Вадзім Смок: Мяркуем, што Ostro.by можа паспрыяць паляпшэнню якасці беларускіх медыя

У iнтэрнэце з’явіўся новы сайт Ostro.by, якi скіраваны на беларускую аўдыторыю  і робіць акцэнт на праблемах знешняй палітыкі, бяспекі і грамадства.  Пра перспектывы развiцця гэтага рэсурса Thinktanks.by распавеў каардынатар Цэнтра Астрагорскага  ў Беларусі Вадзім Смок.

— Якая мэта Ostro.by? Як з’явілася ідэя яго стварэння? У чым «фішка» сайта?

— Гэта праект Цэнтра Астрагорскага, што першапачаткова ўзнік як ідэя перакладаў на беларускую мову артыкулаў Belarus Digest, уплывовага ў заходніх колах англамоўнага аналітычнага рэсурса пра Беларусь. Праект скіраваны на беларускую аўдыторыю  і робіць акцэнт на праблемах знешняй палітыкі, бяспекі і грамадства Беларусі, але не абмяжоўваецца імі.

Аналітыкі Цэнтра Астрагорскага — гэта людзі, што атрымалі адукацыю і працавалі, а многія і цяпер робяць PhD ці жывуць на Захадзе, таму гэта дадае сваю адметнасць у нашу аналітыку.

Цэнтар мае шэраг экспертаў, якія могуць даць унікальны для Беларусі аналіз у пэўных сферах.

Мяркуем, што Ostro.by можа паспрыяць павелічэнню якасці беларускіх медыя, бо будзе прапаноўваць якасную аналітыку у даступным шырокаму колу чытачоў фармаце.

— З чаго будзе фармавацца кантэнт сайта? Ці будзе ён перасякацца з іншымі сайтамі Цэнтра Астрагорскага?

— Сайт будзе публікаваць пераклады артыкулаў Belarus Digest, а таксама арыгінальныя артыкулы па-беларуску і па-руску, і блогі аналітыкаў цэнтра  з аналізам бягучых падзеяў.

— Сайт будзе выключна беларускамоўным?

— Большасць матэрыялаў будзе на беларускай мове, але будуць публікавацца і тэксты па-руску.

— Чаму, на ваш погляд, многiя беларускія даследчыя цэнтры не занадта актыўна займаюцца прасоўваннем сябе і сваіх экспертаў у медыя? У сувязі з чым у Цэнтра Астрагорскага іншая пазыцыя?

— Яны або не разумеюць важнасць медыя-рэпрэзентацыі ў сучасным свеце, або іх дзейнасць  і іх фундатары ў меншай ступені гэтага вымагаюць. Цэнтр Астрагорскага бачыць медыя-прысутнасць адным з ключавых фактараў паспяховасці даследчага цэнтра, які дазваляе данесці вынікі сваёй працы да мэтавай аўдыторыі і паўплываць на распрацоўку і рэалізацыю палітыкі.

— Ці патрэбны беларусам аналітычныя сайты? Ці ёсць попыт на іх у наведвальнікаў?

— У Беларусі дастаткова людзей, якія цікавяцца палітыкай, ад уласна экспертнай ды палітычна ангажаванай супольнасці, дыпламатаў і чыноўнікаў да звычайных грамадзянаў. Добрая аналітыка заўжды будзе выклікаць цікавасць.

— Якім бы вы хацелі бачыць Ostro.by праз год?

— Праз год мы бачым сайт як рэсурс, які чытае і перадрукоўвае не толькі асяроддзе аналітыкаў і аднадумцаў, але і больш шырокія колы грамадства, палітыкаў, чыноўнікаў і медыяў.

Паводле thinktanks.by

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *