Інвестыцыі ў Беларусь: гісторыя літоўскіх бізнесоўцаў

NOCBELARUS

Пакуль ўрады Беларусі і Літвы спрачаюцца вакол будаўніцтва Астравецкай АЭС, літоўскія інвестары ў Беларусі працягваюць працаваць у нармальным рэжыме. Літоўскія бізнесмены сталі найбуйнейшымі заходнімі інвестарамі ў Беларусі, уклаўшы больш за €80 млн у эканоміку краіны ў 2015 годзе.

Літоўскія інвестыцыі застаюцца на высокім узроўні, хоць некаторыя кампаніі і адмовіліся ад сваіх праектаў з-за беларускага эканамічнага крызісу. Да таго ж, кепская палітычная рэпутацыя беларускіх уладаў да гэтага часу адпалохвае заходніх інвестараў.

Пазнаёмцеся з Літвой, найбуйнейшым заходнім інвестарам у Беларусі

Здаецца, што Беларусь ніколі не карысталася добрай рэпутацыяй сярод замежных інвестараў. У той час як чыноўнікі працягваюць паўтараць пра неабходнасць прыцягнення замежных інвестыцый, інвестыцыйныя паказчыкі застаюцца на нізкім узроўні. Калі ў 2013 годзе Беларусь атрымала $2,1 млрд прамых замежных інвестыцый, то за першыя шэсць месяцаў 2016 года было прыцягнута толькі $950 млн.

У снежні 2016 года пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды апублікаваў артыкул, у якім сцвярджае, што замежныя інвестары бягуць з Беларусі, і ўрад павінен змяніць сваё стаўленне да інвестараў. Раней Руды працаваў эканамічным дарадцам прэзідэнта, і застаецца адным з нешматлікіх чыноўнікаў рэжыму Лукашэнкі, якія займаюць адкрыта рэфармісцкія пазіцыі.

Паводле афіцыйных дадзеных, больш за 60% інвестыцый у Беларусь ідзе з Расіі і Кіпра, дзе многія расійскія і беларускія прадпрымальнікі рэгіструюць свае прадпрыемствы. Такім чынам, за выключэннем Расіі і Кіпра, Літва з’яўляецца асноўным замежным інвестарам у Беларусі, інвестуючы больш, чым галандскія, эстонскія і аўстрыйскія кампаніі разам.

Паводле Рудага, у 2011-2015 гадах на пяць найбуйнейшых інвестараў (такіх як аўстрыйскі Kronospan і галандскі Heineken) прыходзілася больш за 40% ад агульнага аб’ёму інвестыцый. Гэта таксама падкрэслівае ролю Літвы: інвестыцыі адтуль не абавязкова вялікія, але ідуць з многіх крыніцаў, што сведчыць пра доўгатэрміновую, а не сітуацыйную цікавасць. Беларусь і Літва ўжо правялі 12 двухбаковых эканамічных форумаў.

Структура літоўскіх інвестыцый у Беларусь

Для літоўскіх прадпрымальнікаў Беларусь — не самы горшы варыянт для інвестыцый, бо яны разумеюць беларускую культуру і менталітэт. Як заявіў у 2016 годзе былы амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус, “вольныя нішы ў эканоміцы Беларусі прыцягваюць літоўскі бізнес”. Акрамя таго, літоўскі ўнутраны рынак мае даволі абмежаваную аб’ём (3 млн чалавек). Гэта толькі на 50% больш, чым рынак горада Мінска (2 млн). Варта адзначыць, што Мінск ёсць найбліжэйшым горадам да Вільні, якая мае больш за адзін мільён чалавек насельніцтва.

Больш за тое, як адзначыў для ostro.by літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс, «з-за тэхнічных рэгламентаў ЕС значна зручней адкрыць завод у Беларусі, чым ў Літве, не кажучы ўжо пра больш танную працоўную сілу. Геаграфічная блізкасць і гістарычныя сувязі таксама гуляюць важную ролю.”

У 2013 годзе яшчэ адзін літоўскі палітолаг (а цяпер дэпутат) Лаўрынас Кашчунас сказаў, што “кожны другі багаты літовец мае бізнэс у Беларусі”. Гэта, здаецца, сапраўды так: у Беларусі налічваецца 500 прадпрыемстваў з літоўскім капіталам. Самыя буйныя інвестыцыі сканцэнтраваныя ў некалькіх абласцях.

Гандаль. Літоўскія кампаніі валодаюць сеткай гандлю будаўнічымі матэрыяламі OMA, у якой працуюць каля трох тысяч чалавек, а таксама прадуктовай сеткай Mart Inn, вядомай частым выкарыстаннем беларускай мовы ў сваіх крамах.

Дрэваапрацоўка. Літоўскія кампаніі SBA і Vakaru Medienos Grupe вырабляюць у Беларусі мэблю, у тым ліку для Ikea. Vakaru Medienos Grupe ў цяперашні час працуе ў трох гарадах Беларусі: Магілёве, Барысаве і Лагойску, у той час як SBA працуе толькі ў Магілёве.

Харчовыя прадукты. Дзве даччыныя кампаніі Arvi ir Ko займаюцца гадоўляй індыкоў; яны таксама валодаюць заводам па перапрацоўцы адходаў жывёлагадоўлі ў Гродзенскай вобласці. Уладальнік KG Group Таўтвідас Баршціс вырабляе кармавыя дабаўкі. Паводле інфармацыі на сайце кампаніі, у 2015 годзе яна прадала сваёй прадукцыі на суму каля $15 млн.

Энергетыка. Modus Grupe, у дадатак да продажу аўтатранспартных сродкаў і стварэння аўтастаянак, распрацоўвае альтэрнатыўныя крыніцы энергіі ў Беларусі. У 2016 годзе яна запусціла адну з найбуйнейшых сонечных электрастанцый ва Усходняй Еўропе. Аднак, паводле інфармацыі, атрыманай ostro.by, абедзве краіны ў цяперашні час пераглядаюць сваё супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі з-за канфлікту вакол Астравецкай АЭС, і могуць згарнуць усе праекты ў гэтай галіне.

Сонечная электрастанцыя каля Мядзеля

Сонечная электрастанцыя каля Мядзеля. Фота: tut.by

Нягледзячы на ​​актыўнасць літоўскага бізнесу, не ўсе інвестыцыйныя праекты сталі рэальнасцю. У мінулым годзе кампанія Oil Pack Invest адхіліла ідэю будаўніцтва завода па перапрацоўцы адходаў у Бабруйску, а кампанія Vicunai адмовілася ад стварэння рыбаперапрацоўчага завода пад Мінскам.

Перашкоды на шляху літоўскіх інвестыцый

Не выклікае здзіўлення, што бізнес не хоча ўкладаць грошы ў краіну, дзе трэці год цягнецца рэцэсія. Аднак некаторыя прадпрыемствы асцерагаюцца не толькі эканамічнага крызісу, але і ціску з боку ўладаў.

У красавіку 2016 года кіраўнік Літоўскай канфедэрацыі працадаўцаў Данас Арлаўскас паведаміў агенцтву навінаў Delfi, што “Беларусь застаецца своеасаблівым рынкам — без ўхвалы і падтрымкі з боку ўладаў там можна шмат страціць.” Замежныя інвестары мусяць шукаць падыходы да ўладаў краіны, якая займае 107-е месца ў Індэксе ўспрымання карупцыі Transparency International. Па словах Віціса Юрконіса, “непрадказальныя рашэнні афіцыйнага Мінска, у выніку якіх некаторыя прадпрымальнікі (або іх адвакаты) трапляюць у турму без належнага судовага працэсу, або інвестыцыі проста «знікаюць», па-ранейшаму з’яўляюцца істотнай перашкодай для інвестараў.

Акрамя таго, літоўскія прадпрымальнікі асцерагаюцца быць уцягнутымі ў палітычныя гульні. Згодна з інфармацыяй, апублікаванай польскім Цэнтрам усходніх даследаванняў (OSW), у 2012 годзе адміністрацыя прэзідэнта Беларусі выклікала замежных інвестараў, каб давесці ім, што яны павінны выступаць супраць санкцый у дачыненні да Беларусі, у адваротным выпадку беларускія ўлады ўскладняць іх дзейнасць у краіне.

Нягледзячы на ​​тое, што беларуска-еўрапейскія адносіны палепшыліся, беларуска-літоўскія адносіны наадварот сталі пагаршацца. Урады краінаў канфліктуюць з-за АЭС, што будуецца ў Беларусі, таму двухбаковым эканамічным форумам бракуе ранейшай падтрымкі беларускіх і літоўскіх уладаў.

У той час як у 2013 і 2014 гадах прэм’ер-міністры абедзвюх краінаў прынялі ўдзел у беларуска-літоўскіх эканамічных форумах, у 2015 і 2016 гадах ўзровень прадстаўніцтва дзяржаўных чыноўнікаў знізіўся. Беларускую дэлегацыю ў 2016 годзе ўзначаліў намеснік міністра эканомікі. Гэтыя змены адбыліся, напэўна, не толькі з-за сутыкнення па Астраўцы, але і з-за кадравых зменаў у арганізатара форуму  — Канфедэрацыі прамыслоўцаў Літвы. Яна страціла шэраг людзей, звязаных з яго папярэднім прэзідэнтам Браніславасам Лубісам, які меў значны палітычны ўплыў.

У выніку, літоўскія прадпрымальнікі страцілі рычагі, створаныя добрымі адносінамі паміж урадамі Беларусі і Літвы. У цяперашні час яны выкарыстоўваюць міжнародныя фінансавыя ўстановы ў якасці інструмента бяспекі сваіх інвестыцыяў. Напрыклад, Modus Group супрацоўнічае з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, які даў кампаніі крэдыт на будаўніцтва сонечнай электрастанцыі. Такім чынам, калі беларускія ўлады аказалі б ціск на Modus Group, яна таксама стварылі б  напружанасць у адносінах з ЕБРР.

Усё гэта паказвае, што існуе недахоп даверу паміж літоўскімі прадпрымальнікамі і беларускімі ўладамі. Тым не менш, “знешнія фактары і рыторыка, і нават так званыя абмежавальныя меры вельмі рэдка гуляюць тут ролю”, кажа Віціс Юрконіс, “бізнесмены робяць і будуць рабіць бізнес нягледзячы на ​​палітычны клімат.” Нават з улікам усіх праблемаў, Беларусь застаецца прывабным месцам для літоўскіх прадпрымальнікаў.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *