
Брытанскі інстытут міжнароднага і параўнальнага права сумесна з Нацыянальнай Акадэміяй Навук Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Амбасады Вялікабрытаніі ў Беларусі праводзяць у Мінску 15 студзеня 2020 года міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі і Вялікабрытаніі”.
Мэта канферэнцыі — распрацоўка канкрэтных прапаноў па рэалізацыі дзяржаўнага двухмоўя, што дазволіць забяспечыць доступ грамадзян да прававой інфармацыі і дзяржаўных паслуг на мове, якой яны аддаюць перавагу.
Прафесар Колін Уільямс з Кэмбрыджскага ўніверсітэта і прафесар Аляксандр Лукашанец з Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі выступяць з дакладамі на пленары канферэнцыі.
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі праводзіць вялікую работу па забеспячэнні тэарэтычнай і факталагічнай базай моўнай практыкі ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму краіны. На сучасным этапе НАН Беларусі актыўна ўключыўся ў работу па перакладзе заканадаўчых актаў на беларускую мову. Разам з тым да сённяшняга дня нацыянальная дзяржаўная мова недастаткова прадстаўлена ў многіх важнейшых сферах грамадскага жыцця.
У Вялікабрытані, як і Беларусі, суіснуюць некалькі афіцыйных моў і маецца добра распрацаванае заканадаўства, якое эфектыўна рэалізоўваецца на практыцы. Карысным будзе абмен вопытам па практычнай рэалізацыі двухмоўя ў Беларусі і шматмоўя ў Вялікабрытаніі.
Сярод удзельнікаў канферэнцыі чакаюцца:
- Уладзімір Гусакоў, Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;
- Жаклін Перкінс, пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі;
- Яраслаў Крывой, старшы навуковы супрацоўнік Брытанскага інстытута міжнароднага і параўнальнага права;
- Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа;
- Яўген Каваленка, дырэктар Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь;
- Валерый Варанецкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
- Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны;
- Аляксандр Данілевіч, дацэнт кафедры міжнароднага прыватнага і еўрапейскага права Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта;
- Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
- Віктар Шаршун, намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь;
- Юрась Гецэвіч, загадчык лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі;
- Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі;
- Ганна Кулеш, прафесар кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта;
- Кірыл Гарошка, каардынатар Цэнтра Астрагорскага ў Беларусі.
Дыскусіі адбудуцца ў рамках трох панэляў:
- Раўнапраўнае функцыянаванне дзяржаўных моў як фактар гарманічнага развіцця грамадства;
- Юрыдычныя гарантыі забеспячэння дзяржаўнага двухмоўя;
- Практычная рэалізацыя дзяржаўнага двухмоўя.
Social Icons