Рэформа вышэйшай адукацыі ў Беларусі: фінансаванне, інтэрнацыяналізацыя, рэйтынгі

27 снежня ў Мінску адбылася канферэнцыя Цэнтра Астрагорскага «Рэформа вышэйшай адукацыі ў Беларусі: міжнародны досвед і беларускі кантэкст».

Другая панэль канферэнцыі  была прысвечана рэформе арганізацыі, фінансавання і кіравання навуковай дзейнасці Беларусі . Выступоўцамі былі Андрэй Казакевіч, дырэктар Інстытута “Палітычная сфера”, і Арцём Назаранка, старэйшы выкладчык гістарычнага факультэта БДУ, старшыня савета маладых навукоўцаў БДУ і лідар беларускай нацыянальнай каманды ў рамках праекта Даследчага фонда па глабальным выклікам GCRF COMPASS. Мадэравала дыскусію Таццяна Валадажская, кандыдат сацыялагічных навук, каардынатар праграмы «Лятучага універсітэту».

Тэмы для абмеркавання

  • Рэфармаванне сістэмы кіравання і фінансавання навуковай дзейнасці ў Беларусі
  • Інтэрнацыяналізацыя вышэйшай школы
  • Вопыт праектнай дзейнасці БДУ

Выступы і дыскусія

Андрэй Казакевіч прадставіў сваё сумеснае з Кірылам Гарошкам даследаванне «Рэфармаванне арганізацыі, фінансавання і кіравання навуковай дзейнасцю Беларусі». Асноўнай мэтай даследавання была распрацоўка практычных рэкамендацый для павышэння эфектыўнасці фінансавання і кіравання навуковай дзейнасцю Беларусі. Андрэй Казакевіч пачаў сваю прэзентацыю са статыстыкі: доля выдаткаў Беларусі на навуковыя даследаванні склала 0.5 % ад ВУП за 2015 год, што ніжэй, чым у суседзяў (напрыклад, у Літве, Польшчы і Расіі гэтая лічба склала 1 % ад ВУП, у Эстоніі — 1.5 % ад ВУП). На думку Андрэя Казакевіча, Беларусь павінна выдаткаваць больш сродкаў на навуковую дзейнасць і наблізіць гэты паказчык да краін-суседзяў.

Андрэй Казакевіч дае наступныя рэкамендацыі па рэфармаванню навуковай дзейнасці ў Беларусі. Па-першае, навуковая сфера мусіць стаць празрыстай, а размеркаванне фінансаў  — зразумелым і адкрытым для даследчай супольнасці і грамадства. Па-другое, трэба павялічыць ролю адкрытых конкурсаў у размеркаванні фінансаў, а таксама знізіць долю дзяржаўных праграм і іншых формаў адміністратыўнага размеркавання. Па-трэцяе, трэба фінансаваць менавіта даследчыя праекты, а не штатныя адзінкі, адміністраванне і інфраструктуру. У чацвёртых, асновай для ацэнкі вынікаў навуковай дзейнасці мусяць стаць публікацыі і індэксы цытавання (перш за ўсё Scopus і Web of Science). Пры гэтым варта выпрацаваць механізмы мінімізацыі негатыўных наступстваў для асобных дысцыплін і акадэмічных супольнасцяў.

Акрамя таго, навука мусіць зноў вярнуцца ва універсітэты. Гэта можа быць зроблена альбо праз аб’яднанне даследчых інстытутаў з універсітэтамі, альбо праз значнае павышэнне выдаткаў на універсітэцкую навуку. НАН Рэспублікі Беларусь як даследчая ўстанова таксама не мусіць займацца пераразмеркаваннем сродкаў. Адпаведна БРФФД (Беларускі  рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў) мусіць быць выведзены з яе структуры і падпарадкаваны профільнаму міністэрству ці ўраду. У заключэнне, на думку Андрэя Казакевіча, лагічнай выглядае перадача кіраўнічых функцый НАН Беларусі профільнаму міністэрству, альбо іншым структурам, падпарадкаваным ураду.

Арцём Назаранка пачаў сваю прэзентацыю з агляду дзейсных прававых дакументаў, якія спрыяюць інтэрналізацыі беларускай вышэйшай школы. Сярод іх — Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады, Дзяржаўная праграма «Адукацыя і моладзевая палітыка на 2016-2020 гады» і Нацыянальная праграма міжнароднай навукова-тэхнічнай дапамогі да 2020 года. Акрамя таго, Арцём Назаранка назваў Стратэгію інтэрнацыяналізацыі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, уключаную ў праграму развіцця на 2016-2020 гады. Кожны з пазначаных прававых дакументаў устанаўлівае задачы, а таксама паказчыкі, па якіх адслежваецца рэалізацыя задач на практыцы.

Арцём Назаранка заўважыў, што  асноўныя задачы па павелічэнню інтэрналізацыі беларускай вышэйшай школы паступова выконваюцца, аднак, прагрэс іх выканання мог бы быць лепшым. Так, толькі каля 200 выкладчыкаў беларускіх ВНУ штогадова праходзяць стажыроўкі замяжой, і гэта лічба павінна стаць большай. Акрамя таго, усе беларускія ВНУ, за выключэннем БДУ і часткова БНТУ, не выконваюць задачу па павелічэнню канкурэнтаздольнасці беларускай вышэйшай адукацыі за мяжой. Толькі БДУ займае адносна нядрэнныя пазіцыі ў рэйтынгах Webometrics, QS і SIR, а БНТУ- у рэйтынгу QS.

Што тычыцца міжнароднай тэхнічнай дапамогі, асноўным донарам Беларусі з’яўляецца Еўрапейскі Саюз. Хаця патрэбы Беларусі ў прыцягненні міжнароднай тэхнічнай дапамогі на 2017-2020 гады складаюць 600 мільёнаў даляраў ЗША, на практыцы будзе прыцягнута толькі каля 450 мільёнаў, а асвоена — каля 300 мільёнаў. Па міжнароднай праектнай дзейнасці БДУ, універсітэт удзельнічае ў шэрагу міжнародных праектаў (напрыклад, праз DAAD, фонд «Еўразія», МАГАТЭ, ЮНЕСКА) і асабліва ў праектах, фінансаваных праз Еўрапейскі Саюз, такія як Эразмус +, Эразмус-Мундус, Тэмпус, Жан Манэ.

На думку Арцёма Назаранкі, беларуская вышэйшая адукацыя павінна актыўней павышаць сваю міжнародную канкурэнтаздольнасць і ўдзельнічаць у міжнародных праектах. Аркамя таго, беларуская сістэма вышэйшай адукацыі павінна адпавядаць будучым патрэбам развіцця краіны і забяспечваць спрыяльнае асяроддзе для дзейнасці моладзі ў галіне вышэйшай адукацыі.

Падчас дыскусіі было закранута пытанне размеркавання фінансавання на навуковую і праектную дзейнасць устаноў вышэйшай адукацыі. На думку Андрэя Казакевіча, якасць навуковых даследаванняў не палепшыцца, пакуль не павялічыцца дзяржаўнае фінансаванне на навуковую дзейнасць. Акрамя таго, беларускім ВНУ трэба самайстойна працаваць на павелічэнне рэйтынга, бо ў выпадку павелічэння рэйтынга, ВНУ адпаведна змогуць прыцягнуць дадатковае фінансаванне. На думку Арцёма Назаранкі, універсітэтам трэба больш кропкава размяркоўваць фінансы, без «размазвання». Акрамя таго, сярэдні беларускі працадаўца зусім не падрыхтаваны не толькі да фінансавання перспектыўных маладых кадраў, але і да фарміравання адэкватных патрабаванняў да падрыхтоўкі студэнтаў.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *