Наколькі сур’ёзныя намеры Беларусі па імпарце іранскай і азербайджанскай нафты?

Спикер Савета Рэспублікі М. Мясніковіч і спікер парламента Ірана А. Ларыджані, Тэгеран 6. лютага 2017. Фота: www.sovrep.gov.by

3 красавіка прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка здолеў дамагчыся саступак з боку Уладзіміра Пуціна пасля гадавой спрэчкі па коштах на нафту і газ паміж дзвюма краінамі. Для таго, каб дасягнуць пагаднення, Мінск мусіў прадэманстраваць магчымасць купляць нафту з альтэрнатыўных крыніц.

15 лютага агенцтва Reuters паведаміла пра нафтавую здзелку паміж Беларуссю і Іранам. Яна прадугледжвала пастаўку 80,000 тонаў іранскай нафты, якая на самай справе была дастаўленая 24 сакавіка ў порт Адэсы для далейшага транспартавання ў Беларусь.

За апошняе дзесяцігоддзе Мінск ужо атрымаў большы, чым суседнія краіны, досвед у забеспячэнні альтэрнатыўных крыніцаў нафты — раней ён імпартаваў венесуэльскую і азербайджанскую нафту. Нягледзячы на ​​тое, што гэтыя здзелкі былі кароткатэрміновыя, рэакцыя Крамля на іх даказвае, што ён успрымае манеўры беларускага ўраду сур’ёзна.

Нафта з альтэрнатыўных крыніц: Мінск паведаміў толькі пра частку рэальнага імпарту?

І Беларусь, і Іран апублікавалі мінімум інфармацыі пра сваю нафтавую ўгоду ў лютым. Усе публікацыі спаслаліся на Reuters, дадаўшы толькі беглы каментар. Нават сам прадавец нафты — Нацыянальная іранская нафтавая кампанія – у сваіх заявах спаслалася на Reuters.

Фота: PressTV

Гэта адпавядае шматгадовай палітыцы беларускага ўраду пазбягаць публічнасці ў намаганнях па дыверсіфікацыі. Па дадзеных Reuters, у 2016 годзе Беларусь імпартавала агулам 560,000 тон азербайджанскай нафты, але гэтыя пастаўкі спыніліся ў студзені 2017 года. Толькі невялікая частка гэтых паставак (84,000 тон) фігуравала ў сродках масавай інфармацыі да таго, як Reuters апублікаваў інфармацыю 15 лютага.

Цень Польшчы

Цікава, што здзелку з беларускага боку заключыла Beloil Polska, польскі філіял Беларускай нафтавай кампаніі Беларуснафта. 20 лютага польскі эксперт па пытаннях бяспекі і энергетыкі Пётр Мацёнжэк напісаў артыкул для інтэрнэт-выдання Energetyka24, у якім казаў, што Беларусь купляе іранскую нафту з польскай дапамогай.

Ён сцвярджае, што здзелка Беларусі з Іранам па пастаўках нафты можа быць звязаная з іншай здзелкай па пастаўках іранскай нафты ў Польшчу. Каб заключыць абодва пагадненні, Мінск, магчыма, нават карыстаўся прамой падтрымкай Варшавы, якая імкнецца развіваць адносіны з Іранам. Той факт, што той жа самы прэс-рэліз Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніі пра ўгоду з Беларуссю спаслаўся на іранскія пастаўкі нафты ў Польшчу, падтрымлівае гэтую гіпотэзу.

Фота: uprom.info

Ёсць важкія падставы меркаваць, што жаданне Мінска купляць іранскую нафту палітычна матываванае неабходнасцю супрацьстаяць ціску з боку Расіі. Урэшце, Мінск паводле адкрытых дадзеных набыў толькі 80,000 тон нафты з Ірана, і здзелка была зробленая ў форме спот.  Яна не ўтрымлівала доўгатэрміновых абавязацельстваў.

Большасць каментатараў таксама лічаць, што гэта нафта будзе транспартавацца па чыгунцы. Калі б Мінск планаваў імпартаваць вялікія аб’ёмы іранскай нафты на больш рэгулярнай аснове, было б больш мэтазгодна выкарыстоўваць іранскія трубаправоды.

Аднак два факты паказваюць, што Беларусь у будучыні, хутчэй за ўсё, будзе імпартаваць нафту праз ўкраінскія трубаправоды. У лістападзе 2016 года ўкраінскі міністр рэгіянальнага развіцця Генадзь Зубко паведаміў, што Украіна, магчыма, будзе транспартаваць азербайджанскую і іранскую нафту на беларускія НПЗ. Акрамя таго, 21 сакавіка ўкраінскі аператар трубаправодаў Укртранснафта абвясціў пра паўторнае адкрыццё нафтаправода паміж Беларуссю і Украінай.

Былы план Беларусі імпартаваць траціну сваёй нафты з альтэрнатыўных крыніц

Праз куплю нафты з Ірана і Азербайджана Мінск рэагуе на спробы Крамля навязаць Беларусі свае ўмовы эканамічнага супрацоўніцтва і інтэграцыі. Пасля пачатку апошняга газавага канфлікту паміж Масквой і Мінскам, ў 2016 годзе Крэмль скараціў экспарт нафты ў Беларусь з раней ўзгодненых 24 млн тонаў да 18 млн.

Перапрацоўка нафты і продаж нафтапрадуктаў з’яўляецца галоўнай крыніцай прыбытку для беларускага ўрада, таму скарачэнне паставак нанесла ўдар па фінансавай сітуацыі краіны.

3 красавіка міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі наўпрост звязаў скарачэнне беларускага ВУП у студзені-сакавіку са скарачэннем імпарту расійскай нафты. Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы атрымалі менш нафты, і, такім чынам, вырабілі менш нафтапрадуктаў на экспарт.

Гэта, аднак, не з’яўляецца новай праблемай для беларускага кіраўніцтва. У 2010 годзе Мінск сутыкнуўся з падобнай праблемай атрымання дастатковага аб’ёму расійскай нафты на льготных умовах, што прымусіла Лукашэнку пайсці на нафтавую здзелку з Венесуэлай. Беларусь, аднак, з’яўляецца кантынентальнай краінай і залежыць ад сваіх суседзяў — у першую чаргу, краінаў Балтыі і Украіны — у доступе да мора, па якім адбываецца транспарт нафты.

У ліпені 2010 года беларускі ўрад падпісаў пагадненне з Украінай пра выкарыстанне нафтаправода Адэса-Броды для транспартавання нафты з чарнаморскага порта ў Беларусь. Мінск гарантаваў, што будзе перапампоўваць па ім прынамсі 4 млн тон у год у 2011-2012 гадах, і нават намякнуў на магчымае падаўжэнне тэрміну дзеяння дагавора пасля 2012 года з павелічэннем аб’ёмаў нафты да 8 млн тон.

У той жа час, Мінск вёў перамовы з літоўскім портам Клайпеды пра магчымасць транспартавання 2 млн тонаў нерасійская нафты штогод на доўгатэрміновай аснове. Аналагічныя перамовы вяліся з Латвіяй і Эстоніяй. Пазней пастаўкі нафты прайшлі праз усе тры краіны Балтыі.

Калі Беларусь планавала купляць венесуэльскую нафту, схемы на мільёны тонаў здаваліся неімавернымі. Вельмі хутка, аднак, Лукашэнка здолеў пераканаць Азербайджан далучыцца да беларуска-венесуэльскай нафтавай здзелкі па схеме своп. Такім чынам, замест прамых паставак з Венесуэлы, з 2011 года Беларусь атрымлівае азербайджанскую нафту.

У гэтых умовах атрыманне 4 млн тонаў у год здавалася менш фантастычнай мэтай, хоць агулам Мінск атрымаў праз украінскі трубаправод у 2011 годзе толькі адзін мільён тон — каля пяці адсоткаў ад неабходнага аб’ёму.

Як Лукашэнка перамог Крэмль

Натуральна, Маскву раздражнялі планы Мінска, якія хутка станавіліся рэальнасцю. У рэшце рэшт, аднак, рукі Крамля былі звязаны, і ён здаўся: да канца 2011 года Мінск здолеў пераканаць расійскія кампаніі падпісаць нафтавыя пагадненні на збольшага тых ўмовах, якіх патрабаваў беларускі ўрад. Беларусь тады спыніла імпарт нерасійскай нафты да 2016 года.

Гэтая гісторыя, вядома, падымае пытанне пра сур’ёзнасць намераў Мінска дыверсіфікаваць свае крыніцы энергіі. Гэта так жа актуальна сёння, як і ў 2010 годзе. Але маштабы абавязацельстваў і рызыкаў, якія беларускі ўрад гатовы быў прыняць у адносінах з Масквой і Кіевам у 2011 годзе для імпарту нерасійскай нафты даказвае, што Мінск гатовы і хоча дыверсіфікаваць крыніцы нафты, калі Расія не ідзе на саступкі.

Сённяшнія спробы Мінска дыверсіфікаваць свае крыніцы энергіі здаюцца больш сціплым. Але яны могуць апынуцца большымі, чым падаюцца: некаторыя пастаўкі могуць заставацца непублічнымі, як паказалі дадзеныя аб’ёмаў імпарту азербайджанскай нафты ў 2016 годзе. У любым выпадку Масква ўжо капітулявала: выглядае, што Крэмль успрымае намаганні Мінска па дыверсіфікацыі сур’ёзна.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *