Беларуская мова ў адукацыі: неахвотнае адраджэнне?

7 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў чыноўнікаў сферы адукацыі за недахоп беларускамоўнага навучання ў школах. Паводле яго слоў, «з-за аматараў у Міністэрстве адукацыі мы прыйшлі да таго, што вучні маюць шэсць урокаў англійскай мовы ў тыдзень, але толькі два беларускай».

Такая заява выглядае нечаканасцю ўлічваючы тое, што Лукашэнка ў значнай ступені адказны за шматгадовую палітыку русіфікацыі Беларусі. У 1994 годзе, калі Лукашэнка стаў прэзідэнтам, 75% школьнікаў Беларусі вучыліся па-беларуску, у параўнанні з 13,7% у цяперашні час. Ва ўніверсітэтах колькасць студэнтаў, якія вучацца на беларускай мове, складае ўсяго 0,1%.

Сёння ўлады мяняюць палітыку ў дачыненні да беларускай мовы. Прызначэнне актывісткі ТБМ Алены Анісім у новы парламент паказвае, што беларускія ўлады выступаюць за паступовае пашырэнне ўжытку беларускай мовы. Аднак гэтыя меры наўрадці прывядуць да адраджэння беларускай мовы: яны здольныя толькі прадухіліць яе знікненне з сістэмы адукацыі.

Лукашэнка і сярэдняя адукацыя

У вачах многіх беларусаў Аляксандр Лукашэнка – гэта той чалавек, які найбольш спрычыніўся да заняпаду беларускай мовы на працягу апошніх дваццаці гадоў. Пасля прыходу да ўлады новы кіраўнік дзяржавы аднавіў палітыку русіфікацыі позняга Савецкага Саюза, якая пачалася пасля Другой сусветнай вайны.

Дамінаванне рускай мовы ў беларускім моўным ландшафце стала б сюрпрызам для тых, хто жыў у Беларусі ў першай палове ХХ стагоддзя. У 1950 годзе 85% газет публікаваліся на беларускай мове, і на ёй працавала 95% школ. Тым не менш, ужо ў 1969 годзе траціна беларускіх школьнікаў не вучылі беларускую мову наогул. Роля беларускай мовы зніжалася ажно да распаду Савецкага Саюза.

Калі Лукашэнка стаў прэзідэнтам у 1994 годзе, тры чвэрці беларускіх школьнікаў вучыліся на беларускай мове. У 1990-1995 гадах у Беларусі выйшла ў чатыры разы больш публікацый на беларускай мове, чым на працягу апошніх 400 гадоў разам узятых. Аднак пасля абрання новы лідар Беларусі заявіў, што «беларуская мова — гэта бедная мова » і вярнуўся да палітыкі русіфікацыі.

Адсутнасць беларускай мовы ў сістэме адукацыі

Палітыка Лукашэнкі прывяла да таго, што толькі толькі 10,5% дзяцей дашкольнага ўзросту, 13,7% школьнікаў і 0,1% студэнтаў навучаліся ў школе па-беларуску ў 2015/16 навучальным годзе.

Ні адзін з 52 універсітэтаў у Беларусі не ўжывае беларускую мову ў якасці асноўнай. Падаецца, што толькі студэнты аддзяленняў беларускай мовы і літаратуры маюць адукацыйную праграму  цалкам па-беларуску.

Да таго ж, некаторыя выкладчыкі больш не выкладаюць на беларускай мове з-за інтэрнацыяналізацыі сістэмы адукацыі. Як сказаў аўтару артыкула адзін прафесар з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, ён больш не чытае лекцыі па знешняй палітыцы Беларусі на беларускай мове, таму што туркменскія студэнты яе не разумеюць.

Сітуацыя ў школах таксама праблематычная, бо часта бывае цяжка знайсці беларускамоўныя навучальныя матэрыялы, што ставіць афіцыйныя лічбы навучэнцаў пад сумнеў. 30 жніўня Радыё Свабода апублікавала відэа, у якім журналіст прысутнічаў на велізарным адукацыйным кірмашы і  знайшоў толькі некалькі выданняў на беларускай мове па такіх прадметах, як геаграфія і інфарматыка. Гэта азначае, што ў школах, дзе прадугледжанае выкладанне некаторых прадметаў на беларускай мове, на самай справе яны часта праводзяцца на рускай.

У многіх беларускіх гарадах, у тым ліку ў Віцебску, буйным абласным цэнтры з 350 тысячамі жыхароў, няма ніводнага беларускамоўнага класа. У суседнім Магілёва, яшчэ адным буйным абласным цэнтры, толькі адзін вучань навучаецца па-беларуску.

Мінск у гэтых адносінах выглядае нашмат лепш, тут застаюцца некалькі беларускіх сярэдніх школ, і яны лічацца прэстыжнымі. У 2016 годзе жыхары Мінска нават займалі звечара чаргу, каб раніцай падаць дакументы ў беларускамоўную гімназію №23.

Не даць беларускай мове памерці

Пасля пачатку канфлікту ва Украіне беларускія ўлады змянілі падыход да беларускай мовы і сталі пашыраць яе выкарыстанне ў публічнай прасторы. У ліпені 2014 года Лукашэнка зрабіў свой першы выступ на беларускай мове за апошнія дзесяцігоддзі. Тым не менш, афіцыйныя заявы аб пашырэнні беларускай мовы ў сферы адукацыі да гэтага часу апынуліся больш словамі, чым справай.

Нават калі ўрад дадасць яшчэ адну гадзіну беларускай мовы ў тыдзень да школьнай праграмы, гэта не зменіць таго факта, што астатнія прадметы застануцца на рускай мове. Акрамя таго, у Беларусі не існуе вышэйшых навучальных устаноў з выкладаннем па-беларуску. Таму многія людзі не бачаць сэнсу ў навучанні выключна на беларускай мове на ўзроўні школы.

Словы Лукашэнкі нагадваюць папярэднія заявы міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова. Пасля ўступлення на пасаду ў 2014 годзе Жураўкоў заявіў, што «геаграфія і гісторыя Беларусі павінны выкладацца на беларускай мове.» Але да гэтага часу нічога не змянілася.

Тым не менш, не выключана, што ўлады маюць на мэце павялічыць ролю беларускай мовы ў грамадстве. Магчыма, менавіта таму рэжым дазволіў патрапіць у парламент Алене Анісім, намесніцы старшыні Таварыства беларускай мовы. Здаецца, што ў яе няма ніякіх палітычных мэтаў акрамя прасоўвання беларускай мовы.

Да таго ж, беларуская мова больш не з’яўляецца для Лукашэнкі палітычным пытаннем, як гэта было ў 1990-я гады, калі яго русафільскай палітыцы аказваў моцны супраціў  Беларускі народны фронт. Зрабіўшы гэты апазіцыйны рух маргінальным, Лукашэнка можа дазволіць сабе заняць больш прабеларускую пазіцыю. Больш за тое, у 1990-х ён страціў шанец стаць прэзідэнтам Расіі, таму яго адзінай мэтай стала ўмацаванне суверэнітэту Беларусі.

Лідэр Беларусі наўрад ці захоча стварыць больш беларускамоўных сярэдніх школаў, але яшчэ адзін урок беларускай мовы ў рускамоўных школах падаецца магчымым. Улады па-ранейшаму неахвотна адраджаюць беларускую мову, але адначасова не хочуць, каб яна зусім знікла.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *