Беларусь адыходзіць ад мадэлі сацыяльна-арыентаванай дзяржавы?

5 жніўня першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч абвесціў, што новы Закон аб занятасці будзе скіраваны на вырашэнне праблемы “прафесійных беспрацоўных”.

Адначасова, у жніўні 2016 года Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь апублікаваў дадзеныя аб занятасці ў сферы прамысловасці за 2011-2016 гады. Паводле гэтай інфармацыі, на працягу апошніх пяці гадоў сектар перажыў скарачэнне 150,000 працоўных месцаў.

Такая відавочная супярэчнасць ставіць пытанне пра будучыню беларускай сацыяльнай мадэлі. Ці азначае гэта, што Беларусь плануе адмовіцца ад штучна створанага ўзроўню занятасці ў 99,5% і што дзяржава будзе рабіць з тымі, хто страціў працу ў часы глыбокага эканамічнага крызісу?

Быць беспрацоўным у Беларусі – незайздросная доля

Беларусь мае адну з самых бязлітасных сістэм сацыяльнай абароны беспрацоўных у Еўропе. Дапамога па беспрацоўі з’яўляецца вельмі малой (каля $20 у месяц), і не кожны беспрацоўны чалавек мае на яе права.

Краіна заўсёды ганарылася сваім нізкім ўзроўнем беспрацоўя  — каля 0,5%. Занятасць у дзяржаўным сектары, які дамінуе ў эканоміцы, грае значную ролю ў падтрыманні палітычнага і ідэалагічнага кантролю над грамадзянамі.

Яна таксама служыць дадатковым каналам размеркавання дзяржаўных рэсурсаў для мясцовай эліты і так званых “чырвоных дырэктараў” дзяржаўных прадпрыемстваў. Вялікая колькасць людзей, якія працуюць у Расіі, а таксама развітая нефармальная эканоміка паспрыялі устойлівасці гэтай ​​палітыкі.

Эканамічны крызіс змяніў усё

З 2015 года беларусы пачалі шукаць працу ў ЕС, а не Расіі, як гэта было раней. Па дадзеных Яндэкса, колькасць запытаў з Беларусі на працу ў Польшчы у 2015 годзе вырасла ў пяць разоў у параўнанні з 2014 годам. Тым не менш, з-за моўных бар’ераў, візавых правілаў і заканадаўчых асаблівасцяў, ЕС не змог цалкамм замяніць Расію ў справе працаўладкавання беларусаў.

На жаль, афіцыйная статыстыка не дэманструе рэальнай колькасці беларусаў, якія працуюць у Расіі. Кадравыя агенцтвы і людзі ў прыватны размовах сцвярджаюць, што заробкі беларусаў у Расіі ўпалі ў тры разы ці больш.

Беларускія ўлады працягваюць хаваць лічбы рэальнага беспрацоўя і даюць афіцыйны паказнік у адзін працэнт на канец 2015 года. Акрамя таго, існуюць шматлікія паведамленні пра тое, што мясцовыя ўлады прадухіляюць (ці забараняюць) рэгістрацыю беспрацоўных дзеля захавання “добрай” статыстыкі.

Тым не менш, нават афіцыйная статыстыка прызнала дзве асноўныя змены: колькасць вакантных працоўных месцаў сёння ўдвая меншая, чым колькасць зарэгістраваных беспрацоўных, а лічба скарачэння працоўных месцаў значна перавышае лічбу новых вакансіяў.

Але ці стане цяперашняя сітуацыя рухавіком сацыяльных хваляванняў? Гэта падаецца малаверагодным.

Менш боязі сацыяльных пратэстаў, больш падтрымкі сілавых структур

Пасля крызісу 2011 года ўлады сутыкнуліся з дылемай. Падтрыманне мінулай колькасці супрацоўнікаў стала занадта дарагім, але рост беспрацоўя мог выклікаць сацыяльныя пратэсты і нават бунты. Але пасля гэтага крызісу адбыліся дзве асноўныя змены.

Па-першае, беларускія ўлады значна менш баяцца магчымых беспарадкаў пасля паспяховага падаўлення так званых “маўклівых пратэстаў” летам 2011 года. Улады лічаць, што ўзровень жыцця насельніцтва грае значна меншую ролю, чым колькасць і дабрабыт сілавых структураў. Той факт, што гэтыя інстытуты ў 2011-2016 гадах не траплялі пад сур’ёзнае скарачэнне ані фінансаў, ані супрацоўнікаў, даказвае гэты пункт гледжання.

Па-другое, урад пачаў надаваць значна больш увагі нефармальнай эканоміцы, разглядаючы яе як крыніцу дадатковага даходу.

Deus Ex Machina — падатак на беспрацоўе

У красавіку 2015 года прэзідэнт падпісаў свой знакаміты ўказ “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрымальніцтва” як яшчэ адзін крок аддалення ад палітыкі агульнай занятасці. Некаторыя эксперты лічаць, што дакумент накіраваны на прадухіленне звальнення з дзяржаўных прадпрыемстваў з-за нізкага заробку, а таксама змаганне з “ценявой” эканомікай.

Але гэта мера выглядае слушнай толькі часткова. Перш за ўсё, указ не здолеў прадухіліць далейшых звальненняў. Акрамя таго, Нацыянальны статыстычны камітэт пацвярджае, што скарачэнне працоўных месцаў нават павялічылася ў снежні 2015 — чэрвені 2016 года.

Рост тэмпаў скарачэння працоўных месцаў адбыўся цягам адносна кароткага перыяду. Напрыклад, за гэтыя сем месяцаў у прамысловасці адбылося 21% усіх скарачэнняў працоўных месцаў апошніх шасці гадоў.

Па-другое, указ гэтак жа не меў поспеху ў  змаганні з ценявой эканомікай. Улады сцвярджаюць, што колькасць неафіцыйна занятых людзей складае 400,000 – 500,000 чалавек, у той час як да ліпеня 2016 года толькі 4,000 чалавек зарэгістраваліся на аплату гэтага падатку. Сапраўдная колькасць плацельшчыкаў падатку застаецца невядомай да гэтага часу.

Сучаснае рабства?

Беспрацоўе ў Беларусі стварае ўладам дзве асноўныя пагрозы: магчымыя сацыяльныя пратэсты і “ўцёкі мазгоў” з важных сфераў. Хоць першая выглядае менш рэальнай і значнай, другая стварае для беларускіх чыноўнікаў нашмат больш клопату.

Паводле дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, толькі Мінску бракуе больш за 1,500 лекараў і медсясцёр, а штат першай медыцынскай дапамогі ўкамплектаваны толькі на 67%. Колькасць вакансій у сферы аховы здароўя перавышае колькасць зарэгістраваных беспрацоўных у ёй у 81 раз.

Адсутнасць спецыялістаў можа прывесці да далейшай дэградацыі больш-менш прыбытковых прадпрыемстваў, арыентаваных на экспарт заводаў і стратэгічнай інфраструктуры. Акрамя таго, такія спецыялісты маюць больш магчымасцяў знайсці працу ў нефармальным сектары або за мяжой.

Ствараецца ўражанне, што беларускія ўлады настроеныя на далейшыя рашучыя крокі ў сферы занятасці. Прадпрыемствы-банкруты рызыкуюць быць цалкам зачыненыя, а іх працаўнікі  не змогуць атрымаць належную сацыяльную абарону. Супрацоўнікі адносна паспяховых або буйных прадпрыемстваў вымушаныя будуць мірыцца з больш нізкай заработнай платай, павелічэннем працоўных гадзін і кантролю.

Страчаныя надзеі

Сусветны банк у сваёй публікацыі Belarus Economic Update  за красавік 2016 года пацвярджае, што «рынак працы знаходзіцца ў стане стрэсу з-за слабых паказчыкаў у сферы будаўніцтва, прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Дзяржаўныя прадпрыемствы ў цэлым не звальнялі супрацоўнікаў, але скарачалі працоўны тыдзень.”

Многія эксперты раюць уладам павялічыць падтрымку беспрацоўных, у прыватнасці, за кошт павышэння памеру страхавання занятасці да $80 на месяц. Прымаючы пад увагу рост скарачэння працоўных месцаў і адсутнасць фінансавых рэсурсаў для ўрада было б танней падтрымаць беспрацоўных, чым эканамічна неэфектыўныя прадпрыемствы.

Новы закон аб занятасці разбурыў надзеі на лібералізацыю палітыкі ў галіне беспрацоўя. Больш за тое, улады выбралі найгоршы з варыянтаў палітыкі — без працоўных месцаў, без магчымасці для самастойнай занятасці, без сацыяльнай абароны, але з моцнай міліцыяй і органамі бяспекі, якія не адчуваюць браку фінансавання або вакансій і заўсёды гатовыя задушыць любыя пратэсты.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *