ЕС і Беларусь: спяшацца не варта

Пасля прэзідэнцкіх выбараў у кастрычніку 2015 года Беларусь рыхтуецца да парламенцкіх выбараў 11 верасня, але спадзявацца на павышэнне іх дэмакратычнасці не выпадае.

Негледзячы на аўтарытарызм, Беларусь з’яўляецца адначасова функцыянальнай дзяржавай і грамадствам. Еўрасаюз вучыцца жыць з гэтай рэальнасцю з-за канфлікту на сваіх усходніх межах, адсутнасці надзейных палітычных саюзнікаў у Беларусі, а таксама намаганняў Мінска па зніжэнні геапалітычнай напружанасці і правядзенні больш гнуткага дыялогу з Захадам.

Беларусь засталася адзінай краінай Усходняга партнёрства, што захавала тэрытарыяльную непарушнасць. Улічваючы палітычную турбулентнасць ва Украіне і Малдове, Беларусь можа таксама стаць адзінай краінай Усходняга партнёрства, дзе няма палітычных вязняў. Украінскі крызіс і новыя амбіцыі Расіі паставілі рэпрэсіўную, але працадольную беларускую  дзяржаву ў новую сітуацыю.

Але беларуская стабільнасць можа абрынуцца, калі геапалітычная сітуацыя ў рэгіёне працягне награвацца. Не маючы вытанчанай стратэгіі на заходнім накірунку, Лукашэнка, які заўсёды быў спрытным на манёўры, гэтым разам можа быць не ў стане супраціўляцца ўплыву Расіі. Палітыка ЕС не павінна ахвяраваць дэмакратыяй дзеля бяспекі. У той жа час, дэмакратыю ў Беларусі варта разглядаць як канчатковую мэту, а не ультыматум, які вызначае ўзаемаадносіны.

Традыцыяналісцкая рэвалюцыя: інстытуцыйная стабільнасць

Палітычнае даўгалецце Лукашэнкі  выцякае з дзвюх крыніц: інстытуцыйнай стабільнасці і сяброўства з Расіяй.

Пасля свайго абрання ў 1994 годзе Лукашэнка наноў усталяваў цэнтралізаваную сістэму, палітыка, працэдуры і сімвалы якой нагадвалі былы Савецкі Саюз. Саюз паміж бюракратамі савецкай эпохі і прагнымі да ўлады новымі прыхільнікамі Лукашэнкі прывёў да кансалідацыі ўлады і цэнтралізацыі дзяржаўных інстытутаў. Гэта эліта адносна паспяхова кіравала краінай на аснове прыймальнай для беларусаў грамадскай дамовы.

Майстэрства Лукашэнкі ў справе выцягвання грошай з Расіі за статус Беларусі як адзінага «сапраўднага» саюзніка ўмацоўвала яго рэжым. У той жа час гэта расчароўвала ЕС і рабіла марнымі яго намаганні ўсталяваць паўсюль аднолькавую дэмакратыю ў стылі канца гісторыі. Сёння сумнавядомая беларуская «вертыкаль улады», магчыма,  раздражняе Расію больш, чым Захад. Але гэта не павінна уводзіць ЕС у зман.

Расія і Беларусь: ўзаемная ўразлівасць

Беларусь з’яўляецца краінай, дзе мяккая сіла Расіі працуе найбольш эфектыўна. Беларусь мае з Расіяй агульныя СМІ і сферу культуры, рускую мову і праваслаўную царкву, таксама тут назіраецца значная прысутнасць расійскіх банкаў. Спецыльныя службы, праваахоўныя органы і ўзброеныя сілы дзвюх краінаў звязваюць шчыльныя сувязі. Акрамя таго, вядомымі фактарамі застаюцца амаль поўная залежнасць Беларусі ад расійскіх энергарэсурсаў і адсутнасць межаў паміж краінамі. Расійскае пачуццё экзістэнцыяльнай пагрозы, вайсковая самаўпэўненасць, якая вынікае з канфліктаў ва Украіне і Сірыі, эфектыўныя сродкі масавай інфармацыі, і прасоўванне «Рускага свету» ствараюць новыя рызыкі для Беларусі.

Верагодна, што Расія памалу губляе цярпенне у стасунках з Беларуссю. Краіны Балтыі пачалі турбавацца пра Беларусь, хаця раней былі больш заклапочаныя Расіяй. Апошняя ацэнка пагрозаў для Літвы, напрыклад, неаднаразова згадвае Беларусь, у той час як ў выданні 2014 года яна амаль не згадвалася. Ні адно з трох нядаўна абвешчаных разгортванняў войскаў Расіі не будзе размешчана каля межаў балтыйскіх краінаў, але адно з іх узнікае на мяжы з Беларуссю.

Што да сумесных абаронных патрэбаў, у тым ліку супрацьпаветранай абароны, Беларусь рэгулярна прасіла Расію зрабіць унёсак у свае абаронныя сілы. Аднак гэты расійскі ўнёсак ваеннай тэхнікі альбо рэгулярна затрымліваецца, альбо прыходзіць у выглядзе састарэлых мадэляў. Гучна абвешчаны праект ваеннай авіябазы Расіі ў Беларусі быў паціху скасаваны.

У той жа час, Беларусь паспрабавала стварыць «стратэгічнае» ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з Кітаем і Украінай ды выпусціла сваю ўласную сістэму залпавага агню “Паланез”.

У лютым 2016 года ўрад абнавіў ваенную дактрыну Беларусі, якая ўзнікла яшчэ ў 2001 годзе. Абнаўленне было скіраванае не на звычайную вайну, а на гібрыдную, якая ўключае тэрарызм і (палітычную) экстрэмісцкую дзейнасць. Мінск ўсведамляе, што Захад больш не імкнецца здейсніць рэвалюцыі ў сваім наваколлі. Але ў той жа час Беларусь не можа дазволіць сабе выразную палітычную пераарыентацыю.

Кантраляваны капіталізм: інстытуцыйная нестабільнасць

Беларуская эканоміка перажывае цяжкасці на працягу многіх гадоў. Інфляцыя расце, а рэальныя даходы рэзка падаюць. Урад няспынна ўводзіць новыя падаткі, якія часам дасягаюць абсурду — адным з прыкладаў з’яўляецца падатак на дармаедства. Эканамічная палітыка ўладаў не можа павялічыць даходы бюджэту, ігнаруе відавочныя праблемы (напрыклад, праблемныя дзяржаўныя прадпрыемствы), і настройвае супраць сябе насельніцтва.

Тым не менш, палітычная апазіцыя краіны, што існуе ў надзвычай складаных умовах, за чатыры месяцы да парламенцкіх выбараў здолела  сфармаваць толькі некалькі дрэнна ўзгодненых спісаў кандыдатаў.

Больш сур’ёзны выклік для правядзення рэформаў знаходзіцца ўнутры краіны ў асобе старых урадавых чыноўнікаў і “сілавікоў”. Эканамічныя змены, падрыхтаваныя купкай рэфарматараў, скіраваныя на пераход краіны ад планавай эканомікі да рэгуляванай. Але нават такія паступовыя змены будуць пазбаўляць чыноўнікаў права вета і змяншаць іх свавольства. На такія перамены ўдзельнікі неасавецкай іерархіі ўлады ў Беларусі не згодныя.

Цьмяны эпізод нядаўняга арышту бізнэсоўца Юрыя Чыжа падкрэслівае патэнцыял ўнутрыэлітнай барацьбы. Гэты арышт і ўдзел КДБ у ім паказвае на тое, што механізмы ўлады ў краіне могуць быць менш цэнтралізаванымі, чым звычайна мяркуецца.

Паводле іншай версіі, Чыж збанкрутаваў кампанію, нефармальным акцыянерам якой была сям’я Лукашэнкі. Незалежна ад сапраўдных прычынаў, непразрыстыя, нефармальныя і адвольныя правілы гульні падкрэсліваюць той факт, што ў рэформах у першую чаргу павінна быць зацікаўленая Беларусь, а не Захад.

Асуджаныя на дыялог

Паколькі Захад не прапануе ніякіх сур’ёзных стымулаў Беларусі, а Расія пасля анэксіі Крыма ўяўляе пэўную пагрозу, Еўрасаюз у значнай ступені асуджаны на дыялог з Беларуссю. Пасля 20 гадоў супрацьстаяння Захад павінен перш за ўсё пабудаваць давер на аснове агульных інтарэсаў, каб паменшыць супраціў рэформам унутры Беларусі.

Хоць ідэя пастаяннай базы НАТА і выглядае прывабна для краінаў Балтыі, але яна  падштурхне Расію да большага ціску на Беларусь з мэтай разгарнуць расійскую ваенную базу на яе тэрыторыі. Гэты сцэнар не будзе спрыяць стрымліванню, а хутчэй прывядзе да павелічэння рызыкі канфлікту і падпарадкавання Расіяй Беларусі.

Для Польшчы і Літвы адносіны з Беларуссю павінны заняць вышэйшае месца ў  прыярытэтах знешняй палітыкі. Таму паездка польскага міністра замежных спраў Вашчыкоўскага ў Мінск ў сакавіку 2016 года з’яўляецца крокам у правільным кірунку.

Ані Брусэль, ані Мінск не імкнуцца да інтэграцыі, а большасць насельніцтва Беларусі не праяўляе жадання ўвайсці ў ЕС. Тым не менш, Беларусь павольна паварочваецца да Захаду: яна мае патрэбу ў тэхналогіях для правяздення наспелай эканамічнай мадэрнізацыі.

Палітыка ЕС у дачыненні да Беларусі ўжо ўключае ў сябе больш актыўнае ўзаемадзеянне з урадам. Гэтая палітыка праводзіцца асцярожна і мае доўгатэрміновую мэту дапамагчы зрабіць нефармальны працэс прыняцця рашэнняў у Беларусі больш празрыстым. ЕС ужо замацоўвае свае пазіцыі ў сферы адукацыі. Яму варта таксама памалу прасоўваць структурныя рэформы, але зважаць на прынцыпы сацыяльнай эканомікі і патрэбу мадэрнізацыі беларускай прамысловасці.

Такі дыялог можа забяспечыць супольную базу інтарэсаў, але пытанне дэмакратычных выбараў не варта пакідаць убаку. Гішпанская мадэль транзіту можа прыдацца ў выпадку Беларусі: дэмакратыя можа стаць канчатковым вынікам, нават калі яна не была дэклараваная напачатку пераходнага працэсу.

Успрыманне Расіяй падобных дзеянняў Захаду як замаху на яе жыццёвыя інтарэсы можа прывесці да небяспечнай сітуацыі, асабліва пры наяўнасці драматычных падзей накшталт украінскіх. Улічваючы геапалітычную адчувальнасць Масквы ў дачыненні да Беларусі як свайго апошняга саюзніка і злучнік з Калінінградскім анклавам, ў выпадку Беларусі каталізатар для агрэсіі можа спрацаваць у значна меншым маштабе, чым украінскі Майдан.

Лукашэнка будзе імкнуцца задаволіць абодва бакі. Але яго манеўраванне абмежаванае ўнутранымі эканамічнымі праблемамі, супраціўленнем рэформам і дамінаваннем Расіі. Цяпер справа за Еўрасаюзам. Ён павінен прадэманстраваць сваю прынцыповую гнуткасць у развіцці адносінаў з Беларуссю для ўмацавання як мясцовай дэмакратыі, гэтак і рэгіянальнай стабільнасці.

Балаш Ярабік і Алена Кудзько

Балаш Ярабік — запрошаны навуковы супрацоўнік Фонду Карнегі.

Алена Кудзько — навуковы супрацоўнік Інстытута палітыкі Globsec.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *