“Горы смецця, бачныя з космасу”: кіраванне адкідамі ў Беларусі

У кастрычніку гэтага года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся на “бачныя з космасу горы смецця ў Беларусі”. Адзначыўшы асаблівую праблему з назапашваннем смецця ў сталіцы, прэзідэнт заклікаў да распрацоўкі новых доўгатэрміновых падыходаў да кіравання адкідамі.

Штогод у Беларусі вырабляецца амаль 4 мільёны тонаў цвёрдых бытавых адкідаў. У 2016 годзе краіна пахавала 84% ад іх на палігонах, перапрацаваўшы толькі каля 16% ад усяго аб’ёму. Гэты паказчык набліжаецца да ўзроўню перапрацоўкі ў ЕС, але эфектыўнае сартаванне асобных матэрыялаў моцна адстае ад еўрапейскага.

Большая частка беларускага смецця адпраўляецца на перагружаныя палігоны. Дзіўна, але прыватныя беларускія прадпрыемствы па перапрацоўцы адкідаў вымушаныя імпартаваць іх з-за мяжы, каб працаваць на поўную магутнасць. Гэта звязана з тым, што беларускія жыллёва-камунальныя службы не хочуць адмаўляцца ад манаполіі на збор смецця.

Тэндэнцыі перапрацоўкі

У апошнія гады Беларусь зрабіла захады па развіцці эканомікі з нулявымі адкідамі. З 2015 года кампанія Target99 актыўна прасоўвае сартаванне смецця з мэтай максімізацыі яго перапрацоўкі. У 2012 годзе Беларусь перапрацавала толькі 10% адкідаў, а ў 2015 годзе гэты паказчык вырас да 15,6%.

Перапрацоўка адкідаў у Беларусі і ЕС. Крыніца: tut.by

Паводле Наталлі Грынцэвіч, дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства “Аператар другасных рэсурсаў”, айчынныя паказчыкі традыцыйнай перапрацоўкі набліжаюцца да еўрапейскіх. Аднак у Беларусі па-ранейшаму не ўкараняецца больш шырокі спектр метадаў працы з адкідамі, напрыклад кампаставанне арганічных адкідаў і выкарыстанне цвёрдых адкідаў у якасці паліва на электрастанцыях.

У цяперашні час Беларусь сартуе цвёрдыя адкіды на чатыры групы: паперу, пластык, шкло і ўсё іншае. Аднак прадпрыемствы не маюць магчымасці перапрацоўваць шэраг матэрыялаў. Напрыклад, тут немагчыма перапрацаваць адзенне або кардонныя ўпакоўкі Tetra Pak. Апошнія трапляюць на сметнік або за мяжу. Сітуацыя з адзеннем менш крытычная, бо рынкі бясплатных рэчаў, ахвяраванні і супольнасці па абмене ў Інтэрнэце прапануюць лепшую альтэрнатыву смеццевым кантэйнерам.

Добра тое, што практыка перапрацоўкі павольна расце. Напрыклад, кампанія BelVTI, якая спецыялізуецца на перапрацоўцы электрычных кампанентаў, нядаўна стала піянерам па ўтылізацыі батарэек і запусціла ўласную паслугу эка-таксі, якая бясплатна збірае абсталяванне. У будучыні Беларусь плануе ўкараніць сістэму абмену для шкляных бутэлек, ПЭТ-бутэлек і алюмініевых бляшанак. Эканамічныя стымулы, верагодна, палепшаць жаданне насельніцтва сартаваць адкіды.

У апошнія гады беларусы актыўна развіваюць экалагічныя звычкі. Паводле апытання Цэнтра экалагічных рашэнняў наконт экалагічных паводзінаў беларусаў за перыяд 1990-2015 гадоў, сёння 65-70% насельніцтва сартуюць адкіды, а яшчэ 12% хочуць пачаць гэта рабіць.

Дзяржаўная манаполія на адкіды

У Беларусі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі адказвае за ўсе віды працы з адкідамі. У 2012 годзе яно стварыла дзяржаўнае прадпрыемства “Аператар другасных рэсурсаў”, якое з’яўляецца адзіным пасярэднікам паміж кампаніямі, якія збіраюць і перапрацоўваюць адкіды.

Па словах дырэктара сартавальнай станцыі адкідаў “Заходняя” ​​Дзмітрыя Кучука, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі атрымлівае прыбытак ад манаполіі на збор і транспарціроўку адкідаў. Гэты працэс не патрабуе шмат рэсурсаў, але прыносіць дзяржаве стабільны даход.

Міністэрства ЖКГ як адзіны пастаўшчык не мае стымулаў для мінімізацыі сваіх выдаткаў, затое мае права на дадатковыя субсідыі з боку мясцовых уладаў. Гэта прыводзіць да абмежавальных умоў для прыватнага бізнесу і, у канчатковым выніку, нават да шкоды навакольнаму асяроддзю.

У 2015-2016 гадах прыватная кампанія EcoFlekS распачала канфлікт з мясцовымі ўладамі Оршы з-за адкідаў. EcoFlekS хацела сабраць ПЭТ-бутэлькі з мясцовага палігона. Мясцовыя ўлады адмовіліся даць дазвол, баючыся, што прыватны пастаўшчык другасных матэрыялаў стане канкураваць з дзяржаўным сартавальным прадпрыемствам. Аднак у выніку амаль 95% усіх пластыкавых бутэлек у Оршы засталіся на палігоне.

Фота: tut.by

Як паведамляе greenbelarus.by, наступнае злучво ў ланцужку — найбуйнейшая ў Беларусі кампанія па перапрацоўцы ПЭТ-бутэлек RePlus-M — магла б працаваць эфектыўней пры лепшым забеспячэнні сыравінай. На працягу 12 гадоў кампанія з аўстрыйскімі інвестыцыямі намагаецца працаваць на поўную магутнасць, але ўлады Беларусі не хочуць адмаўляцца ад сваёй манаполіі на збор смецця. RePlus-M вымушана імпартаваць каля 30-40% пластыкавых адкідаў з-за мяжы.

Супрацоўніцтва з замежнымі інвестарамі па-ранейшаму ідзе марудна. У 2010 годзе мясцовыя ўлады Мінска падпісалі пагадненне з нямецкай кампаніяй Remondis аб стварэнні сумеснай смеццеперапрацоўчай кампаніі Remondis Minsk. Яна стала першым ініцыятарам партнёрства паміж дзяржаўным і прыватным сектарамі ў кіраванні адкідамі, але на працягу некалькіх гадоў яе задачы абмяжоўваліся зборам і транспарціроўкай адкідаў. Толькі ў 2017 годзе Remondis нарэшце абвясціла пра планы адкрыць завод па перапрацоўцы біяраскладальных рэчаў і будаўнічых адкідаў пад Мінскам.

Перапацоўка або спальванне

Існуючыя сартавальныя і перапрацоўчыя прадпрыемствы Беларусі не маюць неабходных магутнасцяў для перапрацоўкі бягучага ўзроўню вытворчасці адкідаў. Таму вялікая частка смецця ідзе на палігон.

У кастрычніку 2017 года, выступаючы на ​​Рэспубліканскім семінары па развіцці камунальных і жыллёвых паслуг, беларускі прэзідэнт звярнуўся да неабходнасці мадэрнізацыі палігонаў і вывучэння новых спосабаў кіравання адкідамі, уключаючы перапрацоўку і спальванне для задавальнення энергетычных патрэбаў. Больш за 90% смеццевых палігонаў ў Беларусі былі пабудаваныя ў савецкія часы. Неўзабаве будзе дасягнута максімальны тэрмін дзеяння, і іх далейшае выкарыстанне стане небяспечным.

На аб’екце сартавання адкідаў пад Мінскам. Фота: svaboda.org

У нацыянальнай стратэгіі кіравання цвёрдымі бытавымі адкідамі і другаснымі матэрыяламі, прынятай ў 2016 годзе на перыяд да 2035 года, выкладзеныя прыярытэты кіравання адкідамі ў Беларусі. Асноўная ўвага ў дакуменце надаецца стварэнню сістэмы вяртання грошай за тару, закрыццю смеццеправодаў у жылых будынках і ўкараненню схем кампаставання. У Беларусі таксама ёсць планы па стварэнні вытворчасці паліва з адкідаў і будаўніцтва першай ўстаноўкі па спальванні смецця пад Мінскам.

Аднак эксперты папярэджваюць, што ўстаноўка для спальвання можа прывесці да дадатковага забруджвання і высокіх эксплуатацыйных выдаткаў. Па словах прадстаўніка Грынпіс Расіі Аляксея Кісялёва, Беларусь адстае ад ЕЗ па сартаванні адкідаў, што азначае больш высокую верагоднасць таго, што таксічныя або небяспечныя часціны адкідаў будуць спаленыя або стануць часткай паліва на аснове смецця.

Таму інвеставанне ў змяншэнне адкідаў, заахвочванне экалагічных паводзінаў і лібералізацыю працэсаў перапрацоўкі з’яўляецца больш устойлівай альтэрнатывай. Каб забяспечыць эфектыўную перапрацоўку, Беларусі трэба спыніць пратэкцыянізм дзяржаўных устаноў па кіраванні адкідамі і ліквідаваць абмежавальныя правілы для прыватнага бізнесу. Гэты крок забяспечыць сумленную канкурэнцыю, больш якасныя паслугі і меншую шкоду наваколлю.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *