Беларуская дэлегацыя і расійскі сцяг на Паралімпіядзе: салідарнасць або разлік?

7 верасня 2016 года Андрэй Фомачкін з Беларусі здабыў вядомасць пасля  з’яўлення з расійскім сцягам падчас цырымоніі адкрыцця Паралімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра.

Пасля вяртання ў Мінск расійскія сродкі масавай інфармацыі віталі Фомачкіна, чыноўніка з беларускага Міністэрства спорту, як героя.

Рэакцыя беларусаў, аднак, была неадназначнай. За мінулы год Беларусь перажыла паступовы паварот у бок мяккай беларусізацыі. Традыцыйныя вышыванкі і іх мадэрнізаваныя варыянты сталі папулярнай тэндэнцыяй і дасягнулі нават афіцыйных спартыўных спаборніцтваў: сёлета нацыянальная футбольная каманда пачала выкарыстоўваць народны арнамент на сваёй форме.

Тым не менш, рэжым старанна балансуе гэтую палітыку з рэверансамі ў бок Расіі і не рызыкуе ісці наперакор магутнаму ўсходняму суседу. Беларускія ўлады паспяшаліся пахваліць паралімпійскую салідарнасць Фомачкіна — хутчэй за ўсё, каб атрымаць павагу Расіі.

Народжаныя ў СССР

Беларуская дэлегацыя праславілася падчас цырымоніі адкрыцця Паралімпійскіх гульняў 2016 года ў Бразіліі, калі адзін з яе прадстаўнікоў падняў расійскі сцяг на стадыёне Маракана. Гэта быў жэст пратэсту супраць дыскваліфікацыі расійскіх спартсменаў.

Андрэй Фомачкін ў Мінску. Крыніца: pressbol.by

Чалавекам, які пранёс сцяг на цырымоніі адкрыцця, быў Андрэй Фомачкін. Як высветлілася, ён нават не быў афіцыйным сябрам беларускай паралімпійскай каманды.

Ураджэнец Краснадарскага краю Расіі Андрэй Фомачкін працаваў на розных бюракратычных пасадах у  Міністэрстве спорту і турызму Беларусі з 2007 года. Цяпер ён адказвае за зімовыя віды спорту ў міністэрстве і прыехаў ў Рыа ў якасці госця Алега Шэпеля, старшыні Паралімпійскага камітэта Беларусі.

Пазбаўлены акрэдытацыі пасля інцыдэнту ў Бразіліі, Фомачкін з гонарам вярнуўся ў Мінск і публічна адмаўляе які-небудзь палітычны грунт сваіх дзеянняў. Замест гэтага ён падкрэслівае свой патрыятызм і падтрымку дыскваліфікаваных расійскіх спартсменаў.

Фомачкін прызнаў, што ён разумеў наступствы сваіх дзеянняў і ведаў, што яго статус госця выключае якія-небудзь санкцыі супраць беларускай каманды. Алег Шэпель дадаў, што беларускія паралімпійцы цалкам падтрымалі гэтую ідэю.

Генеральны сакратар Беларускага паралімпійскага камітэта Мікалай Шудзейка, які ўзначальваў беларускую дэлегацыю ў Рыа, адрэагаваў больш стрымана. У інтэрв’ю The Guardian 9 верасня ён сказаў, што не ўсе спартсмены падтрымалі Фомачкіна. Шудзейка таксама адзначыў, што дзяржава скарысталася Паралімпійскімі гульнямі ў палітычных мэтах. Беларускае тэлебачанне пазней зняпраўдзіла гэтае інтэрв’ю як «спекуляцыю і правакацыю,» сцвярджаючы, што гэта падробка.

Салідарнасць або адвага за кошт іншых?

Прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што на пачатковым этапе спартсмены на калясках павінны былі з’явіцца з расійскім сцягам. Паводле яе інфармацыі, служба бяспекі строга забараніла гэта, таму Фомачкін мусіў звярнуцца да «плана Б». Лукашэнка пахваліў яго дзеянні як праяву салідарнасці, дадаўшы, што яны адлюстроўвалі «афіцыйную пазіцыю дзяржавы.»

Такім чынам, улады далі дабраславенне на спрэчны, але ні ў якім разе не спантанны акт. Аказваецца, што Алег Шэпель адкрыта абмяркоўваў магчымасць дэманстрацыі расійскага сцяга ў Рыа яшчэ 23 жніўня 2016 года.

Як менавіта Шэпель планаваў рэалізаваць гэты план, застаецца незразумелым. Міжнародны паралімпійскі камітэт адразу папярэдзіў, што ў дачыненні да спартсменаў будуць уведзеныя санкцыі за ўдзел у палітычных акцыях падчас гульняў.

Але ў выніку Беларусь здолела забіць двух зайцоў адным стрэлам. Абапіраючыся на супрацоўніка міністэрства, улады звялі да мінімуму рызыку нанясення шкоды ўсёй беларускай камандзе. З іншага боку, вядомасць, атрыманыя з гэтага жэсту салідарнасці з дыскваліфікаванымі расійскімі спартоўцамі, дазволіла Беларусі падтрымаць імідж вернага сябра Расіі.

Палітолаг Андрэй Паротнікаў у сваім каментары для Naviny.by выказаў здагадку, што беларускія ўлады могуць скарыстацца інцыдэнтам, каб атрымаць матэрыяльныя дывідэнды з Расіі. Валер Карбалевіч пагадзіўся з гэтым, адзначыўшы, што такім чынам беларускія ўлады «прагнуліся» перад Расіяй.

Некаторыя беларускія карыстальнікі сацыяльных сетак выказвалі «сорам за сваю краіну». Іншыя адзначылі, што дзяржава відавочна праігнаравала інтарэсы спартоўцаў-інвалідаў, ставячы іх удзел у гульнях ў небяспечную сітуацыю.

Тым не менш, многія беларусы сумняюцца ў наяўнасці падставаў для дыскваліфікацыі ўсёй расійскай паралімпійскай зборнай і падтрымліваюць Фомачкіна. Да прыкладу, вядомая беларуская плыўчыха і бронзавая прызёрка Алімпійскіх гульняў у Рыа Аляксандра Герасіменя пахваліла мужнасць Фомачкіна ў падтрымцы спартоўцаў, якія, на яе думку, былі несправядліва пазбаўленыя здзяйснення алімпійскай мары.

Распраўляючы белыя крылы: Беларусізацыя ў спорце

6 верасня, за адзін дзень да інцыдэнту ў Рыа, беларуская зборная па футболе згуляла адборачную гульню чэмпіянату свету 2018 года супраць Францыі ў Барысаве. Беларускія аматары футбола мелі ў той дзень некалькі прычынаў для святкавання: акрамя нечаканай нічыёй, на стадыёне была дазволеная небывалая свабода.

Матч Беларусь-Францыя. Крыніца: tut.by

Упершыню за многія гады служба бяспекі не турбавала заўзятараў з бел-чырвона-белымі сцягамі і Пагоняй. Акрамя таго, перад гульнёй Беларуская федэрацыя футбола падарыла кожнаму з 13.000 заўзятараў футболкі нацыянальнай каманды. У адрозненне ад гэтага, у кастрычніку 2015 года улады арыштоўвалі і пераследавалі футбольных заўзятараў толькі за нашэнне шалікаў з Пагоняй.

Такім чынам, менш чым за год нацыянальныя сімвалы раптам увайшлі ў спартыўную моду. У ліпені 2016 года Беларуская федэрацыя футбола вырашыла зрабіць рэбрэндынг нацыянальнай каманды і павялічыць яе фан-клуб. У прыватнасці, федэрацыя абрала дызайн каманднай формы  з элементамі народнага арнаменту.

Улічваючы ролю спорту ў Беларусі як прэстыжнай сферы пад кіраўніцтвам дзяржавы і інструмента прапаганды, гэта не можа быць супадзеннем. З пачатку канфлікту ва Украіне ў 2014 годзе ўлады ўсё больш увагі надавалі кантролю групаў футбольных ультрас, якія выказалі сваю падтрымку Украіны падчас спартыўных мерапрыемстваў. У гэтым кантэксце, паварот у бок беларусізацыі мяркуецца як мяккі інструмент стымулявання лаяльнасці да цяперашняга рэжыму.

Але інцыдэнт са сцягам у Рыа паказвае, што Беларусь па-ранейшаму не рызыкуе занадта раздражняць свайго ўсходняга суседа. Яна спрабуе збалансаваць паступовую беларусізацыю з сімвалічнымі крокамі ў бок Расіі. Такія крокі не абавязкова арыентаваныя на доўгатэрміновыя вынікі, а хутчэй на прыцягненне ўвагі.

Такім чынам улады спрабуюць палепшыць свае пазіцыі на перамовах і атрымаць больш зніжак, тым больш што ў дадзены момант бакі абмяркоўваюць будучыя кошты на нафту і газ.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *