Рэстаран у Курапатах: «яблык разладу» паміж бізнесам, дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю

Курапаты, пратэст, Дашкевіч

Пачынаючы з 31 мая, мітынгоўцы перакрылі ўваход у сумнавядомы рэстаран «Паедзем Паядзім». Пабудаваны ў Курапатах, у 50 метрах ад мемарыяла ахвярам сталінскіх рэпрэсій падчас 1937-1940 гадоў, «Паедзем Паядзім» выклікаў гарачыя спрэчкі ў беларускім грамадстве.

Канфлікт хутка ўспыхнуў паміж дзелавымі інтарэсамі ўладальнікаў рэстарана і маральнымі каштоўнасцямі пэўнай часткі грамадзянскай супольнасці. З аднаго боку, уладальнікі «Паедзем Паядзім» атрымалі афіцыйны дазвол ад беларускіх чыноўнікаў на забудову рэстарана каля лесу паблізу ад Курапат. З другога боку, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці лічаць ганебным будаўніцтва рэстарана каля масавых могілак і імкнуцца захаваць недатыкальнасць мэмарыялу. Пазіцыя беларускай дзяржавы дагэтуль застаецца нявызначанай.

Адкрыццё скандальнага рэстарана «Паедзем паядзім» выдатна ілюструе хібы камунікацыі паміж бізнесам, дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі. Гэтаксама, як і ў выпадку з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі ў Астраўцы альбо з рэканструкцыяй гістарычнага раёна Асмалоўка ў Мінску, грамадзянская супольнасць застаецца фактычна выключанай з працэса прыняцця рашэнняў.

Абарона мемарыяла Курапаты

Беларуская грамадскасць даведалася пра Курапаты ў канцы 1980-х гадоў, калі раскопкі выявілі масавыя пахаванні ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Зянон Пазняк, на той час кіраўнік Беларускага народнага фронта, вёў актыўную барацьбу за ўстаноўку мемарыяла і афіцыйнае прызнанне Курапатаў месцам масавага расстрэлу. Пазней курапацкі мемарыял у выглядзе драўляных крыжоў стаў традыцыйным месцам шанавання продкаў, асабліва сярод прадстаўнікоў беларускай апазіцыі.

Курапаты, Паедзем Паядзім, Поедем Поедим

Рэстаран «Паедзем Паядзім» за 50 метраў ад мемарыяла Курапаты. Крыніца: tut.by

Некалькі разоў Курапаты прыцягвалі ўвагу грамадскасці з-за гучных будаўнічых праектаў. Першы скандал адбыўся на пачатку 2000-х гадоў, калі ўлады ўхвалілі будаўніцтва кальцавой дарогі па тэрыторыі мемарыяла. Дзясяткі грамадскіх актывістаў начавалі тады ў намётах, каб прадухіліць доступ будаўнічым машынам.

У 2012 годзе ля мемарыяла зноў распачалося будаўніцтва, на гэта раз забаўляльнага цэнтра пад назвай «Бульбаш-холл». Грамадскія актывісты выступілі не толькі супраць адкрыцця забаўляльнага цэнтра, але і супраць яго «здзеклівай» назвы. Пратэстоўцы паспяхова абскардзілі будаўніцтва «Бульбаш-холла» у пракуратуры. Тым не менш, у 2013-2014 годзе Мінгарвыканкам зменшыў тэрыторыю ахоўнай зоны Курапат, і будаўніцтва забаўляльнага цэнтра стала легальным зноў. Змянілася толькі назва: «Бульбаш Холл» ператварыўся ў «Паедзем Паядзім».

5 чэрвеня рэстаран «Паедзем Паядзім» адчыніўся побач з мемарыялам у Курапатах. Аднак, яшчэ за тыдзень да афіцыйнага адкрыцця скандальнага рэстарана палітычна актыўныя беларусы арганізавалі серыю пратэстаў. Каля дванадцаці мітынгоўцаў заблакавалі ўваход у рэстаран і пачалі праводзіць тлумачальную працу з патэнцыйнымі наведвальнікамі.

Замест «Паедзем Паядзім» абаронцы Курапатаў прапануюць адчыніць музей ахвярам сталінскіх рэпрэсій. 29 чэрвеня апазіцыйны актывіст Зміцер Дашкевіч ініцыяваў устаноўку новых драўляных крыжоў на месцы мемарыяла, аднак быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Тым не менш, затрыманне Дашкевіча не спыніла пратэстную актыўнасць: вахта ў Курапатах дагэтуль працягваецца.

Уладальнікі «Паедзем Паядзім» сцвярджаюць, што яны валодаюць тэрыторыяй рэстарана на законных асновах, аднак не выключаюць магчымасць продажы рэстарана пад будаўніцтва мемарыяльнага музея. Улады па-ранейшаму пазбягаць сур’ёзна ўмешвацца ў ход пратэстаў, хаця некаторыя актывісты былі аштрафаваныя за блакаванне дарогі і неўзгодненую ўстанову крыжоў.

Што кажуць вядомыя беларусы

Адкрыццё рэстарана ў Курапатах выклікала моцную крытыку з боку шэрагу вядомых беларусаў. Паводле Святланы Алексіевіч, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літатуры, у любой іншай еўрапейскай краіне сотні людзей б выйшлі абараняць гістарычны мемарыял, толькі беларусы аказаліся няздольнымі да актыўнай пазіцыі. 24 чэрвеня, падчас лекцыі ў Брукліне, апазіцыйны лідэр Зянон Пазняк, ініцыятар стварэння курапацакага мемарыяла ў 80-я гады, дапусціў наяўнасць рускага следа.

Нечакана выказаліся лідары IT-індустрыі. Віктар Пракапеня, найбуйнейшы падаткаплацельшчык Беларусі, сказаў у інтэрв’ю dev.by, што “ніводны айцішнік не наведае гэты рэстаран”. Акрамя таго, на думку Пракапені, «Паедзем Паядзім” мусіць быць зачынены самімі ўладальнікамі па маральных меркаваннях. Юрый Зісер, заснавальнік партала TUT.by, сцвярджае, што рэстаран мае няшмат шанцаў эканамічна выжыць праз сваё размяшчэнне побач з адзіным помнікам ахвярам сталінскіх рэпрэсій у краіне.

У той жа час, некаторыя эксперты лічаць, што рэстаран павінен працягваць працу. На думку адваката Юрыя Зянковіча, грамадскасць і ўладальнікі рэстарана павінны прыйсці да кампрамісу наконт таго, як сумясціць рэстаран і мемарыял. У інтэрвью Радыё Свабода Зянковіч сказаў, што паколькі ўладальнікі рэстарана набылі тэрыторыю на законнай падставе, яны захоўваюць сваё права ўласнасці. Дзеля таго, каб ператварыць рэстаран ў музей, хто-небудзь з мітынгоўцаў мусіць яго выкупіць.

Бізнес, мітынгоўцы і дзяржава: супярэчлівыя погляды на рэстаран

Нягледзячы на шырокі грамадскі розгалас вакол рэстарана, улады саромеюцца заняць выразную пазіцыю, аднак дэманструюць гатоўнасць да перамоваў. Паводле афіцыйнай заявы Генеральнай пракуратуры, пры будаўніцтве рэстарана заканадаўства не парушалася. Тым не менш, у выпадку істотнай грамадскай заклапочанасці, пракуратура гатова праверыць законнасць будаўніцтва “Паедзем Паядзім”, згодна са Sputnik.by.

Дашкевіч, Севярынец, пратэст, Курапаты

Пратэстоўцы блакуюць падыход да рэстарана Крыніца: svaboda.org

20 чэрвеня Павел Севярынец, лідэр партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, правёў перамовы з Міністэрствам культуры. Па яго словах, афіцыйныя асобы падаюцца збянтэжанымі непрадказальным развіццём сітуацыі з рэстаранам і дагэтуль не прынялі канчатковага рашэння. Хоць перамовы не прывялі да канкрэтнага выніка, сам факт іх правядзення паказаў, што ўлады прызнаюць альтэрнатыўны пункт гледжання.

Увогуле, падобныя сітуацыі ўжо не раз здараліся ў Беларусі. З-за адсутнасці належных перамоваў паміж дзяржавай, бізнесам і грамадзянскай супольнасцю праект будаўніцтва Астравецкай АЭС выклікаў не менш шырокі розгалас у грамадстве. У якасці іншага прыклада, планы рэканструкцыі Асмалоўкі, гістарычнага раёна ў Мінску, таксама прывялі да пратэстаў з-за адсутнасці належнага публічнага абмеркавання.

Такім чынам, сітуацыя з рэстаранам у Курапатах адлюстроўвае хібы ўзаемадзеяння паміж беларускай грамадзянскай супольнасцю, бізнесам і дзяржавай. З аднаго боку, уладальнікам “Паедзем Паядзім” афіцыйна дазволілі пабудаваць рэстаран на былой тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў. З іншага боку, сам факт будаўніцтва рэстарана каля гістарычнага мемарыяла ніколі публічна не абмяркоўваўся. Таму далейшае выключэнне грамадзянскай супольнасці з працэсу прыняцця рашэнняў непазбежна прывядзе да паўтору сцэнара курапацкіх пратэстаў у будучыні.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *