
Паводле дэпутата польскага сейма Роберта Вінніцкага, Польшча павінна спыніць фінансаванне тэлеканала Белсат і палепшыць адносіны з Лукашэнкам. Хоць Вінніцкі і з’яўляецца маргінальнай фігурай у польскай палітыцы, яго заява сведчыць аб новым палітычным клімаце ў Польшчы.
Многія беларускія НДА спадзяюцца, што новы польскі ўрад пад кіраўніцтвам кансерватыўнай партыі Права і справядлівасць (PiS) вернецца да сваёй палітыцы 2005-2007 гадоў, калі партыя апошні раз была на чале ўрада.
У той час Польшча інвеставала значныя сродкі ў падтрымку беларускай дэмакратыі. Яна стварыла стыпендыяльную праграму імя Каліноўскага для студэнтаў, якія зазналі палітычныя рэпрэсіі, а таксама тэлеканал Белсат — адзіны незалежны канал, што вяшчае для беларусаў.
Аднак у апошні час Польшча зніжае падтрымку апазіцыйных колаў і спрабуе палепшыць адносіны з беларускімі ўладамі. Цяпер парламент Польшчы мае дзве асобныя групы па Беларусі, адзна з якіх імкнецца займець прыязнасць Аляксандра Лукашэнкі.
Але змены ў польскай палітыцы нельга растлумачыць толькі спробамі палепшыць адносіны з беларускімі ўладамі. Адсутнасць з аднаго боку шанцаў на дэмакратычныя перамены, і з другога боку жорсткіх рэпрэсіяў зніжае цікавасць да Беларусі замежных донараў, у тым ліку польскіх.
Польская падтрымка беларускай дэмакратыі
Змена палітыкі ў дачыненні да Беларусі пасля перамогі PiS на парламенцкіх выбарах 2015 года стала для многіх нечаканасцю.
Беларускія грамадскія актывісты спадзяваліся, што новы кансерватыўны ўрад вернецца да сваёй палітыкі ўзору 2005-2007 гадоў, калі PiS кіраваў ў Польшчы і згуляў вырашальную ролю ў развіцці дэмакратыі ў Беларусі. Польшча падтрымала Аляксандра Мілінкевіча падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года і ўкладала значныя сродкі ў беларускія дэмакратычныя праекты.
Праз некалькі дзён пасля разгону масавых пратэстаў 2006 года ў Беларусі Польшча аб’явіла пра стварэнне стыпендыі імя Каліноўскага. Праграма давала беларускім дэмакратычным актывістам магчымасць навучацца ў польскіх універсітэтах са штомесячнай стыпендыяй каля $400, што было для тагачаснай Польшчы значнай сумай. Агулам 244 студэнты скарысталіся гэтай магчымасцю ў 2006 годзе.
Праз год Польшча запусціла спадарожнікавы тэлеканал Белсат, які, верагодна, мае найбуйнейшы бюджэт сярод праектаў, накіраваных на Беларусь. У 2007 годзе канал атрымаў каля $6 млн для пачатку сваёй дзейнасці.
Урад ліберальнай Грамадзянскай платформы (PO), які пачаў кіраваць у Польшчы ў канцы 2007 года, працягваў падтрымліваць гэтыя праекты, але паступова змяншаў памер гэтай падтрымкі. З іншага боку, ліберальная польскі ўрад павялічыў выдаткі на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі ў 2010-2011 гадах, у сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі і наступнай хваляй рэпрэсій.
Паводле некаторых звестак, Польшча таксама стала донарам прэзідэнцкай кампаніі дэмакратычнага кандыдата Уладзіміра Някляева, якая атрымала найбольшае фінансаванне сярод палітычных кампаній у Беларусі апошняга часу.
Польшча мяняе свае прыярытэты
Нягледзячы на чаканні беларускай апазіцыі, PiS не вярнуўся да сваёй старой палітыкі. Бюджэты праектаў, накіраваных на дэмакратызацыю Беларусі, пачалі зніжацца.
Польскія ўлады спынілі стыпендыяльную праграму Каліноўскага і стварылі на яе месцы меншую праграму падтрымкі даследчыкаў без прывязкі да палітыкі. Доўгатэрміновае фінансаванне Белсата застаецца нявызначаным пытаннем. У чэрвені дырэктар Белсата Агнешка Рамашэўская сказала, што яна непакоіцца аб фінансавай устойлівасці канала «у сувязі з пацяпленнем адносін Польшчы і Беларусі, а таксама адсутнасцю ўвагі да такіх праектаў, як Белсат».
Менш вядома пра палітычныя групы, якія раней атрымлівалі грошы ад польскіх уладаў. Аднак, па чутках, польскія ўлады зменшылі падтрымку Беларускага дома ў Варшаве, які аб’ядноўвае беларускіх апазіцыйных палітыкаў у эміграцыі.
Гэтыя змены адбываюцца разам са спробамі польскага ўрада палепшыць адносіны з Беларуссю. У сакавіку польскі міністр замежных спраў Вітольд Вашчыкоўскі наведаў Беларусь і сустрэўся з Лукашэнкам. Пазней дэлегацыя беларускага парламента прыехала у Варшаву — гэта было сапраўдным дасягненнем для беларускіх уладаў.
Парламент Польшчы цяпер мае дзве групы, арыентаваныя на адносіны з Беларуссю. Адна з іх лабіруе падтрымку праектаў у галіне дэмакратыі, а другая — больш цеснае супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі.
Чалец другой групы, дэпутат сейма і нацыяналіст Роберт Вінніцкі нядаўна заявіў, што Польшча павінна спыніць фінансаванне Белсата і ўмяшальніцтва ў беларускую палітыку. Хоць Вінніцкі і з’яўляецца маргінальнай фігурай, да гэтага моманту падобныя погляды адсутнічалі ў публічнай прасторы Польшчы.
Што стаіць за зменай польскай палітыкі
Польскія ўлады не хаваюць свайго жадання палепшыць адносіны з Лукашэнкам. У адрозненне ад іншых краін Усходняй Еўропы, такіх як Украіна, Літва і Расія, Польшча не мае балючых гістарычных спрэчак з Беларуссю і хоча аднавіць былы ўзровень гандлю. Паводле афіцыйных дадзеных, імпарт з Польшчы ў 2015 годзе знізіўся да $ 1,1 млрд у параўнанні з $ 1,5 млрд у 2014 годзе.
Апроч таго, польскія ўлады цэняць ролю Лукашэнкі ў расійска-ўкраінскім канфлікце. Падчас саміту НАТО 8 ліпеня міністр замежных справаў Польшчы заявіў, што “яго краіна хацела б стаць пасярэднікам у справе збліжэння паміж Беларуссю і НАТА”.
Сучасныя стасункі паміж Беларуссю і Польшчай заснаваныя на ўзаемных саступках. Сярод магчымых пытанняў для абмеркавання найбольш рэалістычным і цікавым для бакоў можа быць польская меншасць у Беларусі, якая па-ранейшаму зазнае рэпрэсіі ўладаў.
Аднак спроба палепшыць адносіны з Лукашэнкам не з’яўляецца адзіным тлумачэннем змены польскай палітыкі. Адсутнасць на беларускім гарызонце палітычных зменаў, а таксама паслабленне рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці робяць Беларусь менш цікавай для замежных донараў. Напрыклад, у мінулым годзе Белсат страціў чвэрць свайго фінансавання. Грошы ў асноўным прыходзяць з краін Заходняй Еўропы, якія перанакіроўваюць сродкі на аказанне дапамогі бежанцам з краінаў Блізкага Ўсходу.
Такім чынам, Польшча заставалася адзіным донарам Белсата і цяпер яна ацэньвае, ці варта фінансаваць такія праекты. Малаверагодна, што польскі ўрад нават пры жаданні зачыніць праект такога памеру, як Белсат, які ўжо атрымаў вялікія ўкладанні. А вось фінансаванне больш дробных і больш палітызаваных ініцыятываў будзе ўспрымацца як штосьці неадпаведнае інтарэсам Польшчы.
Але нягледзячы на адсутнасць рэпрэсій і значнага дэмакратычнага прагрэсу ў Беларусі, Польшчы варта працягваць падтрымліваць Белсат і праграму Каліноўскага, бо гэтыя праекты могуць змяніць клімат ідэяў ўнутры Беларусі. Па-ранейшаму цяжка ацаніць іх уплыў, але яны, безумоўна, зрабілі шмат для развіцця беларускай ідэнтычнасці у процівагу Расіі. Нават мяккая беларусізацыя Лукашэнкі можа ня даць плёну, калі беларуская грамадзянская супольнасць сама не ўмацуе ўласную нацыянальную ідэнтычнасць з дапамогай Польшчы.
Social Icons