Беларуска-шведскія адносіны: паміж гандлем і правамі чалавека

Беларусь і Швецыя паступова паляпшаюць адносіны, моцна сапсаваныя дыпламатычным скандалам ў 2012 годзе. Напрацягу гэтага часу Швецыя цярпліва працавала над аднаўленнем сваёй дыпламатычнай прысутнасці у Мінску. Але Беларусь не спяшаецца адказваць тым жа.

Нядаўна дэлегацыя Шведскага агенцтва па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве (SIDA) правяла перамовы з МЗС Беларусі. Ці можна тлумачыць гэты візіт як прыкмету паступовай змены палітыкі Швецыі па дапамозе Беларусі?

Двухбаковыя стасункі: хуткі старт, маруднае развіццё

19 снежня 1991 года Швецыя стала адной з першых краін, якія прызналі незалежнасць Беларусі пасля распаду Савецкага Саюза. Краіны ўсталявалі дыпламатычныя адносіны 14 студзеня 1992 года.

Нягледзячы на ​​першапачатковы хуткі тэмп у развіцці адносін, Беларусь і Швецыя не спяшаліся ўсталёўваць узаемную дыпламатычную прысутнасць. Беларусь адкрыла сваю амбасаду ў Стакгольме толькі ў лістападзе 1999 года. Да гэтага Беларусь ужо мела амбасады ў тузіне іншых краінаў ЕС.

У лістападзе 2003 года Швецыя адкрыла ў Мінску аддзяленне сваёй амбасады ў Расіі, а ў верасні 2008 года ўсталявала паўнавартасную амбасаду, калі пасол Стэфан Эрыксан уручыў даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку.

Беларусь аддае прыярытэт гандлю

Беларускія дыпламаты ў Стакгольме ў асноўным працуюць у кірунку развіцця гандлёвых і інвестыцыйных адносінаў з краінай знаходжання. Таваразварот паміж Беларуссю і Швецыяй вырас у дзесяць разоў з $48,2 млн у 2000 годзе да $480,5 млн у 2006 годзе.

Тым не менш, пасля пікавага 2006 года, гандлёвыя поспехі Беларусі сталі змяншацца. Таваразварот пачаў устойліва падаць з 2012 года, калі Швецыя была вымушана закрыць сваю амбасаду ў Мінску.

2011 2012 2013 2014 2015
Экспарт Беларусі ў Швецыю, млн $ 91,5 88,4 49,9 51,8 45,6
Імпарт Беларусі са Швецыі, млн $ 217,5 205,0 195,6 125,1 81,0
Таваразварот, млн $ 309,0 293,4 245,5 176,9 126,6
Таваразварот ў адносінах да мінулага года -5% -16,3% -27,9% -28,4%

 

Беларусь у асноўным імпартавала тэхніку ды абсталяванне, ды экспартавала торф, драўніну, сталь і хімічную прадукцыю.

Па дадзеных амбасады Швецыі ў Мінску, каля двух дзесяткаў шведскіх кампаній стварылі свае філіялы у Беларусі, у тым ліку Ericsson, IKEA, Scania, Volvo і Schenker.

Швецыя аддае прыярытэт дэмакратыі

У адрозненне ад сваіх беларускіх калег, шведскія дыпламаты ў Мінску надавалі больш увагі прасоўванню правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права.

У кастрычніку 2002 года ўрад Швецыі абвесціў стратэгію па супрацоўніцтве ў мэтах развіцця з Беларуссю на 2002 — 2004 гады, якая пазней была падоўжаная на 2005 і 2006 гады. На 2007 — 2010 гады была прынятая новая стратэгія.

Намаганні шведскага супрацоўніцтва былі сканцэнтраваны ў асноўным на «больш глыбокую дэмакратызацыю, эканамічныя змены і сацыяльнае забеспячэнне». Прыярытэт быў аддадзены дэмакратычным палітычным сілам, студэнтам і навукоўцам, бізнэсу, журналістам, моладзі і НДА.

Пасол Стэфан Эрыксан быў апірышчам прысутнасці Швецыі ў Беларусі. Дыпламат, які размаўляў па-беларуску лепш, чым большасць беларускіх урадавых чыноўнікаў, стаў улюбёнцам беларускіх незалежных СМІ і ўсталяваў добрыя кантакты з беларускай грамадзянскай супольнасцю.

Тымчасам, трывалая і паслядоўная пазіцыя Швецыі што да парушэння правоў чалавека ў Беларусі і лабіяванне санкцый супраць беларускага рэжыму сталі моцна раздражняць беларускія улады.

Плюшавы дэсант і дыпламатычны скандал

Інцыдэнт з бамбаваннем цацачнымі мядзведзікамі, які адбыўся 4 ліпеня 2012 года, ненаўмысна нанёс сур’ёзны ўдар па беларуска-шведскіх адносінах. Пасля першапачатковага адмаўлення інцыдэнту беларускія ўлады назвалі яго «правакацыяй замежных выведвальных службаў».

Пасол Стэфан Эрыксан

У выніку адбыўся вялікі дыпламатычны скандал паміж Беларуссю і Швецыяй. 3 жніўня беларускі ўрад выслаў пасла Стэфана Эрыксана. Ён быў у адпачынку ў Швецыі, калі даведаўся аб тым, што не мае дазволу вярнуцца ў Беларусь.

Беларускія ўлады спрабавалі прадставіць сітуацыю як «непадаўжэнне акрэдытацыі» Эрыксана. Насамрэч, дыпламатычнае права і практыка не прадугледжваюць будзь-якіх абмежаванняў па працягласці дыпламатычнай акрэдытацыі ці патрэбу яе падаўжэння.

МЗС Беларусі заявіў, што дзейнасць шведскага пасла “была накіравана не на ўмацаванне адносінаў паміж Беларуссю і Швецыяй, а на іх разбурэнне”.

Шэраг крокаў у адказ, якімі абмяняліся Беларусь і Швецыя, прывялі да закрыцця амбасадаў да канца жніўня. Тым не менш, дыпламатычныя адносіны паміж дзвюма краінамі не былі разарваныя.

Адбудова сувязяў

Па меры таго, як мінула напружанасць, Стакгольм пачаў памалу намацваць шляхі аднаўлення сваёй дыпламатычнай прысутнасці ў Мінску. «Шведы не любяць адкрытых канфліктаў. Да таго ж, яны мелі патрэбу ў амбасадзе для падтрымкі шведскіх агенцтваў, якія выдаткоўваюць грошы з нацыянальнага бюджэту, каб дапамагчы грамадзянскай супольнасці ў Беларусі «, кажа Юрый Кажура, былы беларускі дыпламат, які жыве ў Стакгольме апошнія 12 гадоў.

Пасольства Швецыі зноў адчынілася ў Мінску ў ліпені 2013 года, калі Беларусь прыняла шведскага часовага паверанага ў справах. Аднак на працягу доўгага часу беларускі ўрад абмяжоўваў колькасць супрацоўнікаў амбасады Швецыі да адной асобы, адзінае выключэнне зрабіўшы для чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе.

Беларусь прыняла новага  шведскага амбасадара толькі праз два гады. 25 чэрвеня 2015 года Марцін Оберг уручыў даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку. На сённяшні дзень пасольства ўкамплектаванае двума дыпламатамі ніжэйшага рангу, і па-ранейшаму не мае магчымасці выдаваць візы.

Тым не менш, Беларусь не спяшаецца адказваць узаемнасцю і наноў адчыняць сваю амбасаду ў Стакгольме. У верасні 2013 года Беларусь адкрыла сваё пасольства ў Фінляндыі, і Хельсінкі стаў новым плацдармам краіны ў Паўночнай Еўропе.

Міністры замежных спраў Швецыі і Беларусі

Ад пачатку пацяплення беларуска-шведскіх адносінаў у 2013 годзе краіны праводзяць рэгулярныя дыпламатычныя кантакты на розных узроўнях. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сустракаўся са сваім шведскім калегам на палях некалькіх пасяджэнняў ААН і АБСЕ.

У верасні 2015 года Алена Купчына, намесніца Макея, якая адказвае за адносіны з Еўропай, наведала Швецыю з мэтай абмеркаваць двухбаковыя адносіны, а таксама маючыя адбыцца прэзідэнцкія выбары у Беларусі. Дэлегацыі шведскага Міністэрства замежных спраў прыязджалі у Мінск у 2014 і 2015 гадах.

Зрух у стратэгіі помачы?

28 студзеня дэлегацыя Шведскага агенцтва па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве (SIDA) высокага ўзроўню сустрэлася з Аленай Купчыной у Мінску.

SIDA кіруе дапамогай Швецыі замежным краінам. У 2014 годзе агенцтва выдаткавала каля $10 млн на дапамогу Беларусі. Большая частка гэтай сумы (больш за 60%) была накіраваная на падтрымку праектаў у галіне дэмакратыі, правоў чалавека і гендэрнай роўнасці.

У якасці партнёраў у Беларусі SIDA звычайна аддавала перавагу дэмакратычным актывістам і НДА. Супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі да гэтага часу мела абмежаваны характар.

Кантакты SIDA з беларускімі чыноўнікамі ёсць прыкметай таго, што гэтая палітыка можа быць скарэктаваная, бо з часоў высылкі Эрыксана сітуацыя змянілася. Беларускі ўрад падкрэслівае сваю большую адкрытасць да супрацоўніцтва з Еўропай, у той час як апазіцыя застаецца слабой. Швецыя мяркуе высветліць, ці дапаможа ўцягванне ўрадавых структур у супрацоўніцтва ініцыяваць змену палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

SIDA пакінула без адказу неаднаразовыя запыты ostro.by пра каментар па гэтым пытанні.

Беларусь дагэтуль мае сімвалічнае значэнне для Швецыі, бо яна адыграла важную ролю ў забеспячэнні незалежнасці суседзяў Беларусі — краін Балтыі. Але пакуль Аляксандр Лукашэнка застаецца ва ўладзе, гэтыя дзве краіны будуць мець мала супольных інтарэсаў і не распачнуць супрацоўніцтва на высокім ўзроўні.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *