Чаму ўлады пераследуюць незалежныя прафсаюзы?

Генадзь Фядыніч. Фота: borisovnews.by

2 жніўня Дэпартамент фінансавых расследаванняў затрымаў лідараў Прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Некалькі незалежных прафсаюзаў, якія перажылі дзесяцігоддзі абмежавання дзейнасці з боку дзяржавы, застаюцца адной з наймацнейшых апазіцыйных сілаў у краіне.

З-за актыўнага ўдзелу ў масавых акцыях пратэсту супраць “падатку на дармаедаў” вясной 2017 года прафсаюзныя лідары сталі аб’ектам прэвентыўных дзеянняў уладаў па прадухіленні будучых дэманстрацый. Але ўлады сцвярджаюць, што ўсе абвінавачванні носяць выключна эканамічны характар. Такім чынам яны імкнуцца пазбегнуць крытыкі з боку заходніх урадаў і міжнародных арганізацый.

Рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў

2 жніўня Дэпартамент фінансавых расследаванняў арыштаваў кіраўніка Прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча і кіраўніка мінскага філіяла Ігара Комліка па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Фінансавая міліцыя канфіскавала жорсткія дыскі і папяровыя дакументы арганізацыі.

У той жа дзень ператрусы адбыліся ў офісах Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску і ў кватэрах яго актывістаў. Сілавікі дапыталі многіх прафсаюзных лідараў і адпусцілі іх пасля допыту, але Комлік дагэтуль застаецца пад вартай.

Улады сцвярджаюць, што лідары прафсаюза РЭП адчынілі банкаўскія рахункі за мяжой, на якія яны атрымлівалі “сотні тысячаў даляраў” ад замежных донараў, не маючы ліцэнзіі Нацыянальнага банка на адкрыццё замежнага рахунка. Такім чынам яны нібыта спрабавалі схаваць свае фінансавыя здзелкі і ўхіліцца ад выплаты падаткаў. Актывісты РЭП адмаўляюць усе абвінавачванні і сцвярджаюць, што той банкаўскі рахунак быў зачынены яшчэ ў 2011 годзе.

Лідары беларускай апазіцыі сабраліся неўзабаве пасля падзеяў, каб абмеркаваць магчымы адказ і прынялі рэзалюцыю, што заклікае беларусаў і міжнародную супольнасць падтрымаць кампанію салідарнасці з незалежнымі прафсаюзамі:

Офіс РЭП пасля ператрусу. Фота: tut.by

“Мы заклікаем прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці неадкладна паставіць умовай дыялогу з рэжымам Лукашэнкі вызваленне палітвязняў і поўнае спыненне палітычных рэпрэсій у Беларусі.”

Аднак кіраўнік Дэпартамента фінансавых расследаванняў Ігар Маршалаў сцвярджае, што “гэта справа не мае ніякага палітычнага грунту. Мы робім сваю звычайную працу па выяўленні неплацельшчыкаў падаткаў”.

Гісторыя свабодных прафсаюзаў у Беларусі

У СССР прафсаюзы былі адным з апірышчаў савецкай сістэмы, але не мелі ніякай рэальнай улады і служылі ў якасці інструмента камуністычнай партыі. Пасля распаду СССР у Беларусі з’явіліся шматлікія незалежныя прафсаюзы і іх асацыяцыі. Яны не мелі кансенсусу што да падтрымкі рэжыму Лукашэнкі пасля яго абрання ў 1994 годзе. Але толькі пасля 2001 года ўлады здолелі ўсталяваць кантроль над Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) і ачысціць яе ад апазіцыйных элементаў.

У выніку апазіцыйныя прафсаюзы ўтварылі альтэрнатыўную асацыяцыю — Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. У апошнія два дзесяцігоддзі незалежныя прафсаюзы сутыкаюцца з пастаянным ціскам і штучна створанымі бюракратычнымі патрабаваннямі, такімі як рэгістрацыя і юрыдычны адрас. Сябры прафсаюзаў часта зазнаюць пакаранні і звальненні па месцы іх працы. У выніку, сяброўства ў незалежных прафсаюзах упала да 10,000, у той час як афіцыйны ФПБ можа пахваліцца 4 мільёнамі сяброў.

Нягледзячы на ​​фармальную колькасць сяброўства, ФПБ наўрад ці можна разглядаць у якасці абаронцы інтарэсаў працоўных. Арганізацыя кантралюецца палітычным кіраўніцтвам краіны і ніколі не пярэчыць афіцыйнаму палітычнаму курсу. У адрозненне ад ФПБ, незалежныя прафсаюзы актыўна змагаюцца з парушэннямі працоўных правоў і крытыкуюць урад, за што з’яўляюцца аб’ектам нянавісці з боку кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў і палітычнага кіраўніцтва краіны.

Міжнародныя арганізацыі і замежныя ўрады часта крытыкуюць парушэнні працоўных правоў у Беларусі. Напрыклад, пераслед незалежных прафсаюзаў прывёў да выключэння Беларусі з Генеральнай сістэмы прэферэнцый ЕС, што прынесла сотні мільёнаў даляраў стратаў беларускай эканоміцы з 2006 года.

Моцная арганізацыя з апорай на грамадзянаў

Пасля арышту актывістаў РЭП праваабаронцы адразу прызналі іх палітвязнямі. Гэта адрозніваецца ад справы Белага Легіёну, калі два тузіны людзей былі затрыманыя па абвінавачванні ў стварэнні незаконнай узброенай групы. Тады актывісты не наважыліся палітызаваць справу з-за наяўнасці ў ёй зброі і іншых элементаў. Актывіст праваабарончай арганізацыі “Вясна” Валянцін Стэфановіч тлумачыць, што на гэты раз дзяржава відавочна парушае права на свабоду асацыяцыі, паколькі прафсаюзы ў Беларусі не могуць свабодна атрымліваць замежную дапамогу. На працягу многіх гадоў улады свядома ўскладнялі працэс атрымання замежнай дапамогі для грамадзянскай супольнасці, разглядаючы яе ў якасці падтрымкі палітычных праціўнікаў і ўмяшання ў палітыку суверэннай дзяржавы.

Большасць каментатараў згодныя, што гэта менавіта актыўны ўдзел прафсаюза РЭПу вясновых пратэстах супраць “падатку на дармаедаў” выклікаў рэпрэсіі супраць арганізацыі. Прафсаюз сабраў 45,000 подпісаў з патрабаваннем адмены дэкрэта і прапаноўваў юрыдычныя кансультацыі для людзей, якія аспрэчвалі свой абавязак плаціць падатак.

Дэманстрацыя незалежных прафсаюзаў у Мінску. Фота: spring96.org

Прафсаюз РЭП таксама аказвае юрыдычную дапамогу грамадзянам на штодзённай аснове і ўяўляе сабой адну з нямногіх рэальных сілаў, якія актыўна працуюць з людзьмі. Больш за тое, многія актывісты прафсаюза ўдзельнічаюць у Беларускім нацыянальным кангрэсе на чале з апазіцыйным радыкалам і былым палітвязнем Мікалаем Статкевічам. Выглядае, што з досведу падзеяў вясны 2017 года і баючыся новай хвалі сацыяльнага незадаволенасці ў будучыні, улады вырашылі аслабіць патэнцыйна моцныя арганізацыі.

Рэпрэсіі без палітычных зняволеных?

Многія заўважылі, што справа РЭП нагадвае выпадак Алеся Бяляцкага, які быў арыштаваны па тым жа абвінавачванні ў 2011 годзе пасля таго, як урад Літвы перадаў інфармацыю пра банкаўскія рахункі “Вясны” беларускім уладам. Ён правёў тры гады ў турме і быў выпушчаны ў 2014 годзе падчас пацяплення адносінаў Беларусі з ЕС. Але ў адрозненне ад справы Бяляцкага, гэтым разам палітычных зняволеных не будзе.

Беларускія ўлады вынеслі вельмі выразныя ўрокі са свайго досведу стасункаў з Захадам. Зняволенне палітычных актывістаў выклікае абурэнне, а крымінальны пераслед без пазбаўлення волі атрымлівае значна менш увагі міжнароднай супольнасці. У той жа час, ён эфектыўна зніжае актыўнасць апазіцыі.

Той факт, што ўсе арыштаваныя па справе Белага Легіёну былі вызваленыя, нягледзячы на ​​тое, што расследаванне крымінальнай справы працягваецца, пацвярджае гэтую версію. Улады вучацца апраўдваць рэпрэсіі пераводам справаў у непалітычнае рэчышча: ці ў выключна пытанне бяспекі ў выпадку Белага Легіёну, ці ў выключна эканамічнае пытанне ў выпадку прафсаюзаў. Гэта дазваляе ім пазбегнуць палітызацыі і крытыкі з боку Захаду, і ў той жа час нейтралізаваць актыўнасць апазіцыі.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *