Парадоксы пенсійнай рэформы ў Беларусі

25 сакавіка прэзідэнт Лукашэнка пацвердзіў сваю падтрымку паступовага павелічэння пенсійнага ўзросту на тры гады, які ў цяперашні час складае 55 гадоў для жанчын і 60 гадоў для мужчын.

Урад абмяркоўваў пенсійную рэформу ўжо некалькі гадоў, але раней прэзідэнт адхіляў гэтыя размовы як «несвоечасовыя». Цяпер, калі прэзідэнцкія выбары ўжо ў мінулым, Лукашэнка мае намер узяцца за непапулярныя меры.

Цікава, што сугучна рэакцыі з боку беларусаў, пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў палічыў неабходным зрабіць заяву пра беларускую пенсійную рэформу. 31 сакавіка ён намякнуў, што беларусы могуць пачаць шукаць працу і лепшыя варыянты выхаду на пенсію ў іншых месцах. Відавочна, ён меў на ўвазе міграцыю ў Расію, якая разам з Беларуссю сёння знаходзіцца ў топе краінаў з найніжэйшым пенсійным узростам.

Насуперак гэтаму, пенсійны ўзрост у большасці краін свету сёння ідзе да 60-65 гадоў. Дэмаграфічныя праблемы могуць перасунуць яго нават за адзнаку ў 65 гадоў, як паказваюць дэбаты ў ЗША, Францыі і Іспаніі.

Сцэнары пенсійнай рэформы

У цяперашні час хуткае старэнне насельніцтва аказвае ціск на беларускую эканоміку. Суадносіны пенсіянераў да працоўнага насельніцтва ўжо знаходзяцца на ўзроўні 61 да 100. Павелічэнне пенсійнага ўзросту здаецца самым простым рашэннем у гэтай сітуацыі. З іншага боку, дзяржава можа знізіць і так мізэрныя пенсійныя выплаты або рэфармаваць усю сістэму сацыяльнага забеспячэння. Нарэшце, Беларусь можа адкрыць  межы для міграцыі, але гэтае рашэнне будзе яшчэ менш даспадобы ўраду і насельніцтву.

У 2016 годзе беларускі ўрад паспешна падрыхтаваў праект пенсійнай рэформы, які мае ўступіць у сілу ў студзені 2017 года і мае тры асноўныя сцэнары. Першы, які падтрымала міністр сацыяльнага забеспячэння Мар’яна Шчоткіна, прадугледжвае павелічэнне пенсійнага ўзросту на 5 гадоў. Міністр сцвярджае, што гэта будзе найбольш практычнае і эканамічна лагічнае рашэнне.

Другі сцэнар, «дэмаграфічны» ці «гендэрны», адлюстроўвае адрозненне ў сярэдняй працягласці жыцця мужчынаў і жанчынаў. Паводле звестак Белстата, жанчыны у сярэднім жывуць на 11 гадоў даўжэй, чым мужчыны. Калі дапусціць, што сярэдні пенсіянер атрымлівае пенсію напрацягу прыкладна 20 гадоў, то ўрад прапануе павысіць пенсійны ўзрост на 5 гадоў для жанчын і на 3 — для мужчын.

У рэшце рэштаў, прэзідэнт Лукашэнка абраў найбольш мяккі з трох сцэнароў. Ён прадугледжвае павышэнне пенсійнага ўзросту на 3 гады. На працягу наступных 6 гадоў пенсійны ўзрост будзе штогод павялічвацца на 6 месяцаў, і ў выніку жанчыны будуць выходзіць на пенсію ў 58, а мужчыны — ў 63 гады.

Незалежныя эксперты крытыкуюць усе тры варыянты, паказваючы на ​​тое, што ўрэшце ўсе яны будуць аказваць ціск на сістэму сацыяльнага забеспячэння. Паводле рэалістычных ацэнак, Беларусь павінна павялічыць пенсійны ўзрост да 65 гадоў і для жанчын, і для мужчын. Гэта быў бы крок у адпаведнасці з апошнімі сусветнымі тэндэнцыямі  гендэрнай роўнасці ў праве на пенсію.

25 сакавіка Лукашэнка выказаў падзяку моладзі і пажылым людзям за іх меркаваную падтрымку пенсійнай рэформы. Але апытанне, праведзенае НІСЭПД ў снежні 2015 года, паказвае, што 73%  рэспандэнтаў выказаліся супраць павышэння пенсійнага ўзросту. Асноўны аргумент палягае ў тым, што многія людзі не змогуць жыць так доўга. Яшчэ 20% пагадзіліся з павелічэннем пенсійнага ўзросту, але толькі ў выпадку павелічэння пенсійных выплат.

Працоўныя пенсіянеры?

Працоўныя пенсіянеры паводле полу. Сіні — мужчыны, аранжавы — жанчыны. Крыніца: finance.tut.by

Многія людзі ў Беларусі працягваюць працаваць пасля дасягнення імі пенсійнага ўзросту. Парадокс у тым, што яны атрымліваюць рэгулярны заробак разам з пенсіяй. Па стане на 1 студзеня 2016 года з 2,592,800 пенсіянераў у Беларусі 651,000 чалавек працягвалі працаваць. Іншымі словамі, кожны чацвёрты пенсіянер атрымоўвае двайны даход.

Былыя супрацоўнікі вайсковых і праваахоўных органаў, якія выходзяць на пенсію датэрмінова па дасягненні ўзросту 45 або 50 гадоў, часта выкарыстоўваюць гэтую магчымасць, каб зарабіць дадатковыя грошы. TUT.by прыводзіць тыповы прыклад гэтай тэндэнцыі: 48-гадовы былы афіцэр міліцыі з пенсіяй каля $320 (на ўзроўні сярэдняга заробку па краіне) шукае працу з заробкам каля $400.

Дзяржаўная бюракратыя таксама мае выгаду з гэтай схемы. Напрыклад, кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына прызналася ў сродках масавай інфармацыі, што яна атрымоўвае сярэднюю пенсію ў памеры каля $160 ў дадатак да яе рэгулярнага заробку, які перавышае $800. У той час як для дзяржаўнага чыноўніка такая пенсія можа быць прыемным бонусам, для іншых катэгорый беларускіх пенсіянераў яна застаецца асноўнай крыніцай даходу.

Сацыяльная дапамога і інтэграцыя пажылых людзей

Апошнім часам некалькі гісторый простых пажылых беларусаў распаўсюдзіліся ў інтэрнэце, выявіўшы шэраг праблемаў, з якімі пенсіянеры сутыкаюцца ў сваім штодзённым жыцці. Яны маюць разнастайны характар: ад эканамічных цяжкасцяў да праблемаў сацыяльнай інтэграцыі. У лютым 2016 года беларускія карыстальнікі Facebook арганізавалі кампанію падтрымкі 74-гадовага мужчыны, які прадае самаробныя шпакоўні ў падземным пераходзе ў цэнтры Мінска.

Фота: tut.by

Удзельніца іншай гісторыі — 86-гадовая жанчына на мыліцах, што прадае вязаныя рукавіцы і шкарпэткі на станцыі метро Няміга ў Мінску, нягледзячы на ​​халоднае і вільготнае сакавіцкае надвор’е. Аднак пажылыя людзі захоўваюць сціпласць і адмаўляюцца скардзіцца на фінансавыя цяжкасці. Яны падкрэсліваюць неабходнасць мець хобі, весці актыўны лад жыцця і сацыялізавацца.

Дзяржава, натуральна, імкнецца забяспечыць неабходны ўзровень сацыяльнай падтрымкі для пенсіянераў. Напрыклад, пажылыя людзі, якія не маюць блізкіх сваякоў, атрымоўваюць сацыяльныя паслугі бясплатна. Гэта ўключае візіты сацыяльнага работніка, які дапамагае пенсіянерам з рэгулярным закупам лекаў і прадуктаў, побытавымі справамі, і, калі гэта дарэчна, памагаюць на прысядзібным участку.

У 2012 годзе ўрад увёў сістэму адраснай падтрымкі найбольш уразлівых групаў насельніцтва. Да іх належаць ў тым ліку і пенсіянеры, старэйшыя за 70 гадоў з нізкім узроўнем даходаў. Яны прэтэндуюць на атрыманне дадатковай штомесячнай сацыяльнай дапамогі або спецыяльных разавых выплатаў.

Пенсійная рэформа ў Беларусі з’яўляецца неабходнай і даўно наспела. Тым не менш, павышэнне пенсійнага ўзросту само па сабе не ліквідуе ўсіх праблемаў сістэмы сацыяльнага забеспячэння. У перспектыве дзяржава павінна дыверсіфікаваць свае стратэгіі і распрацаваць накапляльную пенсійную сістэму, як гэта было зроблена ў Польшчы ці Латвіі. Тым не менш, гэты варыянт будзе жыццяздольным толькі ва ўмовах стабільнай эканомікі, што патрабуе гатоўнасці ўраду да структурных рэформаў.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *