Мінск чакае кітайскай дапамогі ў супрацьдзеянні расійскаму і заходняму ціску

Старшыня Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзян наведвае прамысловы парк "Вялікі камень". Фота: camce.com.cn

У наступным месяцы Аляксандр Лукашэнка адправіцца ў Кітай. Беларускі лідар застаецца персонай нон-грата на Захадзе, але што тычыцца Пекіну, то гэта будзе яго дзесяты візіт у кітайскую сталіцу. Звяртаючыся да беларускага парламента 21 красавіка, Лукашэнка надаў шмат увагі беларуска-кітайскім адносінам і ключавой ролі Беларусі ў кітайскім праекце “Шаўковы шлях”.

Палітычныя кантакты паміж краінамі выглядаюць выдатна. 17-18 красавіка Беларусь наведаў старшыня Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзян, трэці па значнасці чыноўнік кітайскага ўрада. 10-11 красавіка кітайскі міністр грамадскай бяспекі Го Шэнкунь таксама прыязджаў у Мінск.

Эканамічныя адносіны паміж краінамі, аднак, выглядаюць менш аптымістычна. Гандлёвы баланс застаецца безнадзейна неспрыяльным для Беларусі. Нават асабісты праект беларускага кіраўніцтва — сумесны індустрыяльны парк пад Мінскам — застаецца амаль пустым.

Кітайскія грошы для Беларусі

Лукашэнка скарыстоўвае любую магчымасць сустрэцца з кітайскімі кіраўнікамі. У верасні 2016 года ён здзейсніў поўнамаштабны дзяржаўны візіт у Пекін. Крыху пазней, 14-15 мая, беларускі лідар прыняў удзел у міжнародным форуме “Адзін пояс, адзін шлях” (праект Шаўковага шляху) у Пекіне.

Для Мінска кантакты з Пекінам з’яўляюцца карысным інструментам у яго складаным балансаванні паміж Захадам і Расіяй.

Напрыклад, падчас размовы 20 красавіка з губернатарам Ніжагародскай вобласці Расіі Валерыем Шанцавым Лукашэнка абрынуўся з крытыкай на “выдумкі” расійскіх СМІ датычна беларуска-расійскіх адносінаў, і рабіў двухсэнсоўныя намёкі пра ролю Кітая. Так ён выказаўся пра крэдыты, выдадзеныя замежнымі краінамі Беларусі:

“Расія ў нас па гэтых пытаннях не займае першае месца, на ім — Кітайская Народная Рэспубліка. Яна дала нам крэдытную лінію каля $15 млрд пад рэалізацыю праектаў у Беларусі, мы яе да гэтага часу не выбралі. Самае галоўнае — яны нас не папракаюць тым, што дапамагаюць нам”.

Пераканаць кітайцаў купіць беларускае

Між тым, беларускія чыноўнікі публічна сфармулявалі некалькі праблем беларуска-кітайскага эканамічнага супрацоўніцтва. Беларускі прэм’ер Андрэй Кабякоў на сустрэчы са старшынём Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам падкрэсліў: “Прыйшоў час прывесці нашы эканамічныя адносіны на такі ж  высокі ўзровень, [як палітычныя адносіны]”. Прэзідэнт Лукашэнка адкрыта сказаў кітайскаму чыноўніку, што ён “вельмі занепакоены” незбалансаванасцю двухбаковага гандлю.

Больш за дзесяць гадоў Беларусь церпіць ад велізарнага гандлёвага дэфіцыту з Кітаем. Беларускія і кітайскія чыноўнікі абмяркоўвалі гэта пытанне шмат разоў, і яно было прадметам грамадскага абмеркавання прынамсі з 2015 года. Тым не менш, ніякіх вынікаў гэта не дало. У мінулым годзе экспарт беларускіх тавараў у Кітай склаў $468 млн, а імпарт дасягнуў $2,114 млн.

Шырока разрэкламаваны беларуска-кітайскі індустрыяльны парк побач з аэрапортам Мінска выдатна ілюструе цяжкасці, якія захоўваюцца ў двухбаковых адносінах.

Пусты парк

На прэс-канферэнцыі 14 красавіка старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра прызнаў існуючыя праблемы ў прыцягненні кампаній у беларуска-кітайскі індустрыяльны парк “Вялікі камень”.

Да гэтага часу там зарэгістраваліся толькі восем кампаній. Па стане на сярэдзіну красавіка толькі тры кітайскія кампаніі пачалі будаваць у парку свае заводы.

Шапіра нават адправіўся ў Кітай у пачатку красавіка, каб шукаць шляхі вырашэння праблем парку. Ён прызнаў, што «не так шмат прадпрыемстваў імкнуцца прыйсці ў парк”, але запэўніў, што “тут няма ніякай катастрофы”.

Тым не менш, сітуацыя вельмі нестабільная, як паказаў выпадак Weichai Power — буйнога кітайскага вытворцы рухавікоў. У кастрычніку мінулага года Міністр прамысловасці Беларусі Віталь Воўк паведаміў, што Weichai Power падпісала мемарандум з Мінскам аб сумеснай вытворчасці дызельных рухавікоў у парку “Вялікі камень”.

У выпадку рэалізацыі, праект прынёс бы значныя выгоды для абедзвюх краін. Беларусь чакала, што новая сумесная вытворчая лінія дасць штуршок буйным нацыянальным прадпрыемствам, такім як Мінскі маторны завод  і Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ). Кітай, відавочна, хацеў атрымаць доступ да рынкаў Еўразійскага эканамічнага саюза.

Тым не менш, 19 траўня расійская газета “Коммерсант” паведаміла, што кітайцы разглядаюць яшчэ адзін варыянт — арганізаваць сумеснае прадпрыемства з расійскім КамАЗам. Паводле звестак расійскай газеты, праект Weichai Power ў Беларусі не адбыўся.

Прадстаўнікі адміністрацыі парка адразу ж абверглі гэтыя сцвярджэнні і настойвалі на тым, што праект прасоўваецца. На наступны дзень беларускае пасольства ў Пекіне са спасылкай на прадстаўніка Weichai паведаміла, што фірма прытрымліваецца сваіх планаў па запуску вытворчасці ў Беларусі. Акрамя таго, паводле яго слоў, сумесны праект Weichai Power з КамАЗам не паўплывае на супрацоўніцтва Weichai Power з беларускім МАЗам, даўнім канкурэнтам КамАЗа.

Ва ўсякім выпадку, Weichai Power яшчэ няма ў спісе кампаній, зарэгістраваных у парку. Больш за тое, улічваючы ранейшую крытыку ідэі аб стварэнні сумеснай вытворчасці кітайскіх аўтамабіляў у Беларусі паслом Расіі Аляксандрам Сурыкавым, гэтая гісторыя вельмі падобная да канфлікту інтарэсаў Масквы і Мінска.

“Кітайскі Caterpillar” дапамагае беларускаму МАЗу

Мінск, безумоўна, можа пахваліцца некаторымі дасягненнямі ў супрацоўніцтве з Пекінам. Пералічваючы нядаўнія эканамічныя дасягненні беларуска-кітайскіх стасункаў 15 красавіка, беларускі віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка адзначыў будаўніцтва трох цэментных заводаў (агульны аб’ём інвестыцый — $1,5 млрд), дзве электрастанцыі ($800 млн), і аўтамабілебудаўнічае сумеснае прадпрыемства BelGee ($360 млн), рэалізаванае з удзелам кітайскай аўтамабільнай кампаніі Geely, што хутка мае быць запушчанае.

Праект “Вялікі камень”, хоць і павольна, але таксама развіваецца. 15 красавіка ў парку пачалося будаўніцтва завода для кітайскай карпарацыі Zoomlion коштам $45млн. Zoomlion — гэта вялікая кітайская кампанія па вытворчасці будаўнічай тэхнікі і санітарнага абсталявання, ці, як выказаўся пра яе Financial Times, «кітайскі адказ Caterpillar”.

Zoomlion ўжо стварыў сумеснае прадпрыемства з беларускім МАЗам, і кампаніі плануюць усталяваць кітайскае абсталяванне і машыны на шасі беларускага МАЗа. Кітайцы плануюць стварыць дзве вытворчыя пляцоўкі ў краіне: у “Вялікім камяні” і на існуючым заводзе ў Магілёве.

Супрацоўніцтва з Кітаем застаецца праблемай для беларускага ўрада. На пачатку 2010-х гадоў некаторыя апазіцыйныя дзеячы, эксперты, а таксама розныя крыніцы СМІ рабілі змрочныя прагнозы аб магчымым наплыве кітайцаў у Беларусь праз праект “Вялікі камень”. Яны апынуліся беспадстаўнымі, бо парк, як і многія іншыя беларуска-кітайскія прадпрыемствы, маюць процілеглую праблему: адсутнасць цікавасці з боку Кітая.

Палітычныя адносіны аказалася цяжка перавесці ў эканамічнае супрацоўніцтва. Супрацоўнічаючы з Кітаем, Мінск можа прасоўваць сваю мадэль нейтралітэту пад маскай шматвектарнай замежнай палітыкі, але беларуская эканоміка ўстанаўлівае абмежаванні на магчымасці гэтай палітыкі. І менавіта ў беларускай эканоміцы кітайцы сумняюцца найбольш. Мінск спадзяецца, што ў будучыні, калі Кітай стане сусветнай дзяржавай, гэта праблема вырашыцца.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *