Да чаго прывядзе перафарматаванне беларускай апазіцыі?

Пасля поўнамаштабнай фрагментацыі падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2015 года беларуская апазіцыя пачынае аб’ядноўвацца.

Таццяна Караткевіч, у цяперашні час даволі папулярны паводле апытанняў палітык, збірае сваіх прыхільнікаў для выхаду на парламенцкія выбары 2016 года. Правацэнтрысцкія партыі сфармавалі кааліцыю, а лідэр вулічных пратэстаў Мікалай Статкевіч спрабуе аб’яднаць іншыя апазіцыйныя групы вакол ідэі новага з’езда, які б сфармаваў адзіную стратэгіі.

Аднак недавер сярод апазіцыйных лідараў, адсутнасць людскіх рэсурсаў, палітычная апатыя насельніцтва і відавочная моц аўтарытарнага рэжыму мінімізуюць шанцы апазіцыі на поспех у бліжэйшай будучыні.

Караткевіч: самы папулярны палітык, ігнараваны апазіцыяй

Фота: TUT.BY

Кампанія “Гавары праўду” прадстаўляе ўмераны лагер беларускай апазіцыі. Яе узначальваюць два маладыя палітыкі ‒ Таццяна Караткевіч, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2015 года, і палітычны менеджэр Андрэй Дзмітрыеў.

Дзякуючы выкарыстанню мяккага палітычнага стылю, Караткевіч атрымала значную падтрымку падчас выбараў. Апытанне, праведзенае Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) пасля прэзідэнцкіх выбараў у кастрычніку, надало Караткевіч 22% галасоў  ‒ другое месца пасля Лукашэнкі. Сярод усіх беларусаў (у тым ліку тых, хто не галасаваў на выбарах) яна мела рэйтынг у 16%. Глыбейшы аналіз НІСЭПД паказаў, што Караткевіч прыцягвае падтрымку ўмеранай часткі грамадства, якая раней ўстрымлівалася ад падтрымкі апазіцыі.

Адразу ж пасля прэзідэнцкіх выбараў Караткевіч і Дзмітрыеў абвясцілі, што рыхтуюцца да парламенцкіх выбараў 2016 года. Яны заклікалі ўсіх аднадумцаў  падпісацца за іх спіс кандыдатаў пад назвай “ТаК. За мірныя перамены”.

Кампанія ўжо правяла шэраг сустрэчаў з кіраўнікамі беларускіх парламенцкіх камітэтаў, дзе Дзмітрыеў і Караткевіч абмяркоўвалі і лабіравалі свой план мірных пераменаў. Таксама яны здзейснілі шэраг паездак па рэгіёнах, каб мабілізаваць мясцовых актывістаў. “Гавары праўду” становіцца ўсё больш актыўнай ў сродках масавай інфармацыі: публікуе заявы па актуальных тэмах, такіх як дэвальвацыя рубля, з’яўляецца на розных публічных пляцоўках прадпрымальнікаў ды эканамістаў, каб распавесці пра свой план рэформаў.

Але іншыя лідары апазіцыі дыстанцыяваліся ад “Гавары праўду” і лічаць Караткевіч ды Дзмітрыева лаяльнымі да рэжыму, часам нават называючы іх праектам КДБ.

Правацэнтрысцкая  кааліцыя

Досыць доўга беларуская апазіцыя не магла аб’яднацца на ідэалагічнай аснове. У снежні 2015 года кіраўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і Руху за свабоду стварылі правацэнтрысцкую кааліцыю. Чацвёртая партыя, Беларускі народны фронт, заявіла пра гатоўнасць каардынаваць свае дзеянні з кааліцыяй, але пакульшто не хоча у поўнай меры далучыцца да яе.

Варта адзначыць, што аб’яднанне адбывалася пад наглядам блока Еўрапейскага парламента пад назвай Еўрапейская народная партыя (ЕНП). Раней ЕНП прызнала гэтыя апазіцыйныя структуры ў якасці партнёраў. На першы погляд, такая замежная падтрымка стварае кааліцыі сумнеўны вобраз праекта, штучна створанага Бруселем. З іншага боку, наяўнасць ўплывовага куратара ў Еўрапарламенце значыць пэўную ступень даверу на Захадзе. Гэта можа служыць у якасці стабілізатара для кааліцыі, бо няздольнасць працягнуць адзінства можа расчараваць важных заходніх партнёраў.

Кааліцыя абвясціла, што яна прыме ўдзел у парламенцкай кампаніі, запусціць адзіную праграму па назіранні за выбарамі, будзе садзейнічаць еўрапейскаму шляху Беларусі, рынкавым рэформам і змагацца за свабодныя выбары. Пакульшто лідары кааліцыі наведалі некалькі рэгіёнаў Беларусі, каб прадставіць свае ідэі мясцовым чыноўнікам і прыватным прадпрымальнікам.

Вулічны лідар склікае кангрэс апазіцыі

Былы палітвязень № 1 Мікалай Статкевіч, вядомы сваёй бескампраміснасцю і адвагай на працягу чатырох з паловай гадоў зняволення, набыў аўтарытэт сярод пэўных апазіцыйных фракцый. Гэты факт і асабістая харызма зрабілі яго лідарам у вачах тых актывістаў і рухаў, якія лічаць вулічныя пратэсты адзінай магчымай тактыкай змены рэжыму.

Статкевіч арганізаваў шэсць несанкцыянаваных мітынгаў у цэнтры Мінска да і пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў. У цяперашні час ён займаецца арганізацыяй апазіцыйнага з’езда. Яго ідэя палягае ў тым, каб сабраць актывістаў з ўсёй Беларусі, вызначыць адзіную стратэгію для апазіцыі і высунуць уладам патрабаванне дэмакратызацыі. Калі, як і чакаецца, улады праігнаруюць гэтае патрабаванне, Статкевіч прапануе пачаць вулічныя пратэсты.

Фота: TUT.BY

У 2005 годзе фармат кангрэса дазволіў апазіцыі высунуць адзінага кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча. З таго часу ўсе спробы склікаць кангрэс з мэтай аб’яднання праваліліся. Менавіта таму гэтым разам прапанова Статкевіча была сустрэтая з вельмі абмежаваным энтузіязмам.

Статкевічу ўдалося атрымаць падтрымку некаторых вядомых фігур: двух былых кандыдатаў у прэзідэнты — паэта Уладзіміра Някляева і палітычнага ўцекача Андрэя Саннікава, прафсаюзнага лідара Генадзя Фядыніча, сустаршыні Маладога Фронту Змітра Дашкевіча і шэрагу іншых актывістаў. Аднак апроч Саннікава, які кантралюе папулярны апазіцыйны сайт Хартыя’97, ніхто са згаданых асобаў не мае за сабой сур’ёзных структураў.

Статкевіч звярнуўся да апазіцыі па падтрымку яго ідэі, але адмежаваўся ад кампаніі “Гавары праўду” і партыі левых “Справядлівы свет”, якіх ён назваў адпаведна «КДБістамі» і «камуністамі». Астатнія, у тым ліку правацэнтрысцкая кааліцыя, усё яшчэ разглядаюць прапанову Статкевіча і паабяцалі ў бліжэйшы час адказаць на яе.

Шанцаў на перамогу па ранейшаму няма?

Часовая каардынацыя намаганняў паміж лагерам Статкевіча і правацэнтрысцкай кааліцыяй ўяўляецца магчымай: яны маюць супольны парадак дня, электарат і, ў пэўнай ступені, палітычную тактыку. Тым не менш, асабісты недавер сярод лідэраў хутчэй за ўсё стане перашкодай на шляху да сур’ёзнага аб’яднання.

Што тычыцца кампаніі “Гавары праўду”, яна ані можа, ані жадае супрацоўнічаць з астатняй апазіцыяй. Кампанія спрабуе заручыцца падтрымкай так званай “новай большасці”, умеранага электарату, які не падтрымлівае ані ўладу, ані традыцыйную апазіцыю. Прыналежнасць да апошняй можа толькі стварыць праблему такой тактыцы.

Умераная кампанія “Гавары праўду”можа спадзявацца на некалькі месцаў у парламенце на хвалі адлігі ў беларуска-еўрапейскіх адносінах, але гэты сцэнар застаецца малаверагодным. Лукашэнка хутчэй абярэ іншыя саступкі, напрыклад, касметычныя змены ў выбарчае або медыя заканадаўства, чым ахвяруюе палітычнай стэрыльнасцю свайго парламента.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *