Адносіны Беларусі і ЕС: мяжа дасягнутая?

Да нядаўняга часу Беларусь лічылася даволі паспяховай краінай у межах Усходняга партнёрства.  Яна не мае тэрытарыяльных спрэчак, не парушае прынятыя знешнепалітычныя абавязальніцтвы, і дэманструе паступовую станоўчую дынаміку ў адносінах з Еўрапейскім саюзам.

Аднак выглядае, што інтэнсіўнасць супрацоўніцтва Беларусі і ЕС ужо дасягнула сваіх межаў. Адсутнасць далейшага прагрэсу у сферы правоў чалавека і сумніўныя планы беларускіх чыноўнікаў па рэформе выбарчай сістэмы шкодзяць двухбаковым адносінам.

Абвяшчаючы сустрэчу міністраў замежных спраў 23 траўня, Служба знешняй дзеянняў ЕС пералічыла дасягненні ў пабудове сувязяў з усходнімі суседзямі: функцыянаванне дамоваў аб асацыяцыі з Украінай, Малдовай і Грузіяй, планаванае падпісанне гэтых дамоваў з Арменіяй і Азербайджанам і “развіццё адносінаў” з Беларуссю. Такі няпэўны выраз паказвае на агульнае запаволенне збліжэння Мінска і Брусэля.

Гэтая тэндэнцыя была бачная падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Рым 20 траўня — першай яго паездкі ў ЕС пасля адмены санкцый. У адрозненне ад мінулага візіту ў Італію сем гадоў назад, гэтым разам ён не сустракаўся з прэм’ер-міністрам Італіі.

Іміджавы візіт

Як і ў 2009 годзе, калі ЕС на некаторы час адмяніў санкцыі супраць Мінска, для першага візіту Лукашэнка абраў Рым. І Італія, і Ватыкан выдатна падыходзяць на ролю «варотаў ў Еўропу» для беларускага лідара.

Італьянскае кіраўніцтва заўсёды было адным з галоўных прыхільнікаў прагматычнага (на думку некаторых – цынічнага) падыходу да Беларусі. Да нядаўняга часу дзве краіны мелі даволі значны двухбаковы гандаль — да 2 млрд еўра ў год. Але ў 2015 годзе ён ўпаў у тры разы, найбольш з-за зніжэння цэнаў на нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні на сусветным рынку.

Сустрэча з Папам Рымскім, у сваю чаргу, дае Лукашэнку пэўную маральную падтрымку, якая б дапамагла яму змяніць свой «нерукапацісны» імідж на Захадзе.

Сустрэча ў Ватыкане прайшла амаль ідэальна — беларускі лідэр і Папа Францыск абмяняліся падарункамі, апошні назваў Мінск «месцам міру», а Лукашэнка сказаў, што ён і лідар каталіцкай царквы падзяляюць агульнае бачанне свету.

Папа ў чарговы раз атрымаў запрашэнне ў Беларусь на сустрэчу з кіраўніком Рускай праваслаўнай царквы Патрыярхам Кірылам. Але гэтая даўняя ідэя Лукашэнкі наўрад ці спраўдзіцца: два духоўныя лідары нядаўна ўпершыню ў гісторыі сустракаліся на Кубе. Няма ніякіх прычын, каб паўтарыць гэту сустрэчу ў бліжэйшы час.

Што тычыцца Італіі, у адрозненне ад 2009 года, калі Лукашэнка правёў перамовы з прэм’ер-міністрам Сільвіо Берлусконі, цяпер ён сустрэўся толькі з прэзідэнтам Серджыо Матарэла. Прэзідэнт Італіі не мае рэальнай улады і яго пазіцыя носіць чыста намінальны характар. Падобна на тое, што палітычнае кіраўніцтва Еўропы ўсё яшчэ лічыць сустрэчу з Лукашэнкам альбо недарэчнай, альбо непатрэбнай.

Новыя і старыя выклікі на шляху

Падзеі апошніх месяцаў паказваюць змяшаную карціну адносінаў Мінска і Брусэля.

Станоўчай падзеяй стаўся беларуска-еўрапейскі інвестыцыйны форум у Аўстрыі 24 мая. Мінск накіраваў туды дэлегацыю высокага ўзроўню пад старшынствам віцэ-прэм’ера Васіля Мацюшэўскага. Больш за сто кампаній ад абодвух бакоў прыехалі ў Вену, каб абмеркаваць інвестыцыйныя магчымасці ў Беларусі. Будучыня пакажа, наколькі плённым гэты форум стане з пункту гледжання рэальных кантрактаў, але саму падзею ўжо можна назваць дасягненнем.

З іншага боку, нягледзячы на ​​няспынныя дыскусіі з ЕС і ААН, Беларусь працягвае ўжываць смяротнае пакаранне. У 2016 годзе ўжо тры чалавекі былі асуджаныя да смяротнага пакарання, а яшчэ адзін чалавек быў пакараны ў красавіку.

Пасля апошняга абвяшчэння смяротнага прысуду 19 траўня ЕС апублікаваў незвычайна жорсткую заяву. Ён абвінаваціў Мінск у парушэнні сваіх абавязацельстваў весці дыялог з міжнароднай супольнасцю па гэтым пытанні і разгледзець часовы мараторый на смяротнае пакаранне.

Падчас свайго візіту ў Брусэль 23 траўня міністр замежных спраў Уладзімір Макей пацвердзіў беларускую прапанову правесці перамоваў па базавай дамове з ЕС. Гэта рамачны дакумент, які Брусэль заключыў амаль з кожнай дзяржавай на постсавецкай прасторы. Тым не менш, еўрапейскія чыноўнікі ў адказ альбо маўчаць, альбо, як кіраўнічка дэлегацыі ЕС у Мінску Андрэа Віктарын, кажуць «час яшчэ не прыйшоў».

Пасля зняцця санкцый Брусэль разглядае маючыя адбыцца ў верасні парламенцкія выбары як лакмусавая паперку для беларускіх уладаў. Лукашэнка разумеў гэта і абавязаў Цэнтральную выбарчую камісію прыдумаць нешта, што ён можа прапанаваць у якасці саступкі Захаду.

Кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына абвясціла, што выбарчае заканадаўства застанецца тым жа з-за «недахопу часу да пачатку выбараў.» Тым не менш, ЦВК паабяцаў змяніць некаторыя практыкі, каб зрабіць працэс больш празрыстым. Гэта ўключае ў сябе дазвол назіральнікам знаходзіцца бліжэй да сталоў, дзе адбываецца падліку галасоў, невялікае павелічэнне правоў міжнародных назіральнікаў, публікацыю больш дадзеных пра выбары онлайн і публічнае абмеркаванне кожнай кандыдатуры пры складанні акруговых выбарчых камісій.

Відавочна, што гэтыя касметычныя змены выконваюць толькі нешматлікія з 30 рэкамендацый, якія АБСЕ зрабіла пасля мінулай прэзідэнцкай кампаніі. Старшыня кароткатэрміновай місіі назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года Кент Харстед паведаміў TUT.BY, што АБСЕ чакала заканадаўчых зменаў і ўжо чула шмат абяцанняў ад Мінска. Сябры Еўрапарламента, якія наведвалі Беларусь у апошні час, скардзіліся на «адсутнасць вычарпальных адказаў” ад Ярмошынай на свае пытанні аб планаваных выбарчых зменах.

У іншых сферах дыялогу, напрыклад партнёрстве ў сферы мабільнасці і спрашчэнні візавага рэжыму, таксама адсутнічае заўважны прагрэс. У дадатак, Літва робіць ўсё магчымае, каб паставіць пабудову Астравецкай АЭС на парадак дня палітычнага дыялогу Беларусі і ЕС. Макей абмяркоўваў гэтае пытанне з віцэ-прэзідэнтам Еўракамісіі Марашам Шэфчовічам ў Бруселі, што паказвае на пэўны поспех Вільні ў яго прасоўванні. Яно можа дадаткова абцяжарыць дыялог Мінска і Брусэля ў будучыні.

Выбары стануць пераломным момантам

Нядаўнія падзеі ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС паказваюць ступень ўзаемнага расчаравання. Брусэль чакаў большага ад Беларусі ў паляпшэнні правоў чалавека, а беларускія ўлады спадзяваліся хутчэй атрымаць ад ЕС канкрэтныя выгоды. У сваім нядаўнім звароце да народа і парламента Лукашэнка ахарактарызаваў цяперашні этап адносінаў Мінска і Брусэля  як «гаварыльня» – шмат перамоваў з малым вынікам.

Калі гэтая тэндэнцыя захаваецца, то будучыня адлігі ў адносінах Беларусі і ЕС, хутчэй за ўсё, будзе залежаць ад парламенцкіх выбараў.

У выпадку, калі кампанія пойдзе па звычайным сцэнары або толькі з касметычнымі працэдурнымі ўдасканаленнямі, ЕС можа страціць рэшткі энтузіязму і спыніць далейшыя спробы супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі.

З іншага боку, некаторыя заўважныя змены, напрыклад, больш палітычна разнастайны склад выбарчых камісій, празрысты падлік галасоў ці пропуск апазіцыі ў парламент, могуць надаць другое дыханне збліжэнню з Захадам.

Але ведаючы стаўленне беларускіх уладаў да дэмакратычных працэдураў і іх страх палітычных эксперыментаў, першы варыянт здаецца больш рэальным. Толькі сур’ёзная сварка з Масквой ці па-сапраўднаму глыбокі эканамічны спад можа прымусіць Лукашэнку зрабіць  новыя саступкі Захаду.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *