Рэформа вышэйшай адукацыі ў Беларусі: Універсітэт 3.0, бізнес-адукацыя і ІТ

27 снежня ў Мінску адбылася канферэнцыя Цэнтра Астрагорскага «Рэформа вышэйшай адукацыі ў Беларусі: міжнародны досвед і беларускі кантэкст». Свае вітальныя словы сказалі Віктар Шадурскі, дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ, і Яраслаў Крывой, дырэктар Цэнтра Астрагорскага.

У сваёй прамове Віктар Шадурскі звярнуў увагу на тое, што адукацыйная сістэма — гэта складаны пошук баланса паміж чатырма складнікамі, менавіта: дзяржавай, працадаўцамі, студэнтамі і выкладчыкамі. Беларускія адукацыйныя ўстановы мусяць асцярожна ставіцца да новых падыходаў у навучальным працэсе. Пакуль што далёка не ўсе беларускія студэнты дастатковы матываваныя, каб замест наведвання аўдыторных лекцый займацца самастойнай працай у бібліятэцы. Навучанне замежным мовам выключна з дапамогай вячэрніх курсаў і стажыровак замяжой таксама не дае жаданых вынікаў.

Прафесар Шадурскі лічыць, што працадаўцы таксама павінны зменшыць крытыку ў адраз беларускіх ВНУ і замест пачаць больш інвеставаць у студэнтаў, напрыклад, даваць стыпендыі і арганізоўваць стажыроўкі. Хаця працадаўцам у асноўным патрэбныя спецыялісты з даволі вузкімі навыкамі, ВНУ мусяць рыхтаваць студэнтаў на 50 гадоў наперад і не забывацца пра агульнае развіццё асобы.

На думку Яраслава Крывога, адукацыя — гэта лепшая інвестыцыя ў людзей. У цяперашні час суверэннай Беларусі асабліва неабходныя інвестыцыі ў якасную адукацыю для моладзі. Цэнтр Астрагорскага метадычна працуе дзеля таго, каб знайсці добра абгрунтаваныя аргументы для рэформ у адукацыйнай сферы. За дзесяць гадоў свайго існавання Цэнтр правёў шматлікія даследаванні ў сферы рэформы беларускай вышэйшай адукацыі і прэзентаваў вынікі ўплывовым асобам з дзяржаўных органаў.

Першая панель канферэнцыі  была прысвечана новым формам практычна арыентаванай і прадпрымальніцкай адукацыі. Выступоўцамі былі Наталля Апанасовіч, дэкан факультэта “Вышэйшая школа бізнеса” Інстытута бізнеса і менеджмента тэхналогій БДУ, Радзівон Марозаў, старэйшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) і Даніэль Крутзіна, старшы партнёр у CIVITTA.

З уводным дакладам на тэму «Сучасныя трэнды і выклікі развіцця: якой мусіць быць вышэйшую адукацыю ў эпоху лічбавай рэвалюцыі? Ад універсітэта 3.0 да універсітэту 4.0» выступіла Вольга Жук, загадчыца кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі БДУ.

Тэмы для абмеркавання:

  • Вышэйшая адукацыя ў эпоху лічбавай рэвалюцыі
  • Практыка-арыентаваная бізнес-адукацыя на ўзроўні магістратуры
  • Развіццё канцэпцыі «прадпрымальніцкага універсітэта»
  • Рэфармаванне адукацыі ў сферы ІТ

Падсумаванне

Уводны даклад прафесара БДУ Вольгі Жук акцэнтаваў увагу на наступствах лічбавай рэвалюцыі. Лічбавая рэвалюцыя непазбежна прывядзе да фарміравання так званай “крэатыўнай эканомікі” і каласальных зменаў на рынку працы. На думку Вольгі Жук, беларускія адукацыйныя працэсы павінны быць арыентаваны на развіцце асноўных “кампетэнцый 21-га стагоддзя”- аналітычнай і творчай працы. Беларускія студэнты павінны добра разумець, што праца на сэрэднім узроўні — гэта шлях да незапатрабаванасці. У эпоху рабатызацыі асабліва будуць цаніцца крэатыўнасць, лідарскія якасці і навыкі тайм-мэнэджмэнта.

Што тычыцца рэформы адукацыйнага працэса ў беларускіх ВНУ, сучасныя навучальныя праграмы павінны імкнуцца да персаналізацыі адукацыйнага працэса, выкарыстання праблемна-даследчых методык, праектнага навучання і пашыранага выкарыстання штучнага інтэлекта.

Наталля Апанасовіч прэзентавала сваё даследаванне “Новыя формы практыка-арыентаванай бізнес-адукацыі на ўзроўні магістратуры”. Асноўнай мэтай даследавання была распрацоўка практычных рэкамендацый для павышэння эфектыўнасці беларускай бізнес-адукацыі на ўзроўні магістратуры. Даследаванне Наталлі Апанасовіч паказала, што беларускі бізнес не задаволены ўзроўнем кампетэнцый выпускнікоў беларускіх ВНУ. Самымі важнымі і адначасова найбольш дэфіцытнымі на беларускім рынку працы кампетэнцыямі з’яўляюцца здольнасць сістэмнага вырашэння праблем, а таксама навыкі крытычнага мыслення і эфектыўнай камунікацыі.

Сярод асноўных праблем беларускай бізнес адукацыі — празмерная залежнасць ад традыцыйнай сістэмы вышэйшай адукацыі, нявызначаны статус бізнес-школ, іх выпускнікоў і выкладчыкаў, павольнае ўкараненне новых метадаў выкладання і слабая сувязь паміж установамі бізнес-адукацыі і бізнес-суполкамі ў краіне.

Для вырашэння гэтых праблем даследаванне Наталлі Апанасовіч рэкамендуе: выдзяліць бізнес-адукацыю як асобны адукацыйны напрамак, вызначыць статус бізнес-школ, зрабіць акцэнт на развіццё так званых «гібкіх навыкаў» (soft skills) у студэнтаў бізнес-школ, актыўна ўкараняць новыя метады практыка-арыентаванай бізнес-адукацыі (напрыклад, бізнес-сімуляцыі, дзелавыя гульні, case-studies) і ствараць кар’ерныя цэнтры для выпуснікоў бізнес-праграм.

Радзівон Марозаў прэзентаваў сваё даследаванне «Развіццё ўстаноў вышэйшай адукацыі на аснове канцэпцыі «прадпрымальніцага універсітэта». «Прадпрымальніцкі універсітэт» альбо «Універсітэт 3.0» развівае прадпрымальніцкія кампетэнцыі студэнтаў, стварае інфраструктуру падтрымкі прадпрымальнікаў і ўносіць істотны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны.

Асноўнай мэтай даследавання было павышэнне дасведчанасці аб самой канцэпцыі «прадпрымальніцкага універсітэта» сярод адукацыйных колаў, а таксама распрацоўка рэкамендацый па мадэрнізацыі падыходаў да стварэння прадпрымальніцкага асяроддзя ў беларускіх ВНУ. Даследаванне Радзівона Марозава паказала, што ў беларускім адукацыйным асяроддзі пакуль што недастаткова добра разумеюць сутнасць «Універсітэта 3.0»: «прадпрымальніцкі універсітэт» атаясамляюць з заробкам грошай навучальнымі ўстановамі, а не найперш са стварэннем прадпрымальніцкага асяродка.

Сярод асноўных праблемаў функцыянавання беларускіх навучальных устаноў на аснове канцэпцыі «Універсітэта 3.0» даледчык выдзяліў: негібкасць Міністэрства адукацыі, адсутнасць палітычнай волі да сур’ёзных рэформаў, скарачэнне дзяржаўных выдаткаў на адукацыю і навуковыя даследаванні, старэнне кадраў і непрывабнасць навуковай кар’еры, слабыя сувязі паміж ВНУ і прыватным сектарам, слабая сістэма абароны інтэлектуальнай уласнасці.

Для вырашэння гэтых праблемаў даследаванне Радзівона Марозава рэкамендуе: павышаць дасведчанасць пра канцэпцыю «Універсітэта 3.0», наладжваць супрацоўніцтва паміж дзяржаўнымі органамі і зацікаўленымі бакамі, у тым ліку з прыватнага сектара, пераглядзець мэтавыя паказчыкі для беларускіх ВНУ і развіваць кампетэнцыі кіраўніцтва ВНУ і выкладчыкаў.

Даніэль Крутзіна распавёў пра сумесны праект CIVITTA з Сусветным банкам па рэфармаванню беларускай адукацыі ў ІТ сферы. Беларуская індустрыя ІТ хутка расце і ўжо сутыкаецца з абмежаваным кадравым патэнцыялам. Апытанне прадстаўнікоў беларускіх ІТ кампаній пазала, што супрацоўнікі ў асноўным валодаюць добрымі тэхнічнымі навыкамі, аднак недастатковым узроўнем soft skills.

Хаця «савецкая школа» дагэтуль рыхтуе кваліфікаваных інжынераў, аднак якасць адукацыі ўсё роўна патроху падае. Дэмаграфічны крызіс таксама ў будучыні ўзмоцніць кадравы дэфіцыт. Што тычыцца бізнес-мыслення, даследаванне адзначыла, што беларускія ВНУ пакуль не рыхтуюць кадры, якія змогуць ствараць рэвалюцыйныя прадукты на сусветных рынках.

Пасля апрацоўкі вынікаў даследавання, CIVITTA  сумесна з Сусветным банкам стварылі інавацыйную магістратуру на базе БДУ выключна для практыкаў у ІТ сферы. Супрацоўнікі ІТ індустрыі вучацца, як ствараць складаныя ІТ сістэмы на дзяржаўным узроўні і праводзіць якасную бізнес-дыягностыку.

На думку Даніэля Крутзіны, Універсітэт 3.0 можа нарадзіцца толькі ў цеснай сувязі паміж беларускімі ВНУ, бізнесам і прадпрыемствамі.  Беларусь жа сутыкнецца з жорсткім супрацьстаяннем паміж савецкай дырэктыўнай эканомікай і  інавацыйнай эканомікай, якая ў асноўным зараз прадстаўлена ІТ.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *