Чаму падтрымка Белсата адпавядае сапраўдным інтарэсам Варшавы і Мінска

У інтэрв’ю, апублікаваным ўчора на Wpolityce.pl, міністр замежных спраў Польшчы Вітольд Вашчыкоўскі паведаміў, што ўрад разглядае пытанне пра закрыццё Белсата, адзінага беларускамоўнага спадарожнікавага тэлеканала.

Магчымасць закрыцця Белсата ўзрушыла беларускую грамадзянскую супольнасць, бо гэта бадай найбуйнейшы накіраваны на Беларусь праект,  што фінансуецца заходнімі донарамі.

Без актыўнай прадэмакратычнай меншасці ў Беларусі, што стварае і спажывае прадукцыю Белсата, перспектыва паглынання Беларусі рускім светам можа стаць яшчэ больш імавернай. Гэта тое, чаго не хочуць ні польская, ні беларускія ўлады.

Што такое Белсат?

Белсат ‒ гэта спадарожнікавы і онлайн тэлеканал, размешчаны ў Варшаве і даступны па ўсёй Цэнтральнай Еўропе. Канал з’явіўся ў 2007 годзе ў выніку пагаднення паміж польскім Міністэрствам замежных спраў і польскім дзяржаўным тэлебачаннем. Пагадненне прадугледжвала доўгатэрміновае супрацоўніцтва і фінансавую падтрымку.

Місіі Белсата ‒ “забяспечыць беларускаму грамадству доступ да інфармацыі без цэнзуры, паказаць праўдзівую гісторыю сваёй краіны, поўную карціну міжнароднай сітуацыі, і прапанаваць прывабны культурны і забаўляльны прадукт на роднай мове ”. Акрамя таго, мэты канала ўключаюць “пабудову мастоў паміж Еўропай і Беларуссю і спрыянне дэмакратызацыі краіны”.

белсат

18 снежня, праз дзевяць гадоў пасля таго, як Белсат пачаў сваю працу, міністр замежных спраў Польшчы патлумачыў, чаму Белсат, магчыма, давядзецца зачыніць. Сярод прычынаў ён назваў незапатрабаванасць канала шырокімі масамі, абяцанне беларускіх уладаў уключыць польскае дзяржаўнае тэлебачанне у беларускія кабельныя сеткі, а таксама неабходнасць перанакіроўваць грошы па іншыя праекты ў Азіі і Афрыцы.

Павелічэнне ахопу Белсата

Большасць беларусаў ведаюць пра Белсат мала, але калі гаворка ідзе пра дэмакратычную меншасць краіны, то сярод яе, відавочна, канал мае вялікую аўдыторыю.

Беларусь яшчэ не сфармавалася як нацыя з выразным наборам каштоўнасцяў і агульным бачаннем гісторыі, а амаль поўнае дамінаванне расійскіх СМІ ў Беларусі робіць гэты працэс яшчэ больш цяжкім. Белсат мае некалькі ток-шоу і праграмаў пра беларускае грамадства, гісторыю і правы чалавека, якія дапамагаюць умацаваць беларускую нацыянальную і грамадзянскую ідэнтычнасьць.

Белсат без сумневу стаў пляцоўкай для актыўнай дэмакратычна настроенай меншасці і застаецца адзінай такой тэлевізійнай платформай. За апошнія два гады канал таксама павялічыў сваю прысутнасць у сацыяльных сетках, пашыраючы свой уплыў на людзей, якія не зацікаўленыя ў палітыцы.

Польскае тэлебачанне ў беларускіх кабельных сетках ‒ не больш чым абяцанне?

Беларускія ўлады паабяцалі, што дазволяць уключыць польскае дзяржаўнае тэлебачанне ў беларускія кабельныя сеткі, якія ў такім разе ахопяць значна шырэйшую аўдыторыю. Але ў рэкльнасці ахвяраванне Белсатам ў абмен на гэта прывядзе да рэзкага скарачэння магчымасцяў Польшчы даводзіць альтэрнатыўны погляд беларускаму насельніцтву.

Самым прывабным аспектам брэнду Белсата з’яўляецца яго змест, які ствараецца беларусамі для беларусаў. Вяшчанне пра жыццё ў Польшчы будзе мець не большы ўплыў на дэмакратыю і нацыябудаванне ў Беларусі, чым паказ амерыканскіх фільмаў.

Даследаванне пра немцаў у сацыялістычнай Усходняй Германіі паказала, што прагляд заходненямецкіх каналаў не меў бачнага ўплыву на іх каштоўнасці або стаўленне да дэмакратыі. Прагляд беларусамі польскага тэлебачання будзе мець такі самы вынік.

Калі мова трансляцыі зменіцца з беларускай на англійскую або польскую, то вельмі мала людзей у Беларусі здолее зразумець трансляцыю. Калі вяшчанне будзе па-руску, яно будзе разглядацца як забаўляльнае, бо ізноў жа не будзе стварацца беларусамі для беларусаў. У справе забаваў расійскія каналы маюць нашмат лепшае фінансаванне і праграмы польскай вытворчасці не змогуць скласці канкурэнцыю.

Больш за тое, абяцанне дазволіць доступ да дзяржаўнага польскага тэлебачання праз кабельныя сеткі можа застацца проста абяцаннем. У снежні 2014 года Лукашэнка і Парашэнка заключылі пагадненне пра ўключэнне ўкраінскага канала UATV у беларускія кабельныя сеткі. І да гэтага часу пытанне застаецца на ўзроўні дыскусій.

Адзін званок з Крамля мог бы лёгка выдаліць любыя польскія або ўкраінскія каналы з беларускіх кабельных сетак, дзе амаль цалкам дамінуюць расійскія каналы. Выдаленне Белсата з Інтэрнэту ці спадарожнікавага вяшчання будзе значна больш складанай задачай.

Для таго, каб мець эфектыўны ўплыў на Беларусь, Польшча павінна падтрымліваць Белсат ‒ адзін з асноўных інструментаў польскага ўплыву на грамадскую думку ў Беларусі. Каб быць эфектыўным, Белсат павінен заставацца каналам, які робяць беларусы для беларусаў.

Польшча ў якасці галоўнага эксперта ЕС па Беларусі

Закрыццём Белсата Польшча пашле выразны сігнал пра тое, што яна выдаляе Беларусь са свайго спісу прыярытэтаў. Сёння Польшча застаецца адзінай буйной краінай ЕС, якая мае разуменне беларускай сітуацыі і глыбокія культурныя сувязі з Беларуссю.

Пераключэнне асноўнай увагі да арабскага свету азначала б, што польскі ўрад, аналітычныя цэнтры і грамадзянская супольнасць змарнуюць назапашаны за доўгі час досвед і павінны будуць навучыцца працаваць у культурна і геаграфічна аддаленых рэгіёнах з нуля.

Само сабой зразумела, што Польшча не абавязаная падтрымліваць дэмакратычныя сілы ў Беларусі, Украіне ці іншых месцах, як яна гэта рабіла на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Бежанцы і вайна на Блізкім Усходзе выглядаюць як сімптомы, а не прычыны грамадскіх праблем.

Адсутнасць сумленных выбараў, нецярпімасць, карупцыя, няроўнасць выклікала гнеў, які прывёў да кровапралітнай вайны. Белсат з яго акцэнтам на цярплівасці да розных меркаванняў, змястоўнай публічнай дыскусіі і супольнай гістарычнай спадчыне дапамагае прадухіліць больш сур’ёзныя праблемы для Польшчы і Еўрапейскага Саюза ў цэлым.

Белсат і рускі мір

Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, беларускія ўлады да пэўнай ступені церпяць Белсат. МЗС Беларусі афіцыйна ніколі не патрабаваў, каб Польшча яго зачыніла. Па такіх пытаннях як беларуская незалежнасць, гісторыя або сітуацыя ва Украіне Белсат можа адкрыта гаварыць тое, што ні адзін афіцыйны беларускі тэлеканал не рызыкнуў бы агучыць з-за страху пакрыўдзіць Расію.

Рукі беларускіх уладаў звязаныя Масквой, якая раўніва пазірае на любыя рэверансы Мінска ў бок Захаду. І Варшава, і Мінск павінны быць зацікаўлены ў захаванні Беларусі як незалежнай дзяржавы паміж Еўрапейскім Саюзам і Расіяй, умацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і павольным рэфармаванні краіны.

У гэтым кантэксце Белсат застаецца адным з найвялікшых дасягненняў польскай замежнай палітыкі і адным з найбольш каштоўных яе інструментаў. Белсат сапраўды мае патрэбу ў рэфармаванні. Але замест таго, каб знішчаць брэнд з амаль дзесяцігадовай гісторыяй, варта павялічыць яго прывабнасць і дасяг праз доўгатэрміновае фінансаванне, прывязанае да канкрэтных паразнікаў, а таксама больш шырокі ўдзел беларускай і польскай грамадзянскай супольнасці ў яго рэформе.

Вялізная фінансавая дапамога Польшчы з Захаду ў 1980-я і 1990-я гады дапамагла ёй дасягнуць свайго цяперашняга поспеху. Лёс Белсата павінен хваляваць не толькі Польшчу, але і іншыя еўрапейскія краіны і арганізацый, якія дбаюць пра захаванне нетрывалай беларускай дзяржаўнасці, якой пагражае ўсё больш агрэсіўная Расійская палітыка.

Рэдакцыя

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *