Асвятленне пратэстаў: новая эпоха для беларускіх медыя

Фота: http://spring96.org

25 сакавіка сайт незалежнай беларускай газеты Наша Ніва наведала рэкордная колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў. 109,000 чалавек чыталі артыкулы пра пратэсты супраць “дэкрэту пра дармаедаў”. Для Беларусі гэта экстраардынарная падзея.

Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі альбо ігнаравалі сакавіцкія пратэсты, або асвятлялі іх у негатыўным святле. Такім чынам, незалежныя СМІ сталі адзінай крыніцай інфармацыі для грамадскасці пра пратэсты супраць “дэкрэта пра дармаедаў”.

Нягледзячы на ​​120 выпадкаў затрымання або арышту журналістаў паміж 10 і 30 сакавіка, незалежныя СМІ здолелі вельмі прафесійна асвятляць пратэсты. З-за арыштаў лідараў апазіцыі ў малых гарадах журналісты апынуліся ў цэнтры ўвагі.

Неарганізаваныя пратэстоўцы збіраліся вакол журналістаў, каб выказаць сваю незадаволенасць урадам і сотні тысяч беларусаў сачылі за онлайн-трансляцыямі з акцыяў.

З-за хуткага развіцця медыя-тэхналогій прапагандысцкая машына Лукашэнкі ўжо не можа канкураваць з сапраўднымі журналістамі.

Наколькі ў Беларусі свабодная прэса?

У адрозненне ад многіх аўтарытарных дзяржаваў, у Беларусі грамадскасць мае вольны доступ да мясцовых і замежных крыніцаў інфармацыі. Тым не менш, праваабарончыя арганізацыі вельмі крытычна ставяцца да Беларусі ў пытанні свабоды друку.

Краіна традыцыйна займае ніжэйшыя прыступкі індэксаў свабоды СМІ. У 2016 годзе Сусветны індэкс свабоды прэсы, апублікаваны арганізацыяй “Рэпарцёры без межаў”, надаў Беларусі 157-е месца з 180. Паводле Freedom House, Беларусь займае 194-е месца. Толькі Крым, Эрытрэя, Туркменістан, Узбекістан, і Паўночная Карэя маюць горшы рэйтынг.

Сапраўды, дзяржава кантралюе ўсё тэлебачанне і радыёстанцыі ў краіне і мае манаполію на распаўсюд друкаваных СМІ. Тым не менш, незалежныя СМІ сталі значна больш поспяховымі ў Інтэрнэце. Самы папулярны прыватны партал навінаў TUT.by наведвае 46.42% інтэрнэт-карыстальнікаў Беларусі. Паводле Google Analytics, у сакавіку 2017 года TUT.by наведалі амаль 6 мільёнаў унікальных карыстальнікаў.

Паводле беларускага рэйтынгу вэб-старонак Akavita.by, самы папулярны дзяржаўны навінавы партал – гэта агенцтва Belta.by. Яго штомесячная аўдыторыя складае прыблізна 470,000 карыстальнікаў.

Медыя-эксперты ўнутры краіны мяркуюць, што сітуацыя са СМІ не такая дрэнная, як сцвярджаюць міжнародныя рэйтынгі. Па дадзеных праваабарончых арганізацый, ні адзін  журналіст на дадзены момант не знаходзіцца пад арыштам. Апошняе забойства журналіста адбылося 13 гадоў таму, у 2004 годзе. Паводле старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, сітуацыя ў Беларусі нашмат лепшая, чым у Азербайджане і Сірыі, якія займаюць вышэйшыя за Беларусь пазіцыі ў многіх рэйтынгах.

Вельмі абмежавальны характар ​​медыйнага заканадаўства з’яўляецца асноўнай прычынай гэткіх нізкіх рэйтынгаў. Некалькі уплывовых беларускія СМІ, такія як спадарожнікавы тэлеканал Белсат і Еўрарадыё, месцяцца ў Польшчы. Для таго, каб перашкодзіць іх працы, улады ўвялі закон, які забараняе журналістам працаваць з замежнымі СМІ без дзяржаўнай акрэдытацыі.

Гэтая заканадаўчая норма часта выкарыстоўваецца для пакарання фрылансераў, якія працуюць на гэтыя СМІ або іншыя «замежныя» медыя, што вымушаныя працаваць без беларускай акрэдытацыі. У выніку штрафы незалежным журналістам сталі звычайнай практыкай. Закон таксама дазваляе Міністэрству інфармацыі блакаваць сайты, якія змяшчаюць шкодныя для інтарэсаў дзяржавы артыкулы. Вэб-сайты могуць быць заблакаваныя нават за каментары пад артыкуламі.

Асвятленне пратэстаў

Пратэсты супраць “дэкрэта пра дармаедаў” і наступны разгон акцыі 25 сакавіка палітызавалі беларускае грамадства. Натуральна, гэта выклікала вялікую цікавасць незалежных сродкаў масавай інфармацыі. У апошні раз недзяржаўныя СМІ карысталіся такой шырокай папулярнасцю падчас маўклівых пратэстаў 2011 года. Пакуль дзяржаўныя тэлеканалы транслявалі прапагандысцкія праграмы, дзе параўноўвалі пратэсты з нацысцкімі бунтамі, незалежныя журналісты вялі жывыя трансляцыі з месца падзеяў.

Маштаб рэпрэсій журналістаў у 2017 годзе быў значна большы, чым у 2011 годзе. Паміж 10 і 30 сакавіка 120 журналістаў былі затрыманыя, арыштаваныя ці аштрафаваныя. Пасля 25 сакавіка некаторыя аналітыкі пачалі казаць пра новую эру журналістыкі ў Беларусі. Сапраўды, СМІ здолелі не толькі асвятляць  пратэсты, але і мабілізаваць дэманстрантаў.

Міліцыя канфіскуе абсталяванне з офіса Белсата. Фота: Белапан

З-за адсутнасці апазіцыйных лідараў на акцыях ў невялікіх гарадах, такіх як Пінск, Слонім, ці Рагачоў, людзі збіраліся вакол журналістаў і адкрыта крытыкавалі ўрад на камеры. Ад 20,000 да 350,000 чалавек сачылі за трансляцыямі Радыё Свабода і Белсата. Некаторыя журналісты нават змаглі трансляваць свае арышты і падзеі ўнутры міліцэйскіх пастарункаў.

Каментуючы працу СМІ 25 сакавіка, галоўны рэдактар ​​ Еўрарадыё Віктар Малішэўскі прызнаў, што гэта быў першы раз, калі журналістам удалося так “нахабна” сябе паводзіць. Яны працавалі такім жа чынам, як гэта робяць журналісты ў дэмакратычных краінах. Чытачы анлайн СМІ атрымалі значна больш высокую якасць матэрыялу, чым чакалі улады.

Адказ дзяржаўных СМІ

Прафесіяналізм незалежных журналістаў асабліва заўважны ў параўнанні з дзяржаўнымі СМІ. 25 сакавіка карыстальнікі Інтэрнэту актыўна абмяркоўвалі публікацыю на сайце найбуйнейшай дзяржаўнай газеты Беларусь Сегодня. У той дзень, калі прынамсі 700 дэманстрантаў былі затрыманыя ў цэнтры Мінска, газета апублікавала загаловак “25 сакавіка. У Мінску ўсё спакойна”. Рэакцыя грамадскасці прывяла да выдалення артыкула 27 сакавіка.

Дзяржаўнае тэлебачанне таксама не засталося ў баку і прадэманстравала нізкаякасныя прапагандысцкія фільмы. 12 красавіка быў паказаны дакументальны фільм, які абвінаваціў актывістаў, затрыманых па справе “Белага легіёну”, у сувязях з Ісламскай дзяржавай і нацысцкімі групоўкамі. Інтэрнэт-карыстальнікі адрэагавалі на гэта іранічнымі каментарамі і жартамі, параўноўваючы фільм з навуковай фантастыкай.

Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што ў адрозненне ад дзяржаўных СМІ, незалежныя журналісты паказалі высокі ўзровень прафесіяналізму. Тым не менш, невядома, ці сапраўды незалежныя СМІ пашырылі сваю аўдыторыю. Пасля разгонаў пратэстаў цікавасць да палітыкі, як правіла, зніжаецца.

Толькі невялікая частка насельніцтва захоўвае цікавасць да палітыкі падчас палітычнага зацішша, і гэтая група застаецца асноўнай мэтавай аўдыторыяй недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Чакаецца, што цікавасць да незалежных СМІ будзе падаць гэтак жа, як і ў 2011 годзе.

Але праца журналістаў гэтым разам паказала, што метады асвятлення пратэстаў назаўжды змяніліся. Новыя тэхналогіі дазваляюць грамадскасці назіраць дэманстрацыі і быць сведкам паводзінаў міліцыі ў рэжыме рэальнага часу. Гэта дае журналісцкай супольнасці велізарную ўладу. Арышты, штрафы і напады міліцыі на офісы Белсату у Мінску, якія адбыліся 31 сакавіка, з’яўляюцца доказам таго, што ўлады выдатна ведаюць пра гэту небяспеку.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *