзе да нявызначанасці ролі ўрада як адначасова ўласніка і рэгулятара. Напрыклад, Міністэрства прамысловасці адмініструе многія аб’екты як (су)уладальнік, адначасова рэгулюючы заканадаўства ў гэтай сферы. Такія канфлікты інтарэсаў могуць прывесці да надання ільготных умоваў дзяржаўным прадпрыемствам і нядобрасумленнай канкурэнцыі паміж прыватным і дзяржаўным сектарамі.

Замежныя інвестары, якія ўжо працуюць у Беларусі, скардзяцца на нізкую кваліфікацыю беларускіх чыноўнікаў і працоўнай сілы ў цэлым. Напрыклад, у 2010-2012 гадах аманскія прадпрымальнікі спрабавалі купіць зямлю ў Мінску. Па іх словах, нягледзячы на тое, што яны заплацілі $3 млн загадзя, у выніку яны не атрымалі нічога, нягледзячы на папярэдняе пагадненне. Між тым, беларускі бок сцвярджае, што менеджэр проста знік разам з грашыма. Такія выпадкі пацвярджаюць незадаволенасць інвестараў мясцовым персаналам і функцыянаваннем сістэмы дзяржаўнага кіравання.

Патрэбныя істотныя перамены

Нягледзячы на шматлікія перавагі, сур’ёзныя перашкоды па-ранейшаму замінаюць Беларусі прыцягваць замежных інвестараў. Прыклады з арабскімі краінамі, а таксама з Кітаем, пацвярджаюць, што патранажныя сеткі і кантакты з лідарамі аўтарытарных краінаў не з’яўляюцца гарантыяй прыцягнення ПЗІ. Асабістыя перамовы не заўсёды прыводзяць да маштабных інвестыцый. Таму ўлады павінны імкнуцца зразумець патрэбы і патрабаванні патэнцыйных інвестараў.

На жаль, большасць перашкодаў носяць яўна палітычны характар, бо яны дапамагаюць захаваць кантроль урада над грамадствам і эканомікай. Ва ўмовах сур’ёзнага эканамічнага крызісу беларускія ўлады павінны зрабіць выбар паміж дзвюма альтэрнатывамі: альбо захаваць палітычны статус-кво, або пачаць рэформы, якія зробяць краіну больш прывабнай для сур’ёзных інвестараў.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *