Пакістан – новы “найлепшы сябар” Беларусі ў Паўднёвай Азіі

Малюнак: pakistantoday.com.pk

14 мая прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і прэм’ер-міністр Пакістана Наваз Шарыф сустрэліся на форуме “Адзін пояс, адзін шлях” ў Пекіне.

Гэта стала чацвёртай іх сустрэчай з мая 2015 года. Як сказаў Шарыф на сустрэчы, адносіны паміж Пакістанам і Беларуссю ў апошнія два гады ўмацоўваюцца “з кожным днём».

“Трыкутнік Мінск-Пекін-Ісламабад можа стаць шматабяцальнай формулай для супрацоўніцтва”, з надзеяй заявіў Лукашэнка ў 2015 годзе. Пасля многіх гадоў развіцця адносінаў з Нью-Дэлі, Беларусь, падобна, перасоўвае свае стаўкі на геапалітычных супернікаў Індыі — Кітай і Пакістан. Але ці акупіцца гэтая стаўка эканамічна, як гэтага чакае беларускі лідар?

Дынамічны перазапуск двухбаковых адносінаў

Беларусь усталявала дыпламатычныя адносіны з Пакістанам 3 лютага 1994 года. Напрацягу першых дваццаці гадоў кантакты дзвюх краінаў заставаліся абмежаванымі некалькімі сустрэчамі на ўзроўні міністраў, у асноўным у канцы 1990-х гадоў.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка двойчы наведаў Індыю — у 1997 і 2007 гадах. Кіраўнікі беларускага ўрада наведвалі Нью-Дэлі ў 1993, 2002 і 2012 гадах. Адбываліся рэгулярныя сустрэчы паміж беларускімі і індыйскімі міністрамі замежных спраў і абароны, кіраўнікамі іншых ўстановаў і парламенцкімі дэлегацыямі.

Мінск прасігналізаваў пра свой намер збалансаваць свае адносіны з краінамі Паўднёвай Азіі у лістападзе 2014 года, калі адкрыў пасольства ў Ісламабадзе (пасольства Беларусі ў Нью-Дэлі працуе з 1998 года). На працягу наступных двух гадоў Пакістан стаў прывілеяваным партнёрам Беларусі ў Паўднёвай Азіі. Падчас нядаўняй сустрэчы ў Пекіне Лукашэнка назваў Пакістан “найлепшым сябрам” Беларусі.

Шарыф і Лукашэнка сустракаюцца ў Пекіне. Фота: ctv.by

Эксперты мяркуюць, што некаторыя кансерватыўныя арабскія рэжымы (даўнія спонсары Пакістана) і Кітай, традыцыйны пакістанскі саюзнік, могуць стаяць за раптоўным росквітам беларуска-пакістанскіх адносінаў.

Беларускі лідар здзейсніў свой першы візіт у Ісламабад ў траўні 2015 года. І ўжо праз тры месяцы, у жніўні 2015 года, ён вітаў Шарыфа ў Мінску. У лістападзе таго ж года прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў наведаў Пакістан.

У красавіку 2016 года Лукашэнка сустрэўся з цырыманіяльным прэзідэнтам Пакістана Мамнунам Хусэйнам у кулуарах саміту Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва ў Стамбуле. У кастрычніку 2016 года беларускі прэзідэнт вярнуўся ў Ісламабад для перамоваў з прэм’ерам-міністрам Пакістана.

У дадатак да сустрэчы паміж Лукашэнкам і Шарыфам у Пекіне абедзве краіны ўжо абмяняліся візітамі парламенцкіх дэлегацый у 2017 годзе.

На фоне дынамічнага збліжэння паміж Беларуссю і Пакістанам адносіны Мінска з Нью-Дэлі відавочна стагнуюць. Цырыманіяльны прэзідэнт Індыі Пранаб Мукерджы наведаў Беларусь у чэрвені 2015 года, аднак гэтая сустрэча была ўзгодненая да пачатку інтэнсіўнага ўзаемадзеяння Мінска з Ісламабадам. З тых часоў міжурадавых кантактаў на высокім узроўні паміж Беларуссю і Індыяй не зафіксавана.

Нерэальныя мэты гандлю

У 2015-2016 гадах Беларусь і Пакістан падпісалі больш за пяцьдзесят двухбаковых дакументаў. Большасць з іх з’яўляюцца міжведамаснымі пагадненнямі і мемарандумамі аб узаемаразуменні рознай важнасці, якія рэгулююць супрацоўніцтва ў галіне гандлю, абароны, культуры, адукацыі, інфармацыі, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, інфармацыйных тэхналогій, лясной і сельскай гаспадаркі. Бакі таксама прынялі праграмны дакумент пад назвай “Дарожная карта эканамічнага супрацоўніцтва паміж Пакістанам і Беларуссю на кароткатэрміновую і сярэднетэрміновую перспектыву”.

Беларусь хацела б, каб Пакістан стаў адным з яе асноўных гандлёвых партнёраў сярод краінаў “далёкай дугі” (тэрмін беларускіх уладаў для ўсіх краінаў, якія не ўваходзяць у ЕС і СНД). Не дзіўна, што перамовы паміж беларускімі і пакістанскімі лідарамі былі сканцэнтраваныя ў асноўным на павелічэнні двухбаковага таваразвароту.

Падчас візіту ў Пакістан ў лістападзе 2015 года прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў назваў існуючы ўзровень таваразвароту (ніжэй за $60 млн ў 2014 г.) “статыстычнай хібнасцю”. Урады паставілі амбіцыйную мэту дасягнуць таваразвароту ў $1 млрд да 2020 года.

За гісторыю двухбаковага гандлю таваразварот перавысіў сімвалічны парог у $100 млн толькі адзін раз у 2009 годзе, задоўга да актывізацыі палітычных стасункаў. З пачатку дынамічнага збліжэнне дзвюх краін у 2015 годзе двухбаковы гандаль не выявіў ніякіх прыкметаў перавышэння “статыстычнай хібнасці”. Улічваючы эканамічныя рэаліі, мэта ў $1 млрд таваразвароту выглядае як недасяжная мара.

Беларусь экспартуе ў Пакістан трактары і запасныя часткі для трактароў, шыны, сінтэтычныя ніткі накальвання, калійныя ўгнаенні, харчовыя прадукты і іншыя машыны і хімічныя прадукты. Імпарт ўключае рыс, садавіну і гародніну, вырабы са скуры і тэкстылю.

Трактары складаюць большую частку беларускага экспарту ў Пакістан — 64% ад агульнага аб’ёму. У 2016 годзе Беларусь прадала трактароў у Пакістан на суму $ 32,1 млн (3,406 адзінак), спыніўшы устойлівую тэндэнцыю да зніжэння продажаў, якая пачалася ў 2012 годзе. У 2015 годзе Мінскі трактарны завод таксама адкрыў зборачны завод у Карачы і вырабіў там першыя некалькі сотняў трактароў.

Здавалася, што працяглая чарада ўзаемных абвінавачванняў у махлярства і карупцыі сярод дылераў беларускіх трактароў у Пакістане не зрабіла шкоды гандлю. З 2013 года Пакістан быў найбуйнейшым пакупніком беларускіх трактароў за межамі СНД. У цяперашні час гэта трэці па велічыні пакупнік ў свеце пасля Расіі і Украіны.

Таямнічае ваеннае супрацоўніцтва

Беларусь інтэнсіўна працуе з пакістанскімі прадстаўнікамі міністэрства абароны з ліпеня 2014 года, калі міністр абароннай вытворчасці Пакістана Рана Танвір Хусэйн наведаў Мінск. Дзве краіны падпісалі міжурадавае пагадненне аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве ў Ісламабадзе ў 2015 годзе.

21-22 траўня міністр Хусэйн зноў прыехаў у Мінск на Восьмую міжнародную выставу ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі. Ён сустрэўся са сваім калегам, старшынём Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Сяргеем Гурулёвым і міністрам абароны Андрэем Раўковым.

Абмеркаванне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Фота: radio.gov.pk

Падрабязнасці гэтых сустрэчаў застаюцца недаступнымі. Афіцыйныя беларускія СМІ ў асноўным пазбягаюць згадкі пра ваенны і бяспекавы кампанент у сваім асвятленні кантактаў на высокім узроўні паміж Беларуссю і Пакістанам. Магчыма, гэта робіцца, каб не нерваваць Індыю.

У той жа час, пакістанская прэса неаднаразова паведамляла пра супрацоўніцтва ў галіне абароны і абароннай вытворчасці, барацьбы з тэрарызмам і наркабізнесам.

Пакістан зацікаўлены ў электронных вайсковых тэхналогіях, аптычных і оптыка-электронных прыборах, што вырабляе Беларусь. Паводле асацыяванага аналітыка Цэнтра Астрагорскага Сяргея Богдана, Ісламабад таксама спрабуе атрымаць неабходныя запчасткі і вопыт для ўсебаковай мадэрнізацыі постсавецкай вайсковай тэхнікі ў Пакістане.

Сёлета прэм’ер-міністр Шарыф зноў наведае Мінск. Будуць падпісаныя новыя пагадненні і агучаныя бліскучыя перспектывы супрацоўніцтва дзвюх краінаў. Тым не менш, тэмпы росту двухбаковага гандлю будуць працягваць вельмі моцна адставаць ад дынамікі сустрэчаў, бо бягучы стан беларускай прадукцыі і паслуг не здольны забяспечыць дваццаціразовы рост таваразвароту, пра які дамовіліся Беларусь і Пакістан.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *