Беларусь пачынае інфармацыйную абарону супраць расійскай прапаганды

6 лютага Аляксандр Лукашэнка звольніў кіраўнікоў некалькіх буйных дзяржаўных СМІ. Прэзідэнт таксама сказаў, што Беларусі варта пазбягаць метадаў, якія выкарыстоўваюцца расійскімі тэлеканаламі.

У інтэрв’ю польскай газеце Rzeczpospolita Павел Якубовіч, былы кіраўнік самай уплывовай дзяржаўнай штодзённай газеты “Беларусь Сегодня” сказаў, што на сваёй пасадзе ён змагаўся “з наратывам расійскіх каналаў, які выкарыстоўваўся ў дачыненні да Беларусі. Мы праводзілі інфармацыйную вайну з такімі асобамі, як Уладзімір Салаўёў і Дзмітрый Кісялёў”.

Большая частка сённяшняга расійскага тэлебачання транслюе антызаходнія і антыўкраінскія настроі. Беларускія дзяржаўныя СМІ таксама прытрымліваюцца антызаходняй рыторыкі, але іх галоўнай задачай заўсёды была барацьба супраць “ўнутранага ворага” — палітычнай апазіцыі, а таксама пазітыўны вобраз Лукашэнкі.

Расійская прапаганда, ад якой Лукашэнка імкнецца абараніцца

6 лютага Лукашэнка змяніў кіраўнікоў галоўных сродкаў масавай інфармацыі. Ён звольніў кіраўнікоў тэлеканалаў БТ і СТВ, а таксама кіраўніка найбуйнейшай дзяржаўнай газеты “Беларусь Сегодня”. Генадзь Давыдзька, Юры Казіятка і Павел Якубовіч кіравалі гэтымі медыя на працягу 7, 12 і 22 гадоў адпаведна.

Перастаноўкі ў галоўных дзяржаўных СМІ можна патлумачыць некалькімі фактарамі. Гэта можа быць спроба мадэрнізаваць тэлебачанне або адаптаваць яго да тэндэнцыяў беларусізацыі, бо многія беларусы глядзяць расійскія, а не беларускія тэлеканалы. Падчас прызначэння новага кіраўніцтва Лукашэнка падкрэсліў важнасць пераймання досведу замежных медыя і тое, што “нам не скатвацца да тых форм працы, якія сёння існуюць на расійскіх каналах”.

Скрыншот, апублікаваны Мінабароны Расіі. Крыніца: Міністэрства абароны Расіі

Хутчэй за ўсё, пад гэтымі формамі працы Лукашэнка меў на ўвазе антызаходнюю і антыўкраінскую прапаганду — да гэтага часу адным з асноўных прыёмам расійскай прапаганды застаецца яе засяроджанасць на Украіне.

Ужо ў 2013 годзе расійскія СМІ, такія як “РИА Новости”, “LifeNews”, “Первый канал” і “Комсомольская правда”, пачалі актыўна скажаць факты, каб уплываць на грамадскую думку датычна пратэстаў ва Украіне, анэксіі Крыма і вайны на Данбасе. Да гэтага часу Украіна застаецца адной з найважнейшых мэтаў расійскай прапаганды.

Злучаныя Штаты таксама часта становяцца мішэнню. Гэты накірунак стаў асабліва значным пасля таго, як абедзве краіны распачалі ўдзел у грамадзянскай вайне ў Сірыі. Самая апошняя падробка з’явілася на вэб-старонцы Міністэрства абароны Расіі. 14 лістапада 2017 года міністэрства апублікавала скрыншот з кампутарнай гульні “Сімулятар баявых дзеянняў: спецыяльная эскадрылля” і прадставіла яго ў якасці доказу “супрацоўніцтва ЗША з ІДзІЛ” у Сірыі.

Анты-беларуская прапаганда на расійскім тэлебачанні

У дадатак да Украіны і ЗША расійская прапаганда нападае і на самога Лукашэнку. У 2010 годзе расійскі тэлеканал НТВ паказаў серыял “Хросны бацька”, які крытыкаваў Лукашэнку і сцвярджаў, што той “трымае ўладу толькі дзякуючы Расіі” і “хваліць Гітлера”.

У апошнія гады беларускія ўлады пачалі выкарыстоўваць вышыванкі і бела-чырвоныя арнаменты – колеры, што асацыююцца з забароненымі сімваламі далукашэнкаўскай эпохі. У адках на гэта расійскія каналы, такія як “Першы канал”, пачалі трансляваць шоу, прысвечаныя Беларусі. Life News або Vesti.ru часта паказваюць Лукашэнку як здрадніка, які наўмысна збліжаецца з Еўрапейскім саюзам і хоча адарвацца ад Расіі. У канцы 2016 года расійскія тэлеканалы засяродзіліся на альтэрнатыўнай інтэрпрэтацыі гісторыі, якая падтрымліваецца беларускімі ўладамі.

Лукашэнка сустракаецца з новымі кіраўнікамі дзяржаўных СМІ. Крыніца: TUTby

Нядаўнія прысуды аўтарам, якія пісалі для шавіністычнага рускага партала Regnum, справакавалі хвалю артыкулаў у расійскіх СМІ, у якіх сцвярджаецца, што “Беларусь ідзе па ўкраінскім шляху”. Такім чынам, з канца 2017 года асноўныя расійскія каналы гавораць пра “пагрозу нацыяналізму” і “парушэнне правоў рускамоўных” у дачыненні да Беларусі. Гэтыя ж матывы былі цэнтральнымі ў расійскай прапагандзе супраць Украіны.

Ці з’яўляецца беларуская прапаганда падобнай да расійскай?

У перыяд пасля 1994 году расійскае і беларускае тэлебачанне значна адрозніваліся. У 1990-я гады, калі Барыс Ельцын займаў пасаду прэзідэнта Расіі, расійскае медыяпрастора была свабоднай ад цэнзуры і палітычнага ціску. Рэзкія журналісцкія праграмы з рознымі поглядамі і крытыкай ўрада былі звычайнай справай. Беларускі ўрад часам абмяжоўваў расійскія тэлешоў, якія крытыкавалі прэзідэнта Лукашэнку.

Сітуацыя ў Расіі рэзка змянілася пасля таго, як Пуцін прыйшоў да ўлады ў 2000 годзе. Расійскія алігархі, такія як Барыс Беразоўскі, якія раней аказвалі моцны ўплыў на медыярынак, былі вымушаныя з’ехаць з Расіі. У Беларусі пасля таго, як Лукашэнка стаў прэзідэнтам у 1994 годзе, альтэрнатыўныя пункты гледжання паступова зніклі з СМІ, а дзяржава пачала абмяжоўваць свабоду слова.

Беларускае кіраўніцтва разумее, што расійскія СМІ моцна ўплываюць на светапогляд беларускіх грамадзянаў. На канферэнцыі з расійскімі СМІ ў ліпені 2017 года Лукашэнка адзначыў, што самі СМІ развязалі інфармацыйную вайну паміж Расіяй і Украінай і што гэта паўплывала на Беларусь. Імкнучыся супрацьстаяць расійскай прапагандзе ў дачыненні да Беларусі, дзяржаўныя тэлеканалы, у тым ліку БТ, СТВ і газета “Беларусь сегодня” працягваюць заставацца ключавымі прамоўтэрамі дзяржаўнай ідэалогіі. Гэтыя СМІ ствараюць пазітыўны імідж для ўрада і адмоўны — для апазіцыі.

Часам дзяржаўныя СМІ паказваюць гучныя прапагандысцкія фільмы і артыкулы, накіраваныя на дыскрэдытацыю палітычнай апазіцыі. Напрыклад, у 2011 годзе БТ выпусціў прапагандысцкі фільм пра перадвыбарчыя пратэсты 2010 года “Жалезам па шкле”. Пазней беларускае тэлебачанне выпусціла кароткаметражны фільм пра пратэсты “недармаедаў”, а газета “Беларусь Сегодня” выпусціла серыю артыкулаў для дыскрэдытацыі беларускай апазіцыі і грамадскіх пратэстаў. Нядаўна ўлады адмовіліся ад аднаго з апошніх эпізодаў прапаганды, шырока вядомай крымінальнай справы «Белага легіёну».

Скрыншот прапагандысцкага фільма пра Белы легіён на БТ. Крыніца: svaboda.org

Расійскі ўрад таксама выкарыстоўвае СМІ для дыскрэдытацыі расійскай апазіцыі і блакуе вэб-старонкі такіх актывістаў, як Аляксей Навальны. Аднак расійскія СМІ звычайна надаюць прыярытэтную ўвагу геапалітычным навінам. Напрыклад, 15 лютага ў навінах на Першым канале ўкраінскія грамадзяне з нацыяналістычнай арганізацыі «Правы сектар” двойчы абвінавачваліся ў антырасійскім вандалізме. У той жа праграме канал, не падаючы крыніцы інфармацыі, паведаміў пра брытанскія шпіёнскія самалёты на заходняй мяжы Расіі.

Такім чынам, расійскае тэлебачанне ў асноўным асвятляе геапалітычныя тэмы і стварае бачнасць варожага асяроддзя для ўмацавання пуцінскага рэжыму. Беларускія дзяржаўныя СМІ ў першую чаргу сканцэнтраваныя на асвятленні поспеху Лукашэнкі і няўдачах апазіцыі.

Рашэнне Лукашэнкі аб замене асноўных беларускіх прапагандыстаў наўрад ці можа быць вытлумачана як падрыхтоўка да поўнамаштабнай інфармацыйнай вайны супраць расійскай прапаганды. Аднак яно можа паказваць на тое, што рэжым Лукашэнкі рыхтуецца больш актыўна супрацьстаяць прапагандзе з усходу.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *