Беларусь на міжнароднай арэне: марыянетка Расіі ці майстэрскі дыпламат?

Дапкюнас

15 лістапада на 71-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН беларуская дэлегацыя прагаласавала супраць праекта рэзалюцыі па сітуацыі з правамі чалавека ў Крыме, унесенага Украінай.

Гэта галасаванне разам з няўдалай спробай Беларусі адкласці дэбаты па ўсіх краінавых дакладах было ўспрынята як жаданне перашкодзіць ініцыятыве Украіны, і выклікала негатыўную рэакцыю ва Украіне і Беларусі. Пасля гэтага кроку беларускі ўрад атрымаў таўро здрадніка і расійскага васала.

Што было прычынай такога галасавання Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый? Ці сапраўды беларускія дыпламаты выконваюць загады Масквы?

Беспрэцэдэнтная прапанова Беларусі ў ААН

15 лістапада Трэці камітэт Генеральнай Асамблеі ААН разгледзеў чатыры праекты рэзалюцый па становішчы ў галіне правоў чалавека ў некалькіх краінах: Паўночнай Карэі, Сірыі, Іране і акупаваным Расіяй Крыме.

Апошні дакумент быў прадстаўлены Украінай разам з дваццаццю дзевяццю іншымі краінамі, у тым ліку ЗША, Грузіяй, і большасцю сябраў ЕС. Тэкст рэзалюцыі назваў Расію “дзяржавай-акупантам”, асудзіў парушэнні правоў чалавека ў Крыме “расійскімі акупацыйнымі ўладамі” і заклікаў Маскву зрабіць канкрэтныя захады па выпраўленні сітуацыі.

За пяць дзён да гэтага ўкраінскі прэзідэнт Пятро Парашэнка папрасіў свайго беларускага калегу Аляксандра Лукашэнку падтрымаць украінскую ініцыятыву ў ААН. Лукашэнка прапанаваў яму толькі цьмяны дыпламатычны адказ.

Беларуская дэлегацыя ў Нью-Ёрку выклікала здзіўленне, калі пасол краіны ў ААН Андрэй Дапкюнас прапанаваў адкласці дэбаты па ўсіх краінавых рэзалюцыях. Ён назваў іх “выразна раз’яднальным крокам з вядомым вынікам”.

МЗС Беларусі

Місія Беларусі ў ААН рэагуе на паразу на Twitter. Малюнак: @BelarusUNNY

Гэта беспрэцэдэнтная папанова пацярпела паразу: 32 галасы за, 101 супраць і 37 устрымаліся.

Праект рэзалюцыі па сітуацыі з правамі чалавека ў Крыме пазней быў ухвалены 73 галасамі за, пры гэтым супраць прагаласавалі 23 краіны і 76 устрымаліся. Беларусь была сярод тых, хто галасаваў супраць, разам з Расіяй, Арменіяй, Казахстанам, Узбекістанам і некалькімі адшчапенцамі ў галіне правоў чалавека.

Галасаванне Беларусі і яе прапанова не разглядаць краінавыя рэзалюцыі выклікала моцную негатыўную рэакцыю сярод украінскай эліты і дэмакратычна настроеных людзей у Беларусі і Украіне.

Ірына Герашчанка, намесніца старшыні Вярхоўнай Рады Украіны, назвала галасаванне Беларусі “ўдарам у спіну”. Пасол Украіны ў ААН Уладзімір Ельчанка назваў пазіцыю Беларусі антыўкраінскай, дадаўшы: «Мы не можам прыняць той факт, што наш бліжэйшы сусед адкрыта выступае супраць нас у ААН».

Сацыяльныя сеткі і інтэрнэт-форумы віравалі незадаволенасцю беларусаў і ўкраінцаў, якія назвалі дзеянні беларускага ўрада прарасійскімі, ганебнымі і здрадлівымі.

Зручнае алібі па крымскім пытанні

У канцы дня галасавання прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык у адказ на крытыку сказаў, што “гэта не адпавядае рэчаіснасці”. Мірончык падкрэсліў, што «пазыцыя Беларусі па Украіне не змянілася ні на цалю», не тлумачачы падрабязнасцяў  гэтай у пэўнай ступені двухсэнсоўнай пазіцыі.

МЗС патлумачыў дзеянні Беларусі ў ААН непрыманнем Беларуссю краінавых рэзалюцыяў у галіне правоў чалавека і “паслядоўным адмаўленнем крывадушнага падыходу да пытання правоў чалавека”.

Сапраўды, на працягу апошніх некалькіх гадоў беларуская дэлегацыя на пасяджэннях ААН у Нью-Ёрку і Жэневе рашуча выступала супраць усіх рэзалюцый, накіраваных на канкрэтныя краіны, нават калі справа тычылася яскравых парушальнікаў правоў чалавека. Гэта не вельмі здзіўляе, бо сама Беларусь застаецца аб’ектам такой рэзалюцыі ў Жэневе.

Прапанова Беларусі не разглядаць краінавыя рэзалюцыі на парадку дня выконвала функцыю алібі па крымскім пытанні. У той жа дзень Беларусь таксама прагаласавала супраць усіх іншых рэзалюцый, спасылаючыся на прынцыповую адмову ад гэтага палітызаванага інструмента.

На самай справе гэта не першы раз, калі Беларусь мусіць апраўдвацца за тое, што яе голас па ўкраінскім пытанні супадае з голасам Расіі. Раней яна ўжо выкарыстоўвала падобныя аргументы ў якасці апраўдання.

Цікава, што калі б Беларусь прапанавала не разглядаць толькі крымскую рэзалюцыю , яна б мела значна болей шанцаў на поспех. Аднак галасаванне супраць усіх тэкстаў разам было асуджанае на няўдачу. Занадта многія дзяржавы спрабавалі асудзіць парушэнні правоў чалавека прынамсі ў адной з азначаных краінаў. Паказальна, што Саудаўская Аравія – краіна далёкая ад лідарства ў галіне правоў чалавека – выступіла катэгарычна супраць беларускай ініцыятывы, бо мае ў гэтай сферы пытанні да Сірыі і Ірану.

Паслухмяны прыслужнік Расіі? Наўрад ці

Аргументы Мірончыка не змаглі пераканаць большасць крытыкаў, якія упарта называюць МЗС Беларусі расійскім васалам або прынамсі верным саюзнікам па знешняй палітыцы. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей пацвердзіў апошні тэзіс 22 лістапада ў Маскве сваёй заявай, што “пазіцыі Масквы і Мінска супадаюць практычна па ўсіх пытаннях знешнепалітычнага парадку дня”.

У той жа час, рэальная карціна выглядае больш неадназначна. Беларусь адмовілася ісці за Расіяй у прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Яна захавала дыпламатычныя адносіны і бязвізавы рэжым з Грузіяй, ворагам Расіі.

Мінск працягваў умацоўваць свае сувязі з Стамбулам у кантэксце антытурэцкай істэрыі ў Маскве. Ён ніколі не станавіўся на бок Расіі ў яе рытарычнай вайне супраць Захаду па пытанні Сірыі.

Адмова Беларусі прызнаць анэксію Крыма дэ-юрэ і яе бесперапыннае палітычнае, эканамічнае і ваеннае супрацоўніцтва з Украінай у разгар крызісу на Данбасе выклікала шаленства ў Маскве.

Гісторыя галасавання Беларусі ў ААН з’яўляецца эмпірычным сведчаннем незалежнай знешняй палітыкі Мінска. З 75 рэзалюцый, пастаўленых на галасаванне на 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі, Беларусь і Расія занялі розныя пазіцыі па 28 тэкстах. У дзевяці выпадках іх галасы былі дыяметральна супрацьлеглымі.

Галасаванне ў ААН дэманструе шырокі спектр пытанняў, якія там абмяркоўваліся. На апошняй сесіі Беларусь і Расія галасавалі супрацьлеглым чынам ў асноўным па пытаннях ядзернага раззбраення, але таксама і па іншых тыпах раззбраення, палестынскім пытанні і нават правах чалавека. Болей за тое, галасаваннем насуперак Расіі па штогадовым дакладзе МАГАТЭ Беларусь фактычна не падтрымала Расію ў яе дэмаршы па статусе Крыма.

Некаторыя з ініцыятыў Мінска ў ААН не ўсцешылі Маскву. Напрыклад, гэта быў той выпадак, калі Беларусь прапанавала рэфармаваць працэс прызначэння Генеральнага сакратара ААН.

Беларускія дыпламаты ўпарта спрабавалі знайсці алібі для галасавання па Крыме. Тым не менш, сапраўдная прычына іх пазіцыі  — гэта нежаданне Лукашэнкі злаваць Расію, асабліва напярэдадні яго важнай сустрэчы з Уладзімірам Пуціным.

Беларусь не ёсць пакорным служкай Расіі на міжнароднай арэне, але яна ўсведамляе тыя межы знешняй палітыкі, якія не можа перакрочыць . Гэта відавочна ўключае ў сябе падтрымку прамога міжнароднага асуджэння Расіі ці нават устрымання па гэтым пытанні.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *