Астравецкая АЭС: атрута для беларуска-літоўскіх адносінаў?

У апошнія месяцы пытанне аб атамнай электрастанцыі, якую Беларусь будуе каля мяжы з Літвой, было даміноўным у двухбаковых адносінах. Літоўскія палітыкі імкнуцца блакаваць патэнцыйны экспарт электраэнергіі з Беларусі.

Вільня выказвае занепакоенасць пытаннямі навакольнага асяроддзя і бяспекі, але Мінск бачыць у паводзінах суседа перадусім эканамічныя і палітычныя матывы. Унутрыпалітычная сітуацыя ў Літве таксама грае тут пэўную ролю.

Ці можа рыторыка і дзеянні Літвы нанесці сур’ёзную шкоду эканамічным і палітычным сувязям дзвюх краінаў?

Агульнаеўрапейская кампанія супраць Астравецкай АЭС

12 траўня літоўскі парламент прыняў рэзалюцыю, якая заклікае ўрад зрабіць усе неабходныя дыпламатычныя, прававыя і тэхнічныя захады па спыненні будаўніцтва АЭС у Астраўцы. Дэпутаты хочуць, каб урад забараніў куплю электраэнергіі ў Беларусі, а таксама выкарыстанне энергетычнай сістэмы Літвы і яе рэзервовых магутнасцяў Беларуссю.

Але літоўскі ўрад і сам мае павышаную цікаўнасць да гэтага пытання. 26 красавіка прэм’ер-міністр Літвы Альгірдас Буткявічус ва ўгодкі Чарнобыля запатрабаваў ад Беларусі «каб бяспека АЭС, што будуецца ўсяго ў 50 кіламетрах ад Вільні, была створаная ў строгай адпаведнасці з усімі міжнароднымі патрабаваннямі і рэкамендацыямі».

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ 22 лютага заявіла, што бяспека Астравецкай АЭС павінна стаць прадметам клопату для ўсяго Еўрапейскага Саюза.

Альгірдас Буткявічус

Фактычна Літва запусціла агульнаеўрапейскую кампанію супраць беларускай АЭС. У снежні 2015 года міністр энергетыкі краіны Рокас Масюліс напісаў сваім калегам у суседніх краінах ліст з заклікам не купляць электрычную энергію з АЭС, што будуюцца ў Беларусі і Калінінградскай вобласці Расіі.

Эстонія і Латвія, хоць нерашуча, але падтрымалі ініцыятыву Літвы. Фінляндыя адмовілася далучыцца да байкоту, а Польшча схавалася за мяккай дыпламатычнай фармулёўкай «энергія з небяспечных АЭС не павінна з’яўляцца на рынку».

Літоўскія лідэры шукалі падтрымку і далёка за межамі суседніх краінаў. 20 красавіка Прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ абмеркавала бяспеку будучай беларускай АЭС з канцлерам Германіі Ангелай Меркель.

11 мая Буткявічус заявіў пра свой намер абмеркаваць Астравецкую АЭС з Жан-Клодам Юнкерам, прэзідэнтам Еўрапейскай камісіі. Раней ён сцвярджаў, што мае ў гэтым пытанні поўную падтрымку Нарвегіі.

Беларусь настойвае на сваёй адкрытасці да дыялогу

Літва сцвярджае, што Беларусь парушыла свае абавязацельствы па Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў транпамежным кантэксце (Канвенцыя Эспаа). Сапраўды, у сакавіку 2014 года Камітэт па рэалізацыі канвенцыі заявіў, што Беларусь не выконвае сваіх абавязацельстваў па чатырох яе артыкулах.

Беларускі ўрад сцвярджае, што з тых часоў ужо выправіў сітуацыю. У чэрвені 2013 года Беларусь прадставіла канчатковы варыянт ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе літоўскаму боку. Дарэчы, Літва сцвярджае, што даклад быў перакладзены на літоўскую мову праз Google-перакладчык.

Паводле беларускіх уладаў, Літва адкінула  шматлікія прапановы Беларусі па арганізацыі кансультацый з грамадскасцю наконт ацэнкі ўздеяння. Пазней Беларусь арганізавала такія грамадскія слуханні ў Астраўцы з бясплатнымі візамі і перакладам на літоўскую мову. На іх былі запрошаныя літоўскія журналісты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і службовыя асобы.

Ацэнка ўздзеяння на наваколле, перакладзеная праз Google

Мінск прапанаваў Вільні стварыць сумесны орган для пасляпраектнага аналізу Астравецкай АЭС. Ён таксама прапанаваў рэалізаваць сумесны праект сістэмы радыяцыйнага маніторынгу ядзерных аб’ектаў, размешчаных паблізу мяжы.

Паводле крыніцаў ostro.by беларускія чыноўнікі сцвярджаюць, што Літва маніпулюе канвенцыяй Эспаа, каб запаволіць або блакаваць пабудову АЭС у Беларусі. Літва лічыць яе непажаданай па эканамічных і палітычных прычынах. Таму Беларусы асцерагаюцца, што Вільня паспрабуе скарыстацца большасцю галасоў заходніх краінаў у канвенцыі, каб праціснуць неабходныя рашэнні.

Намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк пацвердзіў у нядаўнім інтэрв’ю літоўскім СМІ, што Літва «пазбягае дыялогу», паслядоўна ігнаруючы спробы Беларусі ўсталяваць каналы сувязі і вырашыць рознагалоссі шляхам абмеркавання. У 2010 – 2014 гадах беларускія дзяржаўныя органы даслалі дзесяць пісьмовых адказаў літоўскім калегам. З 2011 года ўрад Беларусі запрасіў літоўскія ўлады на дзесяць мерапрыемстваў – адзін раз на ўзроўні прэм’ер-міністраў – каб правесці экспертныя кансультацыі па Астравецкай АЭС.

Аднак Беларусь супраціўлялася прапанове Літвы аб стварэнні экспертнага органа для вырашэння існуючых рознагалоссяў, сцвярджаючы, што краіны яшчэ не вычарпалі магчымасці двухбаковых кансультацый.

Беларусь сумняваецца ў праўдзівасці матываў Літвы

Літоўскія ўлады сцвярджаюць, што іх адзінай заклапочанасцю з нагоды праекта Астравецкай АЭС застаецца брак бяспекі і негатыўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе.

Сапраўды, Астравецкая АЭС будуецца расійскім падрадчыкам, з выкарыстаннем расійскіх тэхналогій, абсталявання і расійскага крэдыту. Устойлівы недавер да расійскіх тэхналогіяў і карумпаваных падрадчыкаў, якія дагэтуль пераважаюць на постсавецкай прасторы, павялічваюць сумневы літоўскага боку. Нядаўні інцыдэнт на будаўнічай пляцоўцы, які беларускія ўлады першапачаткова вырашылі замаўчаць і нават адрынуць, толькі ўзмацняе гэты страх.

Яшчэ адной прычынай для турботаў з’яўляецца аўтарытарны характар ​​беларускага рэжыму. Улады не правялі належнай грамадскай дыскусіі ў Беларусі перш чым прымаць канчатковае рашэнне па гэтым праекце. Літва асцерагаецца, што пры адсутнасці незалежнага рэгулятара дзяржаўныя ўстановы і будаўнікі могуць праігнараваць патэнцыйныя недахопы праекту і бяздумна выконваць указанні Лукашэнкі.

У сваю чаргу, беларускія ўлады перакананыя ў тым, што літоўцы кіруюцца сваімі эканамічнымі і палітычнымі інтарэсамі пад прыкрыццём меркаванняў бяспекі.

Астравецкая АЭС робіць планаваную атамную электрастанцыю у літоўскім Вісагінасе лішняй. Балтыйскія краіны абмяркоўвалі ідэю будаўніцтва новай АЭС на месцы закрытай Ігналінскай АЭС з 2006 года, але практычных крокаў у гэтым накірунку было зроблена мала. Некаторыя эксперты лічаць гэты замарожаны праект фактычна мёртвым.

Нядаўняя заява Далі Грыбаўскайтэ пацвярджае меркаванне пра эканамічныя матывы непрыязні Літвы да Беларускай АЭС. 22 лютага яна сказала, што “Астравецкая АЭС не павінна ствараць якіх-небудзь дадатковых перашкодаў ані для вытворчасці электраэнергіі ў краіне, ані для павышэння эфектыўнасці яе спажывання або сінхранізацыі Балтыйскіх краін з лініямі электраперадачы кантынентальнай Еўропы”.

Унутраныя палітычныя меркаванні таксама граюць важную ролю ў  гэтай дыскусіі. Маючыя адбыцца ў кастрычніка 2016 года парламенцкія выбары вымушаюць палітыкаў усіх партыйных плыняў гуляць у “абарону нацыянальных інтарэсаў”. Нават праціўнік Астравецкай АЭС міністр энергетыкі Рокас Масюліс назваў дзейнасць зацятых крытыкаў беларускай АЭС “перадвыбарчымі палітычнымі манёўрамі”.

Беларускія ўлады відавочна занепакоеныя кампаніяй, распачатай Літвой супраць праекта АЭС, і асабліва заклікамі да байкоту патэнцыйнага экспарту энерганосьбітаў. Тым не менш, нават калі гэтая ініцыятыва атрымае шырокую падтрымку ў ЕС, яна наўрад ці спыніць будаўніцтва станцыі.

Сёння Беларусь забяспечвае значную частку сваіх патрэбаў у электраэнергіі за кошт імпарту, таму Астравецкая АЭС будзе працаваць для задавальнення ўнутранага спажывання. Гэта таксама дасць магчымасць скараціць імпарт прыроднага газу з Расіі.

Некаторыя літоўскія палітыкі разумеюць, што важна не нанесці шкоды двухбаковым стасункам гульнёй у байкот. Гедымін Кіркілас, віцэ-спікер парламента і былы прэм’ер-міністр Літвы лічыць, што Літва цяпер можа толькі змякчыць наступствы рашэння Беларусі. «Апроч Астраўца, ёсць і іншыя пытанні ў адносінах з Беларуссю, транзіт праз Літву, Клайпедскі порт», нагадвае ён.

Сапраўды, літоўскія ўлады наўрад ці гатовыя паставіць пад пагрозу шматлікія перавагі шырокай сеткі гандлёвых сувязяў паміж дзвюма краінамі. Для захавання твару Літва магла б адстойваць больш строгія працэдуры экалагічнай бяспекі і ўзаемавыгадны механізм гандлю электраэнергіяй.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *