Ostrogorski Forum 2016: ці магчыма нейтральнасць у ценю Расіі?

29 чэрвеня Цэнтр Астрагорскага правёў першы Ostrogorski Forum, канферэнцыю па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі ў Мінску. Тэма канферэнцыі прагучала як “Інерцыя, умацаванне нейтралітэту ці змена вонкавапалітычнай арыентацыі? Вонкавая палітыка Беларусі на сучасным этапе”.

У канферэнцыі прынялі ўдзел вядомыя беларускія эксперты, як праўладныя так і незалежныя, а таксама навукоўцы з дзяржаўных універсітэтаў і ўрадавыя чыноўнікі. Даследчыкі з вядомых беларускіх аналітычных цэнтраў зрабілі свае даклады, на кожны з якіх быў прадугледжаны выступ апанентаў. У якасці мадэратараў выступілі журналісты вядучых беларускіх сродкаў масавай інфармацыі.

Ostrogorski Forum, як чакаецца, стане штогадовым мерапрыемствам і будзе спрыяць прафесійнаму і паважліваму дыялогу паміж экспертамі з рознымі палітычнымі поглядамі.  У гэтым артыкуле даецца кароткі выклад асноўных тэмаў форуму, а таксама поўныя відэа выступаў і дыскусій.

Асноўныя ідэі Ostrogorski Forum 2016

Шэраг выступоўцаў заклікалі не разглядаць беларускую знешнюю палітыку праз апазіцыю Расіі і Захаду, а засяродзіцца на рэальных інтарэсах Беларусі. Больш прагматычны і менш ідэалагізаваны падыход можа паспрыяць развіццю больш эфектыўных адносінаў з усімі суседзямі Беларусі і наблізіцца да рэалізацыі прынцыпу нейтралітэту, закладзенага ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

У той жа час і незалежныя, і праўладныя эксперты пагаджаюцца з меркаваннем, што Расія не дазволіць Беларусі перасякаць пэўныя межы ў сваёй палітыцы. Найбольш важнай чырвонай лініяй для Беларусі ёсць выхад з расійскіх інтэграцыйных ініцыятываў, такіх як Еўразійскі эканамічны саюз. Відавочная змена геапалітычнай арыентацыі можа выклікаць рэакцыю, падобную да дзеянняў Расіі ва Украіне.

Здольнасць Беларусі супрацьстаяць данбаскаму сцэнару выклікала значныя дэбаты. Некаторыя эксперты сцвярджалі, што ў параўнанні з Украінай Беларусь мае ніжэйшы ўзровень карупцыі, а яе ваеннае і дзяржаўнае кіраванне значна больш эфектыўнае. З іншага боку, слабая нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў, вялікая колькасць вайскоўцаў, што нарадзіліся і атрымалі  адукацыю ў Расіі, і дамінаванне расійскіх СМІ аслабляюць пазіцыі Беларусі.

Удзельнікі таксама выказвалі розныя меркаванні пра тое,  ці можа Масква у бліжэйшы час стаць больш настойлівай у кантэксце разгортвання войскаў каля беларускіх межаў. Паводле некаторых экспертаў, Расія пасылае сігнал, што яна гатовая здзейснісць інтэрвенцыю ў Беларусь у самыя кароткія тэрміны. Іншыя лічаць, што беларусы не даюць Расіі падставаў для падобных дзеянняў, і інтарэсы Расіі ў Беларусі забяспечваюцца ў поўнай меры.

Некаторыя эксперты сцвярджаюць, што інтэграцыйныя праекты Расіі на тэрыторыі былога Савецкага Саюза памруць натуральнай смерцю. Па прычыне нізкіх коштаў на нафту і газ, адсутнасці мадэрнізацыі і замежных інвестыцый у рэгіёне, гэтыя інтэграцыйныя праекты становяцца ўсё менш прывабнымі. Менавіта таму Расія ўсё часцей звяртаецца да выкарыстання сілы або пагрозы выкарыстання сілы за мяжой.

Большасць удзельнікаў пагадзіліся, што панаванне расійскіх СМІ ў Беларусі ўяўляе адну з самых сур’ёзных праблемаў для беларускай дзяржаўнасці. Папулярнасць расійскіх СМІ тлумачыцца не толькі шчодрым фінансаваннем, але і тым фактам, што Расія мае цвёрда артыкуляваныя пасланні ў сферы знешняй, ўнутранай палітыкі і бяспекі. Беларусь, у сваю чаргу, артыкулюе сваю пазіцыю толькі па вузкім коле пытанняў, а беларускія СМІ не маюць выразных уласных пасланняў. Гэта тлумачыць, чаму многія беларусы падтрымалі анексію Крыму ў 2014 годзе.

Галоўная пагроза беларускай дзяржаўнасці сыходзіць з адсутнасці плюралізму ў палітычных інстытутах Беларусі. Пры адсутнасці апазіцыйных меркаванняў у парламенце, судах і выканаўчай уладзе дзяржаўнасць Беларусі застаецца слабой. Дазвол на большы плюралізм ў палітычных інстытутах спрыяў бы дасягненню кансенсусу ў беларускім грамадстве па пытаннях, якія маюць выключна важнае значэнне для беларускай дзяржаўнасці і незалежнасці. Пропуск прадстаўнікоў умеранай апазіцыі ў парламент быў бы пэўным крокам у гэтым кірунку.

Ostrogorski Forum. Уступнае слова

Яраслаў Крывой, дырэктар Цэнтра Астрагорскага.

Мяккая сіла Беларусі ў рэгіёне: ацэнка патэнцыялу і ўздзеяння

Дакладчык – Дзяніс Мельянцоў, старшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў.
Апанент – Аляксандр Шпакоўскі, дырэктар інфармацыйна-асветнай установы “Актуальная канцэпцыя”
Мадэратар – Арцём Шрайбман, палітычны аглядальнік TUT.by, асацыяваны аналітык Цэнтра Астрагорскага

Расійска­-беларускія дачыненні пасля канфлікту ва Украіне

Дакладчык – Рыгор Астапеня, дырэктар па развіцці і аналітык Цэнтра Астрагорскага.
Апанент – Уладзімір Снапкоўскі, прафесар Факультэта міжнародных адносінаў БДУ.
Мадэратар – Андрэй Дынько, шэф-рэдактар газеты Наша Ніва.

Выклікі беларускай знешняй палітыцы і краіны СНД пасля 2008 года

 

Дакладчык – Андрэй Валодзькін, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Апаненты – Арсен Сівіцкі, дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў; Аляксандр Філіпаў – дэкан факультэта дадатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, аналітык Ліберальнага клуба
Мадэратар – Яраслаў Крывой, дырэктар Цэнтра Астрагорскага.

Нейтралітэт: ідэал ці рэальнасць

Дакладчык – Сяргей Богдан, дактарант Вольнага ўніверсітэта Берліна, асацыяваны аналітык Цэнтра Астрагорскага.
Апанент – Валер Карбалевіч, эксперт Аналітычнага цэнтра “Стратэгія”.
Мадэратар – Віталь Цыганкоў, журналіст Радыё Свабода.

Геапалітычныя арыентацыі беларусаў: сацыялагічны аналіз і апытанне

Дакладчык – Андрэй Елісееў, аналітычны журналіст партала BEL.BIZ

Апанент – Алена Арцёменка, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў.

Мадэратар – Андрэй Аляксандраў, галоўны рэдактар анлайн-рэсурса “Беларускі часопіс”.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *