Чарнобыль як прыярытэт знешняй палітыкі Беларусі

25-26 красавіка ў Мінску праходзіла міжнародная канферэнцыя пад назвай “Трыццаць гадоў пасля Чарнобыля: ад аварыйнай сітуацыі да адраджэння і ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця пацярпелых тэрыторыяў”.

Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун накіраваў для ўдзелу ў мерапрыемстве сваю намесніцу Хелен Кларк, якая кіруе Праграмай развіцця ААН.

Пасля некалькіх гадоў зацішша Чарнобыль зноў вяртаецца ў спіс прыярытэтаў знешняй палітыкі Беларусі. Ці ёсць гэта доўгатэрміновым трэндам, ці беларускія дыпламаты проста ловяць момант, каб захаваць паток замежнай дапамогі ў пацярпелыя раёны ва ўмовах зменлівай міжнароднай сітуацыі?

Міжнародная дапамога Беларусі ў асноўным ідзе з Захаду

Беларусь найбольш пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 года, якая прынесла вялізныя страты эканоміцы і здароўю насельніцтва.

Першы Міністр замежных справаў Беларусі Пётр Краўчанка гаворыць пра Чарнобыль у ААН

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый прыняла першую рэзалюцыі па Чарнобылі толькі ў 1990 годзе, калі Савецкі Саюз быў на мяжы распаду. Гэтае рашэнне дапамагло распачаць шматлікія праграмы дапамогі ААН і іншых міжнародных арганізацый.

Першапачаткова міжнародная супольнасць дапамагала Беларусі ў ліквідацыі наступстваў катастрофы ў межах праграмы тэхнічнага супрацоўніцтва Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ).

Беларусь таксама працавала са спецыялізаванымі праграмамі і праектамі, якія ажыццяўлялі Сусветная арганізацыя аховы здароўя (WHO), Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (UNESCO), Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці (UNIDO), Міжнародны надзвычайны дзіцячы фонд ААН (UNICEF) і Еўрапейскай Cаюз.

У 2007 годзе Генеральная Асамблея ААН абвясціла трэцяе дзесяцігоддзе пасля Чарнобыльскай катастрофы (2006-2016) дзесяцігоддзем рэабілітацыі і ўстойлівага развіцця пацярпелых рэгіёнаў. Беларусь працягвала атрымліваць шматбаковую і двухбаковую дапамогу праз амаль два дзясяткі нацыянальных і рэгіянальных праектаў з бюджэтамі ад некалькіх тысячаў да некалькіх мільёнаў даляраў.

Агулам у 1990-2015 гадах Беларусь прыцягнула больш за 83.5 мільёнаў даляраў замежнай дапамогі для ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі. Большая частка дапамогі прыйшла з заходніх краін, у асноўным чальцоў НАТО і ЕС, а таксама Японіі, Кітая і Расіі. ПРААН і МАГАТЭ былі асноўнымі інстытуцыйнымі фундатарамі .

Буйнамаштабная дапамога ад замежных НДА і сем’яў

За той жа перыяд дабрачынная дапамога ад замежных донараў пацярпелым раёнам Беларусі склала больш за $400 млн. Каля 30% прыйшло ў натуральнай форме, а рэшта — ў грашовай. Ўрад хутка ўвёў шматлікія правілы з мэтай кантролю гэтай плыні фінансаў.

Для беларускага грамадства аздараўленне беларускіх дзяцей за мяжой застаецца самай вядомай формай замежнай дапамогі у кантэксце Чарнобылю. У перыяд з 1990 па 2015 год больш за трыццаць краінаў прынялі каля мільёна беларускіх дзяцей. Амаль палову з іх прыняла Італія.

З 2004 года колькасць дзяцей, што выязджаюць на аздараўленне за мяжу, паступова зніжаецца. Гэта можа быць растлумачана рашэннем Аляксандра Лукашэнкі дазволіць рэабілітацыю толькі ў тых краінах, якія падпісалі двухбаковыя пагадненні з Беларуссю па гэтым пытанні. На сённяшні дзень 14 еўрапейскіх краінаў адпавядаюць гэтым крытэрам. У 2015 годзе каля 16,500 дзяцей прайшлі рэабілітацыю ў дванаццаці краінах.

Чарнобыль на парадку дня знешняй палітыкі Беларусі

У 1990-х і пачатку 2000-х праблема Чарнобыльскай АЭС знаходзілася ў  прыярытэце  працы беларускіх дыпламатаў. Яны выкарыстоўвалі шматбаковыя мерапрыемствы і двухбаковыя сустрэчы, каб падкрэсліць сур’ёзнасць праблемаў, з якімі сутыкаецца краіна, і неабходнасць шырокамаштабнай міжнароднай дапамогі.

Але за апошнія гады Чарнобыль пачаў страчваць сваю значнасць для знешняй палітыкі краіны. У 2005 годзе Лукашэнка, выступаючы на ​​60-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, упершыню ў гісторыі не згадаў пра Чарнобыль. Выступаючы з той жа трыбуны праз дзесяць гадоў пасля гэтага, ён згадаў пра катастрофу толькі ўскосна.

Падзенне значнасці Чарнобылю можа мець некалькі прычынаў.

Па-першае, міжнародная супольнасць і донары пераключылі сваю ўвагу на новыя праблемы, такія як фінансавы крызіс, змяненне клімату і міграцыя. Першапачаткова Генеральная Асамблея ААН абмяркоўвала міжнародныя дзеянні датычна Чарнобылю штогод, але з 1993 года гэта пачало адбывацца раз на два гады, а з 2007 года – раз на тры гады.

Па-другое, некаторыя прадстаўнікі беларускай улады лічылі, што занадта вялікая ўвага міжнароднай супольнасці да Чарнобыльскай АЭС можа перашкодзіць намаганням краіны ў павелічэнні экспарту і прыцягненні замежных інвестыцый у Беларусь з-за перабольшанага страху радыёактыўнага забруджвання.

Па-трэцяе, пасля доўгіх гадоў сумневаў і ўнутраных дэбатаў, у сярэдзіне 2000-х гадоў беларускія ўлады прынялі рашэнне аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Беларусі. Папярэдні ўзровень увагі да праблемы Чарнобыльскай АЭС мог бы перашкодзіць аднаўленню атамнай энергетыкі ў Беларусі.

30-гадовы юбілей і аднаўленне Чарнобыльскай дыпламатыі

Аляксандр Лукашэнка ўзнагароджвае Хелен Кларк ордэнам Францыска Скарыны

Тым не менш, беларускі ўрад не прапусціць магчымасці працягнуць атрыманне міжнароднай дапамогі ў пацярпелыя раёны з нагоды 30-й гадавіны катастрофы. Сёлета Чарнобыльскае дзесяцігоддзе сканчаецца, і без новай міжнароднай праграмы далейшае замежнае фінансаванне значна знізіцца.

Канферэнцыя “Трыццаць гадоў пасля Чарнобыля”, а таксама ўрачыстае пасяджэнне Генеральнай Асамблеі ААН 26 красавіка Мінск выкарыстоўвае для павышэння ўвагі свету да сённяшніх патрэбаў Беларусі і фармулявання новых праектаў для іх вырашэння.

У апошняе дзесяцігоддзе міжнародная палітыка датычна Чарнобыльскай катастрофы канчаткова зрушылася ад аказання надзвычайнай і гуманітарнай дапамогі да стварэння патэнцыялу і ўстойлівага развіцця пацярпелых рэгіёнаў і супольнасцяў.

Сёння беларускія дыпламаты імкнуцца ўбудаваць міжнародную чарнобыльскую дзейнасць ў больш шырокі кантэкст намаганняў ААН па сацыяльным развіцці. 11 красавіка намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў, выступаючы на ​​пасяджэнні Міжустановавай групы ААН па Чарнобылі ў Нью-Ёрку, прэзентаваў беларускую формулу для новай чарнобыльскай праграмы дзеянняў як “Дасягненне мэтаў устойлівага развіцця ў пацярпелых рэгіёнах праз партнёрства, інавацыі і інвестыцыі”.

Беларускі МЗС таксама падкрэслівае змяненне статусу краіны адносна Чарнобыльскай дзейнасці з чыстага атрымальніка замежнай дапамогі на раўнапраўнага партнёра міжнароднай супольнасці. Беларусь прапануе падзяліцца сваімі ўнікальнымі ведамі і вопытам у ліквідацыі наступстваў ядзернай катастрофы, а таксама вопытам пераходу ад аднаўлення да развіцця.

Праца з праблемай Чарнобылю ў знешняй палітыцы Беларусі ёсць прыкладам якаснай дыпламатыі. У барацьбе за рэсурсы беларускія дыпламаты навучыліся прыстасоўваць свае дзеянні і рыторыку да сучасных тэндэнцый і новага слоўніка шматбаковых адносінаў.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *