Беларусь без санкцыяў: што цяпер?

Галоўны дыпламат ЕС Федэрыка Магерыні адмаўляе, што Брусэль адмяніў санкцыі супраць Беларусі па геапалітычных меркаваннях. Аднак у прыватных размовах чыноўнікі ЕС пацвярджаюць, што гэта рашэнне ўвасабляе перамогу прагматызму ў Бруселі.

Для ЕС дэмакратыя ў Беларусі стала менш важнай, чым падтрыманне з ёй ўстойлівых адносінаў. З іншага боку, эканамічныя цяжкасці і ненадзейнасць Расіі паспрыялі таму, што Мінск пачаў лепей усведамляць важнасць Еўрапейскага Саюза.

Пасля адмены санкцыяў Беларусь можа спадзявацца на павелічэнне фінансавай падтрымкі з боку Бруселя, а той па-ранейшаму чакае ад Беларусі прагрэсу у галіне дэмакратыі і правоў чалавека. Хоць Мінск не будзе рабіць у гэтым рэчышчы істотных саступак, існуе шмат магчымасцяў для касметычнай, нязначнай лібералізацыі. Аднак рост пратэстнай актыўнасці ў краіне можа прымусіць урад выключыць рэжым «добрага дзіцяці» і ў выніку сапсаваць чарговае замірэнне з Захадам.

Гэта не проста “чарговая адліга” ў адносінах

Крытыкі рашэння ЕС, апроч звароту да маральнага аспекту праблемы, таксама спасылаюцца на практычныя аргументы. Яны нагадваюць, што адбылося ў 2008 годзе, калі “наіўныя палітыкі ЕС імкнуліся ў чарговы раз уцягнуць Лукашэнку ў пацяпленне адносінаў і знялі санкцыі, спадзеючыся дэмакратызаваць яго”. Крытыкі сцвярджаюць, што тая адліга пацярпела няўдачу, і любыя новыя адлігі таксама не дадуць выніку. Гэты сцэнар можа спраўдзіцца, але апошняя фаза адносінаў паміж ЕС і Беларуссю мае заўважна іншы кантэкст і ўзровень амбіцый з абодвух бакоў.

Раней заходняе крыло беларускай знешняй палітыкі была проста інструментам атрымання новых бонусаў ад Расіі. На гэты раз Мінск, мяркуючы па ўсім, разглядае новае пацяплене адносінаў з ЕС больш сур’ёзна і мае чыста прагматычную матывацыю. Беларусь увайшла ў рэцэсію і мае патрэбу ў тэрміновай эканамічнай падтрымцы. Расія, што традыцыйна прадастаўляла Беларусі падушку бяспекі, цяпер не можа і не жадае дапамагаць з-за сваіх уласных фінансавых праблемаў.

З іншага боку, Брусэль ужо аднойчы апёкся на сваіх ілюзіях наконт беларускага кіраўніка і яго гатоўнасці да эвалюцыі. Санкцыі былі знятыя з Мінска, перш за ўсё, з прагматычных перакананняў. Адзін з прадстаўнікоў ЕС у нядаўняй размове з аўтарам артыкула апісаў гэтую новую атмасферу ў Брусэлі: “Цяпер мы маем шмат праблем, і не хочам, каб Беларусь стала яшчэ адной”.

Хвалі бежанцаў, пагроза тэрарызму, вайна ў Сірыі, прысутнасць Расіі ва Украіне, цяжкія перамовы з Вялікабрытаніяй, слабыя ўрады ў Кішынёве і Кіеве – усё гэта павялічвае імкненне ЕС усталяваць стабільнасць у сваім наваколлі. Такім чынам, адносіны з Беларуссю у вачах сённяшняга Бруселя павінны быць устойлівымі і больш-менш сяброўскімі, нават калі краіна не ёсць дэмакратычнай. Досвед узаемадзеяння паказаў,што ані палітыка санкцыяў, ані ўцягванне не здолелі дэмакратызаваць Беларусь.

Акрамя таго, ЕС палічыў неабходным ўзнагародзіць Аляксандра Лукашэнку за дыстанцыяванне ад Расіі і спрыянне мірным перамовам па Украіне.

Чаго хоча і што прапануе Еўропа

Разам з адменай санкцый, Брусэль таксама прапанаваў Беларусі пакет “пернікаў” і агучыў набор сваіх звычайных чаканняў.

ЕС хоча прагрэсу ў галіне свабоды асацыяцыяў, сходаў і сродкаў масавай інфармацыі, мараторый на смяротнае пакаранне, а таксама рэабілітацыі былых палітычных зняволеных. Брусэль падкрэслівае важнасць рэформы выбарчай сістэмы і патрэбу ў больш свабоднай парламенцкай кампаніі восенню 2016 года.

У набор “пернікаў” ўключанае фінансаванне Еўрапейскім інвестыцыйным банкам і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця праектаў у Беларусі, падтрымка беларускай заяўкі на новы крэдыт МВФ і сяброўства ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі, павелічэнне тэхнічнай дапамогі, зняцце некаторых гандлёвых бар’ераў, арганізацыя двухбаковай каардынацыйнай групы і іншыя рэчы.

Беларускія ўлады заявілі пра гатоўнасць абмяркоўваць пытанні правоў чалавека з Захадам. Лукашэнка нават загадаў стварыць міжведамасную групу па выкананні рэкамендацый АБСЕ ў галіне выбараў.

Шлях да замірэння будзе няпростым

Калі ЕС вернецца да санкцыяў неўзабаве пасля прадастаўлення Мінску крэдыту даверу, то ён у чарговы раз страціць твар. Каб гэты сцэнар стаў магчымым, беларускія ўлады павінны зрабіць нешта сапраўды абуральнае, напрыклад, яшчэ раз зняволіць шэраг апазіцыйных палітыкаў. Тым не менш, некаторыя з суразмоўцаў аўтара ў Брусэлі паведамілі, што ЕС не будзе аказваць істотную фінансавую падтрымку, калі не ўбачыць пазітыўных крокаў з боку Беларусі.

Мінск паспрабуе зрабіць як мага менш саступак, бо аўтакратыі свядома не капаюць сабе ямы. Пазітыўная атмасфера ў адносінах і новыя прыярытэты Брусэля (стабільнасці і прадказальнасці па-над правамі чалавека) ствараюць сітуацыю, у якой нават невялікія касметычныя крокі могуць быць паспяховымі.

Беларускія ўлады, падобна, гатовыя да выканання некаторых рэкамендацый АБСЕ па выбарчым праве і практыцы. Урад можа пашырыць правы назіральнікаў і альтэрнатыўных кандыдатаў, аблегчыць некаторыя фінансавыя абмежаванні на агітацыю ці дазволіць большай колькасці чальцоў палітычных партый патрапіць у парламент. Але Мінск наўрад ці пагодзяцца на перамены ў асноўных праблемных пунктах: непразрысты падлік бюлетэняў, датэрміновае галасаванне, склад выбарчых камісій і адміністрацыйная падтрымка праўладных кандыдатаў.

Па-ранейшаму цяжка сказаць, ці зможа дэмакратычная апазіцыя прайсці ў парламент. Улічваючы нязначную ролю самога парламента ў беларускай палітыцы (прэзідэнцкія ўказы маюць большую сілу чым законы), некалькі прадстаўнікоў апазіцыі ў парламенце не створаць пагрозы для беларускага рэжыму.

З іншага боку, Лукашэнку псіхалагічна цяжка прыняць ідэю нестэрыльнага парламента, у якім некалькі асобаў пастаянна падымаюць вэрхал . Яны атрымаюць права выклікаць да справаздачы іншыя ўрадавыя органы, пэўны прававы імунітэт і больш інструментаў для ўзаемадзеяння з грамадскасцю. Менавіта таму адным з першых крокаў Лукашэнкі па ўмацаванні сваёй ўлады ў 1996 годзе было ачышчэнне парламента ад прадстаўнікоў апазіцыі.

Што ж улады могуць рэальна зрабіць? Яны могуць зарэгістраваць некаторыя апазіцыйныя сілы, напрыклад умераную кампанію Гавары праўду. Патэнцыйна, яны могуць таксама аслабіць ціск на незалежных журналістаў, стварыць бюро амбудсмена ў галіне правоў чалавека ці, у больш доўгатэрміновай перспектыве, зняць абвінавачанні з былых палітычных зняволеных і ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. Гэтыя меры не паставілі б пад пагрозу палітычны рэжым, але ўрад можа прадаць іх як сяброўскія саступкі Захаду.

Цяжэй спрагназаваць стаўленне ўрада да магчымых пратэстаў. Невыкарыстанне сілы становіцца ўсё больш складанай задачай, паколькі ўсё больш беларусаў церпяць ад эканамічнага крызісу. Сотні дробных прадпрымальнікаў ужо збіраюцца ў цэнтры Мінска і іншых гарадоў на знак пратэсту супраць увядзення новых правілаў працы. Нягледзячы на ​​тое, што мітынгі былі несанкцыянаваныя, міліцыя ніяк на іх не рэагавала.

Іншыя актыўныя групы могуць ўбачыць, што вулічныя пратэсты становяцца  на дзіва бяспечнымі,  і таксама распачаць барацьбу за эканамічныя інтарэсы ў такой форме. Тым не менш, гэтая сітуацыя не можа працягвацца ў Беларусі доўга – рана ці позна ўрад будзе рэагаваць. На сённяшні дзень рызыка гвалтоўнага падаўлення пратэстнай актыўнасці здаецца найбольш сур’ёзнай праблемай для паляпшэння адносінаў Беларусі і ЕС.

Тым не менш, новая фаза адносін з Захадам ёсць станоўчай тэндэнцыяй. У рэшце рэшт, Беларусі спатрэбіцца  замежная помач, каб пачаць рэформы і выйсці з крызісу. Для будучыні і незалежнасці краіны помач з Захаду выглядае найлепш.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *