Абранне Трампа вачыма беларускай улады, грамадства, медыя і экспертаў

9 лістапада Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Дональда Трампа з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША. Ён высока ацаніў “актыўную і шчырую пазіцыю” Трампа, спадзеючыся аднавіць беларуска-амерыканскія адносіны, а таксама папярэдзіў Расію, што радавацца трыумфу Трампа рана.

Аднак людзі на вуліцах схільныя інтэрпрэтаваць яго перамогу праз прызму расійскіх СМІ. Яны паўтараюць думку, што Трамп будзе праводзіць сяброўскую палітыку ў дачыненні да Расіі і Беларусі.

Беларускія СМІ з энтузіязмам паведамляюць пра зяця Трампа Джарэда Кушнера, чые продкі паходзяць з Беларусі і чый бацька рэгулярна наведвае краіну.

Многія адзначылі падабенства паміж лідарам Беларусі і новым лідарам ЗША: абодва схільныя да папулізму і супрацьстаяння элітам; абодва прыводзяць сваіх малых сыноў на афіцыйныя сустрэчы. Але, нягледзечы на ​​гэтыя падобныя рысы, большасць экспертаў сыходзяцца ў меркаванні, што Беларусь наўрад ці стане прыярытэтам на парадку дня ЗША.

Лукашэнка: Трамп — не сябар Расіі

9 лістапада Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Дональда Трампа з перамогай. Лукашэнка падкрэсліў, што амерыканцы прагаласавалі за адказнага, шчырага кандыдата, які прынясе змены. «Вы ўзрушылі амерыканскае грамадства і вярнулі яго да рэальнай дэмакратыі”, заявіў беларускі лідар. Лукашэнка выказаў надзею на тое, што адносіны паміж Беларуссю і ЗША будуць працягваць рух у напрамку нармалізацыі.

У той жа час, Лукашэнка папярэдзіў расійцаў, што не варта надта радавацца перамозе Трампа. “Не трэба спяшацца і заяўляць, што гэта падарунак. Прыйшоў да ўлады амерыканскі грамадзянін, які любіць Амерыку і які хоча, каб гэтая краіна была яшчэ больш моцнай, чым цяпер. А вось дзе будзе месца глабальных дзяржаў і наша – пытанне”, сказаў ён. Цікава, што Лукашэнка прадказаў перамогу Трампа яшчэ ў верасні: «Амерыканскае грамадства пакуль што не гатовае абраць прэзідэнтам жанчыну, нават такую дасведчаную, як Хілары”.

Іншыя ўрадавыя асобы захоўваюць маўчанне наконт гэтай падзеі, бо правілы беларускай палітычнай сістэмы абмяжоўваюць іх публічныя каментары па-за сферай непасрэднай адказнасці. У адрозненне ад выканаўчай улады, дэпутаты парламента больш смела дзяліліся сваімі поглядамі.

Алена Анісім

Алена Анісім. Фота: belapan.by

Нядаўна абраная апазіцыйная дэпутатка Алена Анісім выказала меркаванне, што перамога Трампа з’яўляецца сведчаннем дэмакратычнага характару палітычнай сістэмы ЗША. Анісім чакае змены ўнутранай палітыкі ЗША, але не лічыць імавернымі сур’ёзныя змены ў знешняй палітыцы. Праўладны дэпутат Мікалай Улаховіч выказаў надзею на тое, што Трамп здыме санкцыі супраць Беларусі, але яго турбуюць заявы Трампа пра вяртанне да “вялікай Амерыкі”.

Людзі на вуліцах гавораць голасам расійскіх тэлеканалаў

Беларускія СМІ Белсат, Еўрарадыё і Спутнік зрабілі апытанне людзей на вуліцах беларускай сталіцы. Большасць рэспандэнтаў выказалі задавальненне перамогай Трампа. Самая папулярная прычына гэтага – стаўленне Трампа да Расіі: “Вядома, Трамп. Ён бліжэй да Расіі, а значыць і да нас”.

Аднак некаторыя людзі сцвярджаюць, што ўплыў выбараў у ЗША на Беларусь будзе нябачным. Як сказаў адзін з рэспандэнтаў, «Гэта наўрад ці паўплывае на нас, бо няма ніякіх кантактаў паміж Беларуссю і ЗША, няма гандлю». Хоць некаторыя і спадзяваліся ўбачыць Клінтан у якасці новага прэзідэнта, многія беларусы да гэтага часу не давяраюць жанчынам у палітыцы: «Калі яна не здолела пракантраляваць свайго мужа, як жа яна зможа кіраваць ЗША,» сказаў адзін мінак. Яшчэ адна жанчына сцвярджала, што “жанчына ў палітыцы — гэта як малпа з гранатай”.

Медыя абмяркоўваюць зяця Трампа

Адна з самых папулярных тэмаў вакол Трампа ў беларускіх СМІ тычыцца яго зяця — Джарэда Кушнера, магната ў сферы нерухомасці і медыя з Нью-Ёрка. Як высвятлілася, прадзеды Кушнера паходзяць з беларускага Наваградка. Падчас Другой сусветнай вайны яны збеглі з наваградскага гета і далучыліся да габрэйскага партызанскага атрада ў лясах.

Дональд Трамп, Іванка Трамп і Джарэд Кушнер

Дональд Трамп, Іванка Трамп і Джарэд Кушнер. Фота: dailymail.co.uk

Пасля вайны яны пераехалі ў ЗША, дзе нарадзіўся бацька Джарэда Чарльз. Чарльз Кушнер мае традыцыю наведвання Наваградка разам са сваімі ўнукамі напярэдадні іх паўналецця, каб паказаць ім гісторыю сям’і. Беларусы спадзяюцца ўбачыць унукаў Трамп праз некалькі гадоў падчас іх традыцыйнага падарожжа на радзіму продкаў.

Што тычыцца прычынаў перамогі Трампа, Наша Ніва назвала Хілары “халодным і нецікавым кандыдатам”, які вымусіў амерыканскае грамадства галасаваць за Трампа “сэрцам».

Журналіст газеты “Беларусь сегодня” адзначыў, што людзі стаміліся ад дэмакратаў у ЗША, і гэта тлумачыць поспех кампаніі Трампа. Хоць газета ў цэлым дэманструе падтрымку новага прэзідэнта ЗША, яна згадвае адну істотную пагрозу, якую можа стварыць прэзідэнцтва Трампа: калі ён спыніць укладанне грошай у НАТА, Расія атрымае неабмежаваны кантроль над рэгіёнам.

Два папулісты?

Некаторыя эксперты праводзяць паралелі паміж папулізмам Трампа і Лукашэнкі, абодва з якіх выступаюць супраць элітных групаў і шукаць падтрымкі простых людзей. Як і Трамп, Лукашэнка нечакана прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе, выкарыстоўваючы папулісцкія лозунгі, прытым што тагачасныя эліты не лічылі яго сур’ёзным супернікам.

Акрамя таго, лідары дзвюх краін выкарыстоўваюць аднолькавую хітрасць — яны прыводзяць сваіх малых сыноў на афіцыйныя сустрэчы. Беларускі прэзідэнт рэгулярна бярэ свайго сына з сабой у  паездкі за мяжу. Аналітыкі сцвярджаюць, што Лукашэнка з’яўляецца на публіцы з сынам, каб змякчыць імідж жорсткага кіраўніка. Падобна да Лукашэнкі, Трамп прывёў свайго малодшага сына на першую публічную сустрэчу пасля абвяшчэння вынікаў выбараў.

Тым не менш, паміж імі існуе прынцыповая розніца — Трампу давядзецца працаваць у сістэме амерыканскіх дэмакратычных інстытутаў, дзе яго будуць абмяжоўваць Кангрэс, судовая сістэма і розныя групы інтарэсаў; ён таксама не мае права на больш чым два тэрміны ва ўладзе. Лукашэнка ж застаецца адзіным кіраўніком і цэнтрам прыняцця рашэнняў ў Беларусі цягам апошніх 22 гадоў і не паказвае аніякага жадання сысці з пасады.

Што тычыцца перспектыў беларуска-амерыканскіх адносінаў, эксперты не лічаць, што падабенства некаторых рысаў двух прэзідэнтаў прывядзе да вялікага прагрэсу ў двухбаковых адносінах. Валер Карбалевіч сцвярджае, што адміністрацыя Трампа не плануе падымаць пытанне Беларусі ў бліжэйшыя гады. Развіццё двухбаковага супрацоўніцтва будзе працягвацца па цяперашнім шляху.

Дзяніс Мельянцоў

Дзяніс Мельянцоў. Фота: tut.by

Дзяніс Мельянцоў таксама лічыць малаверагодным прыярытэтнасць Беларусі для ЗША. Амерыканска-беларускія адносіны будуць развівацца ў адпаведнасці з мадэллю, усталяванай у апошнія два гады, дзе перавага будзе надавацца правам чалавека і бяспецы.

Пакуль невядома, ці будзе новаабраны амерыканскі прэзідэнт выракацца сваіх абяцанняў прынесці значныя змены ва ўнутраную і знешнюю палітыку ЗША. Хутчэй за ўсё, палітыка ў дачыненні да Беларусі за часамі Трампа не зведае значных зменаў. Тым не менш, беларускі ўрад мае надзеі на новага лідара ЗША, у той час як простыя беларусы тыражуюць вобраз Трампа як прагматычнага сябра Расіі і Беларусі, створанага расійскімі медыя.

Алеся Руднік і Вадзім Смок

Алеся Руднік  — інтэрн у Цэнтры Астрагорскага, навучаецца ў магістратуры Стакгольмскага ўніверсітэта.

Вадзім Смок – каардынатар  праектаў і аналітык Цэнтра Астрагорскага.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *