Ці змогуць выжыць беларускія монагарады?

Паводле нядаўна апублікаваных дадзеных Міністэрства фінансаў, Беларускі цэментны завод у 2015 годзе страціў $16,5 млн.

Такая навіна не стане шокам для беларускай эканомікі ў цэлым, але гэта катастрофа для Касцюковічаў, аднаго з беларускіх монагарадоў ва ўсходняй частцы Беларусі.

Монагарады сталі адным з праклёнаў, што засталіся Беларусі у спадчыну ад Савецкага Саюза і амаль усе яны сёння перажываюць цяжкія часы. Напрыклад, Касцюковічы становяцца горадам-прывідам, як пра яго спяваюць мясцовыя рэпэры.

Летась Беларускі цэментны завод, тамтэйшае горадаўтваральнае прадпрыемства, знізіў заробкі супрацоўнікаў і звольніў некалькі сотняў з іх.

Аналагічныя працэсы адбываюцца і ў іншых монагарадах Беларусі, змушаючы мясцовыя ўлады рабіць цяжкі выбар. Закрыццё буйных стратных прадпрыемстваў прывядзе да далейшай дэградацыі гэтых гарадоў. Паводле неспрыяльнага сцэнару, ўладам ў бліжэйшы час будзе бракаваць сродкаў на іх утрыманне.

Беларускія ўлады па-ранейшаму могуць дапамагчы монагарадам шляхам стварэння гарызантальных стратэгій развіцця, якія звязваюць некалькіх рэгіёнаў, выкарыстання міжнародных фондаў для рэструктурызацыі стратных прадпрыемстваў і дапамогі малому бізнесу не толькі падатковымі льготамі, але і навучаннем прадпрымальніцтву.

Монагарады ў Беларусі

Беларусь атрымала монагарады ў спадчыну ад Савецкага Саюза, які ствараў буйныя прадпрыемствы, каб забяспечыць працоўныя месцы і сродкі да існавання для насельніцтва гарадоў. Гэтая сістэма працавала ва ўмовах, калі дзяржава замаўляла прадукты гэтых кампаній, але абрынулася амаль без выключэння разам з распадам Савецкага Саюза.

Расійскі горад Тальяці, які вырабляе аўтамабілі, застаецца самым вядомым прыкладам горада, лёс якога залежыць ад аднаго прадпрыемства. У параўнанні з Украінай ці Расіяй, дзе некаторыя гарады цалкам зніклі, Беларусь пацярпела найменш. Краіна захавала камандную эканоміку і дзяржава застаецца ўласнікам асноўных буйных прадпрыемстваў. Гэта дазволіла прадпрыемствам хутка аднавіць эканамічныя сувязі і попыт на свае тавары.

Па словах Уладзіміра Валеткі, старшага навуковага супрацоўніка аналітычнага цэнтра CASE, каля 5-6% насельніцтва Беларусі жыве ў 40-50 гарадах з адным прадпрыемствам. Гэтыя мясцовыя прадпрыемствы даюць працу больш за чвэрці іх насельніцтва і часта з’яўляюцца адзінай крыніцай бюджэта горада. Акрамя таго, гэтыя прадпрыемствы забяспечваюць працу іншым бізнэсам, якія існуюць у такіх гарадах.

Некаторыя з гэтых монагарадоў застаюцца адносна функцыянальнымі, бо іх прадпрыемствы даюць прыбытак. Напрыклад, Салігорск, дзе знаходзіцца вытворца калію Беларуськалій, мае супастаўны з Мінскам сярэдні заробак. Беларуськалій з’яўляецца самым прыбытковым прадпрыемствам у Беларусі, а Салігорск — самым багатым горадам у краіне.

Лёс монагарадоў

Але Салігорск застаецца ўнікальным выпадкам, у той час як большасць монагарадоў дэградуюць у сацыяльным і эканамічным плане з-за стагнацыі прадпрыемстваў. Касцюковічы добра ілюструюць гэту тэндэнцыю.

Касцюковіцкі Беларускі цэментны завод скарыстаўся істотнай дзяржаўнай падтрымкай для сваёй мадэрнізацыі. Тым не менш, кампанія не змагла знайсці кліентаў для сваёй прадукцыі і стала адной з найбольш стратных у Беларусі. У 2015 годзе завод страціў каля $16,5 млн.

Для таго, каб знізіць страты, прадпрыемства працягвае звальняць супрацоўнікаў. У 2013 годзе на ім працавала 2754 чалавека, але на працягу двух гадоў гэта колькасць зменшылася на тры сотні. Гэта даволі высокі паказчык для горада з насельніцтвам 16,000 ​​чалавек, дзе амаль палова — дзяці ці пенсіянеры.

Многія людзі сёння не бачаць ніякіх эканамічных перспектыў для Касцюковічаў. Мясцовыя рэпэры ў песні пра свой горад называюць яго горадам-прывідам і абурана кажуць, што беспрацоўе разбурыла тут шмат жыццяў. У той жа час, кампетэнтныя супрацоўнікі пакідаюць горад — напрыклад, бальніца не можа знайсці дастатковую колькасць персаналу.

На працягу доўгага часу Беларускі цэментны завод заставаўся адзіным месцам, дзе людзі маглі  знайсці заробак крыху вышэйшы за сярэдні. Нават сёння супрацоўнікі прадпрыемства зарабляюць больш, чым большасць жыхароў горада. Паводле апублікаваных вакансій, прадпрыемства плоціць сваім супрацоўнікам каля $200. Гэта ў два разы больш, чым атрымліваюць працаўнікі сацыяльнай сферы, такія як настаўнікі.

Многія рэгіёны ўсё яшчэ Беларусі жывуць у феадальнай сістэме, калі мясцовыя чыноўнікі выкарыстоўваюць ўладныя пазіцыі ў сваіх уласных інтарэсах. У траўні газета Наша Ніва апублікавала артыкул, сцвярджаючы, што кіраўнік выканкаму Касцюковічаў выпісваў блізкім да сябе прадпрыемствам вялікія бонусы. У цяперашні час праваахоўныя органы праводзяць расследавання гэтага злачынства.

Як вырашыць праблему монагарадоў?

Як і ўсюды ў свеце, улады маюць цяжкасці з ажыўленнем монагарадоў, дзе асноўныя прамысловасці паміраюць. Амерыканскі горад Дэтройт ёсць самым вядомым прыкладам.

Беларускі ўрад стаіць перад дылемай: ён не можа збанкрутаваць стратныя прадпрыемствы, такія як Беларускі цэментны завод, бо гэта прывядзе да далейшага пагаршэння стану монагарадоў. Аднак падтрыманне такіх прадпрыемстваў становіцца немагчымай задачай, бо ўрад ня мае неабходных фінансавых рэсурсаў. У Бярозаўцы, монагорадзе ў Заходняй Беларусі з насельніцтвам 10,000 чалавек, шклозавод «Нёман»  зменшыў колькасць сваіх супрацоўнікаў з чатырох да двух тысяч напрацягу 10 гадоў.

Між тым, улады робяць усё магчымае, каб стымуляваць мясцовыя бізнес-ініцыятывы, і прапануюць ім падатковыя льготы. Але гэта, як сказаў Уладзімір Валетка ostro.by, мае абмежаваны эфект. Некаторыя Мінскія кампаніі проста пераносяць частку свайго бізнесу далей ад горада. Іх працаўнікі дабіраюцца з Мінска ў суседнія раёны, таму мясцовы рынак працы не атрымлівае новых працоўных месцаў. Такім чынам, афіцыйная занятасць у раёне паляпшаецца, у той час як фактычны ўзровень беднасці застаецца ранейшым.

Таму ўрад павінен дапамагчы людзям не толькі падатковымі льготамі, але і пашыраць бізнес-адукацыю ў монагарадах. Для гэтага могуць быць выкарыстаныя замежныя грошы. Напрыклад, USAID цяпер падтрымлівае праект у Казахстане, які праводзіць  бізнес-навучанне ў дэпрэсіўных рэгіёнах.

Многія рэгіёны на Захадзе, напрыклад Паўднёвы Ёркшыр ў Вялікабрытаніі, выкарыстоўвалі стратэгіі развіцця прадпрымальніцтва, каб пераадолець заняпад асноўнай прамысловасці.

Паводле Уладзіміра Валеткі, іншым магчымым рашэннем з’яўляецца засваенне гарызантальных стратэгій развіцця. Урад можа каардынаваць узаемадзеянне мясцовых органаў улады і бізнесу з суседніх рэгіёнаў у справе планавання свайго развіцця і спецыялізацыі.

Нягледзячы на ​​тое, што ўрад не можа выратаваць буйныя прадпрыемствы, ён павінен падтрымаць мясцовых жыхароў і заахвочваць сацыяльна адказную рэструктурызацыю. Міжнародны валютны фонд, які працягвае весці перамовы наконт новых праграмаў з беларускім урадам, можа быць вельмі карысным ў гэтай справе.

Але шмат што можа быць зроблена ўладамі нават без прыцягнення заходняй экспертызы. Як сказаў ostro.by Уладзімір Валетка, у выпадку Бярозаўкі занятасць мясцовага насельніцтва палепшылася дзякуючы адной простай меры: прыватныя мікрааўтобусныя кампаніі стварылі маршруты у суседнія гарады — Ліду і Наваградак — дзе цяпер працуе большасць людзей з Бярозаўкі.

Высокая мабільнасць людзей традыцыйна дапамагала многім амерыканцам знайсці лепшыя працоўныя месцы ў іншых штатах. Такім жа чынам, калі беларускі ўрад не можа ажывіць монагарады, ён мог бы прынамсі паспрыяць большай мабільнасці беларусаў.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *