Дзяржаўнае кіраванне ў Беларусі: гісторыя непрацаздольнасці

29 сакавіка Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную ўступленню Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА). Беларусь мае статус назіральніка ў гэтай арганізацыі з 1993 года, і кожныя некалькі гадоў аб’яўляе, што паскорыць працэс далучэння.

Аднак з-за адсутнасці эканамічных рэформаў у Беларусі гэта мэта  застаецца недасягальнай. На сакавіцкай нарадзе прагучаў заклік паскорыць далучэнне, але ён таксама паслужыў ўрачыстым нагадваннем пра тое, што Беларусь можа наогул ніколі не ўвайсці у СГА.

Уступленне ў СГА  — толькі адно з многіх пытанняў, з вырашэннем якога беларускія ўлады змагаюцца дзесяцігоддзямі без відавочнага выніку.

Вядома, Беларусь як краіна дамаглася пэўнага прагрэсу. Пры наведванні Мінска многія замежнікі адзначаюць, што беларуская сталіца не адрозніваецца ад іншых сталіц Усходняй Еўропы. Тут можна паабедаць у добрым рэстаране, наведаць мастацкую галерэю і выклікаць Uber, каб вярнуцца ў камфартабельны гатэль.

Горад падыходзіць для эканомікі з сярэднім узроўнем даходу, нягледзячы на ​​аўтарытарызм. У параўнанні з ўсё больш праблемнымі постсавецкімі суседзямі — Расіяй і Украінай — Беларусь выглядае як частка Еўропы.

Аднак калі гаворка ідзе пра дзяржаўнае кіраванне, Беларусь шмат у чым дэманструе такую самую непрацаздольнасць. Паводле паказчыка якасці кіравання 2014 года, дзяржаўнае кіраванне ў Беларусі мае ніжэйшы рэйтынг, чым ва Украіне і толькі крыху лепшы, чым у Расіі.

Прадпрыемствы-зомбі і забытая рэформа школы

Беларускія ўлады захавалі вялікую колькасць стратных прадпрыемстваў, якія паводле эканамічнай логікі варта было б проста спыніць. Напрыклад, стратны вытворца сінтэтычнага валакна ААТ Камволь фінансаваўся з дзяржаўнага бюджэту на працягу больш чым 15 гадоў, хаця танней было б проста зачыніць яго і выплаціць сваім супрацоўнікам заробак за 10 год.

Працэс часта мае прыярытэт над вынікам. Калі стратная кампанія працягвае працаваць, чыноўнікі могуць і надалей атрымліваць сродкі з бюджэту.

У іншым прыкладзе дзяржава ўклала больш за $ 1 млрд у мадэрнізацыю цэментнай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, але гэтыя прадпрыемствы працягваюць працаваць у  мінус. Нядаўна ільнозавод у Ляхавічах атрымаў дзяржаўныя сродкі на набыццё новага абсталявання, толькі пасля выявіўшы, што яно не адпавядае памерам будынку завода.

Многія чыноўнікі адмаўляюцца прызнаць той факт, што дзяржаўныя праграмы церпяць няўдачу незалежна ад таго, колькі фінансаў у іх ўліваецца. Па словах віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі, толькі ў 2005-2010 гадах Беларусь выдаткавала $42 млрд на адраджэнне вёскі, але выніку гэтай палітыкі дагэтуль не відаць. Даследаванне Нацыянальнай акадэміі навук паказвае, што больш за дзве траціны сельскага насельніцтва не хочуць, каб іх дзеці жылі ў вёсцы.

У хаатычнай сістэме дзяржаўнага кіравання Беларусі ніколі цалкам не зразумела, хто прымае рашэнні або як рэалізуюцца гэтыя рашэнні. Напрыклад, падчас рэформы адукацыі колькасць гадоў навучання ў школе была на кароткі час павышаная з 11 да 12 гадоў, але праз год зноў вярнулася да 11 гадоў.

У пачатку 2015 года міністр адукацыі рэкамендаваў школам выкладаць гісторыю Беларусі на беларускай мове, таму што «гаварыць пра нашу гісторыю на іншай мове няправільна», але яго прапанова не была рэалізаваная. Магчыма, гэта было выклікана нервовай рэакцыяй ў расійскіх медыя.

Хто вінаваты ў непрацаздольнасці ўрада?

Беларусь у індэксе ўспрымання карупцыі. Крыніца: Transparency International

На працягу 2000-х гадоў велізарныя расійскія энергетычныя субсідыі дапамагалі згладзіць структурныя недахопы Беларусі. Але цяпер сітуацыя змянілася — у мінулым годзе ВУП Беларусі скараціўся на 4%, і падзенне працягнулася ў 2016 годзе. Цяпер становіцца ясна, што ў адносна добрыя часы было зроблена зусім мала, каб закласці аснову для будучага ўстойлівага развіцця.

Як сказаў эканамічны дарадца Лукашэнкі Кірыл Руды, «У эканамічным планаванні палітыкі заўсёды прымаюць жаданае за сапраўднае: спадзяюцца на нечаканы рост коштаў на нафту або раптоўнае ўмацаванне расійскага рубля.» Цяперашнія ўрадавыя антыкрызісныя праграмы выглядаюць як паўтор ранейшых неэфектыўных праграмаў. Нягледзячы на ​​непамерныя паўнамоцтвы, засяроджаныя ў руках Лукашэнкі, улады застаюцца інэртнымі нават у часы крызісу.

Пры адсутнасці свабодных выбараў кіроўны клас не папаўняецца новымі тварамі, а неабраныя чыноўнікі могуць дазволіць сабе рабіць невыканальныя абяцанні. Кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў нядаўна выказаў здагадку, што беларуская эканоміка сёлета вырасце на 8-8,5%, хоць паводле агульнага меркавання спад будзе працягвацца ранейшымі тэмпамі. Нізкая якасць дзяржаўных элітаў з’яўляецца адной з асноўных прычын, чаму Беларусь у сваім цяперашнім стане практычна не мае шанцаў на светлую будучыню.

Куды прывядзе цяперашняя сістэма?

Паралізаваны ўрад зрэагаваў на рэцэсію марудна і неадэкватна, у той час як разрыў паміж адносна паспяховым Мінскам і астатняй часткай краіны павялічваецца.

Вытворчасць тэлевізараў, тысяч шт. Крыніца: Белстат.

Некаторыя прамысловыя прадпрыемствы, такія як завод па вытворчасці тэлевізараў, нядаўна зніклі пасля некалькіх гадоў марнавання дзяржаўных фінансаў, у той час як многія з яшчэ працуючых галінаў прамысловасці, такіх як машынабудаванне, нясуць страты.

Давер да ўрада моцна ўпаў. Паводле нядаўняга апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў толькі 20,6% рэспандэнтаў сказалі, што захоўваюць свае зберажэнні ў беларускіх рублях, а большасць апытаных выказала недавер галоўным дзяржаўным інстытутам.

Без рэформаў Беларусь рызыкуе змарнаваць свой эканамічны патэнцыял, бо маладое пакаленне ўжо старэе. Яна стане краінай адчаю, дзе людзі маюць нізкія заробкі, не бачаць перспектываў і з’яжджаюць за мяжу. Насамрэч, гэты працэс ужо ідзе поўным ходам.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *