Беларуская дыпламатыя ў 2016 годзе – агляд вынікаў знешняй палітыкі

Лукашэнка і Папа

Аляксандр Лукашэнка, яго сын Мікалай і Папа Францыск. Фота: president.gov.by

У 2016 годзе беларускія дыпламаты здолелі дамагчыся адмены большасці заходніх санкцый і міжнароднага прызнанне беларускага парламента, зрабілі дыялог з Еўропай рэгулярным, і ператварылі Польшчу з зацятага крытыка Беларусі ў добрага партнёра.

У той жа час, яны не далі рады зрабіць Лукашэнку цалкам “рукапаціснутым” сярод яго калегаў у Еўропе, адмежаваліся ад палітычнай эліты Украіны, правалілі рост экспарту і дыверсіфікацыю рынкаў, а таксама ператварылі Літву з сябра Беларусі ў праціўніка.

Ostro.by прапануе сваё рэзюмэ дасягненняў і няўдачаў беларускай дыпламатыі ў мінулым годзе.

Развітанне з санкцыямі ЕС. У лютым беларуская дыпламатыя дасягнула вялікай перамогі, калі Еўрапейскі саюз скасаваў забарону на ўезд і замарозку актываў большасці людзей і ўсіх кампаній з Беларусі, якія знаходзіліся ў санкцыйным спісе.

У той жа час, на працягу некалькіх месяцаў, што папярэднічалі канчатковаму зняццю санкцый, беларускія ўлады не зрабілі сістэмных крокаў па выпраўленні сітуацыі ў галіне правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закона.

Геапалітычныя меркаванні згулялі вырашальную ролю ў рашэнні ЕС, хаця еўрапейскія чыноўнікі і адмаўлялі гэта. У новым кантэксце рэгіянальнай бяспекі Еўропа не пажадала папракаць Беларусь, якая выступіла ў якасці дастаткова незалежнага гульца.

Падтрыманне аптымістычнага статус-кво са Злучанымі Штатамі. У адрозненне ад Еўропы, Злучаныя Штаты ўстрымаліся ад канчатковага зняцця санкцый у дачыненні да Беларусі. Тым не менш, Вашынгтон ўзнагародзіў Мінск за яго адмову ад рэпрэсіўнай палітыкі неаднаразовым прыпыненнем эканамічных санкцый.

Аляксандр Лукашэнка і Майкл Карпэнтэр

Аляксандр Лукашэнка і Майкл Карпэнтэр. Фота: belta.by

Беларусь і Злучаныя Штаты засяродзіліся на дыялогу па пытаннях рэгіянальнай бяспекі і аднавілі ваеннае супрацоўніцтва.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка вырашыў асабіста прыняць удзел у гэтых перамовах. Ён прыняў некалькі амерыканскіх пасланнікаў сярэдняга звяна, не звяртаючы асаблівай увагі на дыпламатычны пратакол.

Як і Еўропа, ЗША аддалі прыярытэт дыстанцыяванню Беларусі ад напорыстых паводзінаў Расіі ў рэгіёне перад даўнімі праблемамі ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі. Тым не менш, адсутнасць прагрэсу ў гэтых абласцях перашкаджае далейшаму паляпшэнню двухбаковых адносінаў.

Усталяванне рэгулярнага дыялогу з Еўропай. У 2016 годзе Беларусь распачала інтэнсіўныя адносіны з Еўропай як у інстытуцыйным, так і ў двухбаковым вымярэнні.

Ні месяца не прайшло без візіту эмісараў ЕС высокага ці сярэдняга ўзроўню ў Мінск ці беларускіх чыноўнікаў у Брусель. Беларусь і ЕС заклалі новы фармат структураванага дыялогу, Каардынацыйную групу.

У той час як двухбаковыя абмены на высокім узроўні з многімі краінамі ЕС сталі звычайнай практыкай, беларуская дыпламатыя дасягнула найбольшага поспеху ва ўмацаванні двухбаковых кантактаў з краінамі Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы, тады як старая Еўропа засталася ззаду.

Лукашэнка застаўся палітычным ізгоем у Еўропе. Яго адзіны візіт у Італію ў траўні быў проста іміджавай сустрэчай з італьянскім цырыманіяльнай чыноўнікам на шляху да сустрэчы з Папам Рымскім.

Сяброўства з Польшчай. Рэгіянальныя меркаванні бяспекі і эканамічныя інтарэсы падштурхнулі Варшаву да больш актыўнага ўзаемадзеяння з Мінскам, адклаўшы “ідэалагічныя забабоны”.

Макей і Вашчыкоўскі

Уладзімір Макей паказвае дакументы з беларускіх архіваў. Фота: M.Jasiulewicz / МЗС Польшчы

Краіны здолелі зноў ўсталяваць шматлікія міжведамасныя кантакты. Яны ўключалі ў сябе парламенцкае супрацоўніцтва, што доўгі час было табу для Еўропы, але не дайшлі да сустрэчы на ​​найвышэйшым узроўні. Польшча таксама скараціла падтрымку беларускай апазіцыі і разглядала магчымасць закрыцця Белсату, адзінага незалежнага беларускага тэлеканала.

Не ясна, што Варшава атрымала наўзамен, акрамя ўмацавання эканамічнага супрацоўніцтва і няпэўных прыкметаў адчужэння Беларусі ад Расіі.

У той жа час, некалькі нявырашаных пытанняў, у асноўным звязаных з правамі нацыянальных меншасцяў і трансгранічнымі кантактамі, перашкаджаюць поўнай нармалізацыі двухбаковых адносінаў.

Парыраванне нападак Літвы. У той час як беларуска-польскія адносіны паляпшаліся, беларуска-літоўскія адносіны, наадварот, пагоршыліся. Непаразуменне краінаў з нагоды будаўніцтва беларускай АЭС паблізу іх агульнай мяжы выклікала крызіс.

Літва асцерагаецца праблемаў навакольнага асяроддзя і бяспекі. Беларусь жа бачыць хутчэй эканамічныя і палітычныя матывы прэтэнзій Літвы.

Вільня паспрабавала сфармаваць міжнародную кааліцыю, каб блакаваць патэнцыйны экспарт электраэнергіі з Беларусі. Мінск супрацьпаставіў гэтым намаганням прапановы таннай энергіі суседзям Літвы і паступова павялічваў празрыстасць ядзернага праекта. У выніку ўпаў аб’ём двухбаковага гандлю і пагоршылася інвестыцыйнае супрацоўніцтва.

Легітымізацыя марыянеткавага парламента. У апошнія дваццаць гадоў міжнародныя кантакты беларускіх парламентароў абмяжоўваліся у асноўным Расіяй, СНД і краінамі, якія развіваюцца. Еўрапейскія заканадаўцы ў пераважнай большасці выпадкаў байкатавалі гэту марыянеткавую ўстанову, якая прызначаецца і кантралюецца выканаўчай ўладай.

Рышард Тэрлецкі

Рышард Тэрлецкі ў парламенце Беларусі. Фота: house.gov.by

У 2016 годзе некалькі заходніх парламентаў, мабыць, зразумелі адмену санкцый як заахвочванне да кантактаў з Беларуссю ва ўсіх абласцях, у тым ліку міжпарламенцкіх адносінах.

Абмен парламенцкімі дэлегацыямі паміж Беларуссю і Еўропай стаў звычайнай з’явай. Візіты парламентароў высокага ўзроўню з Польшчы і Аўстрыі згралі асабліва важную ролю ў вяртанні маргіналізаванаму беларускаму парламенту міжнароднага прызнання.

Пераканаўчай спробы даць тлумачэнне пра раптоўную неабходнасць нармалізацыі адносінаў з беларускім парламентам не было зроблена да гэтага часу.

Трыванне ціску Расіі. У 2016 годзе адносіны паміж Беларуссю і Расіяй дасягнулі найбольшага напружання за многа гадоў.

Краіны назапасілі цэлы шэраг нявырашаных праблем у розных сферах: пастаўкі нафты і газу, доступ да рынкаў, экспарт беларускай сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі ў Расію, крэдыты, транзіт грамадзянаў трэціх краінаў праз беларуска-расійскую мяжу і г.д.

Краіны публічна не агучвалі напружанне на палітычным узроўні. Замест гэтага яны звярталіся да розных інструментаў “мяккай сілы”: трансляцыі прапагандысцкіх ток-шоу на расійскім тэлебачанні з спекуляцыямі пра “украінізацыю” тэндэнцый у Беларусі; арыштаў прарасійскіх журналістаў у Беларусі; распальвання страху інтэрвенцыі Расіі ў Беларусь і адмовы Лукашэнкі ўзяць удзел у саміце Еўразійскага эканамічнага саюза ў Расіі.

Беларусь засталася незадаволенай адмовай Расіі забяспечыць звыклы ўзровень эканамічнага спонсарства. Расія была незадаволеная змяншэннем лаяльнасці Беларусі ў сферах знешняй палітыкі і бяспекі.

Расчараванне ўкраінскай эліты. У 2016 годзе Беларусь здолела павялічыць двухбаковы гандаль з Украінай, у той час як з большасцю краінаў ён пагоршыўся. Краіны таксама спынілі тарыфную вайны паміж сабой.

Макей і Клічко

Уладзімір Макей і Віталь Клічко адкрываюць новы будынак беларускай амбасады ў Кіеве. Фота: МЗС Беларусі

Аднак нягледзячы на ​​маўклівую адмову Беларусі падтрымаць Расію ў яе гібрыднай вайне супраць Украіны, палітычныя адносіны паміж Мінскам і Кіевам адставалі ад іх эканамічных сувязяў.

Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка не сустракаліся ў двухбаковым фармаце пачынаючы з сярэдзіны 2014 года. Іх дамоўленасць сустрэцца ў канцы 2016 года не спраўдзілася пасля таго, як Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі ААН па правах чалавека ў акупаваным Крыме. Гэта галасаванне раззлавала эліты Украіны.

Няздольнасць здзейсніць прарыў у адносінах з краінамі «дальняй дугі». Беларусь імкнулася дасягнуць больш збалансаванага геаграфічнага размеркавання экспарту, каб паменшыць уразлівасць нацыянальнай эканомікі на сваіх асноўных рынках.

Лукашэнка шмат падарожнічаў па-за межамі Еўропы і Расіі, наведваў Кітай, Пакістан, Катар, Турцыю і ААЭ. Яго дыпламаты ў асноўным былі сканцэнтраваныя на Блізкім Усходзе і ў краінах Азіі.

Тым не менш, намаганні па павелічэнні долі краін «дальняй дугі» ў гандлі Беларусі збольшага не апраўдаліся. У студзені-лістападзе 2016 года экспарт на гэтыя рынкі скараціўся на 12,5%, з $7,13 млрд да $6,24 млрд, а доля ў агульным аб’ёме экспарту засталася на ўзроўні 29%.

Беларусь ганарылася павышэннем узроўню адносінаў з Кітаем з простага “стратэгічнага партнёрства” да “ўсебаковага стратэгічнага партнёрства на аснове ўзаемнага даверу і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва”.

Выдатныя палітычныя адносіны з Кітаем могуць служыць процівагай дамінуючаму ўплыву Расіі на Беларусь. Тым не менш, гэтыя адносіны не змаглі забяспечыць неадкладную эканамічную аддачу — беларускі экспарт у Кітай ў 2016 годзе скараціўся да самага нізкага ўзроўню з 2009 года.

Ваганне ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У 2016 годзе беларуская дыпламатыя ўклала шмат намаганняў у рэфармаванне працэсу прызначэння Генеральнага сакратара ААН. На працягу ўсёй гісторыі ААН яе топ-менеджэр заставаўся прадуктам кансенсусу пастаянных сябраў Рады бяспекі.

Місія Беларусі ў ААН

Місія Беларусі ў ААН рэагуе на паразу сваёй ініцыятывы ў Twitter. Малюнак @BelarusUNNY

Нягледзячы на некаторыя знешнія прыкметы большай празрыстасці і адкрытасці, намаганні Беларусі па рэформе прызначэння генсека правалілася. Нават Расія, найбліжэйшы саюзнік Беларусі, адмовілася падтрымаць гэтую ініцыятыву.

Мінск актыўна займаўся ініцыятывай па прасоўванні традыцыйнай сям’і. Ён таксама стварыў групу краінаў-аднадумцаў з сярэднім узроўнем даходу, шукаючы новыя шляхі доступу да дапамогі ААН у галіне развіцця.

Палітычныя заявы Беларусі ў ААН, ў адрозненне ад новага прагматычнага падыходу ў двухбаковай і шматбаковай дыпламатыі, заставаліся моцна антызаходнімі і антыкапіталістычнымі. Яны ўскладалі віну за эканамічныя, сацыяльныя і бяспекавыя няўдачы Беларусі на “глабальны хаос”, створаны Захоадам.

У 2017 годзе беларускія дыпламаты будуць працягваць рабіць цуды: развіваць адносіны з Захадам без значных дэмакратычных рэформаў у краіне; захоўваць Расію ў якасці найбліжэйшага саюзніка і спонсара, не прапануючы звычайнай ступені лаяльнасці наўзамен; павялічваць экспарт і прыцягваць інвестыцыі без эканамічных рэформаў.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *