Рэформа вышэйшай адукацыі ў Беларусі: плагіят, яго прычыны і наступствы, спосабы барацьбы

27 снежня ў Мінску адбылася канферэнцыя Цэнтра Астрагорскага «Рэформа вышэйшай адукацыі ў Беларусі: міжнародны досвед і беларускі кантэкст».

Трэцяя панэль канферэнцыі  была прысвечана прычынам, наступствам і спосабам рашэння праблемы плагіяту ў пісьмовых працах беларускіх студэнтаў. Выступоўцамі былі Пётр Рудкоўскі, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, Вадзім Мажэйка, член савета Ліберальнага клуба, і Сяргей Ветохін, загадчык кафедры БДТУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук, сябра Грамадскага Балонскага камітэта. Мадэравала дыскусію Алена Талалаева, выкладчыца БДУ, каардынатар спецпраектаў у Press Club Belarus.

Тэмы для абмеркавання

  • Праблема плагіяту ў працах беларускіх студэнтаў
  • Спосабы вырашэння праблемы плагіяту ў Беларусі

Выступы і дыскусія

Пётр Рудкоўскі прадставіў сваё сумеснае з Вадзімам Мажэйкам даследаванне “Плагіят у пісьмовых працах беларускіх студэнтаў: прычыны, наступствы, спосабы рашэння”.

Асноўнай мэтай даследавання была распрацоўка практычных рэкамендацый і захадаў дзеля змяншэння колькасці плагіяту ў працах беларускіх студэнтаў. На пачатку даследчыкі адрасавалі прычыны распаўсюджвання плагіяту ў Беларусі. Сярод асноўных прычын – адсутнасць неабходных навыкаў па падрыхтоўцы пісьмовых работ і слабасць акадэмічнай культуры, заганная сістэма адбору ў ВНУ і камерцыялізацыя адукацыі, адсутнасць часу на асабістую працу са студэнтамі, нізкія заробкі выкладчыкаў.

Студэнты мяркуюць, што плагіят застанецца нявыкрыты, да таго ж, адукацыя не з’яўляецца асноўнай матывацыяй студэнтаў, бо беларуская вышэйшая адукацыя слаба звязаная з рэаліямі рынку працы. Акрамя таго, сістэма адукацыі не выкарыстоўвае магчымасцяў антыплагіятных праграмных забеспячэнняў.

Пётр Рудкоўскі і Вадзім Мажэйка даюць наступныя рэкамендацыі па зніжэнню колькасці плагіяту сярод беларускіх студэнтаў. Па-першае, трэба вучыць студэнтаў крытычнаму мысленню і напісанню акадэмічных працаў. Важна даць студэнтам інструменты, з дапамогай якіх яны могуць выконваць пісьмовыя заданні. Ніякія іншыя захады не будуць працаваць, калі гэты элемент ігнаруецца. Беларускія студэнты, якія чыняць плагіят, з’яўляюцца не толькі «вінаваўцамі», але і «ахвярамі»: калі яны не мелі за сабой трэнінгу па акадэмічным пісьму або калі гэты трэнінг быў на нізкім узроўні, то як яны могуць паспяхова пісаць акадэмічныя працы?

Па-другое, трэба выкарыстоўваць кампутарныя праграмы па выяўленні плагіяту, пажадана ліцэнзаваныя версіі. Пры гэтым варта памятаць, што гэтыя праграмы не могуць замяніць асабістую заангажаванасць выкладчыка. Антыплагіятныя праграмы не з’яўляюцца панацэяй. Па-трэцяе, трэба перагледзець нагрузку як выкладчыкаў, так студэнтаў. Выкладчыкам неабходна гарантаваць дастатковую колькасць часу і адпаведныя ўмовы для праверкі прац на прадмет плагіяту. У выпадку студэнтаў варта зменшыць аб’ём аўдыторных гадзін, каб даць больш часу для самастойнай працы.

У чацвёртых, трэба змагацца з плагіятам на ранніх этапах навучальнага працэсу. Калі маладыя людзі прывыкаюць да плагіяту ў сярэдняй школе, то пазней надзвычай цяжка выкараніць гэтую звычку. У-пятых, трэба змяніць сістэму набору ў ВНУ. «Самае галоўнае – у ВНУ мусяць навучацца матываваныя студэнты, а не ўсе выпускнікі [школаў]», як прыкмеціў адзін з апытваных выкладчыкаў.

Сяргей Ветохін на канферэнцыі Цэнтра Астрагорскага

У заключэнне, на думку Рудкоўскага і Мажэйкі, непажадана «рубаць з пляча». Змагацца з плагіятам, безумоўна, трэба, але гэта паступова і разважліва. Як прыкмеціў адзін з суразмоўцаў: «Трэба думаць аб наступствах жорсткіх мер».

Сяргей Ветохін падзяліў студэнцкі плагіят на тры катэгорыі: некарэктнае цытаванне (найменшае зло), спісванне/перапісванне чужых прац, па сутнасці крадзёж, і фальсіфікацыя/кантрафакт, калі студэнты замаўляюць напісанне прац у іншых асоб. З уласнага вопыта Сяргея Ветохіна, у студэнтаў не дастае матывацыі да атрымання ведаў, асабліва у завочнікаў.

Дзеля таго, каб палепшыць сітуацыю, недастаткова даць загад з боку Міністэрства адукацыі пачаць масавыя праверкі студэнцкіх прац, трэба выкарыстоўваць комплексны падыход да вырашэння праблемы плагіяту. Больш за тое, самі выкладчыкі павінны часцей карыстацца антыплагіятным софтам на першапачатковых этапах. Таксама выкладчыкам важна праводзіць прэвентыўныя меры — мяняць заданні кожны год, каб зменшыць верагоднасць спісвання, і дыверсіфікаваць заданні, асабліва для завочнікаў.

Падчас дыскусіі было закранута пытанне плагіяту сярод выкладчыкаў. На думку Вадзіма Мажэйкі, той факт, што некаторыя выкладчыкі самі  займаюцца плагіятам, з’яўляецца адной з падставаў паблажлівага стаўлення да прац на замову. Практыкарыентаваныя заданні для завочнікаў таксама не заўжды страхуюць ад плагіяту.

І Пётр Рудкоўскі, і Вадзім Мажэйка пагадзіліся, што наступствы плагіяту — гэта супярэчлівае пытанне. У выпадку прымянення выключна жорсткіх мер, прыйдзецца адлічыць фактычна кожнага другога студэнта. Пакуль жа ў беларускіх ВНУ стараюцца «замяць» факты плагіяту, каб не губляць платнікаў.

З іншага боку, пераробка працы з выкрытым плагіятам без аніякай санкцыі — таксама не выйсце, бо выкладчык затраціў свой дадатковы час на адпаведную праверку. На думку Пятра Рудкоўскага, празмерна жорсткія пакаранні для студэнтаў з былога СССР не варта прымяняць у бліжэйшай перспектыве, бо яны, у сваёй большасці, аб’ектыўна маюць няшмат інструментаў і навыкаў, каб выконваць вялікі масіў пісьмовых заданняў.

  • Чытаць даследаванне па-беларуску тут.
  • Чытаць даследаванне па-ангельску тут.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *