Хто атрымлівае афіцыйныя ўзнагароды ад Лукашэнкі? Аналіз апошніх двух дзесяцігоддзяў

Ордэн "Герой Беларусі". Фота: newsgomel.by

9 студзеня Аляксандр Лукашэнка правёў штогадовую цырымонію ўручэння прэміяў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэтыя прэміі прызначаюцца за значныя вынікі ў творчай, культурна-асветніцкай, навуковай, педагагічнай, спартыўнай дзейнасці, якія атрымалі шырокае грамадскае прызнанне.

За апошнія два дзесяцігоддзі асабістыя інтарэсы і захапленні прэзідэнта, такія як сельская гаспадарка і хакей, часта вызначалі, хто атрымлівае дзяржаўныя ўзнагароды. Сярод замежных грамадзянаў высокія ўзнагароды ў асноўным атрымлівалі грамадзяне Расіі, як правіла са складу кіроўнай эліты.

Апроч таго, урад прысуджае ўзнагароды толькі работнікам дзяржаўных устаноў, а ўнёсак беларускай грамадзянскай супольнасці ў развіццё краіны застаецца непрызнаным.

Дзяржаўныя ўзнагароды атрымліваюць няшмат увагі ў асяроддзі беларускім экспертнай супольнасці, таму Ostro.by прапануе кароткі аналіз асноўных лаўрэатаў на працягу двух дзесяцігоддзяў і выяўляе недахопы палітыкі ўзнагароджання ў Беларусі.

Лукашэнка — галоўны прысуджальнік узнагародаў

Беларусь прытрымліваецца савецкай традыцыі ў іерархіі ўзнагародаў. Ордэн з’яўляецца вышэйшай формай ўзнагароды, за ім ідуць медалі і ганаровыя званні. Дзяржаўныя прэміі і Прэзідэнцкія прэміі — яшчэ адзін від ўзнагароды. Яны даюцца за дасягненні ў галіне навукі, літаратуры і мастацтва, спорту і духоўнай сферы. Па-над усімі стаіць “Герой Беларусі” — найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода краіны.

Лукашэнка ўручае прэмію за духоўнае адраджэнне 9 студзеня 2018 года. Фота: president.gov.by

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь прадастаўленне дзяржаўных узнагародаў з’яўляецца адным з абавязкаў прэзідэнта. Цырымоніі ўзнагароджання займаюць асобную катэгорыю на афіцыйным сайце прэзідэнта Беларусі і шырока прадстаўленыя ў афіцыйных СМІ. Лукашэнка звычайна выступае з прамовамі на кожнай цырымоніі ўзнагароджання і тлумачыць важнасць дзейнасці пэўных лаўрэатаў для беларускай дзяржавы.

Герой Беларусі — найвышэйшая ўзнагарода

“Герой Беларусі” — найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода ў краіне. Гэта званне даецца за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам, звязаныя з подзвігам у імя свабоды, незалежнасці і росквіту краіны. Званне было ўпершыню прысуджана (пасмяротна) ў 1996 годзе падпалкоўніку Уладзіміру Карвату, які прадухіліў падзенне самалёта на вёску.

На сёння 11 чалавек маюць званне Героя Беларусі. Чацьвёра атрымалі яго за ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі. Па прычыне вясковага паходжання і працы на пасадзе старшыні калгаса ў мінулым, Лукашэнка заўсёды надаваў сельскай гаспадарцы асаблівую ўвагу. Тры іншых ўладальніка Героя Беларусі працавалі ў прамысловасці, па адным у сферы рэлігіі, спорту, культуры і авіяцыі. Апошнім чалавекам, які атрымаў Героя Беларусі, была Дар’я Домрачава, якая выйграла тры залатыя медалі на Алімпійскіх гульнях у Сочы ў 2014 годзе.

Дар’я Домрачава атрымлівае Героя Беларусі. Фота: by24.org

“Ордэн Айчыны” — другая па значнасці ўзнагарода ў Беларусі. Яе маюць тры чалавекі – двое са сферы спорту і адзін з сельскай гаспадаркі. Варта адзначыць, што абедзве сферы з’яўляюцца вядомым захапленнем Лукашэнкі. “Ордэн Вайсковай Славы”- трэцяя вышэйшая ўзнагарода ў Беларусі. Яго мае толькі адзін чалавек – Леанід Мальцаў, які служыў на самых высокіх ваенных пасадах на працягу большай часткі палітычнай кар’еры Лукашэнкі.

У Беларусі таксама прысуджаецца шэраг іншых ордэнаў у розных сферах. Да іх належаць Ордэн Працоўнай Славы, За Службу Радзіме, За Асабістую Мужнасьць, Ордэн Дружбы Народаў, Ордэн Пашаны, Ордэн Францыска Скарыны, Ордэн Маці.

Ордэн Дружбы Народаў як інструмент знешняй палітыкі

Ордэн Дружбы Народаў уяўляе цікавы выпадак для аналізу, бо адлюстроўвае знешнепалітычныя прыярытэты Лукашэнкі. З 52 ордэнаў, прысуджаных за перыяд з 2002 года, грамадзяне Расіі атрымалі больш за палову — 29. Практычна ўсе яны з’яўляюцца вышэйшымі чыноўнікамі, большасць з якіх належаць да сілавікоў, уключаючы самога Пуціна. Кітай, другі па значнасці знешнепалітычны прыярытэт беларускага кіраўніцтва, мае і другую па велічыні колькасць ордэнаў — шэсць.

Казахстан, які з’яўляецца партнёрам Беларусі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, атрымаў тры Ордэны Дружбы Народаў. Прадстаўнікі дзевяці іншых краінаў, арганізацыяў і прыватных кампаній з’яўляюцца кавалерамі аднаго ордэна. Сярод іх — Уга Чавес, былы прэзідэнт Венесуэлы, якога Лукашэнка лічыў блізкім сябрам, і прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея з шайбай (любімага віду спорту Лукашэнкі) Рэнэ Фазелем. Гэтыя выпадкі паказваюць, што прэзідэнт Беларусі мае вырашальнае значэнне ў выбары лаўрэата ўзнагароды. Ордэн Дружбы Народаў функцыянуе як асабісты інструмент Лукашэнкі па залагоджванні высокапастаўленых замежных дзеячаў.

Ордэн Францыска Скарыны: ўсхваленне рускіх, ігнараванне іншых суседзяў

Ордэн Францыска Скарыны, названы ў гонар выбітнага сярэднявечнага кнігадрукара з Беларусі, даецца за значныя поспехi ў галiне нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, даследаваннi гiсторыi Беларусi, дасягненнi ў галiне нацыянальнай мовы, лiтаратуры, мастацтва, кнiгавыдання, культурна-асветнай дзейнасцi, а таксама прапаганды культурнай спадчыны беларускага народа. Акрамя таго, ён надаецца за асаблiвыя заслугi ў гуманiтарнай, дабрачыннай дзейнасцi, у справе абароны чалавечай годнасцi i правоў грамадзян, мiласэрнасцi i iншыя высакародныя ўчынкi.

З моманту свайго заснавання ў 2007 годзе, ордэнам былі ўзнагароджаныя больш як 200 чалавек. Пераважная большасць з іх прадстаўляюць беларускія афіцыйныя культурныя і адукацыйныя ўстановы. Сярод замежных кавалераў Ордэна Францыска Скарыны — як і ў выпадку з Ордэнам Дружбы Народаў – пераважаюць грамадзяне Расіі. Акрамя дзеячаў культуры, Лукашэнка прысуджаў ордэн былому прэзідэнту Расіі Барысу Ельцыну, мэру Масквы Юрыю Лужкову і старшыню Думы Генадзю Селязнёву.

Лукашэнка, яго сын Мікалай і расійскі поп-спявак Мікалай Баскаў. Фота: Антон Матолька

Акрамя расійскіх палітыкаў, чый унёсак у нацыянальнае адраджэнне Беларусі здаецца сумнеўным, беларускі прэзідэнт надаў Ордэн Францыска Скарыны шэрагу расійскіх поп-музыкаў, у тым ліку Філіпу Кіркораву, Мікалаю Баскаву, Надзеі Бабкінай і прадзюсару Віктару Дробышу. Падчас цырымоніі ўзнагароджання Дробыша ў кастрычніку 2015 года Лукашэнка раскрытыкаваў пісьменніцу Святлану Алексіевіч за яе “антыбеларускую рыторыку” за мяжой. Алексіевіч, першы і адзіны лаўрэат Нобелеўскай прэміі з Беларусі, да гэтага часу не ўганараваная Ордэнам Францыска Скарыны.

Іншым важным аспектам прысуджэння гэтага ордэна з’яўляецца яго выключна “дзяржаўны” характар: усе яго кавалеры паходзяць з дзяржаўных устаноў, у той час як незалежныя мастакі і актывісты застаюцца непрызнанымі ўладамі.

Усе прадстаўнікі “Заходняга свету” у спісе кавалераў Ордэнаў Скарыны атрымалі яго на дабрачыннасць, у асноўным дапамагаючы дзецям Чарнобыля. Сярод іх знакаміты французскі мадэльер П’ер Кардэн, які зрабіў свой унёсак у розныя дабрачынныя праекты ў ў Беларусі. Другі па велічыні сусед Беларусі, Украіна, атрымала толькі два ордэны. Прадстаўнікі Літвы, Латвіі і Польшчы не атрымалі ні аднаго, за выключэннем двух актывістаў беларускай меншасці ў Польшчы. Гэты факт сведчыць пра надзвычай нізкі ўзровень афіцыйнага беларускага культурнага і гуманітарнага супрацоўніцтва і сяброўства са сваімі суседзямі, за выняткам Расіі.

Беларусь павінна рэфармаваць сваю палітыку ў галіне ўзнагароджання

Гэты кароткі аналіз прэмій паказвае шэраг дыспрапорцый і недахопаў у тым, як беларускі ўрад прызнае каштоўнасць пэўных асоб для развіцця краіны. Па-першае, на гэты працэс ў значнай ступені ўплываюць асабістыя перавагі і захапленні прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Такім чынам, такія сферы як сельская гаспадарка і спорт атрымліваюць празмерную ўвагу ў параўнанні з іншымі.

Хоць Беларусь заяўляе, што ставіць у прыярэтыт дыверсіфікацыю знешняй палітыкі, самыя прэстыжныя ўзнагароды ў пераважнай большасці ідуць да расійскіх грамадзянаў са складу кіруючай эліты. Іншыя суседнія краіны застаюцца па-за ўвагай, нягледзечы на ​​працяглыя гістарычныя і культурныя сувязі з беларускім народам.

Урад аддае ўзнагароды толькі прадстаўнікам дзяржаўных устаноў. Унёсак незалежных творцаў і грамадзянскай супольнасці ў развіццё краіны застаецца непрызнаным. Гэты дысбаланс супярэчыць новаму іміджу Беларусі, які яна культывуе за мяжой у апошнія гады.

Такім чынам, дзяржаўныя ўзнагароды могуць быць індыкатарам тэндэнцый ва ўнутранай і знешняй палітыцы. Мяркуючы па іх, да гэтага часу ніякіх заўважных зменаў не адбылося, нягледзячы на новы цыкл пацяплення адносінаў з Захадам і палітыку ўмацавання незалежнасці.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *